Дзень
роднай мовы
Як
сонца маё беларускае
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў гімназіі праводзіліся
разнастайныя мерапрыемствы: віктарыны, конкурсы чытальнікаў, літаратурныя
гасцёўні, вусныя часопісы, віктарыны. Для вучняў 10 “А” класа Смаргонскай гімназіі найбольш запамінальнай стала
сустрэча з паэтэсай Алай Клемянок.
Пачалося
мерапрыемства на ўзвышанай лірычнай ноце. Анастасія Бярозка, Арцём Найдзіч, Дар’я
Гакуць чыталі вершы паэткі. Затым слова далі Але Леанідаўне. Яна нагадала
прысутным пра сёлетні 125-гадовы юбілей Максіма Багдановіча, які будзе
адзначацца 9 снежня. Наш знакаміты паэт шанаваў беларускае слова, любіў сваю
Радзіму, яго кароткае жыццё з’яўляецца подзвігам, прыкладам служэння народу.
Узгадваюцца ў гэтай сувязі словы Уладзіміра Караткевіча: “Бо як ёсць у народа
такія – не загіне давеку народ”.
Госця чытала
свае вершы. Кранулі прысутных арыгінальнасцю і дасканаласцю трыялеты. Вучні
запомнілі парады паэткі: часцей карыстацца беларускай мовай у штодзённым жыцці,
радавацца кожнаму дню свайго жыцця. Гэтаму яна навучыла сваіх сыноў, пра якіх
гаварыла з любоўю і цеплынёй.
Мы ўсе
пераканаліся, як жывое слова паэта можа глыбока пранікаць у душу, закранаць яе
запаветныя куточкі, абуджаць высокія пачуцці і, нарэшце, аказваць вялікі ўплыў
на фарміраванне светапогляду і перакананняў моладзі. Словы падзякі мы адрасуем
Але Клемянок, якая шчырым беларускім словам далучае да чыстых втокаў народнай
маралі, культуры, духоўнасці.
Данута СКРОБАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
гімназіі г.Смаргонь.