Мемуары на развітанне

 

А цяпер пра надвор’е…

 

- Ну вось, вер ты гэтым прагнозам! Абяцалі дождж, а ў небе – не хмурынкі! Сябар хацеў прыехаць і звазіць мяне ў грыбы або хоць па лесе прагуляцца, а я сказаў, што дождж будзе, не едзь… - Фядосавіч расчаравана махнуў рукой. - І калі яны навучацца правільна прадказваць надвор’е? Слухай, радасць мая, а можа гэта і не метэаслужба вінаватая? Можа ў газеце што наблыталі? Ты не смейся, вось толькі знайду і зачытаю табе адзін такі выпадак.

 

“Зіма. Мароз. Даўно не было такіх маразоў. Жонка з работы звольнілася, яна і працавала там зусім мала. Проста ў мёртвы сезон, калі дача з агародам не патрабуюць догляду, у хаце сядзець сумна было. І мая Вольга, прачытаўшы абвестку, што газеце патрабуецца карэктар, уладкавалася ў рэдакцыю. Кінула гэта работу таму, што не любіць, калі на яе пераводзяць стрэлкі. А так яно і атрымалася. Наогул, як я зразумеў, за ўсе граматычныя памылкі і фактычныя недарэчнасці ў друкаваным выданні адказвае ўрэшце карэктар. Але ж тут была відавочная памылка аператара, які адпраўляў электронныя газетныя палосы ў друкарню. Сталася ж даволі смешна. Хоць Вольга тады плакала, а зараз смяецца, успамінаючы той шалёны дзень.

Прагноз надвор’я на бліжэйшы час наш штотыднёвік друкуе на апошняй старонцы. А , як вядома, большасць чытачоў пачынаюць агляд прэсы з апошняй старонкі, бо ўсё патрэбнае і самае цікавае заўжды напрыканцы. Па тым, як бесперапынна звінелі з самай раніцы ўсе тэлефоны ва ўсіх кабінетах рэдакцыі, можна было меркаваць аб тым, як актыўна чытаюць газету. А яшчэ можна было з гонарам даведацца наколькі таленавіты наш народ у разнастайных іранічных жанрах ад звычайных жарту і каламбуру да сарказму і самага чорнага гумару. Ох, як практыкаваліся зласліўцы ў выяўленні сваіх творчых здольнасцей, калі прачыталі ў прагнозе надвор’я на наступны студзеньскі тыдзень +28 і +30 градусаў па Цэльсію. Гэта недарэчнасць атрымалася таму, што аператар, які ўпісаў мінусавыя паказчыкі ў гатовую табліцу, дзе першапачаткова была летняя тэмпература паветра, забыўся захаваць змены, не націснуў на патрэбныя клавішы. Супрацоўнікі друкарні не звярнулі ўвагі на той факт, што напярэдадні Вадохрышча сіноптыкі прагназуюць такую спёку. Затое звярнулі ўвагу чытачы.

Ніколі па пятніцах не было столькі тэлефанаванняў, прычым на ўсе рэдакцыйныя тэлефоны. Нехта званіў, каб па-сяброўску папярэдзіць пра памылачку, нехта моцна абураўся і абяцаў напісаць скаргу ў Адміністрацыю Прэзідэнта, нехта злараднічаў, іншыя проста канстатавалі факт і па-настаўніцку выгаворвалі. Але кожны быў упэўнены, што толькі ён заўважыў гэты ляпсус. У абедзенны перапынак усе сышлі з рэдакцыі, каб не чуць больш званкоў і зласлівых папрокаў, сышлі нават тыя, што абыходзіліся перакусамі на рабочым месцы. А пасля пачалося ўсё наноў. Вольга папераменна, каб моцна не муліла, прыкладала трубку то да правага, то да левага вуха, адказвала дзяжурнай фразай-прабачэннем і як толькі клала трубу на апарат, ён ізноў настойліва звінеў, і ўсё паўтаралася нанова.

Падняўшы трубку ў чарговы раз яна была ўзрадавана, што чалавек пачаў не з прагнозу надвор’я на апошняй старонцы, а з абвесткі на першай:

- Алё! Добры дзень! Гэта раённая газета? Вось у вас на першай старонцы абвестка…

Вольга ўзрадавана павіталася з чалавекам, які змяніў тэму тэлефанаванняў у гэты шалёны дзень. Нарэшце, хоць нехта цікавіцца чымсьці іншым, чым надвор’е! Аднак яе радасць была заўчаснай, бо абанент працягваў:

- У вас на першай старонцы абвестка пра тое, што ў суботу праводзіцца раённы лыжны крос. А скажыце, калі ласка, якія лыжы браць: для снегу ці водныя? Прагноз у вас такі, што толькі на водных лыжах можна будзе праехаць па трасе…”

Ала КЛЕМЯНОК.