ПАСТАЯНСТВА

 

Сказаўшы хоць трохі сказаўшаму нешта,

Як брат ёсць для брата,

Ці сваха для свата,

Бо ў нашым балоце,

Як быццам у роце:

Як гаркне што першы – то й квакае рэшта.

 

Зірну я абапал, ці зноўку пад ногі:

Камыш ўсё шапоча

І багна булькоча,

Саліруе з кучы

Камарык піскучы –

Усё, як учоры – і чэрці, і богі.

 

І грошыкі тыя ж, і тыя ж падаткі

За добрае слова,

За шчасця падкову,

Каб лепш утрымацца,

Дзе можна зламацца,

І быць, хоць на вока, вышэй за астатніх.

 

Арэхі пустыя ў кошыку славы,

Калі іх збірае

Хто лесу не знае,

Тым больш, хто згубіўся

І ў багну забіўся…

А, зрэшты, здаецца – няма ў тым праявы.

 

Бо што аб тым слову чапляцца за слова,

Каб некія сказы

Агучваць адразу,

Як бачыш праблему,

Ці вострую тэму?

Хай гіне гнілое! – Ні жалю, ні мовы!