КАЛЯДНЫ ВЕЧАР

Драма ў адной дзеі

 

Дзеючыя асобы:

Міхайлаўна, мажная уладная жанчына сталага веку, у доўгім дарагім халаце, з высокай прычоскай;

Сцепаніда, ляжачая хворая, якая ўсю дзею знаходзіцца ў інваліднай калясцы;

Стася, добрая спагадлівая жанчына, якая ўсім імкнецца прыйсці на дапамогу --

 -- усе пацыенткі дома састарэлых.

Вера, сціплая вясковая жанчына,–  новенькая, якую дачка прывозіць у дом састарэлых.

Галіна – жанчына сярэдніх гадоў, дачка Веры.

Зінаіда -- санітарка ў доме састарэлых.

 

Дзеянне адбываецца ў доме састарэлых, у пакоі, прыстасаваным для адпачынку пацыентаў. Стаіць некалькі крэслаў, фатэляў, стол, на ім – вазачка са штучнымі кветкамі, ляжыць стос газет. На сцяне вісіць абраз. У куце – стары тэлевізар, які не працуе. На падлозе – выцерты дыван. Недзе гаворыць радыё, перадае навіны. Дыктар чытае: “Сёння хрысціяне католікі ўсяго свету адзначаюць вігілію – вечар перад Ражаством. Яго прынята сустракаць у сям’і, з самым роднымі і блізкімі. У гэты вечар звычайна рыхтуецца спецыяльная вігілійная вячэра, галоўным дзействам якой з’яўляецца ламанне аплаткі усімі, хто сабраўся за сталом – як сімвал найлепшых пажаданняў на новы год, шчырасці і дабра, што пануюць у доме”.

У пакой заходзяць Зінаіда з Міхайлаўнай.

 

Зінаіда:

--Вы, Міхайлаўна, прыгледзьце тут за сваімі каляжанкамі, добра? Я зараз дастаўлю іх сюды! Во, свечачку запаліце, ружанчык згаворыце, пакуль я ўпраўлюся…

Міхайлаўна (буркліва):

--Мне толькі ружанчыкаў тваіх не хапала! Ніколі такім глупствам не займалася! Рэлігія – гэта опіум для народа.

Зінаіда (прымірэнча):

--Ну, не хочаце ружанчык, то вось газеткі пагартайце… А я пакуль вашу палату прыбяру. Хочацца ж па толку ўсё зрабіць, акуратна вымыць, праветрыць – свята ўсё ж. Хай і вам свяжэй дыхаецца, Ражаством хай запахне… Ёлачку пастаўлю…

Міхайлаўна (гэтак жа незадаволена):

--Ды ўжо ж, запахне… Памперсамі Сцепанідзінымі толькі і запахне ў нас, хоць на Ражаство, хоць на Пасху…

 

Зінаіда, не звяртаючы ўвагі на яе буркатню, выходзіць. Праз нейкі час вяртаецца і вязе ў інвалідным крэсле Сцепаніду, якая сама не ходзіць. Тая ўвесь час перабірае ружанчык. Ззаду, трымаючыся адной рукой за крэсла – нібыта дапамагаючы Зіне каціць, а на самой справе замінаючы, ідзе, з цяжкасцю перастаўляючы ногі, Стася.

 

Зінаіда:

--Ну вось, дзяўчаткі, пабудзьце тут крышачку, пакуль я парадак у вас навяду. Не сумуйце, я хуценька…

 

Зінаіда знікае.

 

Сцепаніда (азіраецца навокал):

--А хоць бы і не хуценька. Я тут згодна і даўжэй пабыць. Бач ты, як тут прыгожа… І кветкі… І абраз вісіць… А мяне дык ніколі сюды не прывозілі… Вядома, каму хочацца са мной цягацца. І тэлевізар ёсць… Міхайлаўна, уключы ты яго, можа што добрае пакажуць… Я ўжо так даўно тэлевізар не глядзела… А кажуць жа, што зараз па тэлевізары нават імшу паказваюць.

Міхайлаўна (буркліва):

--От, знайшла прыгажосць… Такая самая, як у нас у палаце. Імша ёй трэба… Толку з таго, што молішся з ранку да вечара свайму богу, надта ён табе памог…

Але падыходзіць да стала, уключае тэлевізар. Той шыпіць і нічога не паказвае:

Міхайлаўна (са злосцю):

--Ну што, паглядзела сваю імшу? Ото ж прахадзімцы! Няма на іх Сталіна! Тэлевізар паставілі, а антэну не падключылі! А перад правяраючымі, пэўна ж, хваляцца, як добра ў гэтым інтэрнаце старым жывецца. І тэлевізар тут ёсць, і халадзільнік у кабінеце галоўнага ўрача стаіць. Нічога-нічога, я вось назбіраю фактаў і напішу пра ўсё гэта, куды трэба – пакруцяцца тады, пабегаюць… Зіна! –(крычыць у бок дзвярэй) -- Ты дзе падзелася? Чаму тэлевізар не працуе? Я навіны хачу паглядзець, прэзідэнта паслухаць! Маю на гэта права! Зіна!

Забягае Зінаіда:

--Міхайлаўна, ну што вы зноў усхадзіліся?

Міхайлаўна:

--Зіна, чаму тэлевізар не паказвае? Выклікай галоўурача! Я не то я скардзіцца буду, прэзідэнту напішу!

Зінаіда (пакрыўджана):

--Ды вы што, Міхайлаўна, жартуеце, ці што? Гэтаму ж тэлевізару гадкоў, пэўна, столькі ж, як вам! Адна бабулька, як яе сюды прывезлі, з сабой забрала, баялася, каб яго не ўкралі з пустой хаты – хоць што там красці, каму ён патрэбен, гэтае ламачча? Але ж не хацелі крыўдзіць старую. Дык ён і тады ўжо не ішоў. Яна, бядачка, тут і памерла. А тэлевізар нашаму інтэрнату завяшчала, казала: “Адрамантуеце, будзеце глядзець і мяне ўспамінаць.” Толькі яго ўжо і рамантаваць ніхто не бярэцца, нават запчастак для такіх не выпускаюць. Так што будзем чакаць, пакуль хто маладзейшы ды багацейшы да нас са сваім пасагам прыедзе. Тады і навіны будзем глядзець, і серыялы, і імшу. А пакуль што выбачайце...

