Кастусь ЗМАЧЫНСКІ

МАСТЫ ЛУЧНАСЦІ

МАСТЫ:

ГРОДНА – ВАРШАВА.

ВАРШАВА – ГРОДНА

 

Варшава, IBiS. 2017

 

Наш свет, у якім усё яшчэ не сціхаюць войны, існуюць людское непаразуменне, супярэчнасці і варажнеча, ён, як і спрадвеку, зноў шукае і вялікае згоды, і міру, і братэрскага цяпла, і сардэчнай лучнасці, усяго таго, што людзей не размяжоўвае, а яднае. Масты чалавечай лучнасці – рэч зусім не ўяўная, хай і ўзводзяць іх не з бетону, без грымотных паляў і звышмоцных ланжэронаў. І найчасцей за ўсё іх наводзяць з дапамогай шчырага слова ды таленавітага мастацтва. А справядлівае слова, як пераконвае жыццё, бывае часам мацней ад самога бетону. І пэўна ж, самыя трывалыя масты тыя, што лучаць найбольш блізкіх суседзяў, хай сабе знаходзяцца яны на іншым, чужым беразе. Часта берагі адной і той жа ракі і з’яўляюцца тымі парэнчамі, на якія абапіраюцца людзі сваімі марамі, думкамі і памкненнямі, ідучы адзін аднаму насустрач, знаходзячы адразу шмат агульнага, вельмі падобнага, а то і роднаснага. Гартаючы старонкі гэтага анталагічнага зборніка, які і назву мае “Масты”, яшчэ раз пераконваюся ў тым, што паэты як раз з'яўляюцца тымі дойлідамі, што закліканы мастацкім словам наводзіць тыя самыя масты паяднання паміж людскімі сэрцамі і народамі. Адразу згадваюцца прарочыя радкі славутага Адама Міцкевіча:

 

Ці з Літвы ты, ці з Пазнані,

Дзе ў другiм убраннi ходзяць,

Кiнуць рукi на яднанне

Нам нiшто не перашкодзiць.

 

Сапраўды, няма такiх сiлаў, якiя б маглi перашкодзiць чалавечай еднасцi, любовi i ўзаемапаразуменню. «Гродна – Варшава» i «Варшава – Гродна» – вось назва тых сiмвалiчных паэтычных мастоў, якiя задумалi i ўзвялi памiж сабой беларускiя i польскiя паэты. Дзесяць паэтаў з аднаго i столькi ж з другога боку вельмi пераканаўча аб’ядналiся пад вокладкай гэтай кнiгi. Яна i выбудавана тэхнiчна i аформлена, нiбыта сам мост з дзвюма аднолькавымi парэнчамi. I адна, i другая вокладкасвоеасаблiвым пачаткам дзвюх паэтычных кнiг, аб’яднаных у адно цэлае.

 

Кнiгi падобнага кшталту выходзяць у нас не часта. На маёй памяцi, здаецца, iх i не было. Таму, знаёмячыся з гэтым своеасаблiвым зборнiкам, нiбы разгубiўшыся, я пачаў перабягаць з аднаго боку на другi, звяртаючыся то да польскага, то да нашага зместу. Было, як кажуць, дзе зачапiцца вокам i тут, i там. Ды i не толькi вокам. Адшукалася тое, што сагравала душу, асацыятыўна наводзiла на нейкiя свае думкi. А гэта ўжо – сведчанне таго, што творы закранулi за жывое. Было гэта ў нейкiм сэнсе i cпасцiжэнне, пра якое пiша ў сваiм вершы Алена Руцкая: «iмкнемся мы да спасцiжэння, таго, што ўжо даўно пазнана». Хай i пазнана, дабавiм мы, але ж не ўсюды i не ўсiмi. Першаадкрывальнiкi пакiдаюць нам права здзiўляцца кожнаму адкрыццю як свайму ўласнаму. Толькi так можна засведчыць яго значнасць i непаўторнасць.

