“Пакуль жыву,
датуль малюся Беларусі…”:
Памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна
Сёлетняя вясна,
перажагнаная болем, пачалася для беларусаў нечакана сумна, жалобна...
П а м ё р Р ы г о р
Б а р а д у л і н. За гэтымі трыма словамі – цэлая эпоха, постаць
слыннага беларуса, сімвала Беларусі. Як сапраўдны Творца, ён заўсёды быў гатовы
“з чытачом… дзяліцца нашча словам”. Рыгор Барадулін – гэта чалавек-эпоха,
універсум: “чараўнік слова з Ушачаў” (П.Панчанка), “беларуская верная кроў”
(Л.Геніюш), “салавей Беларусі” (В.Быкаў). Як адзначыў англійскі
літаратуразнаўца Арнольд Макмілін, “паэт на ўсе часы”.
Спыніўся зямны адлік
Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна 2 сакавіка 2014 года на 79-ым годзе
жыцця. Такая цана і плата, такі смак МАСТАЦТВА, супярэчлівага і суровага,
ахвярнага, дзе “паэт будуе сам сябе, як храм”, дзе “паэзія – служанка й
каралева”.
Наш горад Гродна
Барадулін-паэт любіў, прыязджаў на сустрэчы з аднадумцамі, кожны раз даваў
спадзеў на не апошняе спатканне. Тут – радзіма ягонай жонкі Валянціны
Міхайлаўны, тут у далёкім 1962 годзе нарадзілася ягоная адзіная дачушка Ілона,
тут адбылася першая сустрэча з В.Быкавым, калі малады паэт Рыгор Барадулін
прыехаў у камандзіроўку ў Гродна да Быкава за апавяданнямі, рыхтуючы
літаратурную старонку ў газеце “Советская Белоруссия”.
Народны паэт Беларусі
Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка
Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Ушаччына, жыццялюбная і песенная, азёрная і
легендарная – пункт адліку для паэта ўсіх зямных каштоўнасцей. Маці Акуліна
Андрэеўна, якую паэт справядліва называе “стыхійна вялікім філолагам”, раскрыла
перад ім зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага
слова. “Матчынай мовы слова святое”, “біблія слова матулінага” – ад маці ў
спадчыну моўны скарб і песенны дар.
Рыгор Барадулін – паэт
яркага, надзіва шматграннага таленту з непадробнай пячаткай майстра, дзе годна
бруіць пачуццё нацыянальнага генетычнага кода, дзе паразумеліся шанаванне ўсяго
беларускага, крывіцкага і талент. Яшчэ на пачатку 60-х гадоў крытыка распазнала
ў Барадуліне арыгінальнага паэта. Нават існуе меркаванне, што ледзь не ўсе
паэтавы творы разабраны на цытаты. Барадулін-чарадзей, няўрымслівы ахвярнік
пакінуў больш за 70 душэўна ўтрапёных і
хвалюючых, самабытных і неардынарных зборнікаў лірыкі, гумару, сатыры, вершаў
для дзяцей, перакладаў; кнігі эсэ і ўспамінаў, ліставання і аўтографаў, кнігу
рукапісаў. Згадаем толькі некаторыя: “Маладзік над стэпам”(1959), “Вяртанне ў
першы снег”(1972), “Вечалле”(1980), “Амплітуда смеласці”(1983), “Самота
паломніцтва”(1990), “Міласэрнасць плахі”(1992), “Евангелле ад Мамы”(1995)
“Босая зорка”(2000), “Руны Перуновы»(2006), “Ксты”(2006)… Апошняя прыжыццёвая
кніга – унікальная кніга рукапісаў з ёмістай назвай “Лепей”. “Лепшага смаку
няма, чым жыць…”…Апошнія вершы паэта былі напісаны спецыяльна для гэтага
нядаўняга выдання (снежань, 2013).
Барадулінская паэзія –
гэта сапраўднае свята, навеянае творчым духам, існасцю, неўтаймаванай
непасрэднасцю, а не скрупулёзным веданнем законаў мастацкай творчасці. Гэта
трэба ўмець напісаць “некананізаваныя ўспаміны” і кнігі вясёлых вершаў,
казак-пераказак для дзяцей, спавядальна-ачышчальную кнігу “Ксты” і
казытліва-гарэзлівую блазенскую “Дуліну ад Барадуліна”, умець перакладаць і
ўмець ліставацца. Кажучы словамі самога паэта, “расток радка, галінка верша”.
