Рэха балю
Паланэз вяртання на Радзіму
Няма, напэўна, такой дзяўчынкі, якая б не
марыла трапіць на цудоўны баль. Па тым, як загараюцца вочы ў маіх сябровак
саліднага ўзросту пры напаміне пра баль у “Паўночных Афінах”, я зразумела, што
гэта мара ніколі не пакідае жаночае сэрца. Не ва ўсіх, як у казачнай Папялушкі,
ёсць мецэнатка-Хросная, што падорыць сукенку, пальчаткі і туфелькі (каб не
парушаць патрабаванні дрэс-коду). Але хто вельмі хацеў, той не пашкадаваў сродкаў
і атрымаў сапраўдную асалоду ад наведвання балю ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса
Агінскага ў Залессі.
Згадваючы пра балі ў князя Агінскага, Ян
Баршчэўскі ў сваёй кнізе “Шляхціц Завальня” пісаў, што гаспадар запрашаў да
сябе заўжды толькі прыстойных гасцей і толькі шляхецкага паходжання, нават калі
яны і не дужа багатыя. Па шыкоўных строях і ганарыстых паставах большасці
прысутных нельга было вызначыць іх радаслоўную, тым не менш, па таму, як усе
кінуліся танчыць паланэз і мазурку, мне падалося, што я адзіная тут сялянка.
Запрасіўшы мяне на паланэз, яснавяльможны пан Зянон Грышкевіч (а «в миру» старшыня Залескага сельсавета Зянон Зянонавіч)
увесь час тактоўна стрымліваў мой імпэт, не абмежаваны бальным статутам.
У атмасферы шляхетнай вытанчанасці, салоннай
музыкі, прыгожых стасункаў паступова пачынала адчуваць сябе што называецца “ў
тэме”. І ўжо хацелася звяртацца да прысутных тут намесніка старшыні
райвыканкама Генадзя Бычко, яго галоўнай памочніцы ў арганізацыі імпрэзы
Таццяны Ражавай, дырэктара дабрачыннага фонду “Паўночыная Афіны М. К.
Агінскага” Алы Шыцікавай не па імені па-бацьку, а менавіта “пан” і “пані”. Што
да ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна, знакамітага дыпламата Уладзіміра
Шчаснага, то зварот да яго іншым і быць не мог. Але Уладзімір Рыгоравіч, як
належыць сапраўднаму дыпламату, сціпла ўладкаваўся ў адтуліне каля сцэны, і па
яго твару вопытнага служкі дыпламатычнай музы цяжка было нешта прачытаць. Тым
не менш, як адзін з галоўных ініцыятараў і актыўных удзельнікаў рэстаўрацыі палаца,
пан Шчасны не мог не адчуваць задавальнення. А наконт яго мар на будучае, пагадзіўся,
што сцэна канцэртнай залы - даволі прыстойнае месца для пастаноўкі пьесы
“Фантазія ля-мінор”, і прыгадаў, што прэм’ера п’есы тут адбылася ў пастаноўцы
Маладзечанскага драматычнага тэатра яшчэ задоўга да пачатку рамонтных работ.
Але артысты адзначылі асаблівую аўру месца, таму ёсць спадзяванне на тое, што
маладзечанцы яшчэ не раз парадуюць сваёй творчасцю і дадуць магчымасць аматарам
тэатра сустрэцца хоць на падмостках з князем Агінскім і яго акружэннем.
Не хавалі сваіх эмоцый і захаплення актыўнымі
мясцовымі шляхціцамі маршалак, танцмайстар і выконваючы ролю Агінскага,
кіраўнік клуба “Залатая шпора”. Бо маючы вопыт правядзення падобных баляў у
Міры і Нясвіжы, яны адзначылі, што нідзе з такой ахвотай не далучаліся да
танцавальнай праграмы мясцовыя жыхары. Смаргонцы не толькі танчылі. У сцэнарыі
балю былі выступленні смаргонскіх калектываў. Чароўнымі гукамі віталі прысутных
удзельніцы народнага струннага ансамбля “Кантрасты”. Старадаўні раманс
праспявала Аксана Дагоцкая, а гадаванцы школы мастацтваў імя Агінскага, з узорнага
ансамбля танца “Вільяначка” ўразілі прыгожым выкананнем паланэзу, вальса і
мазуркі.
Кожны знайшоў на балі занятак па душы. Хтосьці
танчыў, хтосьці слухаў жывую камерную музыку, хтосьці ўдзельнічаў у шматлікіх
конкурсах, а нехта ладзіў асабістую фотасесію на фоне старажытнага інтэр’ера
палаца. Можна было далучыцца да кампаніі, што, уладкаваўшыся за спецыяльным
сталом пад трыма жырандолямі, развучвала карцёжную гульню віст.
Для ініцыятараў і арганізатараў балю мелі на мэце
не толькі папулярызацыю старажытных бальных традыцый, але і магчымасць
прыцягнення дадатковых сродкаў для далейшай рэстаўрацыі палацава-паркавага
комплексу ў Залессі. З гэтай мэтай ладзіўся аўкцыён, на якім у якасці лотаў
прапаноўваліся вырабы мясцовых майстроў. Трэба было бачыць, з якім азартам
змагаліся за права набыцця копіі гравюры Л. Ходзькі мясцовы прадпрымальнік
Сяргей Залескі і яснавяльможная пані з Мінска.
Усе сродкі, сабраныя падчас правядзення балю,
будуць выкарыстаны для набыцця музейных экспанатаў, папаўнення калекцыі і
фондаў палаца.
Чарговы баль мяркуецца правесці восенню, і
прымеркаваны ён будзе да юбілею Міхала Клеафаса Агінскага.
Фота Галіны АНТОНАВАЙ.