 

Заўважым, што ў мастацкім аздабленні кнігі нічога лішняга, графічны дызайн выдання з густам ажыццявіла Барбара Юркоўская, ілюстравана яно вельмі ўдалымі і запамінальнымі малюнкамі Міколы Бандарчука і Войцеха Сымалона. Ініцыявалі зборнік Гродзенскае абласное аддзяленне Грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і рэдакцыя польскага штомесячніка «Паэзія сёння». Выданне пабачыла свет у варшаўскім кніжным выдавецтве IBiS. А вось самую галоўную ролю ў ажыццяўленні гэтага, як сёння прынята казаць, праекта ўзяў на сябе сам выдавец, паэт і перакладчык Аляксандр Наўроцкі. Польскі бок “моста” і пачынаецца ягонымі вершамі. Шчыра прызнацца, уразілі яны мяне не толькі сваёй метафарычнасцю, уменнем аўтара азвычайваць таямнічае, а таямнічае ператвараць у звычайнае, сваёй пільнай увагай да самой будзёншчыны жыцця, якая пад містычна акрэсленым зрокам паэта высвечваецца самымі нечаканымі гранямі, будзіць неверагодныя асацыяцыі. Нават звыклыя для кожнага з нас ісціны пад пяром паэта прачытваюцца як новаадкрыццё:

 

Не вяртайся, калі развітаўся,

І зніклага не шкадуй…

У стэпе агонь бачны здалёк,

Але заўсёды ў ім штосьці згарае. 

 

Гэта да той думкі, што ў свеце не бывае паўтарэння адных тых жа хвілін і момантаў, нават агонь, які абнадзейвае нас святлом і цяплом, згарае сам і штосьці дарагое нам у сабе спапяляе. Усяму прыкмечанаму ў аўтара ёсць сваё філасофскае абгрунтаванне.

 

Кранаюць радкі пра птушак. Грунтуючыся на старым павер’і, што душы людзей пасля смерці перасяляюцца ў птушак, аўтар даводзіць:

 

Там (на дрэйфуючым востраве. – К.З.),

                   на крылах птушак засталіся

Нашы ранейшыя твары.

Не пазнаем ужо іх,

Не верым ім,

Часам па іх плачам.

 

Некалькі слоў пра аўтара. Аляксандр Наўроцкі – выпускнік факультэтаў польскай і венгерскай філалогіі і этнаграфіі Варшаўскага ўніверсітэта. Працягваў вучобу ў замежных універсітэтах. Уладальнік кніжнага выдавецтва IBiS, рэдактар і выдавец штомесячніка «Паэзія сёння». Ён – арганізатар двух міжнародных паэтычных фестываляў: Сусветнага Дня Паэзіі ЮНЕСКА – з 2001 года, у якім прызначаецца прэмія польскім арыгінальным паэтам і Фестывалю Славянскай Паэзіі – з 2008 года, на якім прысуджаецца грашовы прыз для перакладчыкаў польскай літаратуры. Ён аўтар 16 зборнікаў паэзіі, чатырох тамоў прозы, навуковай кнігі аб сібірскім шаманізме. Яго кнігі перакладзены на многія мовы свету. А сам ён перакладаў з рускай, украінскай, якуцкай, татарскай, азербайджанскай, венгерскай, французскай і інш. Яго творчыя намаганні ўганараваны многімі міжнароднымі прэміямі. Вершы А.Наўроцкага, перакладзеныя Дзмітрыем Радзівончыкам, ствараюць не толькі прыемнае чытацкае ўражанне, але і даюць добры запеў польскаму раздзелу кнігі.

 

Само прызнанне Мар’яна Дуксы, які ў кнізе выступае і аўтарам, і адначасова перакладчыкам вершаў Бенедзікта Козела, гучыць своеасаблівым падтэкстам да жадання кожнага з аўтараў выдання выказаць сваё, яму характэрнае ды і быць зразуметым іншымі:

 

Душа сваяцтва цёплага шукае,

Нябачныя прайсці жадае сценкі…

 

Зразумець душу сустрэчную праз душу ўласную калі каму і ўдаецца, дык гэта самому паэту. Ці не пра гэта згадвае ў сваім вершы і паляк Пётр Касьяс, рупліва пераствораным на беларускую мову Людмілай Кебіч. Згадваючы пра сваю сустрэчу з паэтамі славянскага свету, аўтар прызнаецца:

 

І хоць словы гучалі па-рознаму,

І паэты ўсе – з розных краін,

Нашы пачуцці былі падобныя –

Ва ўлоўленым позіркам моманце,

У красамоўным жэсце…

І не трэба мне адкрытага слова –

Я думкі іх разумею,

                  бо гэта славянская мова.

