Блог Алы Страшынскай
![]()
ЗБІРАЛЬНІК ЛЕГЕНДАЎ І ПАДАННЯЎ
Калі б мяне папрасілі ахарактарызаваць краязнаўцу з Крэва Аляксандра Камінскага адным словам, то гэта было б “сціплы”. Пры тым, з велізарным энцыклапедычным запасам ведаў, яскравым і глыбокім талентам апавядальніка, значным багажом выдадзеных (дарэчы, за свае сродкі) цікавых кніжак Аляксандр Мікалаевіч застаецца чалавекам па- інтэлігенцку стрыманым аж да сарамлівасці. Нас пазнаёміў верш. У часопісе “Куфэрак Віленшчыны” выдавец і рэдактар Міхась Казлоўскі змясціў паэтычны твор Аляксандра Камінскага пра кірмаш у Крэве. Імя аўтара мне на той час ні пра што не казала. Але твор крануў і ўсхваляваў да глыбіні душы. Здавалася б, нічога асаблівага – звычайная замалёўка пра жыццё мястэчка і местачкоўцаў. Ды толькі ў гэтым звычайным было занатавана столькі любові да свайго роднага, незабыўнага. Таго, чым сілкуецца памяць і да чаго час ад часу вяртаецца душа. Аляксандр Камінскі дашчэнту адданы сваёй малой радзіме. Ніхто лепш за яго не ведае гісторыю Крэва і надзвычай пакутнага Крэўскага замка. Яго гістарычныя дазнанні не абмяжоўваюцца агульнымі звесткамі пра мястэчка і яго ваколіцы. Яны напоўнены ананіміраванымі фактамі штодзённага жыцця местачкоўцаў, з іх своеасаблівым дыялектам, векавымі традыцыямі, прыгожымі мясцовымі легендамі, аздобленымі неверагоднымі прадказаннямі, жарсцямі і жартамі. Паэтычная душа аўтара кніжак і краязнаўчых выданняў праяўляецца ў стылі напісання кожнай з іх. Кніжку“Над хвалямі Крэўскага мора” ў 2002 годзе электронная бібліятэка “Беларуская палічка” прызнала лепшым творам года. Яго стараннямі ў свой час набыў новы прыязны выгляд народны гісторыка-краязнаўчы музей Крэўскай СШ, які штогод наведваюць каля тысячы падарожнікаў, аматараў гісторыі. Многія з удзельнікаў арганізаванага ім напрыканцы 90-х гадоў гуртка “Нальшаны” далучыліся да шэрагаў краязнаўцаў. Ці не ён адным з першых расказаў, што менавіта пад Крэвам прымалі баявое хрышчэнне ў гады Першай сусветнай вайны жанчыны з батальёна Марыі Бачкаровай. Нават месца неяк паказваў, дзе, на яго думку, і былі пахаваны ахвяры той крывавай і няўдалай атакі, не падтрыманай стомленымі байцамі царскай арміі. На міжнародных канферэнцыях, прысвечаных падзеям так званай Мікалаеўскай вайны, даклады крэўскага краязнаўцы заўжды вылучаюцца навізной фактаў, цікавымі ілюстрацыямі, глыбокімі разважаннямі. Дапытлівы розум зацікаўленага даследчыка шукае і знаходзіць усё новыя факты, аргументы, згадкі пра гістарычныя падзеі. Для Аляксандра Камінскага кожная пядзя Крэўшчыны – схованка гісторыі са слядамі продкаў, а кожная старажытная рэч – артыфакт, што сведчыць пра ўмельства, кемлівасць, майстэрства местачкоўцаў. Разам з тым, ён далёкі ад тых, хто абагаўляе мінуўшчыну, ён заўжды з пэўная доляй крытыкі і часам нават сарказму ставіцца да таго, што не варта захаплення. Але не перастае любіць і ўслаўляць свой край у новых і новых творах. 21 студзеня, у день нараджэння Аляксандра Камінскага, з самага ранку выпаў такі доўгачаканы чысты снег і, нарэшце, пачалася зіма. Гэты падарунак прыроды на 50-годдзе юбіляра – сведчанне таго, што нарадзіўся светлы чалавек з чыстай душой.