“Туды, дзе сам ты штосьці значыш…
Абярэг: вершы/ Браніслаў
Ермашкевіч. –
Гродна: ТАА “ЮрСаПрынт”, 2012.
Новы
паэтычны зборнік лаурэата прэміі
імя А. І. Дубко Гродзенскага
аблвыканкама Браніслава Ермашкевіча называецца “Абярэг”. Выпадкова ці не? Удалая
назва звычайна абяцае не менш удалае падарожжа ў свет паэзіі. Абярэг – слова,
якое настройвае на асцярогу і інтрыгу, на разгадку нечага таямнічага і жыццёва
важнага.
І ўжо першы верш з аўтографам паэта ў гэтай кнізе
пацвярджае такія спадзяванні:
З Богам быў
я заўжды,
Ён мяне
навучыў гаварыць
Мовай маці,
як след,
Ад
слаты-нематы абярог.
Мова маці – першааснова, крыніца. Яна і ёсць самы
першы абярэг. Але ж, каб крочыць з ёю па жыцці ўпэўнена і лёгка, лічычнаму
герою патрэбны настаўнікі. Менавіта ім Браніслаў Ермашкевіч адводзіць асобнае
месца ў сваёй кнізе ў раздзеле “Зорнымі шляхамі песняроў”. Гэтыя шляхі, паводле зместу вершаў, зусім не
віртуальныя. Разам з аўтарам мы трапляем у рэальныя мясціны, паселішчы, звязаныя
з імёнамі нашых класікаў: Багушэвіча (“Сышла
з нябёсаў шызакрылых/ Ў Свіраны вестачка вясной…”), Купалы (“Зрок Вязынка песціць. Акопы. Ляўкі….”), Коласа (“Ля Акінчыц нядрэмна/ Стаіць лес баравы…”),
Багдановіча (“Зараз кліча твой дом нас да Чорнага мора/
Кліча Ялта-зямля, дзе знайшоў свой спакой..”), Цёткі (”Дзе надзею аднаўляла/ людзям, дзецям, збожжу,/Там жывуць цяпер
сяляне/ вольна і заможна…”), Ажэшкі (“Каля
дома Элізы Ажэшкі/ Прыпыніў я наўмысна свой крок…”), Васілька (“Жыў Васілёк наш на зямлі,/ Люляў над
Котрай мары-згадкі”), Нэмана (“Тваіх
песень, Нэмэн, не забыць нам,/ Хай яны па Нёмане плывуць…”).
Можна спрачацца наконт таго, варта ці няварта
ўключаць у паэтычныя зборнікі вершы-прысвячэнні. Ці аб тым, дзе іх лепш размяшчаць – на першых ці апошніх
старонках кнігі? Бо ўсё ж такі, што ні кажыце, а прысвячэнні класікам
успрымаюцца як творы, прызначаныя для дэкламавання, дзеля папулярызацыі
беларускай літаратуры. І, напэўна, каб
адхіліць ад сябе падазрэнні ў няшчырасці, аўтар вядзе нас далей, назваўшы
наступны раздзел “Мае Прынямоньскія сцежкі”, прысвечаны роднай беларускай
зямлі, яе гістырыі, спадчыне. “Каб гінула
ў пекле нячыстая сіла, / Каб песні гучалі над роднай зямлёй” – сцвярджае
паэт на поўны голас, каб кожны зразумеў, што ўсё напісанае ім – гэта не
надуманасць, а душэўны стан сапраўднага, гонар маючага беларуса.
Надзвычай удалыя, цёплыя радкі знаходзіць
Браніслаў Ермашкевіч для любімага Гродна, кажучы: “Горад Богам абраны для храмаў”, і для Мірскога замка: “За Мір зачэплена вясёлка/ Дугою князя
Радзівіла”.
Між іншым, не забыўшыся падкрэсліць, што шлях
пазнання роднага краю насамрэч не такі і лёгкі:
“…І я іду,
баюся збіцца,
Гасцінцам,
сцежкай і шашой.
Слязіну,
што згубіў у жыце,
Даўно я
высушыў ужо…”
Пасля гэтага верша, з 55-ай старонкі, паэт робіць
плаўны пераход ад грамадзянскай лірыкі да інтымнай – асмельваецца ўпусціць
чытача ў святая святых: вяртае ў той час, калі ў шлях-дарогу яго праводзіла
родная маці:
“Гараць на
світанні ад сонца аблокі
І песціць
ваколіцу спеў салаўя.
У шлях
невядомы, нялёгкі, далёкі,
Мяне выпраўляе
матуля мая”.
Якім будзе гэты шлях, чаго ад яго чакаць? Не, паэт
не стане падрабязна ліставаць сваю бяграфію.
Ён памятае сваё абяцанне чытачу раскрыць сутнасць абярэгу. Мы ўжо зразумелі, што абярэг
дае ўшанаванне асноў, закладзеных народнымі песнярамі. Знаем, што не пражыць
без роднай зямлі. Запомнілі, як важна блалавенне матулі. Што далей?
“Хоць на
шляху сваім не Млечным,
Вялікага не
дасягнуў,
Але нясу з
сабой адвечна
Я мудрасць,
праўду, плён, вясну…”
Мудрасць, праўда, плён і вясна… І далей, што ні
верш, то адкрыццё. У паэзіі Ермашкевіча ёсць усё: тонкі лірызм (“Я прашу няўрымслівае сэрца:/ Прыгадай квяцістыя лугі”), далікатная
метафарычнасць (“Дзён неабсяжныя арэлі,/
Што падалі з размаху ніц”), ёмкія
падагульненні ( Халоднае ў Бога нявер’е/
З вачэй пустатою глядзіць”), вялікі жыццёвы багаж (“Быў вязнем эпохі, стаў вязнем душы” ). Ва ўсім гэтым разам узятым
угадваецца ўласны, пазнавальны почырк
Браніслава Ермашкевіча. Яго вершы не
зблытаеш з чужымі, бо маюць яны сваю ўласную энэргетыку, харызму, сілу
прыцяжэння. І асабліва моцныя высновамі,
спрэсаванымі, як правіла, у заключных радках многіх вершаў. Чытаем:
“…А ці маем
надзею ісці,
Ці не
топчам дарэмна траву?
…Каб хапіла
сілы пры хадзе
Растапі
душы сваёй атруту.
…І як месяц
да поўні
Заўжды
мкнецца сваёй,
Гэтак я
хачу помніць
Сваю сувязь
з зямлёй.
…А
накірунак свой трымай,
Туды, дзе
сам ты штосьці значыш.
… Ад гэтых
мараў дух займае
Як ад няпройдзеных
мной вёрст.
…Калі мне
ночкай гэтакай не спіцца,
Я крочу
напрасткі праз летні дождж.
Завяршаецца паэтычны зборнік Браніслава Ермашкевіча “Радком класічнага
санета” – так называецца апошняя частка кнігі.
…Радком
класічнага санета
Напоўніцца
душа тварца.
Той музыцы
няма канца,
Як і няма
канца сусвету…
Да гэтага цяжка што-небудзь дадаць. Абярэг Браніслава Іосіфавіча Ермашкевіча – у музыцы беларускага слова, якое па сутнасці
з’яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення і якім паэт шчодра адорвае сваіх сяброў.
Тамара
МАЗУР.
…