Блог Алы Страшынскай
![]()
ШЛЯХ ДА МАР’ЯНА ДУКСЫ
( Эсэ)
Не перакрэслю ўсе былыя церні.
Я пад світаннем заўтрашнім хаджу.
Хіба ў сумленне, нібы ў звон касцельны, Удару словам – можа разбуджу…
Мар’ян ДУКСА.
Браце паэце, чаму такія сумныя твае вочы? Ці не таму, што бачыш ты больш за іншых, далей і глыбей, чым іншыя. Чаму нават усмешка твая з адценнем суму? Ці не таму, што смяешся скрозь слёзы, бо разумееш больш за іншых, бо помніш больш таго, што сам жадаеш, і памяць твая горкая.
Гісторыі грымучы цеплавоз,
Ты запраўляўся доўгі час крывёю.
О, колькі нас зрабілася травою,
Каб ты кудысьці свае колы нёс…
Што гэта – узнагарода ці кара, гэта радасць і мука: разумець мову дрэў і птушак, чуць галасы далёкіх сусветаў, адчуваць, як б’ецца і хвалюецца роднае сэрца, як баліць блізкая душа за сотні і тысячы кіламетраў ад цябе? Ты валодаеш дарам прадбачання, прадчування. Ты маеш што сказаць людзям, ад чаго засцерагчы. Толькі ў людзей сёння іншыя “аўтарытэты”, і табе застаецца толькі маліцца за нашыя блукаючыя ў прыцемках душы. Сапраўды, няма прарокаў у сваёй Айчыне. Слушна заўважана: мастацтва пачынаецца з малітвы. Паэзія таксама пачынаецца з малітвы. Паэт моліцца вершамі, па-хрысціянску даруючы ўсім, прад’яўляючы самы галоўны і самы пякучы рахунак сабе. Так молішся ты, браце паэце, і не знаходзіш суцішэння свайму болю, бо, памятаючы многае, не можаш успомніць такога важнага ў жыцці – твару свайго бацькі. Бацькі, які “сышоў за свой небасхіл з хутарскога падворка”, пакінуўшы цябе, немаўля, сіратою”. Не засталося нават яго фотаздымка, і табе не дае спакою пытанне:
Ну як, мой балесны, пазнаць цябе, як,
Калі апынуся на верхніх нябёсах? …
Пераехаўшы на пастаяннае месцажыхарства ў Смаргонь, шмат разоў мела намер патэлефанаваць да Мар’яна Дуксы ў Солы. Здымала тэлефонную трубку і ў нерашучасці клала яе ізноў, бо баялася, што змагу толькі “паўздыхаць па-беларуску” з тым, чый аўтарытэт для мяне вышэй за рэгаліі ўсіх разам узятых начальнікаў. За вокнамі маёй “каранёўскай” кватэры шырокія палі, пагоркі, за якімі губляецца вёска Святляны. Ледзь відаць дахі крайніх хат. А зімой, калі снежныя завірухі засыпаюць наваколле, гэтыя дахі не адрозніць ад сумётаў. Як часта ўглядалася я ў бел-блакітна-шэрую далеч. Я ўяўляла сабе не дзіўна-стракаты свет, які павінен быць недзе далёка за гэтымі маўкліва-сумнымі абшарамі. Не. За снягамі, за дзесяцігоддзямі бачыўся мне заснежаны хутарок на ўскрайку бярозавага гаю, сляпое акенца, ледзь асветленае патухаючай газнічкай, і хлопчык з ясна-сумнымі вачамі. Вачамі, на якія лёс паклаў сваю пячатку, пазначыўшы паэтычным дарам лёс. Як проста мне было б размаўляць з тым хлопчыкам, як бы лёгка мы разумелі адзін аднаго, якія былі б блізкія нашы думкі і нашы душы ў акаленні гэтай бязмежнай снежнай шэрані.
Ні хат, ні сцяжынак,
бязлюддзе наўзбоч.
Чарговы прыпынак
пад назваю “Ноч”.
І, гасячы вока,
ахутвае змрок.
Далёка-далёка
мігціць хутарок.
Гула начамі завіруха, і ўяўляліся мне ні то вобразы, ні то сны, ні то здані. Нібы на белым шырокім экране ў кінатэатры, на шчыльнай сцяне са снегападу і сумётаў ажывалі сюжэты, вобразы і карціны вершаў. Вось ляціць над полем конніца, “будзёнаўцы, тачанка-растаўчанка… Над грывамі крывавіцца заранка”; вось ідуць “прыгнутыя ад старасці вампіры, праходзяць блізка-блізка “без сумлення-душы разбуральнікі гнёзд” і ляціць, як гэтыя белыя сняжынкі, пер’е з раскіданых гнёздаў, з разбураных хат і хутаркоў. І навокал маўчанне, як найгоршы праклён, што будзе бумерангам вяртацца праз пакаленні да тых, хто парушаў Божыя законы. Чаму так блізка майму сэрцу ўсё, пра што баляць, так-так, менавіта баляць, а не апавядаюць вершы Мар’яна Дуксы? Можа, таму, што з малаком маці мы, беларусы, увабралі ў сябе адвечны боль нашых продкаў па сваёй зямлі, палітай потам, слязамі і крывёй хлебаробаў і змагароў. Мы, нашчадкі без спадчыны, спадкаемцы, у якіх гвалтоўна забралі іх скарб: іх зямлю, іх краіну, іх мову… І ўсё ж я чую голас твой, паэце:
Дарэмна я пра заняпад…
Як сэрца, мова будзе грукаць.
Адно б, як слабых куранят,
Нам слоўца кожнае адхукаць.
Аднойчы я такі трапіла на госці да паэта. Дапамог выпадак. Дзякуй Богу, здагадалася нейкая светлая галава прызначыць гэта свята – Дзень паэзіі, прызнаўшы такім чынам, што вершаскладанне таксама праца, не лягчэйшая, чым будаўніцтва ці здабыванне руды і любая іншая. Вясновы рэдзенькі дожджык сыпаў у ветравое шкло. Кажуць, дождж на дарогу – да поспеху. Паэт Сяргей Грахоўскі неяк пагадзіўся ў сваім вершы, што дождж на сяўбе да багатага ўраджаю. Я ехала да паэта-сейбіта, сейбіта разумнага, добрага, вечнага. Не ад экстрасэнса і астролага, а ад паэта я хацела пачуць галоўныя словы. Я іх пачула. А назаўтра выпаў снег. Так часта бывае ў сакавіку. Падышоўшы да акна, я ўбачыла белае поле. Яно ляжала да самых Святлян як бездакорна белы, чысты аркуш паперы.