Род і народ
Чаму мяне ў жачкі не пускалі
Вялікдзень асабіста для мяне – гэта найперш пах булак. Маміных – з карыцай
і павідлам, бабуліных – маласалоджаных “без нічога”. І хоць галоўны “брэнд”
свята – менавіта чырвонае яйка - памяць захавала разнастайнасць колераў
і ўпрыгожванняў пісанак. Вынаходлівыя гаспадыні прыдумвалі розныя хітрыкі, каб
стварыць сапраўдны шэдэўр: перад тым, як варыць яйкі ў настоі цыбульнага
шалупіння наносілі на іх воск або налеплівалі лісцейкі пятрушкі, іншай першай
зеляніны, шчыльна “запакаваўшы” ў старую капронавую панчоху. Самыя яркія і
прыгожыя пісанкі былі заўжды ў католікаў, якія мелі на той час сувязі з
Польшчай, адкуль ім прысылалі харчовыя фарбы і розныя налепкі. На нашай маладзечанскай
вуліцы Стары Свет Вялікдзень святкавалі два разы на год, бо ў роўнай колькасці
было праваслаўных і каталікоў, а нам, дзецям, была магчымасць пахваліцца тым,
чыя мама лепшая гаспадыня, і накаштавацца суседскай смакаты. І хоць афіцыйна
свята было забаронена, але яго атмасфера пахам свежых булак ахутвала кожны дом.
Апалудні звычайна з сястрой беглі да бабулі ў жачкі, дзе нашы стрыечныя
браты і сёстры ўжо выбіралі з кошыка самыя моцныя востраносыя яйкі, каб затым,
гуляючыся ў біткі, расквасіць ушчэнт нашы прыгожыя пісанкі. Есці потым гэту
гару яек выпадала мамінаму брату, які жыў пры сваіх бацьках, бо працаваў у
горадзе. Аднойчы дзядзька Сяргей пажартаваў: “ Ну вось, перабілі вар’яты малыя
ўсе фарбаваныя пачастункі, няма чаго ў вёску сваім завезці. Ідзіце цяпер у
жачкі па хатах, нясіце мне целыя!” І мы са стрыечным братам Віцькам, прыхапіўшы
нейкую торбачку, сабраліся выконваць загад. Як раптам грымнуў моцны дзядуляў
голас: “Што? Не дазволю такой ганьбы, каб Уладыкавы ўнукі жабравалі! Бач, што
ўдумалі! Вы што пагарэльцы ці галота якая?” Бабуля Макрына дыпламатычна
ўстаўляла пару слоў і сваімі пышнымі формамі прыкрывала наш пабег. Па хатах мы,
вядома ж, не хадзілі, паважаючы дзядуляў аўтарытэт, але фарбаванымі яйкамі і
рознымі прысмакамі мяняліся з суседскімі дзецьмі.
Над сэнсам слова “жачкі” задумвацца я пачала значна пазней. Не знайшоўшы ні
ў якіх даведніцкіх крыніцах пэўнага тлумачэння, пагадзілася са сваім дзядулем,
што “жачкі” скарочаная форма ад памяншальна-ласкальнага “жабрачкі”. Ды і сэнс
валачобніцтва мала чым адрозніваецца ад папрашайніцтва. Наогул, у беларусаў з
пакон веку існуе прыкмета, што ў выглядзе жабрака ў святочны дзень ці то на
Куццю, ці на Каляды, ці на Вялікдзень, можа прыйсці сам Гасподзь, таму лічылася
вялікай благадаццю, калі на твой падворак завітаў гэтым часам які валацуга. Падзяліцца
ад багатага стала кілбасамі, пірагамі, печывам і іншай смакатой нікому не
шкада. Для дзяцей жа, чый розум не быў абцяжараны прымхамі, звычайна такое
валачобніцтва было толькі гульнёй. Некаторыя нават вершык спецыяльны
расказвалі:
Я – маленькі жачок,
я – божы рабачок,
скачу, як жабка,
дай яечка, бабка!
Дзядуля Фядось са сваёй шляхетнай ганарыстасцю і думкі не дапускаў, каб яго
ўнукі, няхай сабе і дзеля гульні, папрашайнічалі. Да рэлігійных святаў ставіўся
сур’ёзна, Біблію чытаў удумліва і нам, сваім унукам, тлумачыў евангельскія
прытчы, сэнс Божых запаветаў. Пасху, або Вялікую нядзелю лічыў найважнейшым
святам, бо ў гэты час спаўняецца важная таямніца хрысціянскай веры. Уваскрашэнне
Хрыста – галоўны довад здзяйснення збаўлення, трыумф жыцця над смерцю і шанец
для кожнага на вечнае жыццё. Але, каб атрымаць гэты шанц, па словах дзядулі,
трэба прыняць Хрыста ў сэрца сваё, жыць і працаваць па яго законах: сумленна,
справядліва, добрапрыстойна, удзячна.
І сёння, калі паўстае праблема, якую я не ў сілах вырашыць, успамінаю словы
дзядулі: “Уваскрэслы Хрыстос цябе ніколі не пакіне. Ён чакае тваёй малітвы і
жадання размаўляць з Богам.”