Стася (адвёўшы Зінаіду ўбок, ціхенька):

--Ды нічога, Зіначка, ты не перажывай, ідзі, займайся сваімі справамі. Міхайлаўна ж заўсёды ўсім незадаволена, характар у яе такі, сама ведаеш… Не звяртай увагі. Добра ўсё ў нас. Ідзі…

Зінаіда зноў выходзіць. Міхайлаўна, пабуркваючы нешта сабе пад нос, садзіцца да стала і пачынае гартаць газеты. Сцепаніда перабірае ружанчык і варушыць вуснамі. Стася ходзіць па пакоі, з цікавасцю разглядваючы ўсё навокал: шчупае тканіну на шторах, абрус кветкі на стале, правярае, ці мяккія крэслы – і захоплена цокае языком, прыгаворваючы:”Але ж як добра ўсё, як файна…”

У пакой залятае перапалоханая Зінаіда.

Зінаіда:

--Ой, дзяўчаткі, якая навіна ў нас!

Усе застылі, у чаканні паглядваючы на санітарку.

Зінаіда:

--Новенькую да вас зараз прывяду. Паперы у галоўнага зараз афармляюць.

  Стася (пляснуўшы у ладкі):

--Дзякуй Богу! Усё ж весялей будзе!

Міхайлаўна:

--Глядзі, каб не павесялілася… Адкуль ты ведаеш, якая яна? Мо такая, як Сцепаніда – зусім не прадыхнем тады…

Сцепаніда (захліпала):

--Ну што ж я зраблю, што бог у мяне ногі адабраў? Няўжо вы думаеце, што гэта мне ў радасць – ляжаць дзень і ноч, не могучы нават па сваёй патрэбе падняцца…

Міхайлаўна (раздражнёна):

--Ну досыць ужо румзаць… Пакрыўдзілася, прынцэса такая… Не пра цябе зараз размова. Пра цябе мы і без таго ўсё ведаем, А вось гэтая, новенькая -- адкуль яна? Не ведаеш, Зіначка?

Зінаіда змахвае неіснуючы пыл са стала, папраўляе на накідку на пацёртым фатэлі, падсоўвае тумбачку – рыхтуе месца для новенькай.

Зінаіда (расказвае між справай):

--Ой, не ведаю, дзяўчаткі, самі потым распытаецеся. Адно скажу: на сваіх нагах, хоць і слабенькая. Дачка яе на машыне даставіла -- круце-е-еннай! --закаціла вочы пад лоб санітарка. --Як каралеву. Пасцель сваю прывезла, новенькую, прыгажэнную. І яшчэ дзве -- на змену. А сумак прыцягнула – нібы ў санаторый. Чакайце, зараз прывяду, пазнаёміцеся…

Зіначка выпырхнула з палаты. Жанчыны засталіся ў трывожным чаканні новай суседкі.

Неўзабаве дзверы расчыніліся – і на парозе ўзніклі Зінаіда, а таксама маладжавая жанчына ў шыкоўным норкавым футры да пят, з прыгожай прычоскай, якая беражліва вяла пад руку старэнькую жанчыну.

Зінаіда (звяртаючыся да гасцей):

--Гэта ў нас пакой адпачынку. Вы тут пасядзіце крыху, пакуль я парадак у плаце навяду, пасцель вашу перасцялю… Заадно і са сваімі суседкамі па палаце пазнаёміцеся. Вы ж цяпер разам будзеце жыць, як адна сям’я…

Зінаіда выходзіць з палаты. Маладзейшая жанчына беражліва ўсаджвае старэйшую на крэсла, папраўляе на ёй халат, ухутвае ногі пледам.

Галіна:

--Ну вось, мамачка, адпачывай. Не хвалюйся, табе тут добра будзе. І сяброўкі ў цябе тут з’явяцца, не тое, што на тваім хутары – і загаварыць няма з кім. А тут вам разам весялей. Да таго ж пад прыглядам ўрачоў, а то ты ў адзіноце зусім абяссілела, прадуктаў поўны халадзільнік, а ты нічога не ясі…

Маладуха без упынку шчабеча, выстаўляючы ў тумбачку яркія пачкі і пакецікі.

Галіна:

--Тут табе на першы час хопіць, а я потым прывязу яшчэ, не турбуйся. А калі чаго захочаш, то грошы я пакінула ўрачу, папросіш, табе купяць – я дамовілася. Еж, не шкадуй сабе нічога.

Усе моўчкі назіраюць за тым, як мітусіцца дачка. Міхайлаўна, Стася, Сцепаніда – з цікаўнасцю, Вера – са суткам.

Галіна нарэшце ўсё спарадкавала і прысела ў крэсла побач з маці, прытулілася да яе.

Вера (ціхенька, нібы баючыся):

--А мо б мы, дачушка, перачакалі хоць бы святы? Так не хочацца на Каляды ў гэтую бальніцу… Каб дома – там, здаецца, і сцены грэюць…

Дачка ўскоквае, пачынае хадзіць па пакоі.

Галіна (даволі рэзка, раздражнёна):

--Мама, ну колькі можна! Мы ж з табой ужо сто разоў усё перагаварылі, пра ўсё дамовіліся! Ну што, скажы, ты будзеш рабіць адна ў хаце на гэтае свята? Ды яшчэ з тваёй галавой… Я прыехаць не змагу – я ж казала табе, што едзем з Валодзем ў адпачынак, на Мальдзівы. Такі шанс мо раз у жыцці выпадае! А потым, як вярнуся, у мяне пачнецца гадавая справаздача, баланс – зноў будзе цяжка вырвацца. А тут ты будзеш пад наглядам, з людзьмі. І табе лепш, і мне спакайней.

