УСПАМІН

 

Ой, як добра недзе граюць! –

граюць так усё радчэй,

успаміны выціскаюць

слёзы з высахшых вачэй.

 

Так калісьці дзядзька Мішка

граў, а бацька мой спяваў,

я ж тады малы, як мышка,

зверху з печы паглядаў.

 

Зарумяненая маці

скваркі з печы дастае…

Як жа смачна пахла ў хаце!

Ежы ўжо няма тае.

 

Далей грае ўсё музыка…

Цяжка, часам, быць людзьмі,

бо ўспаміны – за пазыку –

за боль недзе пад грудзьмі.