Блог Алы Страшынскай

Surreal Template Image

УЛАДАР ЧАТЫРОХ СТЫХІЙ. 

 

Хто не любіць беларускую “бабку”? Хіба толькі той, хто яе ніколі не каштаваў. А яшчэ не любяць мае дзеці. Дакладней - не любілі, пакуль не пасмакавалі гэту нацыянальную страву, прыгатаваную ў керамічным гаршочку з майстэрні ганчара Сяргея Нагаева. Асабіста мяне ўзрадавалі наступствы прыгатавання – каша не прыгарэла, не паналіпала на сценкі посуду, які без праблем адмыўся з першага разу, без усялякіх адмочванняў. А сама “бабка” аказалася незвычайна пухлая, у меру вільготная, а якая духмяная!

 

Па-сучаснаму такія вырабы з чырвонай гліны называюцца тэракотавымі. Вырабляюць іх без розных дабавак, таму яны лічацца экалагічна чыстымі і бяспечнымі для здароўя . Некалькі разоў падвяргаюць абпальванню. Унутраныя сценкі без палівы. Ці не таму і не наліпае на іх бульба? А ежа атрымліваецца не проста здаровай, а лячэбнай, таму карысна асабліва для тых, у каго праблемы са страўнікам.

 

Пра тэхпрацэсс вырабу керамікі вам з задавальненнем раскажа майстар, ды так пераканаўча, што немагчыма яму не паверыць і не набыць штосьці з глінянага посуду. І не толькі пра посуд можна пачуць, наведаўшыся ў Святлянскую майстэрню ганчара, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Сяргея Нагаева. Для яго гліна – амаль жывая істота, адухоўленая ўсімі зямнымі стыхіямі: глебай, вадой, паветрам, агнём. Па біблейскіх пісаннях Бог сатварыў чалавека з кавалка гліны. Вядома яшчэ адна істота – пражскі Галем, персанаж яўрэйскай міфалогіі, чалавек з гліны, якога ажывілі кабалісты з дапамогай тайных замоў. Дарэчы, слова “кераміка” ўтварылася ад “керамін”, які ўтрымлівае ў сабе арганічныя элементы. Такім чынам, можна меркаваць, што гліна – пераходны стан паміж матэрыяй нежывой і адухоўленай. А як пра гэта апавядае сам Сяргей!

 

Трымаю ў далоні кавалачак гліны, пачынаю яе мяць пальцамі, ціскаю, качаю, ляплю то шарык, то пляскаты блін… Які цёплы, падатлівы, паслухмяны матэрыял! Сапраўды, пачынаеш верыць, што вылепленыя з яго рэчы могуць ажыць. А каб гаршкі і вазачкі з кружачкамі не пазбягалі з хаты – у агонь іх, у полымя, у печку! Не згараць, а загартуюцца, прычым настолькі, што стануць больш трывалымі, чым метал. Нездарма пасля пэўных тэхналогій апрацоўкі кераміка становіцца мацнейшай за жалеза, чаму яе і выкарыстоўваюць апошнім часам у машынабудоўлі. Так і запас трываласці чалавечага духу можа быць настолькі бясконцым і такім моцным, што немагчыма перамагчы стварэнне Гасподняе. У кожным з нас, як у гліне, з якой нас вылепіў Усявышні, чатыры стыхіі.

 

“Божым промыслам” называе Сяргей Нагаеў сваё прызванне і свой жыццёвы выбар. Пасля заканчэння смаргонскай сярэдняй школы №3 ён паступіў у Бабруйскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, якое цяпер перайменавана ў каледж. І на той час гэта ўстанова была вельмі прэстыжнай, лепшых выпускнікоў без праблем бралі ў Дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Некалькі разоў прапаноўвалі Сяргею. Чаму не пайшоў вучыцца далей? Кажа, неразумны быў, малады, можа крыху ўпэўненасці ў сабе не хапіла. Але ж, як кажуць людзі, талент у зямлю не закапаеш. Талент смаргонскага майстра ад зямлі ўзяў сваё натхненне, калі аднойчы пальцы пачалі мяць кавалачак гліны. Такі цёплы, мяккі, падатлівы… Такі жывы, што міжволі пачынаеш сябе адчуваць калі не богам, то творцай.

