Дарога да святыняў

Дзве гары крыжовыя

 

У жыцці даводзілася наведваць розныя музеі. Сёння самы маленькі гарадок, паселішча, а то і нейкая ўстанова імкнуцца мець свой музей. Музеі бываюць розныя і па памерах, і па колькасці або каштоўнасці экспанатаў, і па ўзросту. Падчас нядаўняга падарожжа ў Польшчу сярод разнастайных цікавых для пілігрыма аб’ектаў старажытнасці пашчасціла пабачыць унікальныя – музеі малітвы. Так называюць палякі месцы, куды імкнуцца шматлікія паломнікі, каб пакінуць там прынесеныя з сабою крыжы і малітвы.

Найперш раскажу пра гару крыжоў у невялічкім гарадку Васількаў пад Беластокам. Калісьці гэта мясцовасць уваходзіла ў склад Гродзенскай губерні. Васількув – так назва горада гучыць па-польску, з 1868 года мае свой герб: на залатым шчыце, увянчаным каронай і акружаным калоссем, блакітны васілёк з зялёнымі лісцейкамі. На ўскрайку горада знаходзіцца санктуарыум Маці Божай Балеснай: касцёл, каплічка, грот са святой вадой, крыжовая гара.

Пра цудадзейнасці святой вады гэтай мясцовасці чуткі разносяцца па ўсім свеце, таму імкнуцца сюды пілігрымы, якія ў знак удзячнасці ўстанаўліваюць на гары побач з касцёлам крыжы. Падобная гара здаўна існуе ў літоўскім Шаўляі, ёсць і менш вядомыя ў іншых краінах. Тут, у Васількаве, збудаваны вельмі эфектныя крыжы-помнікі. Уражвае кампазіцыя Хрыста ўкрыжаванага, а таксама высачэзны крыж у гонар Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ, памяць пра якога палякі асабліва шануюць. На шматлікіх драўляных, металічных, жалезабетонных крыжах багамольцы пакідаюць свае крыжы і крыжыкі. Сціплы драўляны крыжык можна набыць прама тут, побач з гасцінічным комплексам або ў касцёле Маці Божай. За невялікае ахвяраванне можна прыдбаць іконкі, каталіцкія каляндарыкі і бутэлечку святой вады.

Надзвычай прыгожа выглядае гара пры спецыяльным асвятленні ноччу. Здаецца, сыходзіць з неба незямным блакітным святлом крыж Іаана Паўла ІІ. А адпаведным чынам прымацаваны і асветлеты суседні крыж нібы трымаецца на нябеснай цвердзі амаль над трасай, уражвае праязжаючых побач позніх падарожнікаў.

Гара Грабарка, месца нашага далейшага паломніцтва, мае вельмі даўнюю гісторыю. Мне нават падалося, ці не яна стала прататыпам астатніх падобных музеяў малітвы. Першая згадка пра Божыя цуды на гэтай тэрыторыі адносіцца да пачатку 18 стагоддзя. У 1710 годзе ў гэтай мясцовасці лютаваў страшны мор. Згодна з паданнем, нейкі чалавек пачуў голас Божы, які загадаў яму адслужыць малебен на вяршыні гары і ўсталяваць там распяцце. Зрабіўшы ўсё, як мае быць, селянін вярнуўся да хаты і быў уражаны, сустрэўшы сваю жонку і дзяцей жывымі і здаровымі. Уратаваліся ўсе, хто зрабілі тое ж самае. У знак удзячнасці Усявышняму людзі пабудавалі на Грабарцы капліцу. Пазней тут быў узведзены храм Праабражэння Гасподня. Сёння тут знаходзяцца збудаванні праваслаўнага Марфа-Марыінінскага жаночага манастыра.

Ля падножжа працякае рэчка, да якой бяжыць ручай з гаючай вадой. Сілу чароўнай вады мы с сынам паспыталі на сабе. Перш чым узнімацца па высокай лесвіцы да храма, пасмакавалі чыстай халоднай крынічнай вадзіцы і, памачыўшы хусцінкі, працерлі сабе твар і рукі. Круты шлях угару пераадолелі ніколькі не запыхаўшыся, наадварот адчулі прыліў свежых сіл і здароўя. Паросшая старажытным лесам гара скрозь устаўлена крыжамі паломнікаў, што прыходзяць сюды з удзячнасцю і з просьбамі аб пазбаўленні ад хвароб. Асабліва шмат вернікаў прыходзіць сюды на прастольнае свята Праабражэння Гасподня. Паломнікі прыходзяць нават з Расіі. Многія наведваюцца зноў і зноў, каб ухваліць і аддзячыць Госпада шчырымі малітвамі. Тут няма такіх эфектных і шыкоўных архітэктурных і скульптурных кампазіцый, як у Васількаве. Наадварот: усё вельмі сціпла, адчужана ад мітусні, але разам з тым, вельмі душэўна і годна.

На геаграфічнай карце гара Грабарка і паселішча з такой жа назвай знаходзяцца амаль на мяжы з Беларуссю, тут пачынаецца знакамітая Белавежская пушча. Да Беластока адсюль 90 кіламетраў. Едучы аўтобусам, неаднразова бачылі казуль, што смела гулялі на ўскрайку лесу, выбягалі на палі. А там, ля падножжа Грабаркі, мы пакінулі свае мокрыя хусцінкі, якія клапатлівыя манахіні затым спаляць у агні. Па прыкмаце, гэта пазбавіць ад хвароб. Хочацца верыць у гэта, як і ў тое, што будуць пачуты Госпадам і нашы малітвы падчас літургіі ў храме на крыжовай гары.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.