Блог Алы Страшынскай

Surreal Template Image

ДОКТАР ФІЛАСОФІІ З ПАЛЯНАЎ

 

Імя Тамаша Грыба хоць і згадваецца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы Памяць Смаргонскага раёна, на жаль, мала вядома мясцовым жахарам. А вось пра яго жонку, Паўліну Мядзёлку, нават школьнік раскажа, як пра таленавітую акторку, першую выканаўцу ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Пра тое, што знакаміты беларускі пясняр сімпатызаваў прыгожай актрысе, згадваюць у сваімх мемуарах многія іх сучаснікі. Аднак руку і сэрца Паўліна аддала апальнаму міністру апальнага ўрада, па паходжанні – селяніну, Тамашу Грыбу.

Гэта сёння мы ведаем, што вёсачка Паляны, дзе нарадзіўся і рос наш выдатны зямляк, знаходзіцца на тэрыторыі Жодзішкаўскага сельсавета. На самой справе вёсак і мястэчак з аднайменнай назвай даволі шмат у былой Віленскай губерніі. Навуковаму супрацоўніку Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Надзеі Маркавай давялося многа папрацаваць  і павандраваць, пакуль нарэшце яна не знайшла сваякоў выдатнага беларускага дзеяча і вучонага. Знайшла тут, недалёка ад райцэнтра. Шкада толькі, што, літаральна за пару тыдняў да візіту музейнага работніка, гаспадары хаты правялі генеральную ўборку на гарышчы. Пасля “чысткі” назаўжды былі страчаны шматлікія ліставанні, фотаздымкі, каштоўныя часопісы, газеты, іншыя выданні так званага міжваеннага часу. Але памяць усё роўна застаецца. Пра свайго вучонага земляка памятаюць у Палянах і сёння.

Крыху пахмурным, але незвычайна цёплым вясновым ранкам наведаліся мы ў вёсачку, каб паспрабаваць адшукаць рэшткі ўспамінаў пра сям’ю, родных і блізкіх, знаёмых і аднадумцаў Тамаша Тамашавіча Грыба. Руплівы даследчык даўніны, краязнаўца і пісьменнік Міхась Казлоўскі ў сваёй нядаўна выдадзенай кніжцы “Нашчадак слаўных крывічоў” апавядаў пра карыфеяў Беларускага Адраджэння. Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці Адольфа Клімовіча, які паходзіць з суседняга Астравецкага раёна, але неаднаразова ў ёй згадваецца імя Тамаша Грыба. Неардынарная, цікавая і разнастайная асоба гэтага чалавека падштурхоўвае аўтара да напісання чарговай кнігі. Пачынаць яе трэба безумоўна са знаёмства з мясцінамі, дзе Тамаш нарадзіўся і рос, са знаёмства з яго каранямі.

У вёсачцы Паляны і сёння жыве пляменніца Тамаша Тамашавіча – Ірэна Баляславаўна Чырыца. Яе маці Саламея Мізула (у дзявоцтве Грыб) – родная сястра нашага героя. Усяго, па словах Ірэны Баляславаўны, у яе бабулі было шаснаццаць дзяцей, Тамаш, па ўсяму відаць, быў старэйшым сынам. Маці называла яго - Фомачка. Нават, калі ён стаў дарослым, узмужнеў, сцвердзіўся ў жыцці, для матулі па-ранейшаму заставаўся дзіцем і, магчыма, за яго, вымушанага жыць на чужыне, найбольш балела мацярынскае сэрца. Пяшчотнымі, цёплымі пачуццямі былі прасякнуты лісты Тамаша дадому. Асобныя радкі ўрэзаліся ў памяць Ірэны Баляславаўны. Жанчына, нягледзячы на свой узрост, а нарадзілася яна ў лістападзе 1926 года, цытуе асобныя выказванні, урыўкі з пісьмаў. Яна ўспамінае, што вельмі сумаваў дзядзька на чужыне, душой і сэрцам імкнуўся на Бацькаўшчыну, не пакідаў надзеі, што аднойчы верніцца сюды, і разам з маці яны яшчэ станчуць “Лявоніху”.

