…На спатканне з вечнасцю

 

         Антон Янкоўскі закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных абрадаў і свят”, працуе выкладчыкпм у Гродзенскім каледжы мастацтваў. Першая кніга  “Анёл з васільковымі вачыма” выйшла  ў 2010 годзе.

         “Белыя рамонкі” – другі зборнік вершаў Антона Янкоўскага – мае пазнаку “Прысвячаецца светлай памяці маёй матулі Ірыны Тадэвушаўны Янкоўскай”. Малады паэт знаходзіць пяшчотныя і пранікнёныя словы для адухаўлення памяці сваёй матулі, у яго свядомасці  назаўсёды знітаваны два вобразы – матуля і Анёл… Так было пры жыцці… Яшчэ мацней гэта адчуваецца пасля таго, як мама адышла ў вечнасць… Першы раздзел кнігі так і называецца:  Матуля Анёлам стала. Успаміны раняць памяць, лірычны герой адчувае некаторую разгубленасць перад гэтай нечакана-вялікай стратай:

                            Пустым стаў дом,

                            нямая цішыня…

                            і толькі рэхам

                            старыя фотаздымкі

                            спяваюць

                            калыханку…  (“Маме”)

         Ён пакутуе, ён асэнсоўвае тое, што адбылося  (“А Бог забраў, бо у Яго вачах, / была Анёлам ты…»), шукае паразумення з Небам і светам:

                            Ды кажуць ветры,

                            Што на нябёсах ёй утульна –

                            І заквітнелі ля магілы

                            Рамонкі!

                                      Белыя рамонкі…

         Гэтыя рамонкі, сфатаграфаваныя аўтарам, вынесены на вокладку кнігі: адзін – яскравы, выразны, з раздзеленымі пялёсткамі; другі – размыты, невыразны, на мяжы рэальнага і ўяўнага:  пялёсткі-крылы –фантом  святла – душа …

         Станам душы лірычнага героя абумоўлена і назва аднаго з раздзелаў кнігі “Скрыжаванне”. Скрыжаванне – месца запавольвання крокаў:

“… патрэбен прыпынак, /каб сесці ў цішы, /адказы знайсці /і асэнсаваць – /хто ты?.. (“Стаміўся”); скрыжаванне абвастрае роздум:: “Куды спазаранку імкнуся? Чаго дасягнуць я хачу?”  (“Куды я імкнуся?”), “Ты адзін і завеі. /І ніхто не напіша табе, Што ў думках табою жыве!”  (“Ніхто”). Патрэбна некаторая мужнасць, каб зрабіць адкрытае прызнанне свету:

                            Я разгубіўся…

                            Хто ў жыццё ператварае

                            Жаданні сумных пілігрымаў?

                            Ізноў пад тоўстым слоем грыму

                            Сваё нутро штодзень хаваю

                            Ад сябе…

 

                            Я разгубіўся…

                            Руку мне

Працягні…

Але наяўнасць душы, прысутнасць у ёй Бога і веры, прысутнасць – не знешняя, не фармальная, а тая, што з’яўляецца сутнасцю чалавека, яго ўнутраным духоўным напаўненнем – дапамагаюць лірычнаму герою быць адкрытым і мужным. Болей за тое – даюць надзею, што гэтае часовае скрыжаванне і шляху, і духу будзе абавязкова пераадолена:

Жыве надзея:

                      выберу сумленна

свій шлях на ростанях святла і цемры.

 (“Жыве надзея”)

         Радзіма для паэта – адна з тых цаглінак, што з’яўляюцца асновай жыцця; адна з тых складнікоў, без якога  ніколі не адбудзецца чалавек і грамадзянін. У Антона Янкоўскага, нягледзячы на яго малады ўзрост. вельмі глыбокае, я  сказалаб, – генетычнае пачуццё Радзімы:

                            …я малюся

                            За край, дзе нарадзіўся,

                            Дзе бегаў басанож,

                            З расою сустракаў світанак –

                            І рэха голасам матулі

                            Спявае песні мне

                                                        аб Беларусі!

                                               (“Бяжыць дарога стужкай…”)

         Лейтматыў Радзімы выразна прысутнічаў у першай кнізе паэта “Анёл з васільковымі вачыма”, дзе лірычны герой вельмі цвёрда абазначыў мэту свайго жыцця:

                            Я збудую сабе краіну

                            Па запавеце роднай матулі.

                            Назаву я яе – Беларуссю,

                            І нікому скарыць не дазволю!