 

У старым будынку колішняга святлянскага клуба браты Нагаевы ў 1993 годзе стварылі сваю творчую майстэрню. Цяпер тут вельмі прывабная сядзіба, са сваім адметным ландшафтным дызайнам, з музеем, з традыцыямі. Каля самага ўваходу ў дом уражлівы курган. Ну, вядома ж, не Курган Славы, але нечым нагадвае. Бачна, што даўно гэты элемент дызайну тут знаходзіцца. Як аказалася, гэта запасы гліны, прывезенай з-пад Крэва. На маё пытанне, ці няма бліжэйшага радовішча, Сяргей адказвае, што там найлепшы матэрыял. Ці не ва ўсёй Беларусі лепшага не адшукаеш. Можа таму, што Крэўскія ўзгоркі калісьці да нашай эры былі гарамі, а як вядома, гліна - гэта рэшткі горных парод, граніта, вулканічнага шкла, якія выветрыліся і разваліліся натуральным чынам. Высокае ўтрыманне мінералаў робіць гліну вогнетрывалай. Яшчэ яе выкарыстоўваюць як водаўпорную абарону пры будаўніцтве падвалаў і іншых сховішчаў. Нагаевы спрабавалі з гліны вырабляць цэглу. Была мара сваю цагельню адкрыць. З таго часу засталося некалькі цаглін, якія цяпер сталі экспанатамі ці не адзінага ў свеце музея цэглы. І знаходзіцца гэты прыватны музей тут, у вёсцы Святляне. Пра кожны экспанат гаспадар гатоў распавядаць з такім імпэтам, што выказванне “просты, як цагліна” страчвае свой іранічны сэнс.

 

Талент не толькі ганчара, але і апавядальніка Нагаева прыцягвае сюды падарожнікаў не менш, чым створаныя ім керамічныя вырабы. Бывае, што на тыдзень па тры-чатыры экскурсіі наведваюцца ў Святлянскую майстэрню. І вядома ж, многіх здзіўляе курган ля ўвахода. Адсюль і пачынаецца экскурс у свет гліны. А гаспадар тлумачыць, што нельга са свежаздабытай гліны ляпіць рэчы, яна павінна вылежацца, адаптавацца, выветрыцца, увільготніцца, прыстасавацца за знешніх умоў. Карацей, выспець. Толькі такі матэрыял будзе трывалы, і рэчы з яго якасныя.

 

Аднойчы давялося чуць, як жонка Сяргея Нагаева Тамара, якая працуе настаўніцай музыкі, вельмі таленавітая і досыць вядомая спявачка і гітарыстка, выконвала пад акампанемент гітары песню пра ганчарны круг. Хто, як ні яна, можа перадаць атмасферу стваральнай працы ганчара. Тады падумалася, што нездарма паэты часта параўноўваюць жыццё з ганчарным кругам. Рэчаіснасць наша імклівая, хуткаплынная, і каб стварыць на гэтым коле жыцця нешта вартаснае, патрэбны вытрымка, засяроджанасць, цярпенне, штодзённае ўдасканальванне не толькі сваіх твораў, але і шліфаванне ўласнага характару.

 

У майстэрні Нагаевых сярод мноства керамічных вырабаў я заўважыла глінянага мужычка Ямелю. На мой недарэчны жарт Сяргей спакойна адказаў, што Ямеля асабіста для яго - зусім не гультай, а сімвал удумлівасці, спакою, разважлівасці. Мітусня - прыкмета людзей неразумных, недалёкіх, павярхоўных. Каб стварыць вартасную рэч, за якую не будзе сорамна і тваім унукам, не кажучы пра дзяцей, патрэбны моцныя рукі і спакойная галава.