Вяртанне
да вытокаў
Гаспадар “Мядовага кута”
А вы
памятаеце, чым заканчваецца раман Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў
Гародні”? Дазвольце, нагадаю. Юрась Братчык, ён жа мужыцкі Хрыстос, пасля ўсіх
прыгод пасяліўся разам з жонкай Анеяй на сваёй зямлі, на хутары дзесьці на мяжы
Белавежы з Палессем. І жылі яны вольным сапраўдным жыццём, здабываючы хлеб
надзённы ўласнымі рукамі ў чаканні святла. Так і мой добры знаёмы майстар
спорту па вольнай барацьбе, спецыяліст у галіне фінансаў, палітолаг Артур
Папок, паспытаўшы ў жыцці шмат чаго, аднойчы з’ехаў з шумна - вірлівага Мінска
ў сельскую мясцовасць. Нехта з усмешкай скажа: “Вось дык псіхануў!” А ён
упэўнены, што якраз з пераездам у вёсачку Алянец, што на Смаргоншчыне, скончыліся
яго псіхі і пачалося насамрэч добрае спакойнае жыццё, якое ён смакуе напоўніцу.
Хатка пабудовы
1939 года на выселках Алянца прыглянулася яму яшчэ 15 гадоў таму, калі працаваў
на фірме “Эліс” у суседнім Залессі. Месца казачнай прыгажосці ў атуленні
старажытнага лесу, за якім нясе свае воды авеяная легендамі Вілія, а
па-мясцоваму - Вялля. Адразу за падворкам старыца-балотца, куды штолета
прылятаюць белыя чаплі, птушкі са слоў Артура, па грацыёзнасці нашмат
прыгажэйшыя за ружовых фламінга. Нават смарагдавы мох на даху хаты надае
прывабнасць ландшафтнаму дызайну.
Грошы хапіла,
каб набыць яе, але, каб адрамантаваць, добраўпарадкаваць, пашырыць да
аграсядзібы патрабаваліся вялікія фінансавыя ўкладанні. Усе гэтыя гады Артур
шукаў магчымасць зарабіць грошы ў сталіцы і нават за межамі краіны. Ды нешта
заўжды не атрымоўвалася, не выходзіла так, як хацелася. Пацучыныя гонкі за
прыбыткам вымуштравалі канчаткова. А вясковы падворак часта сніўся, нібы
крыўдуючы на свайго нядбайнага гаспадара. Аднойчы, усёй душой адчуўшы крыўду
закінутага кавалачка сваёй зямлі, гаспадар прыехаў і …застаўся назаўжды.
- Я раптам
зразумеў, што ніколі не зараблю тых “бабак”, пра якія марыў, таму пачаў без
пачатковага капіталу, без крэдытаў, без спонсараў, разлічваючы толькі на
ўласныя сілы, на свае веды і вялікае жаданне мець жытло ў гэтым маляўнічым
месцы.
Урбаністычныя
схільнасці паступова саступалі месца вясковаму ўкладу. Вёску з яе асаблівасцямі
наш герой зусім ня ведаў, бо быў ад нараджэння мінчуком. Тыя наведванні і
вакацыі ў сяле ўкраінскай бабулі ў разлік не бяруцца, бо прападаў хлопец там
выключна на стайні, дзе з задавальненнем даглядаў коней і гуляў у індзейцаў. Інакш,
як экстрымам такую змену жыцця не назавеш. Але, як лічыць сам Артур, кожны
чалавек здольны на многае, калі не лянуецца і ўмее выкарыстоўваць свае веды,
вопыт, а як раптам іх не хапае – шукаць і знаходзіць патрэбную інфармацыю ў
першакрыніцах ці ў інтэрнеце. Былі, вядома ж, моманты, калі даводзілася ў
прамым сэнсе выжываць. Тады збіраў па лесе паваленыя сухія дрэвы, калоў іх і
прадаваў вясковым бабулям.
