ПАСХАЛЬНАЕ

 

Ціха будзьце дрэвы-клёны –

не турбуйце вышыню!

Вам, картавыя вароны,

хопіць гвалціць цішыню!

 

Вунь, і месячык спыніўся,

паглядае з цёмных хмар,

вецер сціпла затаіўся,

недзе знік піскун-камар.

 

Ціха сэрца думкі піша,

змоўклі дзверы-скрыпуны –

зараз нам патрэбна ціша,

а не гукі-брахуны.

 

Зараз маюць ўсе падставу,

каб засведчыць цуда плён:

ціха стала – Бог даў з'яву –

хутка ўжо ўваскрэсне Ён.