Вера апусціла галаву, змахнула ражком хусцінкі слязінку.

Галіна, заўважыўшы гэта, змоўкла. Зноў прысела да маці, узяла яе за  руку.

Галіна (больш мякка, нібы просячы прабачэння)

--Мамачка, ну не сярдуй, калі ласка. Я ж таксама маю права на асабістае жыццё. Я б даўно забрала цябе. Але пакуль з Валодзем усё так няпэўна… Баюся, што калі стану разрывацца паміж табой, Волечкай і ім, то ён кіне мяне і сыдзе да той, якая ўвесь час будуць прысвячаць толькі яму. А такія мужыкі, як Валодзя, на дарозе не валяюцца. У мяне, можа, апошні шанс уладкаваць асабістае жыццё – не забывай, колькі мне гадоў. А тут ты са сваімі капрызамі… Я ж не пакідаю цябе – прашу пажыць тут крыху, пакуль я ўладкую свае справы. Думаеш, мне лёгка было дабіцца гэтага месца?

 Вера (хуценька выціраючы вочы):

--Ды не, я нічога… Не звяртай увагі – гэта ўжо старэчае. Едзь, адпачывай, абы табе было добра.

 Галіна, ўзрадаваная, спехам цмокнула маці ў шчаку, кінула жанчынам у палаце на развітанне: “З надыходзячым вас святам! Не хварэйце!” – знікла за дзвярыма.

У палаце на нейкі мамант завісла цішыня, у якой чулася толькі ціхенькае пахліпванне новенькай.

Міхайлаўна:

--Ну што суседка, давай знаёміцца. Нам, падобна, доўга давядзецца жыць разам. Я – Таццяна Міхайлаўна, але ўсе Міхайлаўнай клічуць, нават галоўны ўрач так звяртаецца – і ты так заві. У былым – партыйны работнік. А зараз, як і ўсе тут, -- нікому не патрэбная: ні партыі, ні народу… У крэсле сядзіць Сцепаніда, багамолка наша… Усё моліцца і моліцца, а бог у яе ногі за тое забраў. Ляжачая яна, не падымаецца. Бяда – і для яе, і для ўсіх нас…

Сцепаніда моўчкі пачціва ў знак прывітання схіліла галаву перад новенькай, знарок ігнаруючы словы Міхайлаўны.

 --А гэта вось – Стася, зычлівіца наша. Усім у бальніцы насы выцірае.

Стася падышла бліжэй

Стася:

--Дзень добры, суседачка! Міласці просім да нашай хаты!

Міхайлаўна:

--А цябе, шаноўная, як завуць? Адкуль прыехала? Ты не супраць, калі мы без цэрыманіялаў, адразу на “ты” будзем? Усё ж мы тут не проста суседкі – можна сказаць, сужыцелькі, хе-хе.

Вера (замахала рукамі):

--Якое там! Канешне ж, не супраць. Вера я. Адсюль, з нашага раёна, з хутара. Хаціна там мая засталася. І сабачка… -- зноў захліпала бабуля.

Нейкі час усе маўчаць, спачувальна паглядваючы на новенькую.

 Сцепаніда (сама сабе, напаўголаса)):

--Вось ужо і сапраўды кажуць: дай бог дзеці – і шчасце ў дзецях.

Вера адразу перастае плакаць, ускідваецца:

Вера:

--Вы што, пра маю дачку, пра Галечку? Не трэба яе асуджаць – яна харошая.

Міхайлаўна (здзекліва):

--Ды ўжо ж, бачылі, якая харошая. Маці перад святам у багадзельню спіхнула, а сама на мора з палюбоўнікам рванула, пад пальмы…

Вера (у роспачы):

--Ну што вы такое кажаце? Што вы ведаеце пра яе і пра мяне, каб так гаварыць?

Міхайлаўна

--А што тут ведаць? Вядома, такі сакрэт… Маці, пэўна вачэй не дасыпала, апошнюю капейку ціснула, каб ёй такое футра справіць, а яна зараз гэтымі загранічнымі цукеркамі ды пернікамі хоча адкупіцца.

Стася (Падыходзіць, кранае Міхайлаўну за плячо, кажа прымірэнча):

--Міхайлаўна, супакойся. Ці табе зайздросна, што табе такіх пернікаў і цукерак ніхто не прывозіць? Дык Вера, раз такую багатую дачку мае, з намі падзеліцца сваімі прысмакамі. Праўда, суседка?

Вера (радасна кідаецца даставаць з тумбачкі пакункі):

--А як жа -- дзе ж я адна столькі з’ем! Тут на ўсіх хопіць. І Галечка мне наказвала з суседкамі падзяліцца, разам свята адзначыць. Я жа кажу: добрая ў яе душа…

Міхайлаўна і Стася са здзіўленнем і зайздрасцю разглядваюць, мацаюць, нюхаюць пакеты. Сцепаніда назірае за ўсім са свайго крэсла. Вера тым часам кожнай адарвала і аблупіла па банану, насыпала у кішэні цукерак.

Вера:

--Частуйцеся на здароўе! Галінка нам яшчэ прывязе, як прыедзе. Вы не думайце пра яе дрэнна -- яна харошая. Толькі лёс у яе нешчаслівы… (Голас у Веры зноў стаў засмучаным) Я саграшыла ў маладосці, яе без шлюбу нарадзіла. Вельмі ж дзіцятка хацела. Не пабаялася ні Божага суда, ні людскіх языкоў. Мужа мне Бог не даў, думала – хай хоць дзіцятка будзе, суцяшэнне на старасць гадоў…

Міхайлаўна (здзекліва, жуючы банан)

--Ну вось і суцешышся ў доме састарэлых.