         Тут яскрава выяўляецца яшчэ адна мадэль адносін, мадэль узаемадачынення: матуля і Радзіма    матуля-Радзіма . (Першая: матуля і Анёл – матуля-Анёл.) Матуля – як першапачатак Радзімы…  Радзіма пачынаецца з матулі: з яе песні, з іншых праяў жыцця  – матуліных, і заканчваецца – як вынік – яе запаветам… І таму адчуванне, што матуля з заканчэннем свайго зямнога жыцця не знікае: яна мае працяг у Радзіме  (а не толькі – у вечнасці) – не пакідае чытача на працягу ўсёй кнігі.

         Верш “Калі ты ад Радзімы на сотні кіламетраў…”  можна лічыць праграмным – вызначальным у раздзеле кнігі “…Вязе аўтобус на Радзіму”: ён выразна высвечвае маральныя і грамадзянскія прыярытэты маладога аўтара.  А. Янкоўскі  нават і слова “радзіма” (”… і зноў сэрца расцвітае/ і мовай продкаў паўтарае/  імя сваёй малой Радзімы/  светлай – /Нача!” ) не можа – і не хоча! – напісаць з малой літарыі насуперак  моўным стандартам піша яго з вялікай! А верш “Я за ідэю!” – гэта ўжо асабісты маніфест ( а можа – маральны і грамадзянскі кодэкс адначасова!) аўтара.

                            Я за ідэю!

                            Я за жыццё з надзеяй!

                            За веру я і за любоў!

                            За валадарства шчырых слоў!

                            Я за імкненне свет змяніць!

                            За тое я – каб жыць! –

вось так дзёрзка, па-максімалісцку заяўляе лірычны герой. І ў канцы верша яшчэ ўзмацняе – удакладняе – сваю думку: “Я за  ідэю–/ Начы быць адданым!”  Немагчыма не сказаць, што Антон стварыў сайт вёскі Нача, які ўжо дзейнічае болей за тры гады.(Пра гэты сайт і яго аўтара пісалі ў раённым і абласным друку.)

         Пошукі кахання, расчараванні і страты, сустрэча і яднанне  – тое кола тэм і вобразаў, якія аўтар акрэслівае ў раздзеле “Маё паветра”. Аднаіменны верш з гэтага раздзела найбольш яскрава перадае мажорна-трыумфальнае адзінства двух закаханых:

                            І разам дыхаем адным паветрам,

                            Аднымі думкамі, адною верай,

                            Бы птушак, лёгкасць уздымае ў неба

                            Смела!

         І далей:

                            І адпускаем словы у паветра,                 

                            Яны ляцяць усмешкай цёплай светлай –

                            І верціцца для нас адных планета!

                            Ты – маё паветра!

         А. Янкоўскі ўмее вельмі тонка і далікатна сказаць пра каханне: як,напрыклад, у вершы “Раптоўна” – пра нараджэнне кахання, у вершах “Я ўсё сваё жыццё цябе чакаў…” , Калі на зямлі застанемся удвух…” – пра чаканне гэтага вялікага і светлага пачуцця…  Не толькі каханне., але і блізкія людзі, сябры, “любімая Гародня” – ствараюць “маё паветра” для лірычнага героя.

         Антону Янкоўскаму ўласцівы і жартоўныя інтанацыі (“Я нарадзіўся ў заапарку…”, “Хамячок” ).  Кніга “Белыя рамонкі”  напісана верлібрам і сілаба-тонікай, але нават у рыфмаваных вершах  адчуваецца свабоднае, разняволенае дыханне верлібра.  Аўтар спрабуе сябе і ў прозе: апавяданні былі надрукаваны ў “Маладосці” і штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.Галоўнае, што вызначае маладога паэта , – гэта шчырасць, пранікнёнасць. глыбіняі … трапяткія адносіны да верша:

                            Цішэй…

                            У кожным асобным вершы

                            трапеча жывое сэрца,

                            душа ажыўляе прастору

                            і ціха пяе наваколле

                            у вершах…

         Для паэта кожны верш – як крупінка вечнасці:

                            Цішэй…

                            Цябе запрашаюць вершы

                            на спатканне

                            з вечнасцю…

         Напэўна, так бывае толькі ў ідэале…  Але ўсё вышэй сказанае дае падставу для надзеі, што і вершы Антона Янкоўскага, магчыма, калісьці патрапяць у прастору вечнасці.

 

                  

   Элеанора Пава