Скарбы даўніны

Пад крыламі ветрака

 

Існуе сцвярджэнне, што ў старажытныя часы, калі не было метэастанцый, прадказвалі надвор’е земляробы і рыбакі. А ў Нідэрландах найлепшымі метэаролагамі спакон веку лічыліся млынары. Само жыццё прымушала іх быць назіральнымі, пільнымі, адсочваць любое змяненне кірунку ветру. Фрэд Аўдэганс называе сябе млынаром, хаця на справе ён дырэктар музея-млына. А калі мы ўзняліся па крутых прыступках амаль пад самы дах, то на фоне ветравога вала пад гукі палатняных крылаў-ветразяў Фрэд здаваўся капітанам вялікага карабля. Ён бясконца можа апавядаць пра гэта збудаванне, што стала сімвалам Галандыі, замілавана і натхняльна захапляючыся тварэннем розуму і рук чалавечых. І ўсведамляеш, што калі б не такія энтузіясты і аматары даўніны, то чалавецтва магло б незваротна страціць гэтыя элегантныя і вытанчаныя помнікі галандскай архітэктуры.

Ветракі Нідэрландаў – гэта своеасаблівы вадакачкі, вартаўнікі ўзроўню вады. Як вядома, за выключэннем пясчаных дзюнаў, практычна ўся паўночная Галандыя знаходзіцца на 1-4 метры ніжэй узроўню мора. У тыя часы, калі чалавек не меў у сваім распараджэнні магутных электрычных і дызельных помпавых сістэм і вада вярталася ў мора толькі падчас адліваў ці пры спадарожным ветры, трымаць ногі сухімі было вельмі праблематычна. Мора ўвесь час імкнулася праглынуць гэту невялічкую краіну, разбурала падчас шторму пабудовы, затапляла палі, вымывала пасевы. Асушэнне соцень гектараў зямлі і адвод вады сталі магчымымі з дапамогай складанай сістэмы каналаў, пратокаў з розным узроўнем вады, што запатрабавала высокай вынаходлівасці і цеснага супрацоўніцтва. Гідратэхнічны праект фінансавалі гандляры Амстэрдама, якія затым пабудавалі дамы на новай зямлі.

Высокія і зграбныя галандскія ветракі падкрэсліваюць характэрную рысу гэтага народа – эстэтычнасць ва ўсім, як у святочных убранствах, так і ў будзённасці.

Магутны млын Шермер, дзе працуе Фрэд Аўдэганс, пабудаваны ў 1634 годзе. Ён адносіцца да тыпу ветракоў-васьміграннікаў. Гэта азначае, што каркас збудавання складаецца з васьмі вертыкальных драўляных апор, аб’яднаных канструкцыяй нясучых бэлек, кранштэйнаў, папярэчных бэлек. Вятрак стаіць на цагляным падмурку, на якім размешчаны так званы архімедаў вінт і жолаб для стоку вады. Рухаючая частка – скрыжаваныя крылы на ветравым вале, на якую мацуецца і тармазное кола. Справа ў тым, што падчас моцных шквалістых ветраў трэнне адных частак драўлянай канструкцыі аб другія можа прывесці да пажару. Фрэд расказваў, як аднойчы не дагледзеў і толькі выпадковасць выратавала ад загарання. Адбылося няшчасце не ў музеі, а на другім млыне, які дырэктар музея выкарыстоўвае пад асабістае жыллё. Праўда, там мала чаго засталося ад старажытнасці, хіба толькі вонкавы выгляд. А ў ветраку-музеі можна адчуць сябе адкінутым на некалькі стагоддзяў назад. Каб пазбегнуць перагрэву дрэва, тут выкарыстоўваюць спецыяльную змазку – нутраное свіное сала. Шматкі яго вісяць і цяпер пад дахам кожнага ветрака.

Пастаяннае кругласутачнае абслугоўванне складанай гідратэхнічнай сістэмы патрабавала, каб тут увесь час знаходзіўся “дзяжурны”, таму млынары пастаянна жылі тут са сваімі сем’ямі. Жылое памяшканне знаходзілася ў ніжняй частцы збудавання. Дымаход каміна выводзіўся ўнутр корпуса млына, пры гэтым дым постаянна ўздзейнічаў на драўляныя канструкцыі, аберагаючы іх такім чынам ад вільгаці і шкодных драўнінных чарвякоў.

Ложкі, дзе спалі насельнікі гэтай унікальнай кватэры, убудаваны ў падабенства шафы, на ноч у іх можна зачыняцца. Міжволі ўспомніўся гістарычны факт, што калі расійскі цар Пётр І знаходзіўся ў Галандыі, то спаў у шафе. Даследчык меркаваў, што рускі цар, які вылучаўся высокім ростам, не мог прызвычаіцца да дамоў з высокай столлю. Аднак, убачыўшы жылы пакой млынара, я падумала, што найхутчэй, яго вялікасць проста кватараваў у аднаго з млынароў, заадно і вывучаў гідратэхнічную ўстаноўку з уласцівым для яго жаданнем набыцця новых ведаў. Вельмі шмат паўсюль драўляных чаравікаў – саба, якія таксама сталі сімвалам Галандыі. Сімвал сімвалам, а галандцы, асабліва жыхары сельскай мясцовасці, і зараз выкарыстоўваюць іх часцей, чым гумовыя боты, бо лічаць дрэва больш прыдатным і карысным для здароўя.

Сістэма кіравання млыном даведзена была да дакладнасці механізма гадзінніка. Тут ёсць рычагі, педалі і нешта накшталт штурвала на караблі. Каля гэтага штурвала і нагадваў найбольш “марскога ваўка” наш экскурсавод. На працягу стагоддзяў выпрацавалася нават мова сімвалаў, якімі млынары паведамлялі адзін аднаму або тым, хто бачыць іх вятрак, нейкія весткі. Зарплата млынара ў 70 гульдэнаў, была не вельмі вялікая, таму многія падпрацоўвалі ў мясцовых фермераў, калі дазваляла надвор’е, асабліва ў засушлівы час.

Вятры ў Нідэрландах і зараз выкарыстоўваюць для атрымання электрычнай энергіі. Паўсюль можна бачыць шарэнгі высокіх бетонных слупоў, на якіх высока падняты трохлопасцевыя генератары электрычнасці. У адной шарэнзе можна налічыць за сотню ветракоў, што знікаюць за даляглядам. З-за недахопу зямлі шмат ветраўстановак пабудавана ў моры. А старажытныя ветракі перададзены ў фонд сусветнай культурнай спадчыны.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

Ветракі.