ВЕРШАТВОРЦУ

 

Пішаш ты, што прырода прыгожая,

Пішаш проста, абы зрыфмаваць,

А што дуб выйшаў з лесу вяльможаю,

Ты не пішаш – не бачыш, відаць.

 

Пішаш ты відавочна-банальнае:

Што днём сонейка свеціць з нябёс,

Колькасць зорак ўначы – незлічальная,

І што месяц за тры дні падрос.

 

Кажаш ты пра супольнасць адзіную,

Што Радзіма – як маці абраз,

Ды не кажаш, дзе сэрца айчыннае,

І ці моліцца маці за нас.

 

Спрадвякоў «Беларусь сінявокая»,

Ты аб гэтым жа – ў новы радок!

Архаічнае і аднабокае –

Нечых амфар малы чарапок.

 

Ах, паэт, ці паэтка няўдалая!

Ну навошта паперкі глуміць?

Калі думкі твае захудалыя –

З імі лепш да людзей не хадзіць.

 

Бачыш цуд хараства? Кожны ведае:

У прыроды – Гасподзь наш мастак.

І каб добра сказаць пра ўсё гэтае,

Як малітву кажы, больш – ніяк!