СВЯТЫ ВЕЧАР
…Свята ў хаце,
ўладарыць тайна…
І анёлкі на гэты час
думкі светлыя , жыццядайныя
павыводзілі на папас.
Святлана ЛОКТЫШ.
Пра жывучасць народных традыцый сведчыць той факт,
што яшчэ 160 гадоў таму ў сваіх фантастычных апавяданнях пра Беларусь, вядомых
пад назвай “Шляхціц Завальня”, пісьменнік Ян Баршчэўскі наракаў на тое, што
“раней святых абрадаў трымаліся ва ўсіх дамах павета. Сёння ўжо не тое!” Тым не
менш, са стагоддзя ў стагоддзе і ў новае тысячагоддзе прасачыліся гэтыя абрады.
Куцця – вельмі сямейнае свята, магчымасць сабрацца ўсім разам, нават калі
дарослыя дзеці і ўнукі жывуць далёка ад бацькоўскага “гнязда”.
Крыху пра значэнне слова “куцця”. Па-першае, гэта
абрадавая традыцыйная страва з круп. Па-другое, вячэра напярэдадні свята
нараджэння Хрыстова, Новага года, Вадохрышча. Куццёй пачынаюцца Каляды.
Паколькі ў Евангеллі сказана, што Хрыстос нарадзіўся ноччу, то ў храмах
праходзіць начное Богаслужэнне. Ідучы на ўсяночную, вернікам трэба было
падсілкавацца. За сталом спачатку маліліся, потым елі, гаварылі толькі пра
святое ці маўчалі, ушаноўваючы тую хвіліну, у якую прыйшоў на Зямлю Хрыстос.
Пры гэтым вячэра не магла лічыцца куццёй, калі на стале не будзе традыцыйнай
кашы, аладак з макам, кісялю з журавінаў. Старыя людзі расказваюць, што куццю
елі толькі пасля захаду сонца. Колькасць страў залежала ад заможнасці сям’і.
Вось як апісвае Святы вечар у дзядзькавым доме Ян
Баршчэўскі: “Паказалася першая зорка на небе; пасярод паставілі стол,
заслалі яго сенам і пакрылі белым абрусам. Посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу
падалі на стол. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе –
з кожным госцем. Апавяду, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан,
запрашаў на гэты вечар да сябе ўсіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці
багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю
прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы
даўнейшыя гісторыі.”
Далей пісьменнік расказвае, што пад гэту гутарку
некаторыя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі на
ўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі
будзе расці на наступнае лета лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа.
Шукалі пад сенам зярнятак збожжа, бо яно, выпадкова знойдзенае ў гэты вечар пад
сенам, вешчавала вялікія ўраджаі. А пасля вячэры, гледзячы на яснае з зорным
сяйвом неба, выказвалі надзеі на добрую вясну і багаты ўраджай.
А вось што згадвае пра падрыхтоўку да Святога
вечара ў сялянскай сям’і мастацтвазнаўца Марыя Жабінская ў сваёй кнізе
“Народная культура Беларусі”:
“Перад вячэрай, пакуль маці ўсё прыгатуе і
паставіць на стол, дзеці гулялі з гарохамі або бобам у “цотку-лішку”. Бацька
цёр мак, а потым падключаўся да дзіцячай забавы “сеяў гарох”, а немаўляты,
прыпадняўшы падол кашулі, лавілі… У правядзенні куцці цяжка адшукаць адзіны стандарт.
У розных мясцінах былі свае асаблівасці. Гаспадыні Гродзеншчыны імкнуліся
паставіць на стол не менш 12 страў. Наша маці, напрыклад, рыхтавала кашу з
груцы, поліўку з сушоных грыбоў, печаную рыбу, жур (кіслы кісель з аўса), грыбы
салёныя, аладкі з макам, абаранкі замочаныя ў вадзе з макам, катлеты з грыбоў,
бульбу вараную, кісель з журавінаў, гарох у салодкай вадзе, агуркі салёныя,
хлеб.”
Беларусы (праваслаўныя і каталікі) заўжды
адзначалі тры Куцці. Першую, посную, наладжвалі перад Калядамі. Другую –
напярэдадні Новага года. Для каталікоў яна была мясной і мела назву “шчодрая”.
Трэцяя была толькі ў праваслаўных беларусаў і прысвячалася яна хрышчэнню Ісуса
Хрыста ў рацэ Іярдані.
Святому вечару з яго сакраментальнасцю, чаканнем
цудаў, надзеямі на лепшае, прысвяцілі свае творы многія паэты і пісьменнікі. А
ў памяці многіх нашых папярэднікаў захаваліся салодкія ўспаміны пра забавы і
звычаі роднай зямлі, што цешаць заклапочаную душу ў гадзіну смутку. Вось радкі
з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, якімі я і хачу завяршыць свой першы аповед
новай рубрыкі:
Куцця. Марозна. Хмуравата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег
на Куццю — грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны — ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу.
Ала КЛЕМЯНОК,
alaklemianok@bk.ru