Род і народ

Як я вясну гукала

 

Дакладней было б назваць гэту публікацыю “Як я зіму праганяла”. Столькі дзесяцігоддзяў праляцела з той пары, а гэты момант майго ранняга дзяцінства яскрава ўрэзаўся ў памяць. Варта толькі пачуць ці прачытаць слова “грамніцы”, і ўспамінаецца заснежаны яблыневы сад, паркан у шапцы-наледзі набок, дзядулева хата, невялічкае акенца, настолькі невялічкае, што я і сёння не магу ўявіць, як у яго межах умясціліся твары ўсіх тагачасных жыхароў дома: дзядулі, бабулі, мамы, таты, дзядзькі Сяргея, дзядзькі Сашы, маіх стрыечных братоў і сёстраў? Гэты калектыўны партрэт, занатаваны недзе ў мазжачку, для мяне як найкаштоўны рарытэт, ці не самае першае ўсведамленне сябе на гэтым свеце. А яшчэ самае першае самасцвярджэнне сябе, як асобы артыстычнай, здольнай выклікаць хвалю станоўчых эмоцый. Гэта мянушка – Артыстка, надоўга замацавалася за мной, кожны раз нагадваючы пра той грамнічны эксперымент: прабежку басанож па снежным покрыве лютаўскай марознай раніцай.

А пачалося ўсё з дзядулевых жартаў. Трэба аддаць належнае творчаму патэнцыялу маіх продкаў, якія не проста ведалі шмат прыказак, прымавак, прыслоўяў, казак і міфаў, але і даволі слушна іх выкарыстоўвалі ў штодзённым жыцці. Вось і тым ранкам дзядуля Фядось грымнуў сваім моцным голасам: “Прыйшлі грамніцы – скідай рукавіцы!” Бабуля Макрына запярэчыла, што не нап’ецца сёлета певень з лужыны вадзіцы, значыць і на Юр’е не наесца вол травіцы. Нехта з дзядзькоў падхапіў гутарку, маўляў, і добра, што няма адлігі, а то ўраджаю была б хвіга. Далей пачалі прыгадваць іншыя прыкметы, аздабляючы іх жартамі пра тое, што на грамніцы зіма з летам сустракаецца. Нехта пажартаваў, што, каб прагнаць са двара зіму, трэба выпусціць на снег распранутае і разутае дзіця. Пакуль старэйшыя ўнукі спрачаліся, каму бегчы на вуліцу, я падалася за дзверы. Вельмі ж хацелася пабачыць сустрэчу зімы з летам. Схапіўшы пугу, што валялася ў сенцах, пабегла праз сад да плота і пачала сцёбаць па гурбе, якая снежнай коткай выцягнулася на пярэнчынах паркана. Пачуўшы мамін голас, я азірнулася, але мамы не ўбачыла, бо клікала яна мяне праз адчыненую фортку, а праз шыбу глядзелі і смяяліся ўсе насельнікі дзедавай хаты.

Мае дзядулі і бабулі былі дужа набожныя людзі. Таму яны дакладна ведалі, што на самай справе грамніцы - гэта народная назва хрысціянскага свята Стрэчанне. І назву сваю яно атрымала не таму, што лета з зімой нібы сустракаецца ў гэты дзень, а ў гонар сустрэчы Старога і Новага запаветаў, Сімяона з Ісусам Хрыстом. У Евангеллі сказана, што на саракавы дзень пасля нараджэння Ісуса бацькі прынеслі яго ў храм, дзе іх сустрэлі праведны Сімяон і прарочыца Ганна. Старцу было сказана, што ён памрэ, як толькі ўбачыць Месію. Стрэчанне – гэта сімвалічная перадача духоўнай эстафеты Сыну Божаму. Адсюль і традыцыя асвячаць свечкі ў храме, як сімвал святла, што нясе з сабой вучэнне Хрыстова.

Але прымаючы ўсім сэрцам новае, мае продкі бераглі і вопыт многіх пакаленняў, шматлікія ўзоры вуснай народнай творчасці, добрыя традыцыі, якія сёння можна смела залічыць да вопыту здаровага ладу жыцця. Нават так званы праменад басанож па снезе – проста добрая загартоўка юнага арганізма. Сёння і медыкі пагаджаюцца, што кантрасны тэмпературны рэжым і масаж ступней – цудоўны аздараўленчы сродак.

Бабуля паўтарала: “Грамніцы – зімы палавіна, маразоў палавіца”. З гэтага дня сонца на вясну паварочвалася. Сяляне пачыналі пакрыху рыхтавацца да веснавых работ, мужчыны ладзілі барозны, жанчыны садзіліся за кросны.

У розных кутках нашай Бацькаўшчыны захаваліся свае адметныя традыцыі, гульні, спевы, прымеркаваныя да грамніц. На Барысаўшчыне, напрыклад, у вёсцы Нова-Янчына ладзіцца абрад “Жаніцьба коміна”. Жыхары ўпрыгожваюць печ, вырабляюць вялікія грамнічныя свечкі, якія перавязваюць ільном і асвячаюць у храмах. Старэйшая жанчына апырсквае ўсіх удзельнікаў “Жаніцьбы коміна” асвячонай вадой, жадаючы пры гэтым здароўя і дабрабыту. Некаторыя гаспадыні выпякалі ў гэты дзень печыва ў выглядзе сярпоў для дочак, у выглядзе косаў для сыноў.

Грамнічныя свечкі, ці проста “грамніцы”, асабліва шанаваліся ў народзе. Іх запальвалі з вераю ў Боскую дапамогу, іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла шлях на той свет і ачышчала душу ад грахоў. Лічыцца, што грамніца – спадарожніца змен і творчых імпульсаў, яна дапамагае перажыць час перамен, абараняе ад перашкод, натхняе на добрыя справы і ўчынкі.

Між іншым, у ЗША і Канадзе ў гэты дзень адзначаецца Дзень сурка. Калі сурок вылезе з нары і не спужаецца свайго ценю, то і вясна будзе ранняя, а калі не, то вясну давядзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.

А закончыць свой аповед хачу першымі радкамі верша “Грамніцы” сучаснай беларускай паэткі Людмілы Рублеўскай:

Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,

І звычай дзядоўскі нам час аднавіць.

Давай жа запалім грамнічныя свечкі –

І зло разам з цемрай ад нас адляціць…