Юбілей пісьменніка
Да 120-годдзя Машэ КУЛЬБАКА
За мяжой аседласці, на мяжы Сусвету
Кульбака-паэта,
Кульбака-празаіка і драматурга ведалі і любілі ў Мінску, Маскве, Варшаве, Вільні,
Коўне, Адэсе, Берліне, нават у далёкім Брукліне. Любілі і паважалі за яго неардынарную
творчасць, за жыццялюбства, за талент педагога і наватара. Яго творчае жыццё ад
першага апублікаванага верша “Зорачка” і да апошняй п’есы ахоплівае толькі два
дзесяцігоддзі. Творы Машэ Кульбака перакладзены на беларускую, літоўскую,
польскую, нямецкую, англійскую, французскую мовы.
Яго
забілі і доўгі час хавалі гэта, выкрэслілі яго імя, спалілі кнігі. Толькі, як
вядома, рукапісы не гараць, а надрукаванае і выдадзенае - тым больш. Аднаму
Богу дадзена права вырашаць, якім творам жыць, а якія павінны знікнуць.
Пра
настаўніка, паэта, драматурга, празаіка, філосафа Машэ КУЛЬБАКА сёння мала хто ведае.
У Вільнюсе аб ім нагадвае толькі ўстаноўленая на вул. Кармеліту, 5 мемарыяльная
дошка. Гэтаму гораду ён прысвяціў у свой час паэму, у якой называе Вільню так:
“Ты - псалтыр з жалеза і гліны, /Твая кожная сцяна – мелодыя, /Кожны камень
твой – малітва”.
А вось гэтыя
радкі нарадзіліся пад уплывам яго дзіцячых і юнацкіх уражанняў, атрыманых на малой
радзіме – на Смаргоншчыне:
“Дык слухай жа: тут кожны прут – жалейка,
І скрыпка – кожны камень каля шляха;
Звініць нарогам луг, спявае жнейка,
Блішчыць на градцы заступ нібы бляха,
А ў трыснягу заводзіць сваю песню
Маленькая няўрымслівая птаха…” (пераклад А. К.)
А што ведаюць
пра таленавітага творцу ў Смаргоні, дзе ён нарадзіўся, дзе атрымаў пачатковую
адукацыю і адкуль пачаўся яго шлях у вялікі свет? Кароткія звесткі можна
знайсці ў Кнізе “Памяць”, а яшчэ - у сёлетнім календары юбілейных і гістарычных
дат ёсць згадка пра 120-гадовы юбілей пісьменніка. Музейныя работнікі ды
краязнаўцы пра яго памятаюць.
Машэ Кульбак
пачынаў пісаць на іврыце, а потым перайшоў на ідыш. Ён не быў сіяністам. Ён
проста пісаў для свайго акружэння, на той мове, якая найбольш магла
адлюстраваць менталітэт, характар, яскравы гумар і музыку маўлення яго народа.
Нават у перакладзе на іншыя мовы творы таленавітага аўтара захоўваюць свой
“смак” і непаўторны каларыт. Перакладчыца Рахіль Баўмволь так выказвалася пра
літаратурны стыль Кульбака: “Кожны радок яго твораў спявае… У ім прысутнічае
рафініраваная еўрапейскасць і яўрэйская народнасць адначасова. Яго паэзія, як і
яго проза, - гэта новы ракурс у літаратуры”.
Нарадзіўся Машэ
Кульбак 20 сакавіка 1896 года, напрыканцы
яўрэйскага свята Песах – іўдзейскай Пасхі ў гонар сыхода яўрэяў з егіпецкага
рабства. Ці не таму ўсё яго жыццё – імкненне да свабоды, да ведаў, да справядлівага
свету і самасцвярджэння ў гэтым свеце. Яго продкі доўгі час жылі ў Смаргоні. І
дзед, і бабуля, і ўсе дзядзькі – смалакуры, плытнікі, гарбары. Бацька быў
малодшым з сямнаццаці родных братоў. Сам Машэ меў пецярых братоў і дзвюх
сясцёр. Трое старэйшых братоў з’ехалі ў 1913 годзе ў Амерыку. А ён у 1928 годзе
будучы даволі вядомым у многіх краінах свету аўтарам з марай пра новую эру
накіраваўся ў Савецкую Беларусь.