Сёння грошы на
жыццё наш уцякач зарабляе онлайн-выкладаннем польскай мовы, перакладамі з
польскай і на польскую, з беларускай і на беларускую. Харчаванне, за малым
выключэннем – натуральныя прадукты з уласнага агарода і пчальніка. Хатняй
жывёлы не трымае, таму, што часу даглядаць за ёю не хапае, бо ён займаецца
будоўляй і добраўпарадкаваннем. Дарэчы, ад першапачатковай мары стварыць тут
рэкрэацыйную аграсядзібу з мядовай лазняй Артур не адмаўляецца. І назва
адпаведная ёсць – “Мядовы кут”.
Змяніўшы статус
гарадскога, прычым сталічнага, жыхара, наш герой тэмп жыцця не памяняў. Яго
дзень пачынаецца а шостай гадзіне з сілавой гімнастыкі, а мотым цэлы дзень, як
Артур кажа, “халяўны фітнэс”: каса, сякера, рыдлёўка… Ён упарта і
мэтанакіравана будуе сваю сядзібу. Сам робіць няхітрую мэблю, рэстаўруе
старажытную, якую знаходзіць па закінутых вёсках. З дрэвам ён працаваць заўсёды
любіў – адзін з бізнесаў, якім займаўся ў сваім жыцьці быў вытворчаць драўляных
дзвярэй. Тут, на сядзібе, свае ўмельствы значна ўдасканаліў. А калі зразумеў,
што са старой печкай трэцюю зіму не перазіму, – стаўся пячніком і сам яе
адрамантаваў! Яго маці, Тамара Васільеўна, што летні адпачынак бавіць на
сынавай сядзібе, неяк згадала, што ягоныя дзяды дасканала валодалі гэтымі
прафесіямі. Артур смяецца, што чакры на свежым паветры адкрыліся і спадчынныя
ўменні праявіліся ва ўнуку.
Неўпрыкмет вырас
другі паверх над будынкам былога хлява, дзе зараз будзе лазьня. У вокны другога
паверху зазіраюць дубы.
Артур
прызнаецца, што дарос да класічнай музыкі і ўвечары развіваецца ў гэтым
кірунку, адкрываючы для сябе новыя імёны кампазітараў і космас іх творчасці.
Чалавек жыве з
асалодай і ў поўнай гармоніі са светам, а забаўляюць і ахоўваюць яго спакой
котка Чара і сабакі Стаўры і Рэйдар.
І ўсё ж як бы не
паэтызаваў мой суразмоўца свой лад жыцця, складана было паверыць, што гэта мяжа
яго мар. Разбіў мой недавер Артур пераканаўчай рэлікай на развітанне:
- Чалавеку
насамрэч для шчасця многа не трэба. Задавальняць свае фізіялалічныя патрэбы,
мець нейкую статуснасць, пражываючы ў сталіцы, зарабляць шмат грошай, якія гэта
сталіца з вялікай колькасцю спакус вымывае ўшчэнт – хіба ў гэтым шчасце?
Навошта табе грошы, калі ты не можаш рабіць дабро? Навошта багацце, якое акрамя
галаўнога болю нічога не дае? Я маю чыстую ваду, свежае паветра, якім дыхаю не
надыхаюся. Побач лес, дзе грыбы і ягады. Рака, дзе ёсць рыба. Сябры прыязджаюць
і зайздросцяць, радуюцца хараству навакольнай прыроды. Я больш не хачу ў
гарадскую мітусню! Мне тут камфортна, бо я тут запатрабаваны. Я тут ЖЫВУ!
Халодны
восеньскі дожджык насычаў паветра вільгаццю, смарагдавы дах стогадовай хаткі
выпраменьваў зялёнае святло, якое неўпрыкмет вібрыравала пад гукі “Метамарфоз”
Філіпа Гласа, што выплывалі з прыадчыненых дзвярэй, каля якіх стаяў і шчасліва
ўсміхаўся гаспадар – чалавек, які знайшоў сэнс жыцця, знайшоў сябе.
Ала КЛЕМЯНОК.
Артур
Папок . Фота
аўтара.