Пра кнігу Алы Клемянок «РЭФЛЕКСІІ»

                              Гродна, «ЮрСаПринт», 2010.

                                         

      Ала Клемянок – вядомая на Гродзеншчыне паэтэса, журналіст. З 1985 года жыве ў Смаргоні, працуе загадчыкам аддзела культуры Смаргонскай раённай газеты “Светлы шлях”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2003 года. Выдала кнігі вершаў “Яны не ведалі мяне (1999) і “Бывай, Альба Рутэнія” (2007). У 2010 годзе выйшла трэцяя кніга паэтэсы “Рэфлексіі”.         

      Новая кніга Алы Клемянок “Рэфлексіі” – не проста шчырая споведзь даверлівай жаночай душы, але і элегічныя разважанні, праз якія лірычная гераіня асэнсоўвае жыццёвыя страты, радасці, надзеі. Любоў і
каханне – вось творчыя метады, з дапамогай якіх аўтар імкнецца пранікнуць у  таямніцу чалавечага сэрца. Каханне і любоў – гэтай мерай ацэньваецца кошт жыцця.
     У другую частку кнігі ўвайшлі празаічныя творы – лірычна-філасофскія
казкі для дарослага сына і апавяданні з дынамічным сюжэтам. Гэта запамінальныя і цікавыя творы, вартыя ўвасаблення ў сцэнарыях телевізійных фільмаў.

     Паўната любові, высакароднасць сэрца, чысціня пачуццяў – вось тыя дамінанты, якія  не толькі ствараюць унутраны свет лірычнай герпіні, але і кіруюць ім. Усё гэта ў спалучэнні з высокім мастацкім узроўнем кнігі робіць яе значнай падзеяй літаратурнага жыцця.

     Ала Клемянок займае актыўную жыццёвую пазіцыю, шмат выступае, асабліва – на Смаргоншчыне; яна – заўсёды жаданы госць у школах і на прадпрыемствах, у любой творчай аўдыторыі.

 

                                                                                                     А. Нікіпорчык