Музей для дваіх

“Хіба на вечар той можна забыцца…”

 

Адразу шчыра прызнаюся, што да ўсялякіх замежных “імплантантаў” у нашу нацыянальную культуру стаўлюся без асаблівага энтузіязму. Таму з пэўнай доляй іроніі паўдзельнічала ў конкурсе да Дня закаханых, абвешчанага мінскім літаратурным музеем Пятруся Броўкі. Проста была даволі працяглая рэпрыза паміж мерапрыемствамі і справаздачамі з іх у газету, і я вырашыла крыху павесяліць музейных работнікаў, даслаўшы ім, як таго патрабавалі ўмовы конкурсу, наш з мужам фотаздымак і верш Броўкі з адпаведным зместам да яго. Мяркуючы, што канкурсанты будуць пераважна маладыя і крэатыўныя, была ўпэўнена, што фотка дзядулі з бабуляй рассмешыць ініцыятараў конкурсу і прыўздыміць іх настрой. Якое ж было маё здзіўленне, калі напярэдадні свята мне патэлефанавалі і запрасілі на рамантычны вечар у музей на вул. Карла Маркса, 30. Менавіта ў кватэры па гэтым адрасе жыў з 1952 года слынны беларускі паэт са сваёй сям’ёй.

Наведацца ў музей была яшчэ адна нагода. Сёлета грамадскасць будзе адзначыць 110-годдзе з дня нараджэння таленавітага паэта, вядомага навукоўцы і грамадскага дзеяча Пятруся Броўкі. Найлепшым падарункам для творчых людзей можа быць толькі ўдзячная памяць нашчадкаў і аматараў паэзіі за асалоду, што дорыць іх творчасць праз дзесяцігоддзі. У дзень святога Валянціна тэматычным кірункам была вызначана любоўная лірыка паэта, а значыць, і яго муза – верная і прыгожая жонка Алена Міхайлаўна. Багатая грамадска-палітычная і навуковая дзейнасць сцішана прытулілася ў энцыклапедычных тамах экспазіцыі гасцёўні, у аркушах багатага фонду на палічках бібліятэкі і кабінета. Перад намі прадстаў Пятрусь Броўка – душэўны лірык, эмацыянальны, чулы і шчыры ў сваіх пачуццях.

Не часта выпадае нам, правінцыялам, правесці суботні вечар у сталічным музеі. Тым больш, правесці яго ў якасці гасцей, якім з парога кажуць: “Будзьце, як дома!” Не забывацца пра тое, што ўсё ж мы ў гасцях, дапамагаў экскурс па музейных пакоях, які ладзілі для нас малодшы навуковы супрацоўнік Лізавета Вішэўская, захавальнік фондаў, а па сумяшчальніцтве фатограф, Вольга Іванова і скрыпачка Таццяна Амельяненка. Толькі на імгненне з’явілася загадчык музея Наталля Мізон і чароўным чынам знікла разам з экскурсаводамі, пакінуўшы нас каля згустоўна сервіраванага круглага століка насупраць акна ў парыжскім стылі, з якога адкрываўся прыгожы выгляд на вячэрні Мінск. Утульны куточак баларускай сталіцы цешыў вочы сотнямі рознакаляровых агенчыкаў, павольнай плынню аўтамабіляў, выхаванасцю пешаходаў, якія паслухмяна чакалі зялёнага агенчыка светлафораў. Вядома ж, у часы калі тут жыў слынны гаспадар, вулічная карцінка была крыху іншай, не было такога інтэнсіўнага руху. Але ў атмасферы захаванага інтэр’ера кватэры здавалася, што вось зараз за плячыма пачуецца голас Пятра Усцінавіча і народны паэт далучыцца да нашага чаепіцця. Замест гэтага загучала скрыпка. Жывыя гукі выразна-пяшчотнага інструмента напоўнілі музей “Вечным каханнем” Шарля Азнавура, хвалюючай музыкай Фрэнка Сінатры, Пятра Чайкоўскага, Карласа Гардэля.

Шчыра прызнаюся: такога выдатнага рамантычнага вечара за больш як два дзясяткі гадоў сумеснага жыцця мы с мужам не мелі. За гэта вялікі дзякуй супрацоўнікам літаратурнага музея. А для тых, хто не любіць банальнасці, мая парада: ідзіце ў музей!

Ала КЛЕМЯНОК.