Род і
народ
Каляды
На першы дзень святых калядак
Такі ўжо быў стары парадак -
Збіралі сена са стала,
Кармілі ім каня, вала
І ўсіх жывёлін, хоць па жмені,
А на стале, у драбнюткім сене
Здавён-даўна вялося й гэта -
Уважна зернетак шукалі
І па тых зернетках гадалі,
Які зародзіць хлеб
налета.
Якуб КОЛАС «Новая зямля».
Самае значнае хрысціянскае
свята, прымеркаванае да дня нараджэння Ісуса Хрыста, называецца ў беларусаў, як католікаў, так і праваслаўных, Каляды. Calenda (календа) - назва першага дня кожнага месяца ў рымлян. У перакладзе з лацінскай мовы
гэта слова яшчэ азначае “пачатак”. Сапраўды, з нараджэннем
Хрыста пачалася новая эра чалавецтва. Ды і ў выдадзеным
у Маскве яшчэ ў 1953 годзе «Русско-белорусском словаре»
слова «рождество» перакладаецца не інакш як «каляды», таму няма падстаў
сумнявацца ў правільнасці назвы па-беларуску гэтага свята.
Перад Калядамі абавязкова
ўсё вымывалі: бялізну, сцены, столь, падлогу. Вялікую ўвагу
надавалі аздабленню абразоў. Па сведчанні краязнаўцы Марыі Жабінскай, у стварэнні святочнага інтэр’еру сялянскіх хат склаліся пэўныя мясцовыя традыцыі. Так, у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах захаваўся да нашых дней звычай наклейваць выцінанкі ў прасценак паміж
вокнамі. Па занатаваных успамінах смаргонскіх старажылаў, дзяцінства якіх прыпала на канец ХІХ стагоддзя,
перад Калядамі ёлкі не ставілі, а прыносілі ў хату яловыя лапкі, падсоўвалі
іх пад бэлькі
столі, упрыгожваючы іх папяровымі цацкамі,
маленькімі яблычкамі, пернікамі. Лапкамі таксама ўпрыгожвалі абразы, высцілалі падлогу. Падрыхтоўкай да святаў былі
заняты ўсе сямейныя: і малыя, і
старыя.
Каляды, бадай, самае вясёлае свята. Гэта час адпачынку, гульняў, паходаў на госці. У гэты час зімовага сонцастаяння усё прасякнута радасным чаканнем перамен. Асаблівая ўвага надавалася абрадаваму сталу. Ён павінен быць
багатым, каб новы год прынёс добры ўраджай і здароўе
ўсім членам сям’і.
А якія ж калядкі
без містэрый? Калядаванне на Беларусі праходзіла з вечара другога дня. Як
толькі надыдзе вечар, калядоўшчыкі, сабраўшыся невялікімі групамі, ад трох да
пяці чалавек, пераапрануўшыся ў строі татэмных жывёл, іншых персанажаў, адпраўляліся
хадзіць па вёсцы з віншаваннямі. Падышоўшы да хаты, старшы стукаў у ваконную
шыбу і пытаў у гаспадара дазволу павіншаваць са святам. Калі дазвол атрыманы,
тады спявалі. Стоячы на двары пад вокнамі ці па запрашэнні гаспадара, зайшоўшы
ў хату, калядоўшчыкі выконвалі свае велічальна-віншавальныя песні. У
велічальнай песні кожны, да каго яна была звернута, атрымліваў хвалебную
характарыстыку. Гаспадара дома праслаўлялі за яго ўменні весці гаспадарку, за багацці
двара. Услаўленне гаспадыні адбывалася праз спрытнасць у рабоце і руплівасць.
Калі гаспадарская дачка была дзяўчынай на выданні, ушаноўвалі яе прыгажосць і
працавітасць. Гаспадарскі сын, які быў яшчэ нежанаты, праслаўляўся ў адвазе і
спрытнасці. У віншаваннях выказваліся добрыя пажаданні: гаспадарам дома
павялічыць свае багацці ў новым годзе – каб зямля ўрадзіла, а жывёла дала
вялікі прыплод, каб добра раіліся пчолы і г. д. Пажаданні калядоўшчыкаў
завяршаліся просьбай, каб іх адарылі. Гаспадары давалі пірагі, сала, каўбасу, розныя прысмакі.
Ала
КЛЕМЯНОК.
alaklemianok@bk.ru