Вера (не звяртаючы ўвагі на рэпліку Міхайлаўны, працягвае):

--Яна добрай, спагадлівай расла. Заўсёды мне дапамагала, раілася, дзявочыя сакрэты свае расказвала. Вучылася добра, пасля школы ў інстытут паступіла. Зараз на нейкай вялікай фірме ў Мінску працуе, самым галоўным бухгалтарам. З работай у яе ўсё добра, паважаюць яе, грошы добрыя плацяць. А жыццё вось не склалася -- як і ў мяне. Таксама ў дзеўках дачушку нарадзіла. Я ўжо так Бога маліла, каб паслаў ёй пару. Вымаліла, вочы б мае яго не бачылі… (У Веры ажно твар перасмыкнуўся ад ўспаміну пра даччыную “пару”)

Сцепаніда (спалохана):

--Мо бандыт які, крый божа?

Вера (у роспачы махнула рукой):

–Ды не бандыт. А як па мне, дык яшчэ горай, чым бандыт. Начальнік яе. Бачыла я яго -- прыязджалі аднойчы разам.  Адно слова – хлышч. Не дзіва, што і замуж за такога ніхто не пайшоў – калі б добры быў, то ці хадзіў бы да сарака гадоў бабылём? Даўно ужо нехта б да рук прыбраў. Адна мая дурнічка ўтрэскалася, вочы ёй засланіў, свету белага за ім не бачыць… А што – умее падысці культурна, словы розныя гаворыць, якіх я і не чула ніколі. Толькі мяне не падманеш! Я ж бачу, што нічога сур’ёзнага ў яго ў галаве няма. Пабавіцца з маёй дачушкай дый прагоніць. Ды што ты ёй скажаш, хто цяпер нас, старых, слухае? Яны ж, маладыя, лічаць, што яны самі ўсе ведаюць.  

Міхайлаўна (на гэты раз без сарказму, з нейкім унутраным болем):

--Ды ўжо ж… Ведаюць… Каб толькі да дабра тыя веды даводзілі…

Вера (працягвае далей):

--Як толькі завяду размову, яна адразу: “Мамачка, ты нічога не разумееш. Я яго кахаю, ён мяне таксама, не перашкаджай мне будаваць сваё шчасце.” Кахае, як жа… Ды я б жывая ў зямлю палезла, каб ведала, што гэта яе шчасце! Дык жа глупства адно. Ну скажыце, калі любіш чалавека, то ці ж можа замінаць яго родная маці? Ці дачка? А то Волечка і школу толкам не закончыла, у тэхнікум паступіла ды ў інтэрнат пайшла, каб ім не перашкаджаць. Мяне вось у дом састарэлых спіхнула, каб клопату не мець. А ў саміх адны любошчы ў галаве. Я ведаю -- той чорт дамовіўся, яна б сама да такога не дадумалася. І грошай такіх не мела, і знаёмых…

Стася (усплёскваючы рукамі):

--А ўсё я сама сабе думаю: як жа ты, такую багатую дачку маючы, у дом састарэлых трапіла… Аказваецца, усё па блату робіцца. Нават у дом састарэлых…

Вера:

--Ды ўжо ж, па блату – не ведаць бы нікому такога блату ніколі ў жыцці. Дый гэта не галоўная бяда. Найгорай, што не будзе з гэтага яе кахання толку -- чуе маё хворае сэрца.

Вера зноў заплакала. І заканчвала ўжо скрозь слёзы:

--А яна, мая Галінка, добрая, вы не думайце. Толькі ў людзях не разбіраецца. Таму і падманваюць яе… То той, ад каторага Волечку панесла, то гэты вось прахадзімец… Няўжо за мае грахі дачушка расплачваецца? Даруй, Госпадзі, мне маё аддай, не перакладвай на дзіцятка маё.

Сцепаніда:

--Ды ёй, падобна, і свайго хопіць -- яшчэ і ўнукам застанецца.

Вера (высмаркалася, выцерла вочы):

--Ды я і не паехала б нікуды, сядзела б у сваёй хаце. Ну і што, што адна? Я ўсё жыццё адна, прывыкла ўжо. Але ногі ўжо не ходзяць, дроў прынесці -- і тое цяжка, за дзень па тры паленцы ледзь нацягаю. А найгорш, што забывацца стала ўсё чысценька. Вось як маладой была, як на вячоркі хадзіла – усё памятаю, да драбнічкі. А ці ела сёння – ніяк успомніць не магу. Бывае, прачнуся -- і не магу зразумець: ці то развідняе за акном, ці змяркаецца? Пастаўлю чайнік на газ – і забудуся, а ён кіпіць, кіпіць... Ці печ выпалю, а юшку не закрыю… Страшна неяк – і ёй, і мне. Вось і ўгаварыла мяне Галінка: едзь, кажа, мама, да людзей. А я цябе праведваць буду. Паплакала я – дый згадзілася. А куды дзявацца?

Сцепаніда ўвесь час уважліва слухала Веру, раз-пораз імкнулася нешта сказаць. А тут памкнулася наперад, пад’ехала на сваім крэсле да новенькай.

Сцепаніда (пасля паўзы):

--А дзявацца нам і сапраўды няма куды. Дзякаваць богу, што вось гэтыя багадзельні парабілі, а то хоць ты жывым у зямлю лезь…

(Пагладзіла Веру, як маленькую, па галаве).

--Ты не плач, Вера, не адна ты тут такая. Шчаслівыя тут сваю старасць не дажываюць. У кожнага -- сваё гора… Ты хоць маеш дачку ды ўнучку. Табе ёсць каго чакаць у госці, ёсць за каго маліцца, на што спадзявацца. Гасцінцаў во навезлі на ўсю палату, мы такіх і не бачылі ніколі. А я… Я вось дык на самой справе -- ўсё жыццё адна… І чакаць няма каго, і крыўдзіцца няма на каго. Памру – і следу майго на зямлі не застанецца. А ўсё з-за сваёй дурной галавы…

Вера (здзіўлена):

--А што ж ты такога дурнога нарабіла?

