Святлана Кошур

 

 

ЯНКА  ЖУРБА  Ў  КАРЭЛІЧАХ.

 

 Гісторыя асветы на Карэліччыне прымушае мяне зноў і зноў вяртацца ў далёкі дакастрычніцкі час. На гэты раз успомнім яшчэ адну выбітную асобу, з’яўленне якой у Карэлічах пакінула свой след і ў гісторыі Карэліцкага гарадскога вучылішча, і ў гісторыі беларускай літаратуры.

      У 1914 годзе ў мястэчка Карэлічы прыехаў 33-гадовы настаўнік Іван Якаўлевіч Івашын. Гэта быў пачынаючы  паэт Янка Журба. Да гэтага часу Іван Івашын, які паходзіў з беднай шматдзетнай сялянскай сям’і, што жыла на Віцебшчыне, паспеў скончыць Полацкую настаўніцкую семінарыю і Глухаўскі настаўніцкі інстытут на Украіне (1909). Яшчэ ў час вучобы ў семінарыі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове, а вось літаратурным дэбютам пачынаючага паэта стаў верш “На беразе Дзвіны”, надрукаваны  на беларускай мове ў 1909 годзе ў газеце “Наша ніва” пад псеўданімам Янка Журба. Так у беларускай паэзіі з’явіўся яшчэ адзін аўтар, які быў шчыра заклапочаны абуджэннем нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Прычым адбылося гэта ў той час, калі ён яшчэ жыў і працаваў на Украіне.

У 1911 годзе Іван Якаўлевіч Івашын вярнуўся на Беларусь, дзе настаўнічаў  у Чашніках Віцебскай губерні. У Нацыянальным гістарычным архіве РБ захаваўся дакумент ад 24лістапада 1914 года, адрасаваны дырэктару народных вучылішч Мінскай губерні, з якога можна даведацца, што“ бывший учитель Чашникского высшего начального училища Иван Ивашин окончил курс Глуховского учительского института.

В Чашникском высшем начальном училище состоял с 1-го июля 1909 года по 1-е января 1914 года. Обладая достаточным педагогическим опытом, он вполне успешно вёл учебно-воспитательное дело в названном училище и за время службы ни в чём предосудительном замечен не был. Уволился Ивашин от должности по прошению по домашним обстоятельствам”.

       Звольніўшыся з пасады настаўніка, Іван Івашын накіраваўся ў Харкаў, дзе паступіў на вышэйшыя камерцыйныя курсы, але з-за матэрыяльных цяжкасцей хутка быў вымушаны пакінуць вучобу.

      19 лістапада 1914 года паэт прыехаў у Карэлічы і пачаў працаваць у Карэліцкім вышэйшым пачатковым вучылішчы. Праўда, як сведчаць дакументы, спачатку ён часова выконваў абавязкі настаўніка  і не быў зацвержаны на гэту пасаду, і таму ў яго ўзніклі пэўныя праблемы з аплатаю працы. Мне ўдалося адшукаць у Нацыянальным гістарычным архіве РБ дакументы, якія сведчаць пра тое, што Іван Івашын двойчы (12 снежня 1914 года і 14 лютага 1915 года) падаваў прашэнне інспектару Карэліцкага вышэйшага пачатковага вучылішча з просьбаю ўзбудзіць хадайніцтва аб зацвярджэнні  яго на пасаду настаўніка. Трэба сказаць, што ўвесь гэты час яму даводзілася клапаціцца пра сваіх састарэлых бацькоў, братоў і сясцёр (сям’я Івашыных складалася з 12 чалавек), таму інспектар Сцяпан Рамановіч зрабіў усё магчымае, каб дапамагчы вопытнаму настаўніку і таленавітаму чалавеку.

21 снежня 1914 года  Сцяпан Рамановіч звярнуўся да дырэктара народных вучылішч Мінскайгуберні з наступным хадайніцтвам:

“Представляя при сем заявление учителя вверенного мне училища Ивана Ивашина о предоставлении ему уроков пения, имею честь покорнейше просить Ваше Высокородие назначить учителем пения во вверенном мне училище учителя Ивана Ивашина, освободив от этой обязанности псаломщика Платона Нарановича. Основанием  для возбуждения этого ходатайства послужили следующие соображения:

    1.Учитель Иввашин прекрасно понимает и любит пение, и потому и поставит этот предмет в училище на должную высоту.

    2.Псаломщик Наранович временно допущен Вами на преподавание пения за неимением среди педагогического персонала лиц, которые могли бы вести этот предмет.

                        Инспектор училища Ст. Романович”.

З іншых дакументаў даведваемся, што Іван Івашын быў зацверджаны на пасаду настаўніка Карэліцкага вышэйшага пачатковага вучылішча ў красавіку 1915 года,  а 5 мая зноў звярнуўся да адміністрацыі вучылішча з прашэннем наступнага зместу:

“В течение всей моей службы в должности учителя городского и высшего начального училища мне приходится постоянно оказывать материальную помощь моим родителям, братьям и сёстрам. В настоящее время я помогаю больной старухе-матери, а также брату и сестре, которые ещё не пристроены и потому нуждаются в постоянной поддержке с моей стороны.

       С прошлого года я стал семейным человеком, вследствие чего мне приходится нести большие расходы, чем прежде. Кроме того, я был назначен с 21 октября 1914 года, и.д. учителя Кореличского высшего начального училища и утверждён в этой должности только с 1 апреля настоящего года, вследствие этого до 1 апреля я не получал прибавок за выслугу пятилетия.

