ВЕРШЫ

 

Вершы – наўкола. Ёсць ў гэтым патрэба –

Ў вершах на шкле ручаёў,

Ў рыфмах, што пішуцца коласам хлеба,

Кветкамі летніх палёў.

 

Твараў харэі, духоўнага ямбы,

Дактыль малітвы штодзень,

Піша заўсёды адны дыфірамбы

Сонечны цёплы прамень.

 

Вершы – паўсюль, ды вось, нешта чытаюць

Ўсе ў тэлефонах сваіх,

Нібы на сметніках думак шукаюць

Словы нямых для глухіх.

 

Вершы – ўсе людзі з нататніка Бога –

Спеў непаўторных радкоў…

Толькі ж пустая да неба дарога –

Мала на ёй хадакоў.

 

Вершы – наўкола? Цудоўна і міла,

Толькі ж, вось, проза бліжэй:

Ў прозе жыцця ёсць практычная сіла,

Верш – для нядзейсных людзей!