Знішчэнне тыранаў

 

- Заходзь, калі ласка. А я тут Набокава чытаю. Раней то часу не хапала, то натхнення не было, то проста лічыў яго нейкім не сваім пісьменнікам. О! Нездарма кажуць - кожнай кніжцы свой час.

Зіначка павыкладала з пакетаў прадукты, аўтаматычнымі рухамі расклала што ў халадзільнік, што ў кухонныя шафы. Вярнуўшыся ў кабінет, села ў скураны фатэль, за спінкай якога на шпалеры быў прылеплены аркуш з надпісам “Чытальня”.

Прывычка не даваць волі сваім пачуццям, выпрацаваная падчас шматгадовага дырэктарства на буйным мясцовым прадпрыемстве, апошнім часам здраджвала Язэпу Фядосавічу. Не так смела, як раней, ён глядзеў у вочы сваёй старасці, хаця трымаў прама спіну і высока галаву. Усё часцей вочы ахутваў туман самоты, а вусны апускаліся, надаючы твару пакрыўджаны выраз. Ён ніколі не быў фанабэрыстым, але сёння жанчына заўважыла адбіткі арыстакратычнай пыхі, што нібыта пераспелы плод, гатова была выліцца сакавітым фантанам выказванняў, як толькі Фядосавіч растуліць вусны.

- Я зразумеў, чаму мая нябожчыца жонка так любіла Набокава. Яна прачытала ўсё, што можна было купіць або нейкім чынам набыць, і ўвесь час навязліва падсоўвала мне яго творы. А я толькі адпіхваў іх убок. У мяне гэты пісьменнік асацыіраваўся пераважна з яго скандальнай “Лалітай”. Прызнаюся, я так і не прачытаў да канца гэты раман. Затое, сёння на адным дыханні прачытаў апавяданне “Знішчэнне тыранаў”. І ведаеш што, радасць мая? Я зразумеў, што мог бы даўно вылечыцца з дапамогай смеху ад нянавісці да аднаго маральнага вылюдка. Гэта мая злосць стала хранічнай хваробай і пажырала мяне знутры кожны раз, калі ён трапляўся мне на вочы, ці нехто проста згадваў яго імя. Тыраны з’яўляюцца не толькі на дзяржаўным узроўні. У правінцыях ёсць свае карлікавыя напалеончыкі, якія атручваюць атмасферу самадурствам і малаадукаванасцю, але з фанатызмам пруцца ў начальнікі, каб потым прыгожымі лозунгамі і заклікамі прыкрываць шкурныя інтарэсы, крымінальныя паводзіны і магчымасць помсціць тым, хто не скача пад іх дудку.

Спачатку Язэп Фядосавіч адкрыў кнігу Уладзіміра Набокава і прачытаў цытату, якая найбольш яго ўразіла: “Смех уласна і выратаваў мяне. Прайшоўшы ўсе прыступкі нянавісці і адчаю, я дасягнуў той вышыні, адкуль бачна, як на далоні смешнае. Перачытваючы свае запісы, я бачу, што імкнучыся паказаць яго страшным, я толькі рабіў яго ўсё больш смешным, і ўрэшце знішчыў тырана менавіта гэтым старым спосабам - смехам”.

- Хочаш ведаць пра каго гэта я, і што гэты чалавек зрабіў дрэннага? То слухай.

“Упершыню нашы шляхі скрыжаваліся падчас народных пратэстаў і мітынгаў. Архітэктары Перабудовы забалталі і скампраметавалі саму ідэю бессэнсоўнымі сходамі і пустымі заклікамі. Васіль Гаркевіч выступаў тады паўсюль, дзе збіралася больш чым 10 незадаволеных. Шэраговы майстар змены дамогся свайго вылучэння ў кандыдаты мясцовага Савета дэпутатаў і, выкарыстоўваючы свабоду слова, выкрываў уся і ўсіх, у тым ліку і мяне. Я не вельмі яго ведаў раней: на прадпрыемстве такіх майстроў пруд прудзі. Але ён навязліва заяўляў пра сябе, паліваючы брудам мяне і маіх блізкіх людзей. Мусіць, такая агітацыя за сваю праграму і дазволіла яму стаць дэпутатам, а затым наогул узначаліць райсавет.

І вось на працягу апошніх двух месяцаў мяне рэгулярна выклікаюць на розныя пасяджэнні ў выканкам: то дэпутацкія камісіі абвінавачваюць мяне супраць ўсіх рэальных фактаў і доказаў у завале работы, то прэзідыўм абрушваецца з абвінавачваннямі ў выкарыстанні службовага становішча, то члены выканкама сыплюць нейкімі надуманымі лічбамі, нічога агульнага не маючымі з нашымі паказчыкамі і справаздачамі. Прадстаўнікі падаткавых органаў і пракуратуры днююць і начуюць на заводзе.

Сёння была апошняя кропля. На сесіі райсавета Гаркевіч з пажаднасцю і пошласцю пачаў распавядаць пра маю нібыта інтымную сувязь з упраўляючай банка, праз які мы ажыццяўлялі свае фінансавыя аперацыі. Спачатку мне здалося, што я сплю і гэтыя ілжывыя плёткі чую праз сон. Самой упраўляючай на сесіі не было, але там прысутнічаў яе муж. Ён быў абраны дэпутатам ад дэмакратычнага блоку, але слухаць да канца брудныя плёткі з вуснаў свайго калегі па партыі не стаў. Ва ўсю моц свайго голасу заявіў, што калі старшыня не перастане брахаць, то падасць на яго ў суд. Аднак той, маючы ў кішэні мандат, які гарантаваў недатыкальнасць, яшчэ больш распаляўся і ўжо не саромеўся ў выкрыкванні нецэнзурных слоў.

Мы разам выйшлі з залы пасяджэнняў. Услед палова залы ўлюлюкала і зубаскаліла.”

- Ты хочаш ведаць, чым усё скончылася? На наступны дзень даведаўся, што мяне звальняюць па рашэнні сесіі за неадпаведнасць займаемай пасадзе.

У міністэрстве бездапаможна разводзілі рукамі, маўляў, такі цяпер час. Намеснік міністра, колішні дырэктар завода, куды я быў накіраваны як малады спецыяліст і які, ведаючы маю адданасць прафесіі і працаздольнасць, спрыяў майму кар’ернаму росту, параіў пайсці ў бізнес, абяцаючы маральную падтрымку. Сапраўды, падтрымку я атрымаў. Бізнес мой развіваўся і прырастаў новымі даччынымі прадпрыемствамі. Утрымаўся на плыву нават падчас дэфолтаў і эканамічных катаклізмаў.

Васіль Гаркевіч мэтанакіравана ішоў да высокай мэты і на чарговых выбарах атрымаў мандат дэпутата Вярхоўнага Савета. У наш гарадок ён не вярнуўся. Прыязджае толькі па запрашэнні мясцовага начальства на розныя святы ды юбілеі. Кожны раз, калі бачыў я гэту напышлівую сытую морду, мяне амаль валтузіла. Адмоўныя эмоцыі прымушалі сыходзіць, а ногі самі няслі куды далей ад таго месца, дзе маглі скрыжавацца нашы шляхі.

Ён і цяпер, пэўна недзе там, - Язэп Фядосавіч махнуў угору галавой. – Пэўна, ганарыцца сваёй мінулай бурнай дзейнасцю. А я нарэшце вылячыўся, бо смяюся з асалодай над ім і яму падобных, брыдкімі агрэсіўнымі духоўнымі карлікамі.