Званок каровы ў Нідэрланды
- Шкада, што ты не купіла мне малака мясцовага
завода. Што ні кажы, а нашанскае – самае лепшае! Мне даспадобы яшчэ і тое, што
кароў, ад якіх гэта малако, дояць робаты. А робат – не чалавек, на што
запраграмаваны, тое абавязкова зробіць: накорміць жывёлу, вымя памые,
памасажыруе… А ведаеш, з якімі праблемамі ўкаранялася гэта ноу хау ў нашым
раёне? Я і пра гэта напісаў некалі. Комі-трагічная гісторыя атрымалася. Хаця
многім бокам павылазілі наступствы айчыннай бесталковасці і шалапайства. А як
даярачкі плакалі, калі з калгасных фермаў на комплекс забіралі самых лепшых
дойных кароў! Але пра ўсё па-парадку. Слухай.
“Выпівалі
сёння з суседам па дачы. Ён – галоўны заатэхнік раёна. Чалавек памяркоўны,
гаспадарлівы, маўчун і аднаасобнік. А тут раптам прыйшоў з бутэлькай гарэлкі і
кажа, што не ўмее піць у адзіноце. А выпіўшы, пачаў жаліцца на жыццё-быццё і
тое, як “загубілі ірады ўвесь дойны статак”.
Я і раней
чытаў у мясцовай прэсе, што ў нас будуецца нейкі “Астранаўт”. Гэта
малочна-таварны комплекс з аўтаматызаваным кармленнем і робатызаванай дойкай.
Абсталяванне закупілі ў Нідэрландах, мантаж яго правялі іншаземцы. Наш
абслугоўваючы персанал прайшоў спецыяльнае навучанне. А нашы кіраўнікі,
выкарыстаўшы момант, з’ездзілі за мяжу. Праўда, у прадстаўнічую дэлегацыю не
ўключылі ніводнага спецыяліста жывёлагадоўлі. Таму падчас
экскурсій па галандскіх фермах незацікаўленыя людзі не зважалі на многае,
дакладней – ні на што. Глазелі на сытых чысценькіх каровак, захапляліся ўмовамі
працы, частаваліся малочнымі прадуктамі і галандскімі сырамі. А як жа без
шопінгу!? Для многіх паездка ўдалася. Вось толькі ніхто з “экскурсантаў” не
звярнуў увагу на тую акалічнасць, што да новых умоў дойкі буронак трэба
прывучаць з цялячага ўзросту – ціпа дрэсіраваць іх.
У нас жа як
заўсёды: спачатку падключаем і выпрабоўваем апарат, а пасля пачынаем чытаць
інструкцыю. Спачатку загадам з усіх гаспадарак сагналі на “Астранаўт” кароў з
найбольшымі надоямі, выпусцілі іх у залу і пачалі чакаць рэкордных паказчыкаў
па малаку.
Тут я мушу
растлумачыць, што каб карова падыйшла да даільнага апарата, там было
прыстасаванне з прыемнай на густ патакай. Жывёла злізвала дэлікатэс, а робат у
гэты час мыў, масажыраваў і даіў яе. Што да тэхнікі, то яна працавала спраўна:
кармы падаваліся своечасова і адпаведнай якасці, ачыстка і дэзынфекцыя
памяшкання праводзілася рэгулярна, салодкая патака каля робата-дояра не
заканчвалася, а робатызаваная сістэма даіла і даіла бесперапынна. Вось толькі
позна разабраліся, што доіць яна адну і тую ж карову, а іншыя стаяць з
перапоўненым вымем і равуць дзікімі галасамі. Знайшлася нейкая адна, што, не
дачакаўшыся чаргі да патакі, пачала тыкацца пысай у абсталяванне. Работнікі
комплекса, якіх зусім мала было і тыя, увераваўшы ва ўсемагутнасць
“Астранаўта”, не дужа ўнікалі ў працэс. А сістэма бяспекі спрацавала такім
чынам, што аб непаладках на ферме першымі дазналіся аператары ў Нідэрландах.
Цісканула наша Буронка на аварыйную кнопку, пасля чаго званок прагучаў недзе
пад Амстэрдамам, і на пытанне дзяжурнага галандца паступіла працяглае мычанне.
Разборкі, што
праводзіў потым старшыня выканкама, некаму каштавалі пасады, некаму
прэміяльных. Нават майго знаёмага заатэхніка пакінулі без прагрэсіўкі. Але ён
перажываў не з-за гэтага. Яму было крыўдна, што статак самых дойных кароў быў
адпраўлены на мясакамбінат, бо ўсе яны кажучы па-простаму, зарвалі. А праблема
ў тым, што кожнай трэба бало, перш чым выпускаць у даільную залу, прымацаваць
спецыяльны чып, які сігналізаваў робату і той адключайся, калі падоеная жывёла
ў другі раз падыходзіла да апарата даення. Было яшчэ шмат якіх нюансаў, пра
якія не ведалі тыя, хто працаваў на “Астранаўце”, але не быў дапушчаны да
спакуслівай паездкі ў Эўропу.”
- І ведаеш,
мая радасць, я так хачу верыць, што там цяпер парадак і малако атрымліваецца з
прысмакам патакі…