Шануй сваё!
Какоры, сітнік, рагойш…
А вы таксама не ведаеце, што азначаюць гэтыя словы? Тады мая вам парада:
наведайцеся ў Залескі цэнтр этнакультурнай асветы “Спадчына”. Гэты асяродак
нацыянальнай культуры месціцца разам з сельскай бібліятэкай у будынку сельскага
Савета. Загадчык бібліятэкі-цэнтра Вольга Пачыкоўская не толькі патлумачыць
вам, што азначаюць асобныя словы, але раскажа яшчэ шмат пра што. І раскажа, і
прадэманструе, як і што рабілі з адпаведнымі экспанатамі гэтага цікавага
музейнага пакойчыка, што створаны энтузіястамі пры сельскай бібліятэцы.
Любяць наведвацца сюды школьнікі не толькі вясковыя, але і гарадскія, якім
у навіну, як калісьці вырошчвалі лён, які, аказваецца, гэта складаны
тэхналагічны працэс – ператварэнне льнотрасты ў тканіну.
На сённяшні дзень у каталозе наведвальнікаў бібліятэкі больш за 700
пастаянных чытачоў, а іх колькасць будзе расці, таму што Вольга Андрэеўна разам
са сваімі супрацоўнікамі і аднадумцамі ведае, чым прыцягнуць сёння як
вяскоўцаў, так і гасцей. Не толькі ў Залескіх ваколіцах, але часам і за межамі
нашага раёна шукалі і знаходзілі аматары даўніны розныя рэчы беларускага
побыту, што выйшлі з ужытку, але застаюцца важнымі сведкамі гісторыі і культуры
беларусаў. Для экскурсантаў тут падрыхтаваны некалькі расповедаў па розных
тэматыках. Напрыклад, пра тое, як апрацоўвалі ў даўнейшыя часы лён, якія
прылады выкарыстоўвалі. Створаны некалькі тэматычных экскурсій. Адна з іх пра
тое, як лён вырошчвалі, рвалі, вязалі ў снапы, малацілі пранікамі, сцялілі па
расе і чакалі пакуль ён “вылежыцца”, затым сушылі, трапалі траплом, ачышчаючы
ад кастрыцы, часалі…
У экспазіцыі сабраны прылады працы для апрацоўкі ільну ў мінулым. Тут калаўрот,
церніца, кросны, сукала, прасніца, матавіла і іншыя рэчы, без якіх не
абыходзілася ні адна гаспадыня. А майстравалі гэтыя прылады з вялікай дбайнасцю
і любоўю мужчыны-гаспадары. Некаторыя яшчэ і асабісты аўтограф пакідалі. Дзеля
чаго, можна толькі здагадвацца: можа, каб пахваліцца сваім майстэрствам перад
іншымі, а можа, з чыста практычнага пункту гледжання, каб часам хто-небудзь,
пазычыўшы, не забыўся вярнуць назад уласніку. Тым не менш, захаваліся выдатна
рэчы, што адслужылі свой тэрмін і састарэлі маральна, але не паламаліся, не
сапсаваліся. Можна яшчэ і цяпер выкарыстоўваць той жа калаўрот ці кросны.
Жывуць у Залессі і ваколіцах майстрыхі, чые рукі яшчэ памятаюць, як прасці
кудзелю, як ткаць на кроснах, як вышываць цудоўныя ручнікі-абярэгі. Ёсць у
экспазіцыі не толькі ручнікі, але і посцілкі, палавічкі, абрусы, вытканыя
калісьці продкамі залескіх жыхароў. Знайшлі тут сваё месца ліхтары, гліняны
посуд, іншыя рэчы з сялянкіх хат.
А яшчэ ў фондах цэнтра “Спадчына” ёсць цікавы альбом-каталог пра
старажытныя рэцэпты розных страў, якія рыхтавалі мясцовыя гаспадынькі і на
свята, і штодзень. Вось у гэтым альбоме і сустрэліся мне такія незразумелыя
словы і аказалася, што рагойш – гэта пірог з мясным начыннем. А сітнік – гэта
спецыяльны хлеб. Какоры – нешта накшталт пончыкаў. З цікавасцю даведалася пра
мясцовы рэцэпт самаробных сыроў, якія давялося неяк пакаштаваць на свяце вёскі.
І нічым не горшыя залескія сыры за галандскія, скажу я вам!
Ала СТРАШЫНСКАЯ.