вучаніца 11 класа
ДУА “СШ № 6 г. Гродна”
Пошукі і знаходкі: пра зборнік
«Шум баравы» Міхася Васілька
Талент
нараджае прырода, мастака творыць жыццё, час. Творчасць адметнага мастака слова
– заўсёды індывідуальна-непаўторнае ўвасабленне як грамадска-палітычных, так і
народжаных ім духоўных, ідэйна-эстэтычных агульных праяў, тэндэнцый,
заканамернасцей. Меркаванні гэтыя маюць, магчыма, асаблівы сэнс у дачыненні да
творчасці Міхася Васілька, чые маладыя гады і пачатак творчасці прыпалі на 20-30
гады ХХ стагоддзя. Пра большасць аўтараў тае пары можна сказаць словамі
гісторыка Міколы Улашчыка: “Хай не вялікія, але ж нашы”. Жыццёвы і творчы лёс
гэтага пакалення асабліва адметны, непадобны на лёс іншых пакаленняў.
У 20-30
гадах ХХ стагоддзя ў Заходняй Беларусі актыўна развівалася масавая паэзія, моцны бок якой –
непасрэдная сувязь з народам і рэвалюцыйны пафас. Гэта паэзія адыграла ролю асяроддзя, у якім паступова выспявалі
новыя мастацкія таленты, новыя творчыя індывідуальнасці, сярод якіх быў і наш
зямляк Міхась Васілёк. Пад гэтым псеўданімам (у асобных творах – Язэп Гром)
выступаў Міхась Осіпавіч Касцевіч.
Міхась
Осіпавіч Касцевіч (1905–1960) нарадзіўся ў вёсцы Баброўня (сёння Гродзенскі
раён Гродзенскай вобласці). І таму псеўданім ён сабе абраў самы сялянскі, самы
зямны, самы народны – Васілёк – гэта кветачка, якая расце заўсёды ў суседстве з
жытам: “Не паэт я – о, не!.. / То
стварыла мяне / Маіх брацьцяў пакута-нядоля / Я ўсяго – Васілёк, / Мяне лёс
незнарок / Тут пасеяў між роднага поля”[1, с. 36].
Міхась
Васілёк прайшоў складаны жыццёвы шлях: і бежанства падчас першай сусветнай
вайны, і здзекі польскай паліцыі за тое, што пісаў вершы па-беларуску, і
шматлікія арышты, і канфіскацыя выдадзеных зборнікаў польскай дэфензівай, і
зняволенні… Нялёгкі лёс…
Ул.
Калеснік адзначаў, што 20-30-я гады ХХ стагоддзя далі Беларусі шмат “сялянскіх паэтаў-самавукаў, якія стварылі
такую з’яву, як літаратура Заходняй Беларусі”. А яркім прадстаўніком лепшай
часткі масавай паэзіі даследчык лічыў менавіта Міхася Васілька [2, с.14].
У
творчасці Васілька, якога крытыкі называлі “песняром сялянскіх ніў”, выявілася
не толькі глыбокая ўвага да лёсу Айчыны, павага да чалавека працы і яго
ўнутранага стану, любові да бацькоўскай зямлі, прыроды, але адчуваецца рамантычны пафас, рэвалюцыйная
ідэйнасць, узнёсласць, бунтарскі дух, што якраз і было характэрным для масавай паэзіі.
Калі ў
даследчых працах гаварылася пра творчую спадчыну Міхася Васілька, то паведамлялася, што першы зборнік лірыкі “Шум
баравы” (Вільня, 1929) быў канфіскаваны паліцыяй. Рукапіс другога зборніка быў
забраны дэфензівай і знішчаны (1934). У 1937 годзеў Вільні выйшаў зборнік “З
сялянскіх ніў”. У савецкі час выдадзены кнігі паэзіі “Выбраныя вершы” (1950),
“Выбраныя творы” (1955), “Зоры над Нёманам” (1963), “Вершы” (1973).
У
грамадзянскай лірыцы Міхася Васілька 20-х гадоў гучаць матывы, інтанацыі,
характэрныя для ўсёй заходнебеларускай паэзіі таго часу. Зборнікі “Шум баравы”
і “З сялянскіх ніў”, можна сказаць, складаюць мастацкі летапіс мінулага
Заходняй Беларусі, яскрава апісваюць лёс беларускага народа 20-30-х гадоў ХХ
стагоддзя. Кожны зборнік Міхася Васілька
дае магчымасць адчуць і зразумець, як жылі людзі ў той час, што іх хвалявала, у
што яны верылі, аб чым марылі…
Гэта
дакладна праявілася ў першым яго зборніку грамадзянскай лірыкі “Шум баравы”,
які выпадкова мы “адшукалі” з дапамогай былой настаўніцы нашай школы, а цяпер
гродзенскай паэтэсы Галіны Самойлы, з творчасцю якой мы пазнаёміліся на
занятках па сучаснай беларускай літаратуры. Яна ж яшчэ і сама з роду
Касцевічаў: маці Міхася Васілька і дзед па маме Галіны Самойлы былі роднымі.
