Юбілей творцы

Аўтар зорнай беларускай песні

Ёсць творцы, на рахунку якіх вялікая колькасць вершаў, песень, а вядомасць і любоў прыхільнікаў яны атрымалі, дзякуючы ўсяго аднаму-двум сваім творам. У творчай спадчыне Аляксандра Шыдлоўскага каля 200 твораў. Песня «Колькі ў небе зор» - самая папулярная і вядомая. Аляксандр Шыдлоўскі (на той час працаваў дырэктарам Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці) напісаў і словы, і музыку, прысвяціўшы сваёй жонцы Варвары Яфімаўне, з якой разам пачынаў артыстычны шлях у Беларускім ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Заслужаны дзеяч культуры, кампазітар, педагогАляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Мінкі Смаргонскага раёна. Памёр на 92 годзе жыцця ў Гародні, дзе да выхаду на пенсію працаваў у Доме народнай творчасці і дзесяць гадоў узначальваў яго.

Падчас Першай сусветнай вайны сям'я Шыдлоўскіх знаходзілася ў бежанстве ў Сімбірску. Пасля вяртання, у 1921 годзе, Аляксандр паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі міжваеннага часу Рыгорам Шырмам, Сяргеем Паўловічам, Максімам Гарэцкім, Адамам Станкевічам. Падчас вучобы далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, таму і быў выключаны з гімназіі. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова польскія ўлады яго арыштоўвалі. У 1928 годзе стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба «Змаганне» ў польскім Сейме. Праз нейкі час быў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў турмы.

Пасля вызвалення А. Шыдлоўскі жыў і працаваў рабочым у Варшаве. У 1938 годзе ён разам са сваім братам Язэпам Урбановічам стварае апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыюБеларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Праца арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых у Варшаве. У той жа час адбываецца сустрэча з паэтам-падпольшчыкам Максімам Танкам.

З 1940 года Аляксандр Шыдлоўскі – артыст Беларускага ансамбля песні і танца. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў артыстам хору Рыгора Шырмы. Разам з калектывам выступаў перад параненымі ў шпіталях, працаўнікамі тылу, ездзіў па франтах. З 1950 года жыў у Гродне, настаўнічаў, працаваў вядучымспецыялістам Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці.

Аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор». У 1964 годзе выйшаў яго асобны зборнік «Песні». А. К. Шыдлоўскі стварыў некалькі песенных калектываў.

Ала КЛЕМЯНОК.