З глыбінь мінуўшчыны

 

Як у кроплі расы

 

Заўважалі калі-небудзь, як любяць малыя дзеці выхваляцца адно перад адным тым, што маюць штосьці лепшае, чым у іншых? І як бы не імкнуліся бацькі прысароміць задавак, яны ўсё роўна будуць весці сваю спрэчку. Будуць даказваць амаль са слязамі на вачах, што іх хата, або іх бацькі, або дзядулі і бабулі самыя найлепшыя. І думаецца мне, што пачуццё гонару за сваё роднае, кроўнае – не самы горшы недахоп. Наадварот. Толькі той, хто ўмее ганарыцца (не выхваляцца беспадстваўна, а менавіта ганарыцца) сваім, умее і бараніць яго. А каб бараніць – трэба ведаць.

Калісці ў юнацтве з адпаведным свайму ўзросту скептыцызмам, ставілася я да ўсялякага роду мемуараў. Толькі з гадамі выспела гэта пякучая неабходнасць даведвацца пра падзеі мінулых дзён не з афіцыйных крыніц, а з успамінаў людзей – сведкаў і ўдзельнікаў пэўных здарэнняў. Няхай сабе і праз прызму іх суб’ектыўнага ўспрымання – тым цікавейшымі і разнастайнейшымі паўстаюць карціны былога жыцця, побыту.

Як расінка можа адлюстраваць у сабе навакольны свет, так лёс чалавечы адлюстроўвае ў сабе лёс цэлага пакалення, краіны, наогул – эпоху.

Адыходзяць у незваротны нябыт людзі-сведкі, людзі-носьбіты найкаштоўнейшага скарбу – народнай памяці. Але знаходзяцца тыя, што пакідаюць пасля сябе ўспаміны, дапамагаючы новым пакаленням іншымі вачамі глядзець на мінуўшчыну, жывей адчуваць матывы тых або іншых учынкаў, паводзінаў людзей у пэўных абставінах. Людзей, якія не могуць сёння абараняць сябе, бо іх проста няма сярод жывых.

Пра ўсё гэта думаю я, калі гартаю чарговы нумар гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-мастацкага часопіса “Куфэрак Віленшчыны”. І кожны раз літаральна чую галасы і добра знаёмых, і мала вядомых мне людзей, якія з кожнай старонкі шчыра і шчодра дзеляцца сваімі ўспамінамі, ведамі, духоўнымі набыткамі. З новай сілай абуджаецца ў маім сэрцы пачуццё гонару за выдатных дзеячоў, чыімі намаганнямі і светлымі памкненнямі стваралася, абнаўлялася і захоўвалася гісторыка-культурная спадчына нашага краю.

Навукоўцы і вынаходнікі стагоддзямі ламалі галаву, прыдумваючы машыну часу. А яна даўно існуе. Гэта – мемуарная кніга, найважнейшае вынаходніцтва дакументалістыкі. Вынаходніцтва здольнае ажывіць памёрлых, гаварыць з намі іх галасамі, вяртаць нас у мінулыя стагоддзі. “Куфэрак Віленшчыны” адносіцца менавіта да такой літаратуры. Аб падобным выданні марыў у свой час доктар гістарычных навук, слынны краязнаўца з Маладзечаншчыны Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі, сапраўдны беларускі гісторык, чыё імя належыць і Віленшчыне, і ўсёй нашай краіне. Натуральна, што з нумара ў нумар гаворыць Генадзь Аляксандравіч са сваімі прыхільнікамі і з новымі, невядомымі яму пры жыцці, чытачамі і паслядоўнікамі. Гаворыць мемуарамі так шчыра, як не меў магчымасці пры жыцці.

Шмат якія матэрыялы не маглі быць надрукаванымі ў нашай краіне ў ранейшыя часы. Але дакладна заўважана – рукапісы не гараць. Многія рукапісы набылі новае жыццё і загаварылі са старонак “Куфэрка”. Шмат якія аўтары знайшлі прытулак для сваіх публікацый, дзякуючы гэтаму часопісу і яго галоўнаму рэдактару, пісьменніку і выдаўцу Міхасю Казлоўскаму. Сярод пастаянных аўтараў нашы смаргонцы Таццяна Кляшчонак, Уладзімір Прыхач, Аляксандр Камінскі і многія іншыя руплівыя і старанныя ахоўнікі беларускай старасветчыны.

Цудоўна, што ёсць такія нястомныя рупліўцы, як Міхась Казлоўскі. Нягледзячы ні на якія перашкоды, ідзе ён шмат гадоў аднойчы абраным шляхам. Гэта яго ўпартасць, што, здаецца, мяжуе з фанатызмам, дае багаты плён, ажывае на старонках часопіса мінуўшына, жыве Беларусь. Жыве ў вобразах сваіх праўдзівых сыноў і дачок, якім па добрай традыцыі прысвячаюцца асобныя выпускі альманаху. У шэрагу іншых ксёндз Адам Станкевіч, гісторыкі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі, паэт і педагог Юльян Сергіевіч, пісьменнік Пятро Бітэль, паэтка і журналістка Таццяна Сапач. Дарэчы, №15 “Куфэрка Віленшчыны”, што выйшаў з друку ў 2013 годзе і быў прысвечаны Таццяне Сапач стаў пакуль што апошнім.

Хоць ахоплівае рэгіянальны часопіс невялікія па працягласці тырэторыю і час, але ў асобах яго аўтараў і герояў публікацый сканцэнтраваны такі інтэлектуальны патэнцыял, што кожны нумар выдання варты многіх тамоў навукова-гістарычных даследаванняў. Не мялее рака допісаў на імя рэдактара, але сродкі на выданне шукаць усё цяжэй. Няма сярод прадпрымальнікаў мецэнатаў, бо няма відаць, сярод іх людзей нацыянальна свядомых.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.