Год малой радзімы
Талент – быць Чалавекам
Яшчэ
адным паэтычным фэстам паболела на Маладзечаншчыне. У суботу, 25 мая, прайшло
свята паэзіі ў Ленкаўшчыне – на малой радзіме беларускага паэта, настаўніка,
мастака Юльяна Сергіевіча. Памяць пра гэтага таленавітага і чыстага душой
чалавека доўгі час захоўвалі хіба толькі самыя блізкія людзі ды аднавяскоўцы. А
летась стараннямі краязнайцы і выдаўца Міхася Казлоўскага выйшла з друку кніга
“За волю родных хат”, у якой вершы, успаміны, ліставанні Ю. Сергіевіча.
Адкрылася яшчэ адна занядбаная старонка з гісторыі Беларусі і беларускай
літаратуры…
Сонечнага колеру
бібліобус цэнтральнай Маладзечанскай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча вязе
нашу творчую брыгаду ў Маркаўскі сельсавет. Вадзіцель Генадзь Аскірка добра
ведае гэтыя шляхі-дарогі, як і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
маладзечанскай бібліятэкі Таццяна Закрэўская, бо не раз наведваліся сюды.
Часцяком разам з краязнаўцам, пісьменнікам і выдаўцом Міхасём Казлоўскім, які
быў і застаецца дбайным ахоўнікам багатай спадчыны малой радзімы, а таксама
шчырым папулярызатам творчасці беларускіх пісьменнікаў. На якасць тутэйшых
дарог увагі не звяртаем, бо зачараваныя маляўнічымі краявідамі зялёна-жоўтых
узгоркаў ды букетамі квітнеючага бэзу амаль дя кожнай вясковай хаты.
За Ленкаўшчынай,
у шырокім полі, асаблівы ўзгорак – вясковыя могілкі, на якіх знайшлі апошні
спачын побач з аднавяскоўцамі Юльян Сергіевіч і яго жонка Агата. Спачатку
наведваемся туды. Магіла прыбраная – паклапаціліся мясцовыя школьнікі начале з
настаўніцамі Маркаўскай СШ Ларысай Сапач і Вольгай Капіца. Міхась Казлоўскі
коратка распавядае пра біяграфію малавядомага, але такога таленавітага паэта і
самадзейнага мастака, які сціпла пражыў на перыферыі, хоць у маладосць падаваў
вялікія надзеі і заявіў аб сваім таленце найлепшым чынам. На жаль, развіцца
таленту ў поўную моц не дало кола
рэпрэсійнай машыны, што падмяла пад сябе яго, як і многіх прадстаўнікоў
нацыянальнай культуры. І ўсё роўна, талент і высокая духоўнасць, не падуладныя
гвалту, рана ці позна прарастаюць на свет.
На невялічкай,
упрыгожанай шыкоўнымі букетамі майскіх кветак, пляцоўцы якраз насупраць хаты,
дзе жыў Юльян Сергіевіч сабраліся жыхары Ленкаўшчыны і бліжэйшых вёсак. Сярод
прысутных пазнаю твары тых, хто і летась прысутнічаў тут падчас прэзентацыі
кнігі Міхася Казлоўскага “За волю родных хат”. Тады і нарадзілася ідэя
праводзіць паэтычныя фэсты ў гонар Юльяна Сергіевіча, каб адроджаная памяць
захоўвалася ў душах нашчадкаў. Ідэю падтрымаў і старшыня маркаўскага сельсавета
Іван Мацэвіч. Пра дызайн і аздабленне імправізаванай сцэны паклапацілася настаўніцы мясцовай школы і бібліятэкар Маркаўскай сельскай бібліятэкі
Марына Чарняўская.
Распачалося
свята вершамі Юльяна Сергіевіча, якія чыталі загадчык літаратурнай часткі
Мінскага абласнога драмтэатра Ала Клемянок, настаўнікі і вучні Маркаўскай СШ. З
прамовай выступіў краязнаўца Міхась Казлоўскі, які вельмі эмацыйна і
пераканаўча апавядаў пра трагічны лёс пакалення творцаў 20-30 гадоў мінулася
стагоддзя, да якога належыў Ю. Сергіевіч. Уваходжанне ў беларускую літаратуру
сціплага вясковага хлопца было шматабяцаючым, яго творы друкаваліся ў
перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, найперш у часопісе «Маланка» і газеце
«Шлях моладзі», у калектыўным зборніку «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928). Ён пісаў
сцэнарыі для самадзейных калектываў. У 1939 павінен быў выйсці падрыхтаваны да
друку зборнік паэзіі, але пачалася сусветная вайна. Толькі праз 60 гадоў выйшаў
наступны калектыўны зборнік, у якім знайшлося месца для вершаў Ю. Сергіевіча.
Сваімі думкамі пра лёс роднай мовы і
літаратуры, пра жыццё і творчасць Юльяна Іосіфавіча, а таксама вершамі,
сугучнымі панаваўшаму настрою, падзяліліся паэты Віктар Шніп, Тамара Бярэзіна,
Тамара Аўсянікава, Ала Клемянок, унучаты пляменнік Ю. Сергіевіча Аляксандр Канановіч,
настаўніцы Ларыса Сапач і Вольга Капіца. Упрыгожылі свята сваімі спевамі
народныя фальклорныя калектывы “Маркаўчанка” і “Крынічанька”.
Наступны год – юбілейны для Юльяна
Сергіевіча, бо гэта год яго 110-годдзя з дня нараджэння. Вельмі хочацца
спадзявацца, што распачатая справа па ўшанаванні літаратурнай спадчыны
таленавітага творцы, духоўна багатага чалавека працягнецца і дасць натхненне
новым пакаленням беларусаў для гонару за сваю спадчыну, за сваю малую радзіму.
Ала
СТРАШЫНСКАЯ.
Фота
аўтара.
На фота
Выступае Міхась
Казлоўскі.