Блог Алы Страшынскай

ВЫЙШАЎ СЕЙБІТ СЛОВА СЕЯЦЬ

 

Маю ў сэрцы Хрыста;

Мову родную маю.

Каб чужынцам не стаць,

Кожны дзень прамаўляю…

( “Я іду не адзін”. Алесь Жамойцін)

 

Дырэктар дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Кушлянах, беларускі паэт Алесь Жамойцін 25-ты год жыве і працуе на Смаргоншчыне. Яго першыя вершы ў рэспубліканскім друку з’явіліся ў 1981 годзе. Праз восем гадоў пасля гэтага выйшаў зборнік паэзіі “Азірнуўшыся – не скамянею”. Высокі літаратурна-мастацкі ўзровень твораў стаў лепшай рэкамендацыяй для ўступлення ў той жа год у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся ў зборніках “Маладыя галасы”, “Краю мой – Нёман”, “Дзень паэзіі-88”, у часопісах “Полымя”, “Беларусь”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.Сёлета спадар Алесь будзе адзначаць свой прыгожы жыццёвы юбілей.

 

Для Алеся Жамойціна Слова – рэч матэрыяльная: яно адчувальна цісне на плечы, яно вымушае прамовамі і замовамі ўвасабляць або ўвасабляцца. Слова – вобраз і слова – учынак, слова – абярэг і слова – багацце. А яшчэ слова – пароль, дзякуючы якому адчыняюцца людскія сэрцы. Не ўсе, зразумела ж, а толькі тыя, што б’юцца ў рэзананс з вібрацыямі яго сумлення, яго памяці.

Магічную сутнасць слова ён упершыню адчуў і зразумеў яшчэ ў маленстве, калі яго дзед, вядомы ва ўсёй акрузе лекар, замаўляў, нашэптваючы малітву, ратаваў такім чынам ад хвароб аднавяскоўцаў. Другі дзед – адмысловы вясковы скрыпач. Ці не ад яго перайшлі да хлопчыка музычны талент і ўменне шчыра радавацца жыццю. Трэці быў кавалём. Каля яго Алесь круціўся, напрошваючыся ў памагатыя: так карпела ўдарыць молатам па кавадлу! Былі яшчэ дзед-пячнік і дзед-земляроб. Наогул, гадаваўся хлопчык больш каля сваіх дзядоў, родных бабуліных братоў, якіх усяго было васьмёра, а жылі ўсе на адной вуліцы ў вёсцы Малахоўка. Вось так і сталася, што народнае свята Дзяды для Алеся Жамойціна атаясамліваецца з рэальнымі дзядамі, канкрэтнымі продкамі, што перадалі яму ў спадчыну таленты, духоўную моц, здольнасці і маральныя прынцыпы.

А што наконт паэтычнага дару, то гэта – мацярынскія гены. Дзявочае прозвішча маці – Малевіч, між іншым, маці беларускага паэта Максіма Багдановіча таксама з Малевічаў і родам яна, дарэчы, таксама з Брэстчыны. Аднак вершы пісаць Алесь пачаў толькі падчас студэнцтва, калі за плячыма былі праца на “Гомсельмашы”, служба ў арміі, рачныя паходы па Прыпяці на цеплаходзе “Днепра-Буг”. Была вялікая зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, нават паступаць збіраўся на гістарычны факультэт, але выбар зрабіў на карысць філалогіі. Сваімі хроснымі бацькамі пры ўваходжанні ў вялікую літаратуру Алесь Жамойцін лічыць Ніла Гілевіча, Кастуся Цвірку, Дануту Бічэль-Загнетаву. Янка Брыль і Міхаіл Ткачоў – прыклад добрасумленнасці, шчырасці, жыццёвай мудрасці.

Аднойчы наведаўшыся на сядзібу Францішка Багушэвіча ў якасці навуковага супрацоўніка музея гісторыі беларускай літаратуры, Алесь прыкіпеў сэрцам да гэтага краю. А незадоўга да таго Алесь Пятровіч працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Доцішках, дзе ў свой час пакінуў след і слынны сын Беларусі Францішак Багушэвіч. Так скрыжаваліся іх пуцявіны. Намаганнямі наноў прызначанага загадчыка пры падтрымцы мясцовых улад і мінскага кіраўніцтва, былы дом беларускага песняра, дзе апошнім часам месціўся калгасны клуб-бібліятэка, ператварыўся ў музей, у месца паломніцтва тых, хто хоча сэрцам дакрануцца да духоўнай спадчыны беларусаў.

Ні толькі не зарасла сцежка да сядзібы песняра, а ператварылася ў шырокі шлях, па якім штогод едуць і едуць наведвальнікі з розных абласцей Беларусі і з-за мяжы. Колькасць экскурсій пераваліла за дзве тысячы на год. І для кожнай групы ў Алеся Пятровіча індывідуальны падыход: англічанам прыгадае Уэльс; палякам – паднаготную паўстання Кастуся Каліноўскага; літоўцам гісторыю Вільні. Але для ўсіх ёсць у Алеся Жамойціна адна “фішка” – на завяршэнне экскурсіі дастае з футлярчыка беларускую дудку і пачынае граць лірычную старажытную мелодыю. Па тым, як дудка гучыць, як паветра пачынае вібрыраваць ад яе гукаў, музыкант разумее наколькі закрануў сваім аповедам сэрцы. А для самых блізкіх сяброў Алесь можа і гармонік дастаць і, калі ёсць натхненне, заспявае песню ўласнага сачынення “Разрулю сваё жыццё я сам”.

Сапраўды, у сваім жыцці ён заўжды руляваў сам, сілкуючыся энергетыкай роднай зямлі, набыткамі таленавітых папярэднікаў, сваім уласным уяўленнем аб шчасці і сэнсе існавання. Усе яго жыццёвыя прынцыпы і перакананні знайшлі адлюстраванне ў вершаваных радках. Чакае выхаду ў свет чарговая кніга паэзіі “Зоркі ўва мне”. Выгадаваўшы дзвюх дачок, якія пайшлі на свой хлеб, Алесь Жамойцін атрымаў больш часу на ўласнае творчае жыццё. Таму будзем чакаць з нецярпеннем новую кнігу паэта і, наогул, яго новых твораў.