Як стаць мільянерам

 

- Цікавую ты мне, радасць мая, мінулы раз газетку прынесла. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Стаховіча. О! Колькі знаёмых твараў!

Язэп Фядосавіч знарок прамаўляў апошняе слова з павялічаным націскам на першую “а”. Як большасць прадстаўнікоў колішняга дырэктарскага корпусу, ён не хаваў свайго негатыўнага стаўлення да партыйных і прафсаюзных функцыянераў. Зіначка не раз чула ад яго скаргі на дылетанцкае ўмяшальніцтва ў справы вытворчасці заўзятых “змагароў” за эканомію, за эфектыўнасць, за якасць, за наватарства, за…. Чорт яго ведае за што яшчэ! Але сёння Фядосавіч быў у асаблівым настроі – загадкава-іранічна блішчэлі яго вочы.

- Я перагледзеў некалькі сваіх сшыткаў спецыяльна, каб адшукаць вось гэтыя запісы. Паглядзі сюды. Што ты думаеш пра гэтыя лічбы? Нічога? А гэта, радасць мая, абазначаны ўмоўна разлік са мной за цагельню. Ізноў не разумееш? То слухай. Гэта я запісаў, калі непрацяглы час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама па прамысловасці ў шалёныя 90-я.

“У краіне напруга з будаўнічымі матэрыяламі. Не хапае цэглы для завяршэння доўгабудаў. А нам паступіла такая выгадная прапанова! Сямён Насковер, былы наш зямляк, а зараз паспяховы бізнесовец у ЗША, прадае цагельні. Прывозіць два кейсы: у адным праектная дакументацыя завода, які можна вельмі хутка пабудаваць і пусціць у дзеянне; у другім – валюта. Даляры – гэта разлік з намі, прадстаўнікамі мясцовай улады, за тое, што мы за бюджэтныя грошы набываем дакументацыю і будуем завод. У бюджэце не прадугледжаны такія расходы, але за “навар” можна пакруціць мазгамі і знайсці адпаведную шчыліну.

Мой начальнік не доўга вагаўся і паказаў на дзверы авантурысту. Але такой прынцыповай пазіцыі прытрымліваліся не ўсе. І ўжо на чарговай нарадзе ў аблвыканкаме асобныя мясцовыя старшыні хваліліся, што хутка заваляць ўсю рэспубліку таннай цэглай. Праўда, і праз год, і праз два сітуацыя не палепшылася і каля нашага сіліката-бетоннага завода дзяжурылі грузавікі і фуры ў чаканні чарговай партыі блокаў і цэглы, што загружаліся адразу з канвеера і яшчэ пыхкалі гарачымі пляскатымі бакамі.

Сумная вестка пра раптоўную смерць Андрэя Стаховіча збянтэжыла многіх. У выканкамаўскіх кулуарах хадзілі чуткі, што органы дзяржбяспекі знайшлі на асабістым рахунку Андрэя Міхайлавіча ў нейкім банку мільёны, пакладзеныя пад высокі працэнт. Адкуль узяліся гэтыя грошы ніхто не сумняваўся, бо Стаховіч мацней за іншых рапартаваў пра цагельні, што будуюцца на тэрыторыі яму падуладнай. Такое абагачэнне за бюджэтныя грошы магло мець вельмі сумныя наступствы, і сэрца міліянера не вытрымала. А грошы аўтаматычна сталі ўласнасцю жонкі. Яе судзіць не было прычыны. Як скрадзеныя грошы вярнуць дзяржаве, нават самыя разумныя юрысты не знаходзілі падстў і шляхоў. Аб тым, што кампраміс быў знойдзены, усе здагадаліся, калі была заснавана прэмія імя Стаховіча. У той год працэнты з унушальнай сумы атрымалі перадавікі вытворчасці.”

Фядосавіч грэбліва адкінуў у бок сшытак. Зняўшы акуляры, утаропіўся поглядам у зааконны пейзаж. Зіначка ведала, што яго лепш не чапаць у такі момант, бо ён усё адно не пачуў бы нічога – ён быў далёка, недзе там, дзе ў доўгіх чэргах людзі чакаюць свайго шансу купіць канапу ці халадзільнік, дзіцячыя боцікі ці нагавіцы навырост…