Як сапраўдны талент, ён адчуваў сябе сваім і ў шумнацечнай плыні крытычнага
слова (кніга артыкулаў і эсэ “Парастак радка, галінка верша” (1987), кніга
артыкулаў і некананізаваных успамінаў “Аратай, які пасвіць аблокі”(1995)).
Паэтава муза жывілася з уласна перажытага, з плёну асэнсаванага і ацэненага. “У
мяне паўваходзілі ўсе, / Праз мяне павыходзілі моўчкі”. Барадулінскае ўтрапёнае
слова – пра апосталаў нацыі, якімі нацыя дасюль жывая: пра “першага еўрапейца ў
новай беларускай літаратуры” М.Багдановіча і пра няскораную крывічанку
Л.Геніюш, пра “талісманнага каменя крывіцкае душы” У.Караткевіча і “васілька ў
жыце Беларушчыны” В.Быкава, з якімі шмат пройдзенага, перажытага,
недасказанага… Зусім не чужы быў Р.Барадуліну і эпісталярны жанр: мастацкімі
феноменамі творчага супрацоўніцтва паэта Р.Барадуліна і празаіка В.Быкава сталі
іх сумесныя кнігі “Лісты ў Хельсінкі”(2000), “Калі рукаюцца душы”(2003),
“Дажыць да зялёнай травы..: ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора
Барадуліна /1960-2003/”(2008). Светлае памяці мамы Куліны ахвяраваў свой, але
найперш мамін “Вушацкі словазбор” (2013), прычасціўся Барадулін-сын сабранымі і
выдадзенымі на суд чытача лістамі з маці, прычасціўся за ўсе зямныя маміны
ўрокі (“Паслаў бы табе душу..: ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай
(1954-1971)”(2009)). Пераклаў з 37 моў паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана,
Р.Кіплінга, Р.Бёрнса, Ж.-Б.Мальера, А.Рэмбо, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, А.Пушкіна
і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі “Слова пра паход Ігаравы”, творы Я.Райніса,
А.Хаяма, Г.Містраль, С.Вальехі, Б.Пастарнака, М.Шагала, А.Вазнясенскага,
І.Драча, К.Шэрмана, К.Лендоэра. Творы Р.Барадуліна перакладзеныя як не на 40
моў свету.
Узнагароджаны першым
нацыянальным медалём Францыска Скарыны (1990), Рыгор Барадулін – народны паэт
Беларусі (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, прэміі імя Алеся
Адамовіча, Беларускага ПЭН-цэнтра. Намінаваны на найпрэстыжнейшую Нобелеўскую
прэмію за кнігу малітоўнай паэзіі “Ксты” (2006), што дастойна падкрэсліла
ўваходжанне беларуса ў сусветную творчую эліту. У 2004-м годзе на аўдыенцыі ў
Папы Рымскага Яна Паўла ІІ у Ватыкане Барадулін-беларус уручыў папе свой
пераклад “Рымскага трыпціху” і прасіў-атрымаў у Папы Апостальскае ружанцовае
благаславенне для ўсёй Беларусі. Сапраўды, “варта было жыць”, “каб дапасці
душой”, “гаварыць са Святым Айцом” па-беларуску, “цалаваць яго пярсцёнак”. Гэта
дар Усявышняга.
Рыгор Барадулін –
Ганаровы Грамадзянін Ушацкага раёна, роднай Вушачы, над якой і сёння “нават
страшна дыхнуць – / маладыя аблокі…ціха плывуць”. Так, мама і Ушаччына,
знітаваныя глыбокай сыноўняй любоўю, памяццю і вернасцю – нязменныя Настаўнікі
жыцця. “Біблію слова матулінага берагу”. Крывіцкая мова дала яму смеласці
пісаць. Пісаць на вякі. Пра вечнае і штодзённае, што наталяе, што жывіць. Матыў
адданасці кожнага “сваім Ушачам” гучыць ва ўстойлівай і прыдатнай для ўсіх
часоў, непераўзыдзенай барадулінскай ісціне “Трэба дома бываць часцей”… На “ты”
ён – з Богам і Мамай: “Бога і Маму ў душы нашу, / Ступаю па грэшнай зямлі
асцярожна”. Барадулін як творца самазванна не напрошваўся ў вестуны, у прарокі.