Сцепаніда (са скрухай у голасе):

--У тым і бяда мая, што не нарабіла. Ты вось граху не пабаялася, нарадзіла дачушку, а я дык не асмелілася. А сястра мая нічога і нікога не баялася, нараджала аднаго за другім -- ажно траіх. І ўсё ад розных бацькоў. Шабутная яна была, гуляла напрапалую. Навадзіла поўную хату малечы, а карміць, адзяваць-абуваць за што? Галеча… Да работы яна ніколі асабліва не рвалася, усё больш ў пагулёнкі. А дзеткі ў чым  вінаватыя? Яны ж есці-піць хочуць. І такія ж харошанькія ўсе – як анёлкі. Шкадавала я іх. Глядзела, пакуль сястра з мужыкамі курвілася.

Стася (з цікаўнасцю):

--А казалі ж, сватаўся да цябе неяк Мікалай, удавец з суседняй вёскі? І не старая ж тады яшчэ была, і не брыдкая… І ён не зломак, добры мужык. Чаму ж не пайшла? Ці не глянуўся?

Сцепаніда:

--Сапраўды, было такое… Сватаўся да мяне ўдавец. Чаму ж не глянуўся – глянуўся. І нават вельмі… (вочы яе заблішчалі гарэзліва, ўсміхнулася молада, какетліва) І я яму даспадобы была, я ж бачыла. І тое, што ў яго чацвёра дзяцей, мяне не палохала. Ён, мусіць, таму і прыйшоў да мяне – паглядзеў, як я ж чужымі дзецьмі важдаюся, не кожная маці так сваіх глядзіць.

Стася:

--Дык чаму ж носам закруціла? Лепшага чакала?

 Сцепаніда:

--Барані бог – пра якога лепшага можна было марыць? Але… Пляменнікаў куды было дзяваць? Усё ж родная кроў… Каб з маці-зязюляй іх пакінула – прапалі б зусім. Ці па дзіцячых дамах збадзяліся. А яны ж мне былі – родныя, хроснікі ўсе. І шкода, і грэх. Так і гадавала іх. Харошыя дзеткі павырасталі, прыгожыя, разумныя – усе, як адзін!

Сцепаніда аднекуль з кішэні дастае пачак фотаздымкаў, перабірае. Стася і Вера разлядваюць разам з ёй, Міхайлаўна ўвесь гэты час напружана моўчкі сядзіць ля стала, робіць выгляд, што гартае газеты, але сама чуйна прыслухоўваецца да ўсяго

 Сцепаніда:

--Во, старэйшы, Пеця – у Маскве міліцыянерам працуе. І Жэньку да сябе забраў, як той падрос, той на машыне начальніка нейкага вялікага возіць. А Палінка – тая не схацела да братоў ехаць, не. Тут засталася. У інстытут паступіла, на настаўніцу вывучылася. Потым замуж выйшла за ваеннага. Па ўсім свеце за ім ездзіць. І ў Мурманску жылі, і Чалябінску. Апошнюю паштоўку, бачыце во, з Казахстана прыслала…

Вера (чытае ўслых):

--“Дарагая цётачка! Віншуем цябе з новым 2005 годам…” Дык гэта ж калі было? Што, з таго часу больш нічога? І не прыязджаюць?

Сцепаніда (вінавата):

--Ну што ж ад іх хацець? Не родная ж я ім… Пакуль іх маці, сястрыца мая шабутная, жывая была, то прыязджалі. Падарункі ёй дарагія прывозілі, забыліся пра сваё дзяцінства гаротнае, усё ж роднае ёсць роднае. І мяне праведвалі, нічога не скажу. З пустымі рукамі ў хату ніколі не прыходзілі. А як яна памерла… (Сцепаніда змоўкла. Паля паўзы):

--Не крыўдую я на іх. Бога прашу, каб добра лёс у іх склаўся, каб бяды не ведалі, каб здаровыя былі – і самі, і дзеткі іхнія. А мне, дзякаваць богу, дзяржава пенсію плаціць, палата вось гэтая ёсць. І накормяць добрыя людзі, і абмыюць. Адна вось бяда, што ногі не ходзяць, а так усё добра ў мяне…

Міхайлаўна (хмыкнула):

--Ды ўжо ж, добра! Лепш не бывае… Выгадавала траіх байструкоў, а сама цяпер зажыва гніе ў гэтай багадзельні… А думала б не пра чужых дзяцей, а пра сябе, пра сваё шчасце, пайшла б тады за таго ўдаўца, дапамагла б яму выгадаваць яго дзяцей да сваіх нарадзіла, – то, можа, і не ляжала б тут, не капціла б паветра…

Стася (задуменна):

--Гэта яшчэ бабка надвое варажыла… Я вось і пайшла, і глядзела, як родных – а ўсё роўна тут, разам з вамі…

Сцепаніда:

--А чаму, Стасечка? Ты ж ніколі нічога не расказвала…

Стася:

--Дык пра што ж тут расказваць, чым хваліцца? Пра сорам свой, пра ганьбу? Пра лёс свой пакалечаны змоладу ды па дурасці?

Але, памаўчаўшы колькі часу, прадоўжыла:

 --Маладая я была агністая, баявая -- цяпер і паверыць цяжка. Зямля пад нагамі гарэла. На танцах мне роўнай не было. Гарманіст чубаты да мяне прывязаўся. А мне сямнаццаць гадоў, ніколі ні з кім за руку не патрымалася. Закахалася, як звар’яцела. А ён (перадражнівае салодкім галаском): “Стасечка, мілая, ты адна такая ў свеце, у суботу сватоў зашлю. А сёння, ластаўка мая, давай пабудзем разам”. Пабылі… Яго назаўтра і след прастыў, а я з пузам засталася… Спалохалася – што будзе? Бацькі ў мяне строгія, набожныя, пабаялася, што такой ганьбы мне не даруюць…

Міхайлаўна:

--Дык што, дарогі ў бальніцу не ведала? Ці ты першая, ці апошняя…

Стася:

--Дык кажу ж – баялася, што бацькі даведаюцца. А па вёсцы плёткі пойдуць – ого! Носа на вуліцу не высунеш…

Ды сяброўка выйсце падказала: “Зрабі, -- кажа, -- аборт, ніхто і ведаць не будзе пра твой грэх” Яна мяне да сваёй цёткі ў горад адвязла, тая некалі акушэркай працавала, а як з работы за гарэлку прагналі, стала дома гэтай справай займацца, такіх дурнічак, як я, ад ганьбы ратаваць.

