Аўтар работы:

Пабежка Крысціна Русланаўна,

11 клас, ДУА “Лунненская СШ імя

Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”

Мастоўскага р-на

 

Аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”

Уладзіміра Караткевіча як узор гістарычнага дэтэктыва

  

У школьнай праграме па беларускай літаратуры вывучаецца аповесць У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Пры аналізе твора непасрэдная ўвага звяртаецца канкрэтна-гістарычную аснову твора. Разглядаючы сюжэт аповесці, даказваем, што ў творы асуджаецца сацыяльны прыгнёт і ўціск, ставіцца пытанне аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб лёсе беларускага народа. Сапраўды, гэты твор шматпраблемны. Аўтар закранае ў ім праблемы дабра і зла, кахання, мужнасці, гераізму. Гэтай аповесці навукоўцы  дастаткова  ўдзялілі ўвагі. Так належную  ацэнку твору далі А.Верабей у сваіх кнігах ”Жывая повязь часоў”(1988), “Абуджаная памяць” (1997), А. Мальдзіс ў манаграфіі “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека” (2010) і іншыя. Але большую ўвагу даследчыкі скіроўвалі на ідэйна-мастацкі бок твора. А вось пра адметнасць жанравай формы твора меркаванні разрозненыя і абрывістыя.

      Для многіх сучасных  чытачоў і аўтараў нацыянальным узорам  жанру гістарычнага дэтэктыва якраз і з’яўляецца аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Сёння навукоўцамі прызнана, што першая спроба звароту да такога жанру належыць Уладзіміру Караткевічу. Натуральна, узнікае пытанне, у чым спецыфіка гэтага жанру, ці сапраўды адпавядае твор Караткевіча такому вызначэнню. Разабрацца ў гэтым дапамагла даследчая праца “Жанр гістарычнага дэтэктыва ў творчасці беларускіх пісьменнікаў”.

     Пазнаёміўшыся з меркаваннямі навукоўцаў, мы прыйшлі да высновы, што пазнавальнымі жанравымі адзнакамі гістарычнага дэтэктыва можна назваць наступныя: пастаноўка ў творы трох знакавых пытанняў, якія ствараюць пэўны стандарт пабудовы сюжэту (Хто? Як? Чаму?); наяўнасць таямніцы, загадкавага здарэння, чатырохэтапнай кампазіцыйнай структуры, цесная ўзаемасувязь інтрыгі, фабулы, сюжэта; стварэнне ў чытача напружання, адпаведнага эмацыйнага стану; кола характэрных персанажаў (Вышукнік, Злачынец, Ахвяра);апісальнасць як адзін са знакавых прыёмаў гістарычнага дэтэктыва; наяўнасць гістарызму.

       Названыя адзнакі дакладна праяўляюцца ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча, і гэта дае падставы адносіць твор да жанру гістарычнага дэтэктыва.

Дзеянне  аповесці  прывязана  да  канкрэтнай гістарычнай эпохі, з яе праблемамі і сацыяльнымі супярэчнасцямі. Падзеі твора адбываюцца ў канцы 80-х гг. XIX стагоддзя. У пачатку твора аўтар знаёміць нас з галоўным героем, ад імя якога вядзецца аповед. Гэта вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі. Ён шукае народныя легенды і паданні, трапляе ў глухі закінуты маёнтак Балотныя Яліны, уладальніцай якога з’яўляецца Надзея Яноўская, апошняя з некалі магутнага заможнага роду.

Надзея вельмі напалохана дзікім паляваннем караля Стаха, якое з’явілася ў наваколлі. Два гады назад яно забіла яе бацьку Рамана Яноўскага, нагнала страх на ўсё наваколле. Неаднаразова з’яўлялася каля сцен палаца, пагражала смерцю гаспадыні маёнтка. Надзея сцвярджала, што над ёй вісеў радавы праклён. Гэтыя падзеі выступаюць у якасці загадкавага здарэння, абставіны якога невядомы і павінны быць высветлены.

Надзею напалохала, што Беларэцкі цікавіцца легендамі, бо, па яе меркаванні, у гэтым запаветным краі “прывідаў і зданяў больш як жывых людзей”?[1, с. 203]. Сэнс гэтых слоў становіцца зразумелым, бо неўзабаве згадваюцца, а пазней з’яўляюцца незвычайныя істоты: Маленькі Чалавек і Блакітная жанчын.

Беларэцкі не верыць гэтым байкам. Яго асноўная задача, як героя дэтэктыўнай схемы, дапамагчы, расследаваць, вызначыць вінаватых, разгадаць таямніцы. Андрэй Беларэцкі выступае ў ролі следчага.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што Надзея Яноўская з’яўляецца пацярпелай ва ўсёй гэтай гісторыі. Яна страціла бацьку, у яе няма заступнікаў, яна вар’яцее ад страху перад паляваннем, перад усімі прывідамі і зданямі. Беларэцкі адчувае: жанчыне  пагражае рэальная небяспека.

