ДУРАНЬ

 

Нейкі дурань ўзяў дурное

І ўсіх нас паквэцаў ім.

Ён – рагоча (дурняў зброя),

Мы ж – разгублена стаім.

 

Дурань песню забасуе –

Птушкі – ў жаху з-пад страхі:

Ці то воўк з ваўком лютуе?

Ці злы дух імчыць з кіхі?

 

Дурань енчыць, потым слёзы

Пачынае ліць знарок –

Ці то ўступ трагічнай прозы,

Ці камедыі пралог?

 

Дурань, дурань дураваты,

Прэч з вясельнага стала!

Абайдзі наўкола хату,

Згінь у лесе, як імгла!

 

Дзе хто бачыў, каб у жала

Каплі яду не было?

Добра, што іх, дурняў, мала!

Толькі млосць – малое зло.

 

Добра, што і адмахнуцца

Можна ад дурных людзей,

Гэй, калегі, усміхнуцца

Трэба – гэта ж здаравей!

 

Змыем бруд – мазню дурнога,

Згонім з душ ягоны цень!

Быць дабру, бо за парогам

Нас чакае лепшы дзень!