Ці не
найбольшую славу Кульбаку прынесла кніга “Зелмяняне”, якую ён пісаў “на злобу
дня”. Патрабавалася паказаць, якое шчасце прынесла ў кожны дом і ў кожную сям’ю
савецкая ўлада. Ён захапляўся вобразам “бронзавых хлопцаў”, мужнымі
стваральнікамі новай эры, але з-пад пяра таленавітага і шчырага пісьменніка
выходзілі праўдзівыя радкі, якія нельга далучыць да марксізму. Вучань Машэ
Кульбака Веніямін Пумпянскі ўспамінаў, як сам аўтар выказваўся пра гэту сваю
работу: “Адной рукой пішу, а другой трымаюся за жывот”.
Іскрысты гумар
пісьменніка адначасова вельмі пяшчотны, добры, паблажлівы. Няма нават намёка на
сатыру. Іранізуючы над забабонамі і адсталасцю зелмянянаў, ён з уласцівай
толькі яму дасціпнасцю апісвае бытавыя сцэны. Варта згадаць хоць бы пра
завяшчанне, якое галава сямейства рэб Зелмен-Эля напісаў на пераплёце
малітоўніка: “Я маю намер сам, пакуль яшчэ жывы, падзяліць паміж маімі дзецьмі
ўсё, што застанецца пасля маёй смерці. Я лічу, што павінна быць так: мае дзеці
застаюцца жыць на маёй палове… Маё месца ў сінагозе няхай прададуць і возьмуць
за яго сто пяцьдзясят цалковых. Акрамя таго, у мяне ў печцы пад шостай цаглінай
схавана адна тысяча цалковых. Дык няхай іх падзеляць так: майму сыну Ічэ – сто
пяцьдзясят цалковых, таму што Іча ўжо браў 150 цалковых у кошт спадчыны;
астатнім сынам – па дзвесці цалковых, дочкам – па сто цалковых. А Гурвіцу няхай
аддадуць сто шэсцьдзясят цалковых, якія я ў яго ўзяў, каб даць сыну свайму Ічэ
ў кошт спадчыны”.
Іншы раз пісьменнік
шчыра забаўляецца, малюючы недарэчнасці ў паводзінах людзей перад “пладамі”
тэхнічнага прагрэсу. Для двара Зялмненавых з’яўленне электрычнасці, радыё і
першы трамвай былі дзівосамі больш уражваючымі, чым для нас поўзенне лунахода
па месяцу. “…Бабулю Басю электрычнасць уразіла, як удар маланкі. Яна сядзела
па-зімоваму захутаная і завязаная, глядзела шырока расплюшчанымі вачыма на
лямпачку і казала: “Тут мне больш няма чаго рабіць. Трэба накіроўвацца да
свайго таты…” Дзядзя Іча пры гэтым разгубіўся і пачаў яе адгаворваць, маўляў,
куды ты пойдзеш у такую цемень?
Чытаючы твор,
спачатку губляешся ў колькасці імёнаў і персанажаў, аднак характарыстыкі іх
настолькі своеасаблівыя, сочныя, дакладныя, што вобразы надоўга ўразаюцца ў
памяць. Двор Зялменавых на ўскраіне горада – гэта цэлая вуліца драўляных дамоў,
паграбоў, хлеўчыкаў – ці не такія карцінкі бачыла я на старажытных фотаздымках
Смаргоні міжваеннага перыяду? Мясцовыя жыхары і сёння ведаюць, што ў той час
большасць насельніцтва горада была яўрэйскай нацыянальнасці. Сёння сітуацыя
іншая, аднак у гаворцы смаргонскіх ураджэнцаў-старажылаў яшчэ праскокваюць
часам такія адметныя жарты з прысмакам яўрэйскага гумару.
А што да Машэ
Кульбака, то ў яго творах, асабліва вершах, прысутнічае лірычны пачатак і
вельмі эмацыянальнае ўспрыманне навакольнага свету. Успрыманне такое ўласцівае
сентыментальнаму тутэйшаму люду.