Гэты
зборнік цудам захаваўся ў сям’і Самойлаў. Яго не канфіскавалі, магчыма з-за
таго, што кніжка не мела вокладкі.
“Пасля кожнага вобыску жандармы
стараліся ўсяляк прынізіць уражлівага хлопца: “Эй ты, Максім Горкі, кідай
пісаць свае вершы, ідзі лепш вазіць гной”. “Жандармам не па нутру было, што
беларускі “хлоп” смее пісаць вершы, якія з-за адсутнасці беларускага друку,
больш разыходзіліся ў рукапісах”, – пісаў Рыгор Шырма. І менавіта
ён, як рэдактар-выдавец, у 1927 годзе выпускае першы зборнiк вершаў Мiхася
Васiлька “Шум баравы”, які быў аформлены мастаком Язэпам Горыдам, а ў 1936
годзе – зборнiк “З сялянскiх нiў”.
Адшуканы
намі зборнік “Шум баравы”, на жаль, захаваўся без арыгінальнай вокладкі. Ён
абгорнуты белым альбомным лістом, на якім Фаіна Ігнатаўна Самойла, маці Галіны
і стрыечная сястра Міхася Васілька, напісала назву. “Старонкі пажоўклыя, месцамі аж карычневыя, у іх нават пах асаблівы –
пах мінуўшчыны. Я ведаю, што ў мамінай сям'і
ў Крушніках было не так ужо мала кніг… Усе яны кудысьці зніклі, а гэтая
засталася. Ці не знак гэта вялікай пашаны да творчасці свайго родзіча?”– так
пісала Галіна Самойла [4, с. 171].
Як
вялікі скарб трымалі мы ў руках гэты зборнік. Маленькі, ад часу зжаўцелы, але
ён застаўся, каб жыць, каб расказаць пра лёс нашага краю, каб перадаць
нашчадкам шчырую любоў да Айчыны і каб мы пачулі голас “песняра сялянскіх ніў”.
На жаль,
няшмат маецца сведчанняў сучаснікаў Міхася Васілька пра яго станаўленне як
паэта, а толькі біяграфічныя звесткі і яго ідэйныя хістанні: яго разглядалі і
разглядаюць, па нашым разуменні, аднабакова, больш як чалавека, а не паэта.
Так у
кнізе “Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ ст. (20-50-я гады)” звесткі пра
Міхася Васілька і яго творчасць займаюць толькі два абзацы, у іх паэт
называецца толькі як адзін з прадстаўнікоў творчага асяродку Заходняй Беларусі
і часцей за ўсё ён так і ўспрымаецца наступнымі пакаленнямі. Асобныя творы
Міхася Васілька згадваюцца ў публікацыях Ул. Калесніка, А. Пяткевіча і інш.
Найбольш увагі творчым набыткам Міхася Васілька надаецца ў кнізе М. Мікуліча
“Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)” (2010), дзе бачыцца спроба асэнсавання
творчай эвалюцыі заходнебеларускага паэта.
“Вось Васілька трэба было б перавыдаць
цяпер, а то зусім загубіцца ў часе, – пісала Фаіне Самойле
знакамітая паэтка Данута Бічэль-Загнетава і далей зазначала: – Да паэта Міхася Васілька, недаацэненага,
не прачытанага як след, павінна быць увага”.
Напраўду,
гісторыю заходнебеларускай літаратуры ні ў якім разе нельга лічыць напісанай да
канца. Яшчэ чакаюць свайго часу і свайго даследавання многія
прызабытыя імёны, многія цікавыя
мастацкія з’явы.
Думаецца,
разгляд паэтычнага зборніка паэта змог
запоўніць адзін з існуючых прабелаў
у гэтай цікавай старонцы беларускай літаратуры і ў вывучэнні творчасці
аднаго з самабытных пісьменнікаў Беларусі Міхася Васілька. Даследчыкамі
не без падстаў прызнана, што “прыход
М.Васілька ў літаратуру з’явіўся значна
падзеяй у духоўна-культурным жыцці Заходняй Беларусі, развіцці яе мастацкай
творчасці” [3, с 125]. У такой жа меры можна прызнаць, што адзін з ранніх
зборнікаў вершаў Міхася Васілька “Шум баравы” стаў прыкметнай з’явай
літаратурнага жыцця свайго часу. Гэта канстатаваў і даследчык творчасці
М.Васілька Ул. Калеснік: “Ён (зборнік –
удакладненне наша) сведчыў аб выхадзе з гушчы народа таленавітай моладзі,
гатовай чэсна служыць нацыянальна-вызваленчай справе” [2, с. 7].
