Род і народ
Бабуліна навука
“З
тварам да вянца, з розумам да канца”
(народная прымаўка).
Традыцыі не ўзнікаюць на
пустым месцы. У кожнай з іх свае карані, свой, калі так можна выказацца,
гістарычны шлях. А што да сямейных традыцый, то яны абумоўлены канфесійнай,
нацыянальнай, сацыяльнай прыналежнасцю носьбітаў. Пары, якія пабраліся шлюбам,
не звяртаючы ўвагу на свае адметнасці, усё ж шукаюць прыкметы аднолькавасці, бо
на супярэчнасцях пабудаваць грунтоўны падмурак сямейных стасункаў нельга. Можна
толькі на ідэнтычнасці маральных прынцыпаў і культурна-гістарычнага вопыту
папярэдніх пакаленняў. Відаць, мелі рацыю нашы прашчуры, якія не ўхвалялі рызыкоўны
выбар і асцерагаліся жаніць сына ці выдаваць замуж дачку за іншаверцаў,
чужаземцаў, выхадцаў з рызыкоўных сацыяльных слаёў. Як казала мая бабуля, які
род, такі і плод. А калі пра род нічога невядома, ці вядома мала, то і
небяспека большая для такога шлюбу.
Наогул, трэба прызнаць, што ў даўнішнія часы да шлюбу
стаўленне было куды больш адказным і сур’ёзным. Можна колькі заўгодна
іранізаваць над забабонамі ці абмежаваннямі, толькі слушнасць многіх была
даказана часам і жыццёвым вопытам. Але цяпер пра іншае.
Вяселле – напэўна, самае прыгожае, адметнае, багатае на народныя традыцыі сямейнае
свята, у якім спалучаліся вельмі гарманічна песенны, музычны, тэатральны жанры
і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: пякарская пластыка, вышыванкі, тканыя
абрусы. У даўнішнія часы вяселлі на Беларусі ладзіліся найчасцей увосень, калі
былі завершаны ўсе земляробчыя справы. Але ёсць і асаблівы зімовы перыяд, калі
можна было брацца шлюбам. Закончыліся Каляды і пачаўся так званы зімовы мясаед.
Аж да масленічнага тыдня можна спраўляць мясаедныя вяселлі. Вядомы даследчык
народных традыцый Янка Крук лічыць самым спрыяльным для вяселляў гэты адрэзак
часу, а ісці сватацца раіць у чацвер.
Сватаўство – гэта ўзважаны і асэнсаваны крок, перш
за ўсё з боку бацькоў жаніха. Яно заўжды было ахінута інтрыгай,
непрадказальнасцю, магчыма, нават непрыемнай адмовай з боку бацькоў нявесты або
яе самой. Таму з вялікай адказнасцю ставіліся да выбару часу і тых людзей, якія
бралі ў ім удзел.
Сваты звычайна аб мэце прыходу
гаварылі вобразна, прадстаўляючыся то купцамі, то паляўнічымі, то яшчэ
кім-небудзь, хто выпадкова заблукаў і прыйшоў у дом нявесты.
Пасля заручынаў нявеста павінна была быць выключна
ветлівай да сустрэчных, каб яе хто не ўрок ці не пашкодзіў, не зрабіў чаго
дрэннага. Забаранялася заручанай хадзіць на вячоркі, пасядзелкі. У дзень
вяселля госці жаніха і нявесты збіраліся асобна. Шаферкі апраналі маладую ў
вясельны строй. Затым ехалі ў храм, дзе ладзіўся абрад вянчання. Што да самога
вяселля, то ў кожнай мясцовасці былі свае звычаі і адметнасці. Вось як апісвае іх
Дзяменцій Плаўскі, аўтар гісторыка-этнаграфічнага нарыса “Мястэчка Крэва”: “У
час вянчання госці пільна сачылі за свечкамі ў храме, калі адна з іх гасла,
гэта лічылася дрэннай прыкметай. Пасля вянчання госці ехалі ў дом бацькоў
маладой. За сталом маладым давалася толькі адна лыжка, і яны карысталіся ёй па
чарзе. Вяселле доўжылася два-тры дні. Пасля гэтага, забраўшы пасаг, госці з
маладымі ехалі з песнямі і жартамі ў дом да бацькоў жаніха. Прынята было ехаць,
а не ісці, нават калі дом блізка. Ля ўваходу ў дом шафер падаваў маладой лапату,
якой гаспадыні даставалі з печы хлеб, памяло, іншыя прылады сялянскай хатняй
гаспадаркі. Пры гэтым маладая павінна была накрыць кожную рэч кавалкам палатна
ці хусткай.”
Існаваў у старажытным Крэве звычай саджаць перад
шлюбам маладую на перавернутую дзяжу. Дзяўчына добрых паводзінаў смела сядала,
пасля чаго яе віншавалі і ўскладалі вянок на галаву. Калі ж за нявестай меліся
інтымныя грахі, яна не асмельвалася гэтага рабіць. Гэта быў першы “сігнал”
жаніху, пасля якога вяселле магло парушыцца наогул. А калі ўсё ж такая дзяўчына
ішла замуж, то на вяселлі ёй давалі вышчарбленую лыжку, а за сталом на куце
клалі парваны хамут.
У многіх вёсках да дня вяселля вывешвалі тканыя,
вышываныя рэчы. З аднаго боку гэта сведчыла аб умельстве нявесты, а з другога –
уносіла мажорны акорд ва ўбранства сціплага вясковага інтэр’еру. У многіх
мясцовасцях вясельны каравай аздаблялі галінкамі пладовага дрэва, упрыгожанымі
штучнымі кветачкамі. Яны сімвалізавалі цень будучага родавага дрэва новай
сям’і.
У момант пераходу вясны ў лета, паміж Троіцай і
Пятроўскім пастом, ёсць яшчэ адзін невялічкі перыяд, які зваўся “Траецкія
вяселлі”. Пра гэтыя вяселлі на Беларусі казалі так: “Як беднаму жаніцца, дык і
ночка кароткая”. Гэта найчасцей былі вымушаныя вяселлі, падчас якіх не засылалі
сватоў, сур’ёзна не рыхтаваліся да падзеі.
І сёння захавалася вясельная традыцыя
пераапранання ў цыганоў. Вяселле заканчваецца тым, што гурт людзей сталага
ўзросту пераапранаецца і пачынае весяліць усю вёску, абвяшчаць усім, што
стварылася новая сям’я, што будуць нараджацца новыя дзеткі, што род
працягнецца. Вяселле выходзіла за рамкі дзвюх сем’яў, і яго святкавала ўся
абшчына.
Пра беларускі нацыянальны характар найлепш
сведчыць фальклор. У народных спевах, што гучалі падчас вяселляў, захаваліся
ўзоры сардэчнай чысціні, вернасці, адданасці абранніку ці абранніцы:
Скарай мяне, Божа,
у вялікай дарозе,
Калі я замыслю
аб іной нябозе.
Ты ў мяне,
дзяўчына, ты адна,
Як на небе ясная
зара
Перад Богам
прысягаю,
Як любіў, так і
кахаю.
Ала КЛЕМЯНОК.