Ці варта мне было разгортваць тую кнігу
“На твой голас ляціць
Столькі зім, столькі вёснаў і летаў!”
Ала КЛЕМЯНОК.
Блізкі чалавек прынес мне кніжку вершаў Алы Клемянок “Рэфлексіі”. Ці варта
мне было разгортваць яе старонкі: не да вершаў, ды і сваіх рэфлексій багата.
Але ж аўтарка – наша смаргонская журналістка, даўно друкуецца, ведае жыццё, ды
і вершы сталыя: трэцяя кніга.
“Нясу свой крыж”, - пачынаецца сур’ёзна. “Радзіма ёсць, а Бацькаўшчына дзе?”
– пытанне. “Разбураючы законы гравітацыі, парушаючы стэрэатып мыслення,
адхінуўшы енкі і натацыі, адпушчу душу па-над скляпеннем…” – дзея
разгортваецца. Ахінулі свежыя вобразы, зачаравала мілагучнасць паэтычнай мовы,
узялі ў палон шчырасць і адкрытасць, мяккасць інтанацыі.
Блішчынкі гумару і тонкай іроніі – гэтыя непаўторныя асаблівасці характару
аўтара, радуюць то трапным параўнаннем: “Я зноў адна, як эмігрант без візы”, то
нечаканай рыфмай: “І быў ты, як заўжды, без парасона… Мы беглі і глыталі пах азона”.
А колькі паветра і прасторы ў вершах! Сонца, вада, неба – гэта ў Алы
Клемянок па большасці не паэтычныя сімвалы, а тое, што вакол нас, тое, што мы
бачым, чым дыхаем, што мяняецца ў нас на вачах:
У павуціне бабінага лета
заблытаўся асенні матылёк,
спявае вецер голасам кларнета,
плывуць аблокі нізкія здалёк.
Вось ужо і я сама гатова рушыць за гэтай паэзіяй след у след, за радком
радок. І дайшлі мы да самага Чорнага мора!
“Чорнага мора зялёныя хвалі…”
Не, лепей так:
“Прывітанне, мора Чорнае!
Ты – шэрае…”
А яшчэ лепей пра хвалю:
“…пяшчотай ахінула плечы,
і захлынуўся боль сінечай…”
Курортны гарадок, старажытная крэпасць Акерман, Адэса, Бухарэст – чытаеш
вершы і нібы сам пабываў там! Але вернемся дадому.
“Дробным адбіткам
далёкага мора
хвалепадобны бяжыць ручаёк,
быццам па прыступках,
быццам з дакорам,
можа знайшоўся,
а можа ўцёк…”
Так хораша, што аж холадна робіцца: такі выразны рытм, і ўзмацненне гэтай
выразнасці праз паўтарэнне – “д-д-д”!
Кароценькі вершык “У заплечніку маім” быццам таксама бяжыць следам і
паўтарае кароценькімі радкамі простыя рыфмы, але ён, як карцінка-перавяртанка,
з асаблівым сэнсам. Такіх вершаў-абразкоў багата на старонках кнігі: “Прывядзі
мяне, Анёл”, “Адзінота – гэта не палац”, “Сэрца дзіцяці”, “Свая малітва”.
Багата і радкоў-афарызмаў: “Дэмагогія – мова дэманаў”, “Баранюся маўчаннем ад
слоў”, “Той цяжар мне спіну ламае, а мне кажуць: крыло прарастае”.
Але ўсё багацце паэзіі і глыбіня пачуццяў паэта – у тэме кахання. Толькі
дазвольце мне не кранаць гэтай тэмы па вельмі простай прычыне: гэта крыніца, з
якой кожны зачэрпне сам. Адно адзначу, верш-маналог “Абвінаваць мяне ва ўсіх
сваіх няўдачах” як жывое ўсхваляванае дыханне; перарывістасць інтанацый надаюць
яму такога драматызму, што не зважаеш ужо ні на рыфмы, ні на паэзію ўвогуле – кожнае
слова здаецца тваім. От так!
Ёсць у кніжцы і проза. На мой погляд, вельмі цікавы і для дзяцей, і для
дарослых рэмейк вядомай “Дзюймовачкі”. Узрушылі падзеі сямейнага жыцця
Квака-філосафа, выклікаў адпаведныя асацыяцыі сатырычны вобраз майскага Жука-халасцяка,
усхвалявала рамантычная меладрама пра Ластаўку. Казка пра Крата падалася мне
спачатку залішне мнагаслоўнай. Але я зачыталася і “павялася” як малое дзіця.
Памятаеце: “У чорным-чорным лесе…”, а далей – рэальнасць і фантасмагорыя, смех
і жах! Аўтар настолькі ўдала валодае майстэрствам гратэску, што, ці паверыце,
я, кабета ў гадах, мела стрэсу не меней, чым той Крот.
Два апавяданні для дарослых, як кажуць, з жыцця. Чытаеш “Шостае красавіка”
і па нейкіх дэталях пазнаеш ці сябе, ці сябровак, ці то нешта знаёмае.
Апавяданне “Гусачка шэравокая” зусім іншае. Пружына сюжэта закручана ўдала,
нават ці не занадта. Спачатку драма, потым трагедыя, ды яшчэ з элементамі
дэтэктыва, а затым сітуацыя становіцца анекдатычнай. Нарэшце зусім нечакана
робіцца паварот, як у сентыментальным серыяле. Але і на тым мучэнні чытача не
заканчваюцца, бо аўтарка пакідае яго як раз перад зачыненымі дзвярамі, даючы
магчымасць самому вызначыць адказ на галоўнае пытанне, пастаўленае ўсім
развіццём сюжэта.
Вярнуся лепш да вершаў Алы Клемянок, бо яе паэзіі я давяраю больш, чым
прозе. Вельмі ўдалым лічу верш-прытчу “Душа”. Высокая тэма раскрываецца без
пафасу праз цікавы сюжэт у форме дыялогу і выклікае суперажыванне. Са шчырай
удзячнасцю адзначу верш “Аксаміт паўднёвай ночы”, які прыводзіць нас да ўсведамлення
светаўпарадкавання і нашага месца ў ім. Колькі не перачытвай, адчуваеш нейкую
захапляльную магічнасць спыненага ў гэтым вершы імгнення.
“Агонь благадатны” – верш грамадзянскага гучання, які стаў маім. Апісваецца
рэальная падзея, дакументальна пазначаны час і месца і ўзнікае адчуванне
найпаўнейшага эфекту прысутнасці:
І я была тады шчаслівай
на гэтай плошчы на маўклівай,
не у напоўпе – у народзе…
Такія вось рэфлексіі.
Апошні верш у кнізе мне не спадабаўся. Ці то не ён павінен стаяць апошнім,
ці не апошнім яму быць.
Пачакайма іншых вершаў і кніг.
Тамара КАСАКОЎСКАЯ.