Водгук на кнігу
У глыбінях Віліі
Сёлета ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла цікавая кніга “Пра Вяллю,
рыбу і рыбалку”. Аўтар і ўкладальнік – вілейскі краязнаўца, вандроўнік, аматар
рыбнай лоўлі, урач па адукацыі Міхаіл МІХАЛЕВІЧ. Першая прэзентацыя кніжкі
прайшла ў Вілейцы і была прымеркаваная да 160-годдзя слыннай экспедыцыі графа
Канстанціна Тышкевіча. Гэта літаратурна-мастацкае выданне стала чарговым
літаратурным помнікам Віліі – сёмай па працягласці рацэ Беларусі. Рацэ, якой
пашчасціла трапіць у грунтоўную манаграфію ХІХ стагоддзя, выдадзеную ў
Дрэздане. Да гэтага былі створаны падобныя апісанні толькі трох рэк: Дуная,
Рэйна і Тэмзы.
Кнігі бываюць розныя не толькі
па прыналежнасці да літаратурнага жанру, але і па форме падачы матэрыялу.
Прыёмы і метады, што выкарыстоўвае аўтар кнігі “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку”, у
сваім імкненні да лаканічнасці і дакладнасці часта блізкія да стэнаграфіі, хаця
і без адпаведных скарачэнняў. Ва ўступным слове Міхаіл Міхалевіч спрабуе абмяжаваць
кола сваіх чытачоў толькі рыбакамі-аматарамі, краязнаўцамі, асобнымі
вандроўнікамі, неабыякавымі да гісторыі роднага краю. Нават для прыцягнення ўвагі
жанчын засяроджваецца толькі на прапановах некалькіх рэцэптаў рыбных страў.
Пакінем на сумленні аўтара яго меркаванні, сумненні і гендарныя хібы ды
распачнем чытанне, паглыбляючыся ў часы нядаўнія і досыць аддаленыя.
Нездарма лічыцца, што найлепшыя
апавядальнікі і фантазёры – паляўнічыя ды рыбакі. Бо найчасцей кіруе ўчынкамі
гэтых людзей не смага спажывы, а ў большай меры рамантыка, любоў да прыроды і
жаданне адчуць сябе яе істотнай часцінкай. Міхаіл Міхалевіч у сваім перасказе
ўсяго пачутага занатаваў толькі фактычны матэрыял, не пакінуўшы месца фантазіям,
хіба што зусім крыху. А “рэцэнзентамі” яго даследаванняў выступаюць
аўтарытэтныя аўтары ранейшых выданняў пра Вілію – сам граф Канстанцін Тышкевіч
і ліцвінскі пісьменнік-вілейчанін Ігнацій Ходзька. Менавіта да іх думкі,
выкладзенай больш як сто пяцьдзясят гадоў таму, часцяком апелюе аўтар гэтых
нататкаў. Своеасаблівы параўнальны аналіз таго, якая рака была ў часы Тышкевіча
і якой стала цяпер, дае магчымасць меркаваць пра наступствы навукова-тэхнічнага
прагрэсу для эклогіі і не толькі. Мяняўся светапогляд мясцовых жыхароў, род іх
заняткаў, стаўленне да ракі. І пра ўсё гэта мы даведваемся фактычна з
першакрыніц, з вуснаў віллянскіх рыбакоў.
Назва і прадмова да кнігі
пададзены на беларускай мове, астатні ж тэкст або па-руску, або на так званай
трасянцы, бо аўтар знарок хоча захаваць стылістыку апавядальнікаў, што таксама
надае каларытнасці і аўтэнтычнасці.