Міхайлаўна (пагардліва):

--От жа дзярэўня цёмная… Памерці гатовы, каб толькі ўсё шыта-крыта было…

Стася (З горыччу):

--Праўду ты кажаш, Міхайлаўна, -- ледзь не памерла. У бальніцу ўсё роўна забралі, без урачоў ужо даўно б на тым свеце была. Вядома ж, усё наверх вылезла… Але мне тады ўжо ўсё роўна было, хто што скажа і як паглядзіць. Галоўнае, што доктар сказаў, што пра дзяцей  мне і марыць не варта. А як жа не марыць, дзеля чаго ж тады на свеце жыць? Я і ў садок нянечкай працаваць пайшла, каб хоць чужых дзетак на руках патрымаць, выцалаваць да прылашчыць…

 А сама ж прыгажэнная была. Сёння, вядома, ў гэта цяжка паверыць, а тады… І адзін за мной увіваецца, і другі сохне… А я што ж? Я -- бяздзетная, нашто ж мне некаму свет завязваць? Усім ад варот паварот даю. А тут у аднаго чалавека з нашай вёскі жонка ад родаў памерла, двое дзетак засталося. Хлопчыкі-пагодкі да нас у садок хадзілі. Як пабачаць мяне -- бягуць, ручкі раскінуўшы: “Цёця Стася, цё-ё-ця Стася!”. Неяк старэйшы падышоў, прытуліўся і мамай назваў – у мяне ажно сэрца ад пяшчоты і жалю захлынулася…

Міхайлаўна(зацікаўлена):

--Чакай-чакай, гэта ты часам не пра Аляксандра Іванавіча, парторга з вашага калгаса, расказваеш? Сапраўды, нешта мне такое помніцца… Расказвалі, што жонка ў яго маладая памерла, ён з малымі дзецьмі застаўся. А потым ажаніўся на нейкай вясковай кабеце, нашмат старэйшай за сябе. Дык гэта ты такога мужыка адхапіла, зычлівіца ты наша, ціхоня? Ото ж умеюць людзі!

Стася (пакрыўджана):

--Нікога я не хапала. Кажу ж – не такіх выправажвала. І ён мне быў не патрэбен – дзяцей пашкадавала. Калі ён сватацца прыйшоў, аднаго баялася: малады ён для мяне. Мне пад саракоўку бралася, а ён толькі трыццатнік размяняў. А ён кажа: “Якая розніца, каму колькі гадоў? Мне лепшай, чым ты, маці для сваіх дзяцей не знайсці”. Ну і пайшла за яго, хоць і пабойвалася. І не дарэмна…

Міхайлаўна:

--Успомніла – там яшчэ нейкая гісторыя была, каханне ў яго з’вілася – з маладой ці то настаўніцай, ці то аграномкай… І скончылася ўсё дрэнна… Дык гэта сапраўды пра цябе ўсё?

Стася (развяла рукамі):

--Ну раз дрэнна --  то, значыць, пра мяне. Бо доля ў мяне, як у той песні: салодкай ягады – толькі жменька, горкай ягады – тры вядры. Хоць, калі па праўдзе казаць, то спачатку ўсё па толку было -- пакуль дзеці малыя былі ды я маладзейшая. Ён і сям’ю глядзеў, і мяне шанаваў. А потым дзеці выраслі, раз’ехаліся… Я ж за клопатамі, за гаспадаркай  не мела часу за сабой асабліва глядзець: твар прамыла – дый добра. Дый лічыла, што глупства ўсё гэта. А тут маладую настаўніцу ў школу прыслалі. Туфлі на абцасах, стан -- як перашчыкнуць, у вачах чорцікі скачуць… Вядома, я супраць такой – старая баба… Ну, яму чорт у рабрыну і стрэліў…

Міхайлаўна(з’едліва):

--Трэба было думаць пра гэта тады, калі за маладога замуж збіралася…

Сцепаніда (са злосцю):

--Ды супакойся ты, Міхайлаўна, досыць табе ўжо падкусваць -- то адну, то другую. І што за чалавек такі! Чаму ж ты, такая разумная ды правільная, век свой дажываеш там, дзе і ўсе мы, дурныя ды грэшныя…

Вера (прымірэнча)

--Ну не сварыцеся, не злуйцеся, жанчынкі. Што ўжо нам тут дзяліць? Усе аднолькавыя, кожная са сваёй бядой. Ты далей, Стасечка, расказвай…

Стася:

--Дык няма чаго асабліва расказваць. Праўду кажа Міхайлаўна: трэба было думаць, што некалі ж мне будзе за пяцьдзесят, а яму – пад сорак… Спачатку ўпотайкі да той маладухі бегаў. А потым прыйшоў, слязьмі просіцца: “Жыць, -- кажа, -- без яе не магу. Даруй.” Даравала – не даравала, а ён усё роўна да яе пайшоў, я сама-адна засталася…

Сцепаніда:

--Але ж чула я, што і ён сваё атрымаў? Якой манетай табе за тваё дабро заплаціў – такой і яму рэшту аддалі.

Стася:

--Сапраўды, нядоўга са сваёй маладухай нажыў. Абабрала яна яго да ніткі, а потым гэткі ж крэндзель выкінула, як і ён са мной: у горад з маладым палюбоўнікам уцякла...

Вера:

--От і добра! Так яму, гаду, і трэба! Хай ведае…

Стася:

--А я дык шкадавала яго, дурня гэткага… Калі б ён тады да мяне вярнуўся, папрасіўся, я б, мусіць, даравала. Прыняла б... А ён… Ён рукі на сябе налажыў. Ганьбы не вынес. Ці мо і сапраўды так моцна кахаў тую фіфу?

 Вера:

--А дзеці яго як? Яны дзе зараз, як да цябе ставяцца?