Апісаўшы
і прааналізаваўшы вершы згаданага
зборніка, можна канстатаваць, што гэта рэдкае і арыгінальнае выданне. Раннія
зборнікі Міхася Васілька (і ў прыватнасці “Шум баравы”) ніколі цалкам не
перавыдаваліся, толькі некаторыя з вершаў былі ўключаны ў пазнейшыя
пасляваенныя выданні. У той жа час зборнік мае прадуманую структуру, якае
выяўляе адпаведную аўтарскую канцэпцыю і дапамагае спасцігнуць яго
светаўспрыманне. Зборнік напісаны тарашкевіцай, у той жа час як усе
пасляваенныя зборнікі выдадзены на сучаснай беларускай мове; пры супастаўленні
вершаў дадзенага зборніка і пасляваенных твораў Міхася Васілька бачыцца як
пісьменнік змяняў ці дапрацоўваў свае ранейшыя творы.
Адносна
невялікі паэтычны зборнік “Шум баравы” вылучаецца тэматычнай разнастайнасцю. Тым не менш, варта
прызнаць, што дамінуе ў вершах паказ сацыяльнага становішча беларускага народа.
У творах гэтай тэматыкі паэт распавядае пра цяжкі і турботны лёс
працаўніка-селяніна, раскрывае яго надзеі і спадзяванні. У той жа час гучыць у
зборніку і тэма прызначэння паэта і
паэзіі, і тэмы Радзімы, прыроды, роднай мовы, маці, кахання.
Заходнебеларускае
жыццё выяўлена ў зборніку ва ўсёй паўнаце і шматграннасці дзякуючы ўдала
выкарыстаным мастацкім сродкам выразнасці.
Сярод
разнастайных вобразна-выяўленчых сродкаў належнае месца ў вершах займаюць
метафары, эпітэты і параўнанні. Эпітэты, якія багата прадстаўлены ў вершах,
надаюць вершам асобую паэтычную яркасць. Асноўная іх функцыя – стварэнне
вобразнай характарыстыкі жыццёвых вобразаў і з’яў, пададзеных у вершах, а
таксама адлюстраванне аўтарскага бачання свету, выяўленне яго пачуццяў, яго
светаўспрымання.
Не малаважную ролю ў вершах зборніка Міхася
Васілька адыгрываюць сінтаксічныя сродкі выразнасці (анафара, зваротак,
рытарычныя пытанні і заклікі і інш.). Душэўная ўзрушанасць, бунтарнасць асобы
лірычнага героя перадаецца пераважна
праз іх. Думаецца, яны ў значнай ступені фарміруюць адметны стыль
пісьменніка-патрыёта, паэта-грамадзяніна. Творца не можа заставацца заспакоеным
і сузіральным, калі жыццё патрабуе актыўнасці і рашучага
дзеяння.
Вершы
М.Васілька са зборніка “Шум баравы” ўжо дакладна выяўляюць характэрныя рысы
індывідуальнага стылю пісьменніка, для якога характэрны грамадзянская
занепакоенасць, спалучэнне прыватнага з
грамадска-сацыяльным, дамінанта лірыка-рэалістычных сродкаў мастацкага
выяўлення, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць.
Такім
чынам, мы з упэўненасцю канстатуем, што вершы Міхася Васілька – гэта
своеасаблівы мастацкі летапіс мінулага Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў ХХ
стагоддзя і, магчыма, спроба паказаць прыклад таго, як трэба моцна і самаахвярна
любіць сваю радзіму, жыць у імя яе і народа: “Ня пытай ў мяне, / Чаму песьня мая / Гэтак сумна гучыць? / Зразумей! –
то праклён, / То адбітак тых дзён / У сэрцы болем дрыжыць” [1, с 36].
Таму
набываюць шматзначны сэнс і чытаюцца з своеасаблівым пачуццём словы гродзенскай
паэткі Галіны Самойлы, адрасаваныя паэту Міхасю Васільку і яго паэтычнаму
зборніку: “Трымаю ў руках кволую,
пяшчотную, нябеснага колеру кветачку і думаю аб тым, што васількі ў жыце – гэта
сімвал маёй Беларусі, якая праз "нядолю, няволю" ішла вякамі да
"шчасця пары залатой"… Сімвал няпомслівай мужнасці, сціплай
прыгажосці, мяккай настойлівасці, апантанай веры ў святло. Ці не таму Міхаіл
Восіпавіч Касцевіч назваўся Васільком, што адчуваў сябе шчырым беларусам”
[4, с. 168].
“Я ганаруся тым, што ў маім родзе быў
такі незвычайны чалавек з палаючай душою, якая хацела і ўмела спяваць для
людзей”
[4, с. 173].
Спіс
выкарыстаных крыніц:
1.
Васілёк М. Шум баравы / Міхась Васілёк. – Вільня, 1929.
2.
Калеснік, Ул. Жыццё і прызванне / Ул.
Калеснік // Васілёк М. Зоры над Нёманам.Выбранае. – Мінск, 1963. – С.3–14.
3.
Мікуліч М.У. Паэзія Заходняй Беларусі
(1921-1939) / М. У. Мікуліч. –Мінск, 2010. –462с.
4.
Самойла, Г. Шчыры паклон / Г. Самойла //
Галіна Самойла Зоркі над маўклівай адзінотай. – Мінск: Беларускі рэспубліканскі
літаратурны фонд, 2011. – С. 166–173.