Ноч музеяў у Залессі
Музыка Паўночных Афінаў
Аднавіць,
рэстаўрыраваць, вярнуць адпаведны інтэр’ер у сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага
– справа складаная і карпатлівая. Але не лягчэй, напэўна, вярнуць сюды дух той
эпохі і адрадзіць у гэтых сценах атмасферу Паўночных Афінаў. Чарговая такая
спроба была здзейснена супрацоўнікамі музея-сядзібы М. К. Агінскага падчас так
званай ночы музея.
Сцэнар
імпрэзы напісала і ўвасобіла з дапамогай энтузіястаў і шчырых прыхільнікаў
творчасці Міхала Клеафаса, навуковы супрацоўнік залескага музея, перакладчыца і
пісьменніца Таццяна Кляшчонак. Яна ўзяла на сябе функцыі галоўнага рэжысёра і
мастацкага кіраўніка. Ролі гаспадароў палаца, іх яснавяльможных сяброў і
творчай эліты старасветчыны выконвалі пераважна супрацоўнікі музея. Далучыліся
да іх пазней “паны” з Гродна і Мінска.
У прызначаны
час князь Міхал Клеафас Агінскі і яго чароўная жонка Марыя дэ Неры прывіталі
гасцей на імправізаванай сцэне ва ўтульным дворыку сядзібы. Пазітыўны настрой
стварыў сваім выступленнем і спевамі паэт-песеннік з Мінска Кастусь Цыбульскі.
Гумарыстычна-пазнавальнае шоу засцянковай шляхты з Ашмяншчыны з экскурсіяй па
парку і ваколіцах захапіла ўсіх прысутных. У каміннай зале ладзілася тэатралізаваная
музычна-паэтычная гасцёўня, дзе ўсе жадаючыя пачытаць свае творы далучаліся да
персанажаў імпрэзы: Аляксандра Ходзькі і Адынца, пісьменніцы Габрыэлі Пузыны і
яе сястры Матыльды Бучынскай з Гюнтэраў.
Пасля
касцюміраванай экскурсіі па пакоях палаца, якую распачаў старшы навуковы
супрацоўнік музея Васіль Грыбанаў, што выконваў тут ролю сына гаспадара Ірэніўша,
гасцей чакала прадстаўленне народнага тэатра “Батлека”. Анёлак Ангеліна Кенька
з дапамогай артыстаў-лялечнікаў распавядала гісторыю лёсу аўтара славутых
паланэзаў.
Уражаныя
наведвальнікі музея, у тым ліку і госць з Францыі, не маглі хаваць захаплення
ад убачаннага. Мюсье Гі Салай (дарэчы, нашчадак старасвецкага арыстакратычнага
роду) прызнаўся, што даўно не адчуваў такіх узнёслых эмоцый ад высокагустоўнага
і прафесійнага шоу, якое ён меў шчасце назіраць у Залессі.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.