Стася:

--А што дзеці? Я ж не маці ім – мачыха… Не буду богу грашыць, не забываюцца. Пісьмы, паштоўкі зрэдзьчасу прысылаюць, пасылкі да святаў. Ды яны і не ведаюць, што я тут, у доме састарэлых, не пісала я ім нічога. Навошта ім гэта ведаць? Забраць да сябе яны мяне ўсё роўна не забяруць. Ды і не паеду я: што мне там рабіць, у той Маскве? За тыдзень змарнуюся… Я лепш тут, сярод сваіх людзей. На лета паеду назад, у сваю вёсачку. Прыбяруся ў хатцы, пасаджу цыбульку ды гурочкі. Магілкі прыбяру – ягоную, Сашаву, і жонкі яго першай… Дзеці прыедуць на радуніцу, дык каб парадак быў. Вось тады і пабачуся з імі, нагаваруся. А на зіму зноў сюды буду прасіцца: цяжка адной зімаваць…

У пакоі завісла цяжкая цішыня.

Праз нейкі час яе парушыла Вера,  звярнуўшыся да Міхайлаўны, якая сядзела ля стала, моўчкі ўнурыўшы галаву:

Вера:

--А ты, Міхайлаўна?

Міхайлаўна (з выклікам):

--А што –я?

Вера (спагдліва):

--Ты чаму тут жывеш? Бяздзетная? Ці дзецьмі забытая?

Міхайлаўна доўга маўчала – і ніхто не парушаў гэтую цішыню. Дастала з кішэні халата тоненькі чырвоны паясок і стала круціць у руках. Нарэшце загаварыла.

Міхайлаўна:

--І не бяздзетная... І не забытая… Грэшніца вялікая. Большая, чым вы, чым кожная з вас і ўсе разам. Не адмаліць мне свой грэх. Дый маліцца я не ўмею, не навучылася за жыццё. І не адплакаць, колькі жыць буду (голас у яе задрыжэў).

Міхайлаўна ( працягвае з роспаччу):

--Таго, што я, ніхто з вас не зрабіў. За справы свае чорныя я тут век свой дажываю. І яшчэ мала мне гэтага, не такія пакуты мне трэба трываць. Каб кроў у сэрцы запяклася…

Вера (спалохана):

--Госпадзі, ды што ж ты такога нарабіла?!

Міхайлаўна (з выклікам):

--Што? Дзіця сваё на той свет звяла -- вось што!!!

Вера спалохана закрыла рот рукамі, і ва ўсе вочы з жахам глядзіць на Міхайлаўну. Сцепаніда зноў стала перабіраць ружанчык, шэпчучы малітву. Стася падышла да Міхайлаўны,памкнулася пагладзіць яе па руцэ – і не асмелілася…

Міхайлаўна праз нейкі час зноў загаварыла, але ўжо зусім іншым, ціхім, без эмоцый, бясколерным голасам:

Міхайлаўна:

--Ніколі нікому пра гэта не расказвала. Але раз ужо ў нас сёння такі вечар… Некалі ж і мне, хоць раз у жыцці, трэба паспавядацца. Святару не хачу і не магу – не веру я ім, гэтым божым служкам… Дык  хоць вам. Каб камень з душы зняць. Бо ўжо ніякіх сіл няма яго насіць…

Пасля паўзы:

…Дачушка ў мяне была. Адна-адзіная. Больш я нараджаць не схацела, хоць муж і прасіў. Але мне не да таго было, у мяне кар’ера: то ў дэпутаты выбіралі, то сакратаром партарганізацыі... А пачнеш дзяцей нараджаць ды ў дэкрэтах сядзець, то пра цябе за гэты час і забудуцца усе. Я вырашыла: хай яна ў мяне адна, але затое ў яе будзе ўсё. У яе і сапраўды было ўсё, ніхто з яе равеснікаў і блізка таго не меў. Але расла яна не эгаісткай, не. Ціхай была, паслухмянай, стараннай, вельмі сціплай. І закрытай -- нічога мне пра свае дзявочыя таямніцы не расказвала. Я выпадкова, ад чужых людзей, даведалася, што яна сустракаецца з суседскім хлопцам.

Вера

--Дык што ж за бяда такая? Усе яны, маладыя, любяцца, з кім хочуць, бацькоў не слухаюць. Я таксама супраць была, каб мая Галінка з тым ветрагонам сустракалася – дык што ж рабіць? І мы такімі былі, бацькоў сваіх не слухаліся, і іх дзеці такімі будуць… Пакуль самі не паразумнеюць, ніхто іх не навучыць…

Міхайлаўна (злосна):

--Ага, пабачыла б я, што б вы заспявалі, каб ваша дачка замуж сабралася за таго, хто толькі з турмы прыйшоў. Нездарма кажуць: чужую бяду па воласу развяду… Зараз усе разумныя… А тады… Той хлопец толькі з турмы вярнуўся. Яшчэ старшакласнікам узяў у бацькі матацыкл пакатацца, дзяўчыну пасадзіў ззаду. І перакуліўся. Яму дык нічога, а дзяўчына загінула. Яму нямнога далі, але ж каго турма чалавекам зрабіла? А тут – мая адзіная дачушка, мая надзея, толькі школу скончыла! Як мне было з такім яе выбарам змірыцца? Канешне ж, я адразу сказала: нізавошта!

Стася (спалохана):

--А яна што?