Першае, што здзяйсняе “вышукнік” Беларэцкі, вывучае  дакументы і шукае матывы для злачынства, якое можа здзейсніцца, дзеля гэтага ён наведвае бібліятэку Яноўскіх, у якой знаёміцца з дзіўным “лялечным” чалавекам Ігнасем Берманам – Гацэвічам. У следчага ўзнікла падазронае пытанне: “Што магло трымаць яго ў Балотных Ялінах?” Берман адказаў, што трымаецца дзеля кніг і сам дае Беларэцкаму старадаўні фаліянт, у якім апавядаецца старажытная і прыгожая легенда пра добрага караля Стаха. Вызначыўшы характар канфлікту паміж каралём Стахам і даўнім продкам Яноўскіх, Беларэцкі пакутліва шукае адказу на пытанне: “ Хто ж сёння з’яўляецца злачынцам?”

З асобай сапраўднага злачынцы мы знаёмімся на балі Надзеі Яноўскай. Гэта яе сваяк і апякун, Рыгор Дубатоўк, па прозвішчы Лікол. Апрануты ў народнае адзенне, ён прыгожа гаварыў на беларускай мове, выкарыстоўваў у сваёй мове жарты, прымаўкі. Нішто ў яго паводзінах не выдае каварнага зламысніка. Дубатоўк уводзіць усіх у зман, хаваючы за гасціннасцю і прастатой сваё сапраўднае аблічча. У працэсе сюжэтнага дзеяння і следства выяўляюцца адпаведныя факты-падказкі, на якія пільны вышукнік павінен звярнуць увагу. Гэтак  жа і ў самаго чытача могуць узнікаць пэўныя ўласныя версіі і меркаванні. Гэта таксама адзнака гістарычнага дэтэктыва.   

 Па-першае, падарункі для Надзеі Яноўскай, паднесеныя Дубатоўкам, выклікаюць падазрэнне. Гэта недарэчны ўбор – старая сукенка, што нагадвала пра трагічныя мінулыя часы роду Яноўскіх, а галоўнае - партрэт Рамана Старога – віноўніка радавога пракляцця. Па-другое, на халастой гулянцы ў Дубатоўка галоўны герой адзначыў тое, што стол ламаўся ад страў, а пакоі не вызначаліся багатым абсталяваннем. Ужо тады можна было падумаць аб матывах гэтага страшнага чалавека. А матыў відавочны – завалодаць палацам і магчымымі багаццямі старажытнага роду Яноўскіх.

Як належыць фігуры злачынцы, Дубатоўк вельмі старанна замятае сляды. Ён спрабуе  супрацьстаяць  следству. Гэтага  і патрабуе жанр дэтэктыва. Што Дубатоўк  толькі  не  прыдумвае: наладжвае  вечарыну, падпойвае  Беларэцкага, каб на быццам выпадковай дуэлі з Варонам забіць яго. Ён некалькі разоў выклікае следчага з хаты, палохае яго сваім “дзікім паляваннем”, падкупляе мясцовыя ўлады. Каб заблытаць следства, Дубатоўк на месцы забойства Свеціловіча кідае цыгарэту, зробленую з аркуша архіва Яноўскіх. Беларэцкі пачынае падазраваць Бермана, служачага ў палацы Яноўскай. Так чытача трымае ў напрузе ўмела закручаная аўтарам інтрыга.

Твор Караткевіча як сапраўдны дэтэктыў насычаны шэрагам загадкавых і трагічных здарэнняў. У Беларэцкага нехта страляе з кустоў, але ён цудам застаецца жывым. А тым часам дзікае паляванне караля Стаха працягвае наводзіць страх на наваколле. Яно пакарала мужыкоў, якія бунтавалі. Андрэя выклікаюць у павет і прапаноўваюць яму з’ехаць. Ён падазрае, што суддзя, пракурор і адвакат звязаны з мясцовай мафіяй. Беларэцкага ратуе тое, што ўлады не могуць нічога зрабіць яму, бо, будучы членам імператарскага Геаграфічнага гуртка, нібыта знаходзіцца пад апекай самога цара.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, следчы – Беларэцкі выкрывае злодзея і на ўсе пытанні знаходзіць адказы. Гэта чарговая праява дэтэктыва: у канфлікце паміж беззаконнем і справядлівасцю перамагае справядлівасць.

Як указвалася вышэй, следчаму не абысціся было без памочнікаў. Андрэй Свеціловіч стаў адным з таварышаў, якія забяспечвалі Беларэцкага неабходнымі звесткамі. Але ў гэтага персанажа ёсць і іншая роля. Гэта вобраз рамантычнага юнака, на якога наклалі свой адбітак праявы часу: ён прадстаўнік прагрэсіўнай часткі беларускай шляхты, змагар і вялікі патрыёт сваёй Радзімы. Свеціловіч здагадаўся, хто з’яўляецца злачынцам,  і той, спалохаўшыся расправы, ідзе на страшэнны крок і забівае яго. Так сцвярджаецца думка, што найперш гінуць лепшыя, бо яны найбольш безабаронныя перад злом.