 

Добрай верай у вешчае слова напоўнены і радкі самой Л.Кебіч:

 

Час набліжаецца, веру я ў тое –

Свет уваскрэсіць

Слова Святое.

 

Верай у сілу вешчага слова прасякнуты шмат якія радкі кнігі. Характэрна, што неяк нязмушана, нават, падсвядома толькі маленькімі штрыхамі ці перагукамі змест кнігі ў рэшце рэшт сам па сабе выліваецца ў зацікаўленую паэтычную размову, у якой бяруць удзел два дзясяткі аўтараў з аднаго і другога боку. І ўсе ў гэтай размове, як здаецца нам, узаемна зразуметыя і пачутыя. Наогул тэма еднасці, хоць яна нідзе не дэкларуецца, але даволі відавочная ў светаўспрыманні і светаадчуванні самых розных паэтаў. Яна сама па сабе набывае сваё, зусім не банальнае акрэсленне ў вершах амаль кожнага аўтара кнігі. Імкненне паэтаў быць пачутым кожным сэрцам – гэта ж тое самае імкненне да еднасці.

 

Звяртаюць на сябе ўвагу і заслугоўваюць даверу паэтычныя высновы Ёанны Каліноўскай. Сама яна нарадзілася ў Эльблёнгу, а пражывае ў італьянскім Таранта. Яе двухмоўная кніга «Зачараваная блакітам» напісана з думкай пра тое, каб даказаць, што нягледзячы на моўныя ці культурныя адрозненні, якія нас падзяляюць, на самай справе мы застаемся самі сабою, у сваёй непасрэднасці. Толькі ў вялікім свеце чалавеку нельга жыць адасоблена, без узаемаадносін з іншым чалавекам. Але і ўнутраны свет асобы для паэткі не менш важная тэма таксама. Таму і згаджаешся, калі ў вершы пра мікракосмас яна сцвярджае:

 

Самыя складаныя падарожжы – гэта тыя,

Якія мы ажыццяўляем ў глыбіню сябе…

Цуд стварэння ёсць у кожным моманце,

У кожнай кроплі крыві,

Якая ўвабрала ў сябе ўвесь космас.

 

Сапраўды, «падарожжы» ў сябе, у глыбіні сваёй душы, у сваё мінулае не бываюць турыстычна-лёгкімі і бесклапотнымі. Гэта – амаль тое ж самае пагружэнне ў падзямельную штольню, пра якую піша Ян Рыхнер у сваім аднайменным вершы:

 

Халодны тунэль тоне ў цемры,

Злёгку рассечанай святлом ліхтара…

Я бачу там пару зрэнак,

Што зблуканаму значаць шлях,

Каб дарогі назад не згубіў.

 

Нібы падтэкстам тут высноўваецца думка пра тое, што з любых дарог, хай і самых няпростых, чалавеку трэба вяртацца да сваіх вытокаў, каштоўнасцей і святыняў. Гэтая думка асабліва востра акрэслена ў вершах беларускіх паэтаў.

 

Кнігі анталагічнага плана, дзе адразу выступаюць шмат аўтараў, заўсёды патрабуюць і самага зацікаўленага, можа, нават нялёгкага чытання. Бо нельга ў такім разе засяродзіцца на адным нейкім аўтары, пакінуўшы без увагі іншага. Увесь россып думак і асацыяцый часта згладжвае індывідуальнае, яго рысы часам засланяе ўражанне агулам, адным ахопам. Дый ў паэтычным перакладзе цяжка захаваць усе асаблівасці аўтарскага почырку. Тое, што непаўторна гучыць на мове арыгінала, часта траціць сваю непаўторнасць на мове перакладу. Гэта заўсёды павінен улічваць і чытач услед за перакладчыкам.

 

Вядома ж, па дзясятку імёнаў цяжка меркаваць аб стане ўсёй польскай ці нашай айчыннай паэзіі. Літаратуру ствараюць не адзінкі, хіба што праслаўляюць, ствараюць гонар яе лічаныя асобы. Аднак накірункі яе, шляхі і метады творчых росшукаў хоць з большага, хоць пункцірна прасачыць магчыма.

 

І ў нашым выпадку заўважаеш адразу суседнюю раскаванасць формы (так званая «арытмія», адсутнасць рыфмы – агульнаеўрапейская тэндэнцыя), перапляценне філасофскага з містычна-фантастычным і нечаканыя суадносіны ўсяго гэтага з рэаліямі сённяшняга дня, сама лёгкасць і простасць, аж да наіўнасці, высноў.