Дарэчы, паглядзеўшы на фотаздымак роднага брата Ірэны Баляславаўны, які па сведчанні многіх вельмі падобны на свайго дзядзьку Тамаша, пачынаеш разумець, чаму паўліна Мядзёлка аддала перавагу статнаму, высокаму, прыгожаму хлопцу з Палянаў. У гэтай сям’і ўсе былі незвычайна прыгожымі. Сямейная гісторыя сведчыць, што менавіта закахаўшчыся ў родную пляменніцу Тамаша Грыба – Вільгельміну з Будзілак, Юліян Бабок, што вучыўся на ксяндза, вырашыў рэзка перайначыць свой лёс і пабраўся шлюбам з прыгажуняй.

Як жа атрымалася, што юнак з мнагадзетнай сялянскай сям’і з глухой беларускай вёсачкі, куды складана было дабрацца ў ранейшыя часы (ды і сёння тут ні чыгуначнай, ні аўтобуснай станцый паблізу няма), здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю і нават ступень доктара філасофскіх навук. Магчыма тое, што быў ён старэйшым у сям’і, і па ўсяму відаць здатным да навукі, і падштурхнула ісці ў свет, шукаць лепшай долі, самастойна прабівацца ў жыцці, асвойваць спецыяльнасць, якая магла б прынесці карысць ўсім блізкім, а яму даць гарантаваны заробак. Невядома пакуль, дзе ён атрымаў сярэднюю адукацыю, але маючы на руках атэстат, хлопец едзе ў сталіцу расійскай імперыі Санкт-Пецярбург, дзе паступае ў псіха-неўралагічны інстытут. У яго адукацыйны працэс унесла карэктывы першая сусветная вайна.

У 1916 годзе Тамаша мабілізуюць у армію і ён аказваецца на румынскім фронце. Рэвалюцыйныя падзеі, што адбываюцца ў краіне, абудзілі яго патрыятычныя пачуцці. Ён з’яўляецца адным з арганізатараў беларускай вайсковай арганізацыі. Прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда, на якім абіраецца членам рады Беларускай Народнай Рэспублікі, народным сакратаром замляробства ва ўрадзе Я. Варонкі. Тамаш Грыб у ліку тых, хто агучыў ідэю незалежнасці Беларусі і застаўся вернымі ёй да апошніх сваіх дзён. Абвяшчэнне БНР ва ўмовах, калі нашу Бацькаўшчыну літаральна раздзіралі на часткі сквапныя суседзі, - гэта кропка адліку нашай дзяржаўнасці. У тым, што беларусы засталіся беларусамі, а не сталі нацыянальнай меншасцю ў складзе Польшчы, Літвы ці Расіі, ёсць значная доля заслуг і Тамаша Грыба. Ён, як адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), заставаўся адданым ідэі нацынальнага адраджэння Беларусі, чым безумоўна, уяўляў небяспеку для польскіх улад і для бальшавіцкага рэжыму. Неаднаразова ён арыштоўваўся польскай дэфензівай, як супрацоўнік беларускіх выданняў і як член Мінскага падпольнага паўстанцкага камітэта.

Пасля аднаго з арыштаў, яго разам з паплечнікамі і жонкай Паўлінай Мядзёлкай, адправілі пад аховай ў цэнтральную Польшчу. Па дарозе на захад сябры Тамаша праламалі падлогу ў вагоне і ўцяклі. Тамаш не рызыкнуў на пабег, бо ў адным з суседніх вагонаў везлі ў невядомасць яго жонку, яго “мілую журавінку”, як пяшчотна называў ён сваю каханую. Паўліна не ацаніла яго ахвяры і ў далейшым назвала мужа крыўдным словам “баязлівец”.