Жывыя сведкі перамен, што
адбываліся на берагах Віліі распавядалі Міхаілу Міхалевічу падчас яго вандровак
і сплаваў пра разнастайнасць рачных рыб, пра спосабы лоўлі. У манаграфіі графа
К. Тышкевіча рыбалоўству была прысвечана толькі адна глава, а Міхаіл Міхайлавіч
уклаў цэлую кнігу на гэту тэму больш як на 180 старонках. Пачынаецца, дарэчы,
аповед дакладнымі даведкамі пра сённяшні стан ракі. З іх даведваемся, што за
160 гадоў канчаткова зніклі тры віды рыб, пра якіх згадваў граф Тышкевіч:
выразуб і прахадныя рыбы бялуга ды сіг. Многія віды рыб зніклі або іх колькасць
катастрафічна скарацілася пасля будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. Дарэчы,
пра тое, як яно будавалася з пункту гледжання мясцовых жахароў, таксама можна
прачытаць ва многіх успамінах.
Паміж згадак пра тыя ці іншыя
віды рыб, пра прыстасаванні, якімі лепш іх лавіць і пра кулінарныя рэцэпты,
нечакана-нягадана раптам ажывае голас тутэйшай жыхаркі, што прыгадае сапраўдную
ранейшую назву сваёй вёскі і яшчэ некалькіх суседніх. З сумным гумарам раскажа,
як з мужам “на рыбу ездзіла” ды атрымлівала шмат папрокаў ад яго, калі няправільна
сеткі ставіла. Старажылы згадваюць, як у пасляваенны час да 20 кілаграмаў
ласося лавілі, а рака літаральна кішэла рыбай: тут табе і шчупакі, і самы, і
мянтузы, і карасі, і плоткі, і акуні, і ляшчы. Самыя вялікія самы пад Слабодкай
былі. Дзе высокія берагі, там рыба цырта круцілася. А самая смачная рыба, па
агульных меркаваннях “абарыгенаў”, звалася “свіння”. У некаторых вёсках звалі
яе свінка, а на самай справе гэта бялуга. Праўда, вілейчанін Ігар Кіцікаў
лічыць інакш. Ён бы паставіў у Вілейцы помнік судаку. Бо ў свой час рыба гэта
была накшталт нарачанкага вугра – якія толькі мясцовыя праблемы не вырашаліся,
дзякуючы ёй. Яго зямляк Аляксей Чарапан удакладняе, што судак прыйшоў у Вілію
недзе напачатку 70-х з Нарачанскіх азёраў, дзе яго хацелі разводзіць.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся жыхары
вёсак Мамаі, Плёсы, Асіпавічы, Рабуні, Рыбчына. Трапілі ў гісторыю са сваімі
аповедамі і смаргонцы: Мікалай Драмлюк і Сяргей Верамейчык з Залесся, Яня
Марцішонак з Перавозаў, Станіслава Гіль з Данюшава, Ядзя Гваздовіч з Маркоўцаў,
Ніна Кунавіч з Вайнідзенятаў, Анатоль Дагоцкі з Рыбакоў, Уладзімір Чартовіч з
Мелі ды многія іншыя.
Трэці раздзел кнігі прысвечаны
цалкам традыцыйным спосабам лоўлі рыбы на Віліі. Ад самага старажытнага і
прымітыўнага да ўстройства запруд (пра што пісаў у сваёй манаграфіі яшчэ К.
Тышкевіч) і да мяжуючых з браканьерствам спосабаў апісвае Міхаіл Міхалевіч з
дапамогай сваіх добраахвотных рэспандэнтаў.
Прыдзірлівы крытык знойдзе да
чаго прычапіцца ў кнізе “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку”. Але нягледзячы на
шматлікія, мякка кажучы, неадпаведнасці жанру, яна адшукае свайго ўдзячнага
чытача, з цягам часу стане вельмі каштоўным творам і дакументам для
навукоўцаў-даследчыкаў. Пакуль жа давайце проста пачытаем і атрымаем кожны сваё
ў яе немудрагелістым змесце, шчырых і простых сведчаннях звычайных вясковых
людзей і заўзятых аматараў рыбалкі.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.