       В виду изложенного покорнейше прошу Ваше Высокородие возбудить ходатайство о назначении мне из специальных средств училища пособия в размере 100 рублей”.

Сцяпан Рамановіч зноў дапамог настаўніку. Прашэнне з хадайніцтвам аб аказанні матэрыяльнай дапамогі настаўніку Івашыну, датаванае 21 мая 1915 года, ад дырэктара народных вучылішч трапіла ў канцылярыю папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі і было вырашана станоўча.

“Принимая во внимание, что гвашин человек семейный и на получаемое скромное содержание содержит и оказывает помощь больной матери, а также воспитывает на свой счёт брата и сестру, я нахожу ходатайство это заслуживающим удовлетворения.

       В виду изложенного, честь имею просить Ваше Превосходительство разрешить выдать гвашину в пособие на воспитание брата и сестры 75 руб., с отнесением сего расхода на специальные средства Кореличского высшего начального училища, каковых, как видно из представляемой при сем ведомости, в настоящее время имеется 1516 руб.”

Такім чынам, дзякуючы архіўным дакументам, удалося даведацца пра некаторыя цікавыя факты з біяграфіі паэта Янкі Журбы.

У той жа час паэт працягвае друкаваць свае вершы ў газеце “Наша ніва” , часопісе “Лучынка” і “Беларускім календары”. Яго лірыка шчырая, пранікнёная, спавядальная. Вершы пра каханне хвалюючыя, шчымліва-кранальныя, прасякнутыя то радасцю, то смуткам. Але не выпадкова паэт абраў сабе псеўданім “Журба”.У многіх яго творах гучаць сацыяльныя матывы: з болем сардэчным   пісаў ён пра веру ў лепшую долю беларуса.У 1914 годзе былі напісаны вершы “На ўсходзе сонца”, “Да светлых зор”, “У купальскую ноч”, “Зоры мае светлыя”, “Каханне”, “Мігцелі зоры ў цёмнай ночы…” Апошні твор упершыню быў змешчаны ў зборніку “Заранкі” пад назвай “Раманс”. Як тут не ўспомніць словы інспектара Сцяпана Рамановіча пра тое, што настаўнік Івашын “цудоўна разумее і любіць спевы”. Не выпадкова многія кампазітары пазней пісалі музыку на вершы Янкі Журбы.

 

Мігцелі зоры ў цёмнай ночы, -

Тады спаткаўся я з табой;

Твае ўбачыў зоры-вочы,

Пачуў я смех срабрысты твой…

 

І разлучыўся зноў з табою;

І зноў адзін застаўся я.

Цябе я жду, прыйдзі вясною

Ты, зорка ясная мая!

 

 Я жду цябе ў дзень светлы мая,

Я жду цябе ўжо доўгі час.

Мне страшна: можа, доля злая

Навекі разлучыла нас.

 

Ўжо сонца ясныя праменні

Даўно лунаюць над зямлёй.

Зычлівы май мне шлее натхненне

Чаму цяпер ты не са мной?

 

К табе, друг мілы, сэрца рвецца.

Дарогай сумнаю іду,

А думка ўдаль – к табе імкнецца:

Цябе я жду!..

 

        7 сакавіка 1915 года ўНашай нівебыў надрукаваны верш ЯнкіЖурбы  “Мая песня”, 24 красавіка – “Вясна ідзе”, 12 чэрвеня – “Вольны шлях”. Напісаны яны былі ў той час, калі паэт жыў і працаваў у Карэлічах.

 

Вольны шлях.

 

Конь наш птушкаю нясецца

Па палянцы па лясной;

Заліваецца-смяецца

Наш званочак пад дугой.

 

Вёска зніклаўжо далёка,

Перад намі вольны шлях.

Эх, прастор які шырокі!..

Нам нясецца кветак пах.

 

Як чароўна ў пол імглістым:

Срэбны месяц вунь усплыў

Бляскам белым і іскрыстым

Ўсё навокал пасрабрыў.

 

А ўгары смяюцца зоры;

Ноч пануе на палях.

Прэч ідзі ты, злое гора, - 

Перад намі вольны шлях!..

 

Але ўжо ішла Першая сусветная вайна, і Янка Журба, як і многія іншыя нашы землякі, пакінуў Карэлічы і выехаў у бежанства ў Сімбірскую губерню, дзе таксама настаўнічаў. У 1921 годзе ён вярнуўся на Беларусь. Працаваў спачатку ў навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, затым інспектарам Бабруйскага акруговага аддзела народнай асветы, пазней выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў школе і Магілёўскім медвучылішчы.У 1933 годзе ён заняў пасаду навуковага супрацоўніка Інстытута мовы АН БССР, але праз некаторы  час па стану здароўя пакінуў гэту працу і наступныя гады  выкладаў музыку і спевы ў вясковых школах. Не пакідаў ён і літаратурную творчасць.У 1950-я гады з’явілася на свет некалькі паэтычных кніг Янкі Журбы, сярод іх – зборнік дзіцячых вершаў.Яго пяру належаць таксама этнаграфічныя нарысы, публіцыстычныя артыкулы і апавяданні.Апошнія гады жыцця Янка Журба, амаль страціўшы зрок, правёў у доме для састарэлых, дзе 7 студзеня 1964 года закончыўся яго жыццёвы шлях. Паэт, якога лёс некалі закінуў у мястэчка Карэлічы, усё сваё жыццё прысвяціў асветніцкай і літаратурнай працы дзеля духоўнага адраджэння нацыі.