Ведаў, што паэтаў судны дзень мусіць адбыцца тут, на гэтай грэшнай зямлі.
Імкнуўся, каб сказаць людскае, неказённае, небарабаннае. “Мама, / Радзіма
глядзіць на мяне / тваімі вачыма”. Таму не паддаўся мане, помніў, чаму Мама
вучыла: “вучыла мяне ксціцца й / пакланяцца святой Нядзельцы, / бо Божанька, ён
адзін, а / мяняецца, як надвор’е, ўлада”. ТАКІ ПАЭТ невычарпальны. “Каб на
зямлі жыццю цяплей было”. У гэтым – яго неардынарнасць, знакавасць, вагомасць.
Шматдаравальная любоў да
кожнай жывой істоты, да маці, да мовы, да Бацькаўшчыны, да жыцця, урэшце, як
дарунку Божага – ці не ў іх крыўся аптымізм паганскага гарту? “Бо радавод наш
памяць зберагае, / Беспамяцце гадуе жабрака. / З вякамі роўная, як з берагамі,
/ Плыць будзе / Беларускасці рака!”. У храме барадулінскай паэзіі было ўсё
святое: Маці. Мова. Беларусь. Яго паэзія – малітва Беларусі, узрошчаная на
Евангеллі ад Мамы. “Мама – / Мая небадарная Біблія” Пад трохзор’ем гэтых
святынь вывяралася кожнае паэтава слова на жывучасць. Паэт веставаў за
гаспадаранне ў крывіцкім беларускім доме. Бо не старэла і не мяняла апраткі
душа барадулінскай паэзіі, якая гарэла і будзе гарэць ахвярнай знічкай на алтары
Бацькаўшчыны-Беларусі. Гэта сапраўдная паэзія інтэлекту, апантаная улюбёнасцю ў
беларускую Святасць і Светласць…
“Долі інакшай не трэба
зямной”. “Ад калыханкі да галашэння” ступала за ім родная мова. “Дай, мова
беларуская, руку, / Перавядзі цераз раку нябыту”, – гэта просьба-заклік паэта
як замілаванне і як суровы вырак, каб не тулілася наша мова на незайздросных,
нядбайных задворках свайго беларускага гасцінца.. “Кароль метафары” Барадулін
любіў саму плоць слова, цешыўся-гуляў з найдалікатнейшымі яго гранямі,
наталяўся яго гучаннем, сэнсам. “Лёс да кожнага прыходзіць босы…”. Для Рыгора
Барадуліна непераўзыдзеным эталонам была заўсёдна прыгожая патрабавальнасць да
сябе. Як да творцы, інтэлігента, беларуса. Паэт адухоўлена маліўся перад святым
воблікам Беларусі. “Пакуль жыву, / Датуль малюся Беларусі / І да сваіх / З
малітвай гэтай адыду” Барадулін-творца верыў у свой кон, бо ён быў пасланы
Богам.
Сёння споўнены запавет
сына ўшацкай зямлі: “І легчы хачу / на вечны спачын / Да ўшацкіх азёр – /
вачыма”. Паэтава вандроўка-душа ведала дарогу да Нябеснага Гаспадара:
Пражыць сваё ў жыцці –
Адказнае мастацтва:
Адкуль прыйшоў,
Пайсці,
А на зямлі застацца
Родная ўшацкая зямля
прыняла паэта-сына, якога пахавалі побач з магілай мамы. Гэта была Паэтава
апошняя воля. Балесна вымаўленае “даруй” нёс Барадулін-сын як крыж, як
найцяжэйшую ношу, бо дарога да МАМЫ скарачалася…. Хай будзе неспатольная душа
ягоная пад міласэрнай апекаю Усявышняга, каб сагрэць душу Беларусі. Бо Беларусь
згубіла Барадуліна, але не згубіла і не згубіць барадулінскую спадчыну, паэтаў
запавет захаваць-зберагчы “святам свянцонае беларускае слова”.
Аліна
Эдмундаўна Сабуць,
дацэнт кафедры беларускай
літаратуры
Гродзенскага дзяржаўнага
ўніверсітэта
імя Янкі Купалы,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.