А
ноч якая! І іграе нябесная сіняя скрыпка
і
снежная віяланчэль…
За
тысячы вёрстаў дзіця маё бачыць
мяне
і
ціха смяецца…
Найлепшыя
творы становяцца народнымі. Так здарылася і з вершам “Зорачка” (“Штэрнд”),
упершыню апублікаваным у 1916 годзе ў Вільні. Верш стаў народнай песняй.
Першапачатковую мелодыю напеў сам паэт. Наогул, у яго да многіх аўтарскіх
вершаў былі свае мелодыі. З музычных тэм пачыналіся яго вершы, нібы душа
спачатку настройвалася на нейкія нябачныя касмічныя хвалі, і на фоне гэтых
медытацый нараджалася паэзія. Таму гэтыя радкі вечныя, імі можна і сёння
прызнавацца ў каханні:
Да
белага запясця ў цішыні
Схіляюся,
і кроў бяжыць хутчэй.
Вось
так схіліўшыся застануся навек
Я
перад той, што мне за ўсіх ярчэй.
Першапачатковую
адукацыю Машэ Кульбак атрымаў у яўрэйска-рускай казённай школе, затым у
Валожынскай і Мірскай ешывах. Потым выкладаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. Падчас
Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у яўрэйскім доме для сірот у Коўне.
У 1920 годзе пачынаючы пісьменнік пераехаў у Берлін. У гэты час ім напісана
паэма “Беларусь” і падрыхтаваны да выдання зборнік вершаў. У 1923 годзе Кульбак
накіроўваецца ў Вільню, дзе быў моцны культурны яўрэйскі асяродак. Тут ён
выкладаў у яўрэйскіх гімназіях і настаўніцкай семінарыі, выступаў з лекцыямі,
публікаваў артыкулы пра яўрэйскую літаратуру. У 1927 годзе яго абралі старшынёй
Глабальнага яўрэйскага ПЭН-клуба. У гэты перыяд з’яўляюцца з-пад пяра творы на
гістарычныя тэмы з філасофскім падтэкстам, матывамі фальклору, элементамі
містыцызму.
Са слязамі на
вачах яго вучні і сябры развітваліся з Машэ Кульбакам, калі той, ад’язджаў у
Беларусь, дзе ў яго была вялікая радня. Пісьменнік лічыў, што яго месца там, ён
спадзяваўся, што СССР будзе для яго краінай вялікіх магчымасцей. Аднак не
пройдзе і дзясятка гадоў, як ён стане першай ахвярай рэпрэсіўнага апарата. 11
верасня 1937 года яго арыштавалі, а 29 кастрычніка растралялі як ворага народа.
П’есы, напісаныя ім, былі зняты з рэпертуару ўсіх яўрэйскіх тэатраў. Кнігі
знішчаны.
У Машэ
Кульбака было двое дзяцей: сын Эля і дачка Рая. Пасля смерці бацькі, а ў хуткім
часе і маці яны апынуліся ў дзіцячым доме, адкуль іх затым забрала цётка Тоня.
Падчас Другой сусветнай вайны Раі дзіўным чынам удалося выжаць. А Элю разам з
бабуляй, дзядулем, цёткай Тоняй і яе дачкой Матусяй фашысты растралялі ў 1942
годзе. Рая не памятала свайго бацьку і таму ўсё жыццё па крупінках збірала
ўспаміны пра яго.
Машэ Кульбак
быў аўтарам адметным. Ён любіў навакольны свет, любіў гульню слоў, любіў
філасофскія разважанні і цешыўся сваім адкрыццям, трапным вобразам, народжаным
уяўленнем і багатай аўтарскай фантазіяй.
“Што такое
чалавек? – разважае Кульбак. – Жменька крохкіх костак. І ўсё ж ён марыць,
спявае, стварае… Так, чалавек смертны. Але ёсць гукі музыкі і ёсць захапленне
перад ведамі, і вечныя пытанні: хто ты і што ты?”
Ала КЛЕМЯНОК.