Род і народ

 

Масленіца

 

Ва ўсіх славянскіх народаў самым вяселым было свята Масленіца (Масленка, Сырная сядміца, Запусты). На Беларусі Масленіца не такая разгульная, як у Расіі, але таксама даволі вясёлая. У нас яе ўсё ж часцей называлі Запусты.

Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да Вялікага посту. У стражытныя часы хрысціяне вельмі адказна пасціліся, прычым не толькі абмяжоўваючы сябе ў ежы, але стрымліваючыся ў паводзінах. Таму перад Вялікім пастом моладзі прадастаўлялася магчымасць павесяліцца, а ўсім хрысціянам памірыцца, дараваць крыўды, падрыхтавацца да пакаяннага шляху.

Сёлета Масленіца пройдзе з 16 па 22 лютага. Гэтыя дні трэба прысвяціць дабрачыннасці, душэўным стасункам з блізкімі і роднымі, сябрамі.

Некаторыя даследчыкі прымяркоўваюць гэта хрысціянскае свята да наступстваў паганства. Але, як піша мастацтвазнаўца Марыя Жабінская, вытокі Масленіцы трэба шукаць толькі ў хрысціянскіх часах, бо не магло нейкае паганскае свята пастаянна мяняць дату, месяц і кожны год цягацца за Вялікім постам. Да таго ж няма ніякіх рытуалаў у катанні на санках з горак, будаванні снежных гарадкоў і нават спальванні пугала-лялькі. Такія факелы найхутчэй запальвалі прыцемкам, каб асвятляць пляцоўку, дзе бавілася моладзь.

У беларусаў, якія заўжды мелі больш цесныя кантакты з Заходняй Еўропай, чым расейцы, былі істотныя адрозненні як у забавах, так і ў сталаванні. Напрыклад, напачатку XVIII стагоддзя ў навучальных установах у час Запустаў ставіліся драмы, п’есы, сюжэты якія мелі сваю мараль і нагадвалі маладым людзям, што ўсялякія забавы падчас паста вядуць у пекла. Культурнае жыццё заканчвалася ў пост, калі для вернікаў надыходзіў час спакою і малітвы. На нашых тэрыторыях не было прынята так шмат увагі надаваць застольным пасядзелкам, з чаго асобныя даследчыкі рабілі выснову, што беларусы ўсё з’ядалі падчас Куцці, таму на Масленіцу нічога не заставалася.

На самай справе, бліны – даволі прывычная ежа. А ў свята хацелася чагосьці лепшага. Таму гаспадыні ў нас выпякалі пончыкі або па-іншаму “пампухі”. Гэта адна са страваў, якія непарыўна звязаны з традыцыяй Тлустага чацвярга і Запустаў. Стандартны пончык важыць каля 50 г. Часта ў іх дадавалі начынку: арэхі, варэнне, пудынг, сыр, узбітыя вяршкі. Як згадваў летапісец «сармацкіх» звычаяў ксёндз Анджэй Кітовіч, гарадскі пончык (гордасць віленскіх і варшаўскіх цукернікаў) «быў такі лёгкі і эластычны, што калі сціснуць яго ў руцэ, ён ізноў выпростваецца, прымаючы пачатковую форму, а вецер мог здуць яго з паўміскі». А вясковы нібыта атрымліваўся такім чэрствым, што, кінуўшы ім жартам у суседа, можна было набіць таму гузак. Але гэта, відаць, толькі звычайныя кпіны гараджанаў з вяскоўцамі.

А яшчэ, памятаю, што мае бабулі выпякалі ў гэта свята хрушчы. Хрусты (хрушчы, фаворкі). Вось адзін рэцэпт: 300 г мукі, 3 лыжкі густой смятаны, 5 жаўткоў,1 лыжка масла, 1 лыжка гарэлкі, 500 г алею або іншага тлушчу для смажання, цукар-пудра. Трэба прасеяць муку праз сіта горкай, зрабіць паглыбленне. Уліць смятану, жаўткі, растопленае масла і гарэлку. Старанна перамяшаць, а потым збіваць цеста рукой або скалкай, пакуль яно не пачне адставаць ад рук і не з’явяцца «бурбалкі» паветра (каля 10 хвілін). Падзяліць цеста нажом на некалькі частак і развалкаваць на вельмі тонкія бліны (таўшчынёй каля 2 мм). Пакраіць на палоскі шырынёй каля 2–3 см і даўжынёй 15 см, у кожным зрабіць надрэз пасярэдзіне, уздоўж, на 5 см, праз які працягнуць адзін з канцоў. Моцна разагрэць алей і смажыць хрушчы да залацістага колеру, партыямі, пераварочваючы. Вымаць адмысловай лыжкай або друшляком, даць сцячы алею. Выкладаць на папяровай сурвэтцы. Пакуль гарачыя пасыпаць цукрам-пудрай.

Апошняя нядзеля перад пачаткам Вялікага поста называецца сырапустнай. У праваслаўных хрысціян заканчаецца ўжыванне малочных прадуктаў. У гэты дзень пасля вячэрняга богаслужэння адбываецца асаблівы чын даравання, калі святары і прыхаджане ўзаемна просяць даравання, каб уступіць у Вялікі пост з чыстай душой.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

alaklemianok@bk.ru