З восені 1922 года Тамаш Грыб знаходзіцца ў эміграцыі ў Празе. У сілу розных гістарычных і палітычных абставінаў гэты горад, сталіца суседняй славянскай дзяржавы, часта станавіўся прытулкам для многіх беларусаў, пачынаючы яшчэ з Францішка Скарыны, які менавіта тут заснаваў першае ў гісторыі ўсяго ўсходняга славянства выдавецтва. У міжваенны перыяд Чэхаславакія  стала цэнтрам для эмігрантаў з былой Расійскай імперыі. Урад прэзідэнта Масарыка з гуманітарных і палітычных меркаванняў аказваў ім дапамогу, адчыняў курсы, спрыяў набыццю прафесій, выдзяляў стыпендыі.

На філасофскім факультэце Пражскага Карлава універсітэта Тамаш Грыб абараніў доктарскую дысертацыю “Паляне: пытанні народа і нацыянальнасці. Сацыялагічны аналіз”. Нават гэта адно слова “паляне” здаецца невыпадковым у назве дысертацыі, бо нябачнай сувяззю імкнецца да аднакарэннага – Паляны, назвы далёкай вёсачкі, малой радзімы, куды імкнулася душа, але розум забараняў і папярэджваў пра небяспеку вяртання. Другая жонка Тамаша, Палата Бадунова, таксама актыўны палітычны дзеяч беларускага адраджэння, не паслухала мужа і голас розуму, паддалася на савецкую прапаганду і вярнулася ў Мінск. Яе палітычныя погляды ішлі не ў адным рэчышчы з “генеральнай лініяй”. Жанчыну спачатку арыштавалі і выслалі са сталіцы, а праз нейкі час растралялі.

Як бы не даймала настальгія, Тамаш Грыб разумеў, што вяртанне на радзіму немагчыма. У Празе Тамаш Тамашавіч працаваў кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускага таварыства імя Ф. Скарыны. У сваіх публіцыстычных працах, ён з навуковай абгрунтаванасцю і філасофскай празорлівасцю прадказаў на дзесяцігоддзі наперад усе гістарычныя перакосы і трагічныя падзеі ў жыцці краіны Саветаў. У 1934-1938 гадах – ён загадчык Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве, друкаваўся ў часопісах “Перавясла”, “Іскры Скарыны”, “Студэнцкая думка”, “Золак” і іншых. Гэтыя выданні не даходзілі да роднай вёскі Паляны. Але сюды праз нацыянальна свядомых беларусаў трапляла беларускамоўная перыёдыка з Вільні. З гэтых часопісаў і газет можна было даведацца і пра дзейнасць і жыццё асобных беларускіх дзеячоў на эміграцыі. Ірэна Чырыца ўспамінае, што былі беларускамоўныя газеты таго часу ў хаце яе дзеда, а пазней і яе тата меў стасункі з мясцовымі актывістамі - прыхільнікамі беларускай ідэі. Магчыма, дзякуючы шчыраму беларусу, ксяндзу В. Гадлеўскаму, які служыў у Жодзішкаўскім касцёле, траплялі ў сялянскія хаты “Беларуская ніва”, “Крыніца”, “Золак”, “Шлях моладзі”. Ірэна Баляславаўна запомніла той дзень, калі з адной такой газеты даведаліся аднавяскоўцы пра скон Тамаша Грыба. Запомніла яна галашэнні сваёй бабулі, якой суджана было перажыць сына, якому не было яшчэ і 43 гадоў.

Як пра любога знакамітага чалавека, пра Тамаша Грыба засталося шмат успамінаў, нават легенд. Адно прыгожае, рамантычнае паданне сведчыць, быццам пасля смерці філосафа крэміравалі, а урна з яго прахам доўгі час захоўвалася ў кватэры нейкай таямнічай незнаёмай нікаму чэшскай жанчыны, якая да канца дзён кахала свайго Фомачку. Толькі пасля яе смерці урну захавалі на могілках у Празе. А яшчэ засталося чатырохрадкоўе, што любілі паўтраць беларускія адраджэнцы 20-30 гадоў мінулага стагоддзя:

Беларусь – мая старонка,

Куток цемнаты.

Жывуць Шыла, Грыб, Мамонька,

Будзеш жыць і ты.

На здымку: Міхась Казлоўскі чытае ўрыўкі са сваёй новай кнігі пляменніцы Т. Грыба Ірэне Чырыцы.