ЛЮБЛЮ-КАХАЮ

 

Я твой любы, ці каханы?

Я кахаю, ці люблю?

Усім вядома: як названы,

Так далей плыць караблю.

Бульбу я люблю з грыбамі,

Што патушана ў гаршку,

І гарэлку з шашлыкамі

Пасля банькі і парку.

А яшчэ люблю рыбалку,

Хоць які б не быў паклёў,

І да праўды-маткі змалку

Ёсць сапраўдная любоў.

Вось з каханнем не ўсё проста,

Бо кахаць – не ёсць любіць,

Тут аднойчы вельмі востра

Ў сэрцы нешта зашчыміць.

Гэта боль, хоць не хвароба,

Ды сардэчны заняпад,

І як бы душы вантроба

З галавой прыйшла ў разлад.

А на погляд нечы збоку

Ну німа падстаў у тым,

Каб штодня, на кожным кроку

Думаць, марыць аб адным.

Але ж сэрцу не здаецца,

Бо ніколі не змане

Тое, што душы кранецца –

Што ад Бога, то кране.

Зрэшты, ўсё, што гоіць раны,

Разам я благаслаўлю:

Любы ёсць? – Бо ёсць каханы,

Я кахаю? – Бо люблю.