АДКУЛЬ ТРУТНІ ПАЙШЛІ
Было гэта так даўно, што не памятаў нават прадзед майго прашчура ўсіх
падрабязнасцей падзеі. У тыя далёкія часы пчолкі жылі парамі, накшталт птушак.
Ранняй вясной, калі вярталіся з выраю пералётныя птушкі, прачыналіся пасля
доўгай зімы і пчолкі. Яны пачыналі чысціць свае домікі, назапашвалі каштоўны
нектар, адкладвалі лічынкі, з якіх потым выводзіліся іх дзеткі.
І ўсё было б добра, калі б не здарылася няшчасце з адной пчалінай парай. Пачатак
быў рамантычны і прыгожы. Пчолкі Мая і Труцень адгулялі вяселле, пабудавалі
вулей, пачалі назапашваць нектар і даглядаць за лічынкамі. Маладая і нявопытная
Мая вельмі хацела вызначыцца сярод сваіх сябровак - у яе было адкладзена
найбольш лічынак. Хутка з іх вывеліся дзеткі. Мая вельмі старалася, вельмі шмат
працавала, даглядала немаўлят, карміла іх, чысціла ячэйкі, насіла ваду і нектар
у вулей.
А Труцень, бачачы, як шчыруе жонка, наадварот пачаў
ленавацца. Вырашыўшы, што яна і сама з усім можа справіцца, ён усё часцей
дазвадяў сабе расслабіцца. Хутка ён так разленаваўся, што нават за сабой не
хацеў прыбіраць
смецце. Больш таго, вылезшы з доміка на прылётную дошку, ён выхваляўся перад
суседзямі тым, які ён выдатны і разумны, бо знайшоў такую працавітую добрую
жонку. І жонка гэта ўсё сама паспявае, а яму, Трутню, толькі і застаецца, што
спажываць, адпачываць ды тлушч нажываць.
І не знайшлося ніводнай разумнай пчалы, каб
прысароміла лайдака. Тыя, хто пасталей, былі заняты справай і не звярнулі ўвагі
на плявузганні выскачкі. Маладзейшыя ж з цікавасцю выслухалі Трутня і хутка
пачалі пераймаць яго "каштоўны" вопыт.
Маладыя таты, накшталт Трутня, не жадалі шмат
працаваць, перакінуўшы ўвесь клопат на слабыя крыльцы сваіх жонак. А
пчолкі-матулі хоць і дужа шчыравалі, але хутка слабелі. Ад непасільнай працы
яны паступова страцілі здольнасць даваць патомства, іх прыдаткавыя залозы,
замест малачка, пачалі выпрацоўваць атруту. Аднак, не пазбавіўшыся мацярынскага
інстынкту, яны ўсё сваё жыццё падпарадкавалі інтарэсам сям’і.
Эгаістычны Труцень і яго паслядоўнікі тлусцелі,
бруднелі і ўрэшце сталі самі непатрэбным смеццем у пчалінай сям’і. І вырашылі
пчолкі-працаўніцы, лепш пазбавіцца ад іх, а самім жыць адной вялікай сям’ёй.
Адарвалі дармаедам крылы і выкінулі іх прэч з вулля.
Так пчолкі і жывуць з таго часу.
Будуюць вялікія прыгожыя соты, гадуюць патомства, якое дае адзіная пчаліная
матка і выганяюць неахайных суродзічаў. Бо, як заўважылі старажылы, трутні
заводзяцца найчасцей у непрыдатных ячэйках сотаў.