На вашу кніжную паліцу

 

Рытарычных пытанняў майстар

 

Чарговая кніга вершаў выдатнага беларускага паэта, нашага земляка Мар’яна Дуксы выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Зборнік пад назвай “Птушка вечнасці – душа” выдадзены ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

Многія творы з новай кнігі друкаваліся ў літаратурных часопісах і альманахах. Пераважная большасць вершаў напісана напрыканцы мінулага стагоддзя і напачатку так званых нулявых. Але, напісаныя ва ўласцівай Мар’яну Дуксе манеры глыбокіх філасофскіх разважанняў, яны застаюцца актуальнымі, а з цягам часу яшчэ больш набываюць каштоўнасці, дзякуючы трываласці выкладзеных аўтарам маральных прынцыпаў і эстэтыцы вершаванага радка.

Асабісты вопыт спасціжэння Бога і занепакоенасць лёсам народа, Айчыны, заклапочанасць будучыняй роднай мовы і выкрутастым лёсам нацыянальнай культуры, матывы расчараванняў і ўсёперамагаючая любоў да чалавека – вось асноўныя лейтматывы большасці вершаў. Адчуванне сваёй мізэрнасці ў Сусвеце (“Ці ўзвысіцца мой кволы галасок над гімнамі пушчанска-баравымі?”) і адначасова аптымістычная ўпэўненасць у сіле чалавечага духу (“Агонь твой не, не дагарыць,/ яшчэ пасвеціць яркай зоркаю./ Ты праўду будзеш гаварыць – салодкую ці вельмі горкую.”), канстатацыя сваёй бездапаможнасці перад націскам гвалту (“Навокал пакуты, на пласе – галовы…”) і пратэст супраць бездухоўнасці (“А сыплецца з вачэй людскіх гарох,/ як пачынаюць спрэчку фарысеі.”) чаргуюцца з лірычнымі строфамі і вытанчаным метафарычным гумарам аўтара.

Тры жабы скочылі на корч

І партыю стварылі.

А потым квакалі ўсю ноч,

Аб шчасці гаварылі…

Цяпер з карча – і ў гэтым соль –

Не згоніш тых салістак.

І нават бусел – іх кароль –

Баіцца папулістак.”

І, як заўжды, вельмі шмат у аўтара рытарычных пытанняў. Ці не кожны другі верш пачынаецца ці заканчваецца пытаннем: “Вам спалася салодка па начах, у фрэнчах і касцюмчыках, тыраны?”, “Што за суседства адчужаных слоў?”, “Выносныя сосны, хто ж я сярод вас?”, “…лепей што – геніяльныя дзеці/ альбо дзеці, шчаслівыя вельмі?” А вось суцэльны верш-рыторыка:

Няспынны бег, шалёны бег.

Ён з кожным годам нарастае.

Што з гэтага? Душа пустая.

Што мы ўхапілі? Грэх і смех.

Куды пусціліся так хутка?

На газ абцасамі - смялей!

Хай набягае вёрст накрутка,

Тэмп вар’яцее… Што далей?..

Сапраўды, Мар’яна Дуксу можна смела назваць майстрам рыторыкі, бо яго пытанні, не патрабуючыя адказу, утрымліваюць у сабе вельмі дасканалы, часам геніяльны напрамак, што прыводзіць да высноў без аўтарскага разжоўвання звычайных ісцін.

Яшчэ ў зборніку шмат разважанняў аўтара пра месца паэзіі і паэта ў сучасным свеце. І тут майстар слова застаецца верным сабе і сваім перакананням. Сваёй творчасцю ён упарта сцвярджае, што вершы – не легкадумная пацеха на вясёлай вечарынцы. Паэзія, як сястра філасофіі, павінна вучыць жыццю па самых высокіх мерках чалавечай адказнасці, быць паходняй, што асвятляе дарогу праз змрок, быць духоўнай ежай, што сілкуе розум маладым і надае душэўнай раўнавагі сталым.                                           

 

Ала КЛЕМЯНОК.