Руцкая Алена Вітальеўна

    Нарадзілася 11.01.1950 года ў в. Дзякаўцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых. Паэтэса. Член СПБ з 1985г. Выдатнік народнай асветы Беларусі, заслужаная настаўніца Беларусі (1987). Дацэнт кафедры беларускай мовы ГрДУ імя Я.Купалы. У 1956г. пачала вучобу ў Дзякаўскай пачатковай школе. Пасля пераезду сям’і ў Слонім вучылася ў СШ №7, якую закончыла ў 1966г. З 1966 па 1971 гады вучылася на філалагічным факультэце БДУ. Тут  стала членам літаратурнага аб’яднання “Узлёт”. Пасля заканчэння універсітэта да 1992г. працавала настаўніцай на Слонімшчыне і ў СШ “2 г.Слоніма. У 1992г. пераехала ў Гродна, дзе жыве і сёння.  З 1992г. працуе  выкладчыкам на кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага унівесітэта імя Я.купалы.

             Вершы  пачала пісаць у 1 класе. Упершыню надрукавалася ў 1964г. ў часопісе “Бярозка”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках “Свет вачыма дзяцей”, “Напісалі кнігу самі”, “Натхненне”, “Універсітэт паэтычны”. Выдала

зборнікі “Сцяжыны” (1983),  “Роздум” (1988), навукова-метадычныя дапаможнікі “Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе” (1999), “Пазакласная праца па беларускай літаратуры” (2000), “Методыка выкладання беларускай літаратуры: Дапаможнік для студэнтаў” (2004, у сааўтарстве), “Беларуская літаратура ў школьным выкладанні” (2006, у сааўтарстве). Перакладалася на армянскую, польскую, рускую, туркменскую, украінскую мовы. Перакладае з украінскай і рускай моў. Творы змяшчаліся ў абласным і рэспубліканскім друку.

             НАШ  ЛЁС  ЗЯМНЫ

Наш лёс зямны  -  нязбытная трывога,

Сцяжын да шчасця зблытаны клубок

І неўвасобленых задум аблога.

 

Памылкі, што зрабілі незнарок,

Вісяць цяжарам мулкім за спіною –

За мудрасць сэрцам сплочаны аброк.

 

Рэаліі турбот, прывід спакою,

У путах абавязкаў кожны рух,

А вечнасць хмарай засціцца зямною,

 

І права выбару  -  адно між двух.

 

 

Максіму  Багдановічу

 

Напеў антычнасці сівой

Падслухаў  ён  у песні  роднай,

І дух  Авідыя  свабодны

Вадзіў  Максімавай рукой.

Акрылена шукаў паэт,

Той бляск, што збудзіць “верш пануры”,

Каб праз “сталеццяў пыл”, праз буры

 

Нам зоркай ззяў яго санет.

Высокае красы святло,

Што ў “строгіх формах” так іскрыцца,

У мове роднай не замгліцца,

Бо сэрцам выснена было.

              

***                          М.Б.

ПРЫСВЯЧЭННЕ

Што пажадаць табе? Святочнага настрою?

А для душы - ахоўнага спакою

Паміж трывог жыццёвых і нягод.

І шчасця самай, самай поўнай мерай,

Каб кожны дзень надзеяю і верай

Цябе ад шэрых засланяў турбот.

Што пажадаць табе?

Здзяйсненняў і удачы !?

У кожнай справе, як праменьчык, бачыць

Здабыткаў незгасальнае святло.

Каб чэрствасць і няўвага абмінулі,

А дабрабыт, дастатак і ўтульнасць

У доме ў цябе саўюць жытло.

Што пажадаць табе?

Нязводнай маладосці!?

Няхай гадоў саспелыя калоссі

 

 

Не разгубляюць радасці зярнят,

І вабіць квеценню жыццёвы сад.

 

 

В О С Е Н Ь С К І    Э Ц Ю Д

 

Засталіся туману шматкі

На быллі, на вецці ялінак –

Ткуць увосень туман павучкі

З тонкіх, блытаных павуцінак.

Ніжуць бусіны з серабра

І з  жамчужынак, і з крышталю…

Каляровыя іскры гараць

У дзівосных гэтых каралях.

Званіць вецер маністай асін, 

Залатою, мядзянай, чаканнай,

І бусліны журботны клін

Растае, як пахмурны ранак.

 

          

НАВАГОДНІ   ТРЫЯЛЕТ

 

Закружы, зачаруй, навагодняя ноч,-

У цябе у адной столькі шчасця і бляску -

 І паверыць застаў у дзівосную казку…

Закружы, зачаруй, навагодняя ноч!

 

І пад звон крышталю рарасць нам напрароч,

І надзею ўзрасці, як зіхоткую краску.

Закружы, зачаруй, навагодняя ноч,-

У цябе у адной столькі шчасця і бляску!

 

                     

ПЕРАБЛЫТАЎ

 

Сабе самому жаліўся Цімох:

   - Ці справядлівасць ёсць на белым свеце?

Мяне матуля навучала дзецем,

Яе не слухаць я ніяк не мог.

“Не пакладай,- казала – сынку, рук,

І будзеш мець пашану і дастатак…”

У чым жа я ўрэшце вінаваты,

Што так мяне жыццё згінае ў крук.