 

У беларускіх жа аўтараў – усё тое ж засяроджанне на традыцыйным, так званая патрыярхальная туга, настальгічная, першародная любоў да роднай прыроды, яшчэ ўсё не спаўна сплаканая вясковасць.

 

Як з аднаго, так і з другога боку хочацца адзначыць відавочнае імкненне аўтараў да своеасаблівай сінтэтычнасці жанраў, калі ў адным вершы лёгка спалучаюцца і мякка-лірычнае, і адкрыта-публіцыстычнае, а яшчэ і гумар, і нават драматургічныя ўкліньванні. Усё гэта не ў буйным плане паэмы, а ў параўнальна невялікім вершы. І ўсё яно не падобнае на нейкі эксперымент, проста нагадвае спробу самаразнастаіць сваё ўласнае.

 

З нетаропкай, раскаванай плынню польскамоўнага верша неяк натуральна перагукваюцца верлібры гродзенскай паэткі Тамары Мазур пад агульнай назвай  «Лецішча». Хацелася б прывесці тут адзін з іх, нумараваны лічбай «9»:

 

Пакрыўджаная душа –

гэта не заўсёды зламаны лёс.

Але вельмі часта –

Падвешанае становішча.

Мост паміж сапраўдным і мінулым,

Па якім шоргае тапкам

(ззаду – наперад,

Спераду – назад)

Шэравокі прывід будучыні.

 

Відаць жа, ёсць нейкае ўнутранае  пацвярджэнне гэтай высновы, якая між іншым схіляе і чытача да суадпаведнага роздуму.

 

Адчуваецца, што для зборніка аўтары падбіралі самыя апрабаваныя, самыя знакавыя свае творы. Бо не ходзяць жа ў госці ў самым горшым сваім убранні.

 

Некалькі слоў наконт выбудовы самой кнігі. Добра, што і арыгіналы, і пераклады ў ёй друкуюцца побач, амаль паралельна. Таму і чытачу, які ведае абедзве мовы – і польскую, і беларускую, – лёгка параўноўваць і меркаваць пра вартасць таго і другога, адчуваць індывідуальныя якасці кожнага паэта.

 

Добра, што ёсць здымкі аўтараў, а кожная падборка суправаджаецца, хоць і кароткай, але дастаткова падрабязнай біяграфічнай даведкай.

 

А што тычыцца перакладаў, дык яны ў кнізе вельмі блізкія да тэкстаў арыгіналаў. У гэтым сэнсе добрым словам хацелася б адзначыць шчыроўную і плённую працу Міры Лукшы, з творчасцю якой беларускія чытачы даўно знаёмыя. У кнізе яна выступае не толькі аўтарам вялікай вершаванай нізкі, але і адзінай перакладчыцай беларускіх паэтаў на польскую мову. Праца немалая, калі ўлічыць і тое, што амаль усе вершы беларускіх аўтараў рыфмаваныя. М.Лукша, якая піша і па-польску, і па-беларуску, са сваёй перакладчыцкай задачай справілася бездакорна.

 

Вершы польскіх паэтаў, акрамя згаданых мной Л.Кебіч, М.Дуксы і Д.Радзівончыка, перакладалі таксама Руслан Казлоўскі, Аліна Сабуць і Ганна Скаржынская-Савіцкая.

 

Хочацца толькі вітаць выхад гэтай цікавай і патрэбнай кнігі. І калі для яе аўтараў – гэта своеасаблівы падарунак, дык для чытача – добрае знаёмства з паэтамі суседняй краіны, імёны якіх ужо не аднойчы ўзгадваліся ў межах далёкага свету. Гэта яшчэ і цудоўная магчымасць прагучаць на ўвесь голас і нашаму беларускаму мастацкаму слову, якое яшчэ ўсё з цяжкасцю прабіваецца на далягляды сусвету. Нёман, радкі адрасаваныя якому знаходзіш і ў гэтай кнізе, яшчэ больш падвысіў свой памежны гонар, бо чарговы мост лучнасці сімвалічна пралёг праз яго плынь і берагі. Будзем жа спадзявацца на працяг добрай і карыснай справы.

 

Часопіс «Полымя». № 11 / 2017.