Блог Алы Страшынскай
![]()
На спеўны сход запрашае СЯРЖУК ДОЎГУШАЎ
Вы ніколі не спявалі ў хоры ці проста на бяседзе за сяброўскім сталом? Тады вам не адчуць таго стану душы, калі ваш слабы голас, уліваючыся ў плынь іншых галасоў, набывае якасна новае гучанне. Здаецца, што гукавыя вібрацыі не залежаць больш ад уласнага жадання, а падпарадкоўваюцца нейкай нябачнай сіле, якая настройвае іх на патрэбны рэгістр і далучае да гарманічнага рэчышча, дзе зліліся ў адно цэлае дзясяткі галасоў. Не абавязкова хор патрэбен дзеля таго, каб спяваць гучна. Можна спяваць вельмі сцішана. Справа не ва ўзмацненні гуку. Справа - у адчуванні лучнасці, у асэнсаванні адзінства свайго з людзьмі, прыродай, светам.
Апошнім часам даводзіцца чуць скаргі, што новых песень з рэпертуару эстрадных “зорак” на сяброўскіх пасядзелках ці сямейных вечарынах ніхто не спявае. Калі і захочацца зацягнуць для душы, то гэта будуць песні 60-х, а то і 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Старыя песні аб галоўным – адзінае, што яшчэ памятаюць ў народзе. Ды й то ўсё радзей і радзей можна пачуць іх. Ці песні цяпер не тыя, ці мы іншыя, ці час трагічна змяніў нашу сутнасць і нашы> інтарэсы? Як лёгка аддалі мы прафесіяналам музычную творчасць, ператварыўшыся ў слухачоў, гледачоў, сузіральнікаў, назіральнікаў… А спявалі ж нашы бабулі, прабабулі і пра-, пра-… Стагодзямі рэпертуар не мяняўся. Перадаваўся з вуснаў у вусны, таму і вуснай народнай творчасцю празваны. І не ў кожны час любую песні можна было заспяваць. Калядкам – свая пара, стрэчаньскім – свая, купальскім ды потым жнівеньскім таксама свой час. Іншы раз да народных спеваў далучаўся акампанемент: дуда, гуслі, скрыпка, пазней – гармонік. Але многія, асабліва абрадавыя песні настолькі моцныя па гуку, што ўспрымаюцца толькі а капэла. Мажліва, і людзі былі больш злучаныя раней, што ў іх душах жыва было ўсведамленне лучнасці, якое так лёгка атрымаць нават не на працоўнай талацэ, а проста ў агульным хоры галасоў,аб’яднаных адной мелодыяй.
Сяржук Доўгушаў – саліст дзяржаўнай філармоніі. На леташнім керамічным фэсце ў Крэве шчыра прызнаўся, што гэта работа яму не па> душы. А на маё пытанне, што па душы, адказаў: “Вось гэта: усё тое, чым я займаюся тут, на гэтай пляцоўцы.” А на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы пад наглядам рэшткаў старажытнай крапасной сцяны Крэўскага замка Сяржук ладзіў спеўны сход. Спачатку праспяваў сам старажытную народную песню, а затым пачаў развучваць яе з прысутнымі, запрасіўшы бліжэй падыходзіць да “сцэны”. Першымі наблізіліся ўдзельнікі фальклорных гуртоў, затым асмялелыя местачкоўцы і госці свята.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што народныя спевы прымітыўныя, таму асаблівай падрыхтаванасці не патрабуюць. Калі праўда, што мастацтва пачынаецца з малітвы, то і народны спеў, асабліва абрадавы, – своеасаблівая малітва. Толькі гучаў ён не ў храме, а напрамую да нябёсаў, да навакольнага асяроддзя, скрозь прасякнутага Божым духам. А каб песня загучала на адкрытай прасторы, ёй трэба даць “крылы”. Дзеля гэтага павінен быць адпаведны настрой і адпаведным чынам настроены рэчавы і галасавы апарат. Перш чым пачаць спеў Сяржук распачаў адмысловую дыхальную гімнастыку і размінку для галасавых звязкаў. Яму падпарадкоўваліся: надзімалі шчокі, фукалі на далоні, прысядалі, цягнулі рукі ўгору, ушыркі, раскрываючы дыяфрагму.
“Шось у лесе гукае,” – заспяваў імправізаваны хор. Паўтарыў яшчэ раз. То ціха, то голасна, то пяшчотна, то насцярожана. Кіраўнік хору, прытоптваючы босай нагой у такт мелодыі, ударыў па струнах гітары. Усе заспявалі мацней. І так некалькі разоў запар. На тварах людзей усмешка зацікаўленасці змянілася задавальненнем. Нехта далучаўся да хору, нехта сыходзіў. А тыя, што засталіся да канца, пад песню “Талака” пайшлі за Сержуком праз масток у напрамку да Крэўскага замка. Вось што апавядае сам “маэстра” пра гэты цікавы праект:
- Мы хочам навучыць людзей сьпяваць беларускія песьні. Каб яны адчулі сябе адзінай супольнасьцю. Нездарма ў нас ёсьць такі слоган:
«Сьпеўны сход аб’ядноўвае народ!» Менавіта песьнямі гэта можна зрабіць. Наша каманда: адзін з кіраўнікоўАляксей Чубат — мы з ім распачыналі гэты праект; таксама нам дапамагаюць Юрась Адамовіч, яго сябра Макс, музыка Андрэй Еўдакімаў і гурт «Вурай». Я, як вядоўца праекту, падбіраю песьні і вырашаю, як будзе ўсё праходзіць; Людзі цікавяцца, прыходзяць, чым далей— тым больш. Мы адчуваем, што гэта сапраўды патрэбна. Сходы бясплатныя, можа прыйсьці кожны — і студэнт, і чалавек сталага веку. У нас некалькі старонак у сацсетках, і сяброў там назьбіралася багата. Пра чарговы сход людзі даведваюцца адзін ад аднаго. Пакуль прайшло пяць Cьпеўных сходаў. На адным з іх мы разьбіралі купальскія песьні.
Застаецца яшчэ дадаць, што Сяржук Доўгушаў – кіраўнік этна-фольк гурта “Вурай”, які нядаўна выпусціў альбом “Раёк”. Першая песня там “Вэлытай, пэрэпылко”, з якой, дарэчы пачыналі распявацца на крэўскім спеўным сходзе. Многія здагадаліся, што гэта песня Палесся, бо вельмі падобная на украінскую мову. Сам жа Сяржук, які знаходзіць гэтыя песні падчас экспедыцый па Беларусі, сцвярджае, што і на Палессі ў розных рэгіёнах размаўляюць па-рознаму. Але ў аснове мова тутэйшая, беларуская. Пасля гэтай цікавай аб’ядноўваючай імпрэзы, засталася на душы асалода. А ў заплечніку маім з’явілася кружалка “Пад ясну зарыцу” з абрадавымі песнямі Міёршчыны запісу ажно 1968-1969 гадоў з аўдыёкалекцыі Сяргея Панізьніка. Хто ведае, мажліва, праз пэўны час гэтыя песні заспяваюць мае ўнукі…