Я стрыжанем жыццёвае маралі

Паставіў словы матчынай навукі –

Ну ні да чога не прыкладваў рукі.

Чаму мяне нідзе не шанавалі?

 

 

НЕАДПАВЕДНАСЦЬ

Бацкі сынка паставілі на ногі,

Адводзілі і беды, і трывогі.

 

Вось ён ужо на сталы век узбіўся,

А на нагах стаяць не навучыўся.

 

ВЫДАТКІ   НАВУКІ

 

У пачаткоўца іскра божая была.

Зашчыраваў тут крытык, як пчала.

У навуку творчую ўклаў нямала сіл

І  іскру тую хутка загасіў.

 

ШКОЛЬНЫЯ  ЎСМЕШКІ

 

                  ГОРА   ДАПАМОГА

Урок.

У класе шум заўзяты,

Як ад вады касцёр ачах,

На памяць верш –

Тут вам не жарты –

Да двойкі самы блізкі шлях.

Мірон пакручваўся з усмешкай,

Хаця у кніжку не глядзеў.

Яго не вызавуць,канешне,

Бо запар дзве васьмёркі меў.

 

І не скраблі на сэрцы кошкі…

Ды тут, скажыце,  ці не здзек ?

Вось хоць памры – яго да дошкі,

А ў класе ж дваццаць чалавек.

Як год цягнуліся хвілінаы,

За гэты час любы мастак

З Мірона б напісаў карціну

П ад назвай “У апошні шлях”.

“Ад родных ніў, ад роднай хаты..”

Бадзёра ўсё ж хлапчук пачаў,

А сам Алега з першай парты,

Як кобра зрокам свідраваў.

І ўсё пайшло, бы зліта маслам,-

Алег паціхеньку шаптаў,

Мірон узнёсла і выразна

Радкі услед дэкламаваў.

І тут сябрук не надта рупны

Забыўся сам, гудзе, як жук:

-Чакай, чакай радок наступны

Я ў кнізе зараз пагляжу.

А клас увесь зайшоўся смехам,

Калі Мірон не разабраў

І за Алегам, нібы рэха,

 

Узнёсла словы паўтараў.

Настаўнік сам смяяўся шчыра,

А калі клас нарэшце сціх, сказаў:

Я стаўлю вам “чатыры”,

Але з Алегам на дваіх.

 

 

               ІГНАТ  І  ЗАДАЧЫ

Як даходзіць да задач,

Тут Ігнату хоць ты плач,

Бо хлапчук гультай вялікі,

І не любіць ён разлікі.

Вось задачку, каб скарэй,

Ён рашае пра курэй:

Куры ўзяў і скрынкі ўзяў,

Скрынкі ад курэй адняў,

Падзяліў усё. Гатова!

У адказе – тры з палавай.

Мама сына не ўшчувала,

А яешню згатавала.

Кажа:

-         Куркі тры з паловай

Яйкі неслі адмыслова:

 

Бацьку, брату, мне… і ўсе!

А твая палова куркі

Нешта яек не нясе.

 

                    ПАМЫЛІЎСЯ

 

Настаўнік, растлумачыўшы ўрок,

Няўважлівага вучня дакарае:

Што ? Улятае ў вуха, Васілёк,

А у другое тут жа вылятае?

 

Хлапчынка тую крытыку ўспрыняў.

Калі прыйшоў увечары дахаты,

Каб непрыемных тых пазбыцца з’яў,

У вуха ён заклаў кавалак ваты.

 

Назаўтра зноў настаўнік хмурыць лоб:

-Відаць, заўвагу запішу у дзённік.

Не хочаш выпраўляць свой недахоп.

Не слухаў тлумачэнняў ты і сёння.

 

Тут Васілёк усмешкаю расцвіў

 

І з месца ўзвіўся, нібы завіруха:

-Ды зразумеў я, што не так зрабіў –

Заткнуў я ватаю не тое вуха.

 

 

                     ЧОРНЫ   КОТ

Ноччу сыпаў снегапад.

І да радасці рабят

Горку выслаў так, што з высі

Хоць бачком уніз каціся.

Да апошняга урока

Ледзьве змог Андрэй дажыць.

Паімчаў дамоў з падскокам:

Трэба ж лыжы абнавіць.

Час бяжыць як апантаны:

Вось і цёмна на двары,

Вось ужо гукае мама,

Разыходзяцца сябры.

Позна ён прыйшоў дахаты,

Не абтросшыся як след.

-Ой,- крычыць сястрычка Ната,-

Наш Андрэйка – снежны дзед.

Толькі тут нарэшце стому

 

Хлопчык цяжкую адчуў,

Не да кніжак тут, вядома,-

Пагартаў іх і заснуў.

А назаўтра, без трывогі,

Ледзь ступіў Андрэй з варот,

Як шмыгнуў яму пад ногі

Велізарны чорны кот.

І бяды было нямала,

Бо на зуб усім папаў:

У школе класная ўшчувала,

Дома бацька прабіраў.

Лыжы пад замком ў кладоўцы,

У сумцы двоек цэлы ўзвод…

Гэта ж так нашкодзіў хлопцу

Той нахабны чорны кот.