Памочнікам Беларэцкага з’яўляецца і Рыгор – вартаўнік Кульшы, сваячкі Яноўскіх. З гэтым вобразам у творы асацыіруецца здаровы народны пачатак, сумленнасць і рашучасць. Праз гэтага героя аўтар праводзіць думку аб непазбежным пратэсце супраць прыгнёту і неабходнасці аб’яднання агульных высілкаў шляхты і народа супраць дэспатызму і гвалту.

На працягу ўсяго твора ўзнікаюць такія фігуры, як падазроныя – гэта неад’емная рыса дэтэктыва. Тут мы прасочваем яшчэ адзін прынцып жанру: злачынцам не можа быць той, на каго адразу падаюць падазрэнні.

Першая з падазроных – ахмістрыня. Але яна не здольна на забойства. Наступная і незразумелая фігура – Берман. Гэта дзіўная асоба, таму яго ніяк нельга выкрасліць з ліку падазроных. Наконт яго Беларэцкі разважае так, што гэта былы злачынец. Магчыма, гэта ён страляў у яго, забіў Свеціловіча і выдраў аркуш з часопіса.

Кола падазроных звузілася, калі Бермана забілі. Сэнс яго перакананняў становіцца зразумелым. Берман, адшукаўшы свае сваяцкія карані з родам Яноўскіх, зразумеў, што дзікае паляванне караля Стаха можа быць яму выгадным, бо тады яму застанецца багацце Яноўскіх.

Вось толькі не дае спакою Беларэцкаму згадка ў лістах Бермана пра нейкага брата. Адказ на гэтае пытанне следчы знаходзіць у дзённіках “лялечнага чалавека”.

 Малы Чалавек – гэта Базыль, брат Бермана, якога той забраў у маці і пасяліў у палацы знарок, каб хутчэй давесці Надзею да роспачы. Свеціловіч не пакідае ў якасці падазроных і асобу Алеся Вароны. Матыў яго быў зразумелы: Варона яшчэ пры жыцці Рамана сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову. Чаму ж яму не выкінуць жарцікі з дзікім паляваннем? Беларэцкі згодны з такім меркаваннем, але Варона паранены. Зразумела, што ён мае непасрэднае дачыненне да палявання. Але Варона не асноўны злачынца, ён  яго магчымы памочнік.

У фінале, як і належыць дэтэктыву, адбываецца развязка. Мужыкі з Беларэцкім выступаюць супраць рабаўнікоў (дзікага палявання)  і перамагаюць іх. Усе тайны разгадваюцца. Беларэцкі з Надзеяй Яноўскай, будучай сваёй жонкай, пакідаюць Балотныя Яліны.  Галоўны герой па недарэчным абвінавачванні трапляе ў 1902 годзе ў Сібір. Ён думае, што не мінуў яшчэ час дзікага палявання, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно – сімвал усяго гэтага.

Уладзімір Караткевіч у творы асудзіў прыгнёт, тыранію, уціск, дэспатызм, увасабленнем якіх з’яўляецца дзікае паляванне. У аповесці таксама ставяцца вечныя пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб сутнасці яго жыцця і любові да радзімы, паказваецца вялікае, чыстае і прыгожае каханне.

Такім чынам, можна прызнаць слушным сцвярджэнне А.Мальдзіса, што “Дзікае паляванне караля Стаха” не толькі дэтэктыў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Дакладней – больш чым дэтэктыў” [2, с. 24]. Выявіўшы відавочныя адзнакі дэтэктыва ў “Дзікім паляванні караля Стаха”, можна сказаць наступнае: каштоўнасць твора заключаецца ў тым, што ў адрозненне ад чыстага дэтэктыва пісьменнік імкнецца даследаваць і паказаць тагачаснае грамадства не толькі ў яго супярэчнасцях, але і ў яго нацыянальнай, культурнай і гістарычнай спецыфіцы. Усё адзначанае дае падставы сцвярджаць, што “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча адносіцца да жанру гістарычнага дэтэктыва.

 

СПІС ВЫКАРАСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1.               Караткевіч, Ул. Зямля пад белымі крыламі: нарыс. Дзікае паляванне караля Стаха: аповесць: для сярэд. і ст.узросту/ Ул. Караткевіч. – Мінск: Юнацтва, 1995. – 368с.

2.       Мальдзіс, А. В. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека : літаратуразнаўчае эсэ / Адам Мальдзіс. – Мінск, 2010. – 270 с.

3.               Маркулан, Я. Детектив. Что это такое? Морфология жанра  / Я. Маркулан // [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:  detective.gumer.info/txt/markulan.doc. Дата доступу 10.01.2016.