Міхайлаўна( роспачна):

--А яна, заўсёды такая спакойная і паслухмяная, на гэты раз заўпарцілася. Кахае яна яго – ці бачылі вы такое?! Я і па добраму, і  крыкам – нішто не дапамагае: кахаю і замуж за яго пайду! Ну, тады я так прама і рубанула: толькі цераз мой труп! Бо гэта – канец маёй кар’еры: хто мяне куды пусціць з такім зяцем? А значыць -- і становішчу нашай сям’і, дабрабыту! Урэшце, канец яе бліскучай будучыні, якую я ёй прыгатавала! А яна так дзіўна паглядзела на мяне і сказала: “Не, калі праз твой труп, то не трэба. Не варта маё шчасце такой цаны”. Я ўзрадавалася – думала, адумалася яна, паслухалася мяне, як і заўсёды. А яна…

Стася, здаецца, здагадалася ці ўспомніла, аб якой гісторыі расказвае Міхайлаўна: у роспачы адвярнулася і закрыла твар рукамі. Сцепаніда ніжэй унурыла галаву… І толькі Вера, якая нічога не чула пра гэтую гісторыю, цікаўна глядзела на Міхайлаўну, што змоўкла на паўслове:

Вера (не вытрымаўшы паўзы):

--Дык што яна зрабіла, Міхайлаўна? З хаты ўцякла, як некалі мая ветрагонка? Дык гэта ў іх часта бывае, ў дурніц гэтых закаханых… Вяртаюцца потым з пузам: “Мамачка, даруй…”

Міхайлаўна:

--Каб жа… Дорага я б аддала, жыцця не пашкадавала б, каб яна вярнулася – хоць з пузам, хоць з зэкам тым ненавісным… Дачушка мая не пайшла супраць маёй волі – ніколі ні ў чым не пярэчыла… Мудрэй зрабіла… Узяла ды павесілася ў сваім пакоі! На паяску ад халаціка. На гэтым вось паяску! – Міхайлаўна зрываецца на істэрычны крык і высока падымае у руцэ чырвоны паясок, які да таго ўсё круціла ў руках. --З халаціка нейлонавага паясок, які я з Балгарыі прывезла ёй, прыгажуні сваёй. Ні ў каго такога не было…

Яна хапаецца за сэрца і падае ў крэсла.

Стася, Вера і Сцепаніда, адначасова:

Стася:

--Госпадзі, таблеткі! Дайце якія таблеткі!

Сцепаніда:

--Дапамажыце хто-небудзь!

Вера:

-- Зіначка! Доктара! Паклічце доктара!

 Стася кідаецца да дзвярэй.

Міхайлаўна (махае рукой Стасі, слабым голасам):

--Не трэба доктара, прашу вас… Нічога са мной не станецца… Не тое перажыла…

(Памаўчаўшы крыху, аддыхаўшыся, працягвае):

--Пасля Веранікі я ж яшчэ і мужа пахавала. Не мог ён мне дараваць смерці дачкі, лічыў, што гэта я на той свет яе звяла.  Канешне, ён жа добранькім быў, усё гундосіў: “Не перашкаджай ёй, хай жыве сваім жыццём.” А я адна ва ўсім вінаватая! Перажываў моцна, і праз год памёр: сэрца. А ў мяне яно, мусіць, жалезнае, калі ўсё гэта вытрымала – і да гэтага часу б’ецца, ніякая халера яго не бярэ.

І пасля, звяртаючыся да Веры:

--Так што ты, Вера, паслухай маёй парады, нічога сваёй дачцэ не кажы: хай жыве, як знае, як сэрца ёй падказвае…

У палаце павісла цяжкая цішыня. Кожная з жанчын маўчала і думала аб сваім… Міхайлаўна, унурыўшы галаву, круціла ў пальцах тонкі чырвоны паясок. Сцепаніда ўсё перабірала ружанчык, бязгучна варушачы вуснамі. Стася, абхапіўшы галаву, сядзела ў крэсле, і ціхенька пагойдвалася з боку ў бок.

Вера спачувальна пераводзіла погляд з адной суседкі на другую, нібыта імкнучыся падысці, нешта сказаць – і не могучы рашыцца…

Урэшце яна дастала са свайго вузельчыка свечку, запаліла яе перад абразам і, перахрысціўшыся, стала маліцца:

--Дзякуй табе, Божачка, за ўсё! За дачушку маю. За унучку. Пашлі ім долю добрую! Хай будуць яны шчаслівымі. За мяне, за гаротніцу Сцепаніду, за Стасю – добрую душу, за няшчасную Міхайлаўну… За ўсіх, каму ты не дадаў у гэтым жыцці. Божа ўсемагутны, зрабі так, каб у Галінкі  маёй усё добра ўсё было. Калі яна ўжо так любіць таго хлышча – хай будзе шчаслівай з ім. І Волечка хай свой лёс сустрэне – сапраўдны, не на дзень і не на год, а на ўсё жыццё. А каляжанак маіх збаў нарэшце ад пакут. Ад болю душэўнага. Ты ж бачыш, Божачка – адпакутавалі яны ўжо. І за свае грахі, і за чужыя… Дай ім астатнія дні ў спакоі дажыць…

 Дзверы ў пакой ціхенька прыадчыняюцца, на парозе з’яўляецца Галіна. Яе ніхто не заўважае. Ціхенька пастаяўшы, абапёршыся на вушак, яна аглядвае пакой. Гэта ўжо зусім не тая жанчына, што пакідала гэты дом: нейкая прыгаломшаная, зніякавелая…

Праз нейкі час Гліна гэтак жа ціхенька падыходзіць да маці, абдымае яе плечы.

Галіна (пяшчотна):

--Мамачка, збірайся. Паедзем дахаты…

Вера (спалохана):

--Галінка, донечка, што здарылася? Чаму ты вярнулася? Машына зламалася? Ці захварэла?

Галіна (стомлена):

--Ды не, мама, нічога не здарылася. Проста я вырашыла, што і сапраўды не варта табе тут свята сустракаць. І ўвогуле няма табе тут чаго рабіць. У цябе ж сям’я ёсць, мы з Волечкай…

Вера (недаўменна):

--Дык ты ж у адпачынак, на тыя Мальвіны збіралася…

Галіна (стомлена):

--На Мальдзівы. Але не паеду я нікуды…

 Вера:

--Гэта што, з-за мяне? Дык ты не думай нічога, не перажывай. Едзь, адпачывай! У мяне ўсё добра будзе! Тут жанчынкі такія добрыя, сардэчныя. І Стася, і Сцепаніда, і Міхайлаўна, і санітарка Зіначка. Мы ўжо пасябравалі. І ўрачы на месцы, калі што якое. А ў цябе ж сваё жыццё, ты сваімі справамі займайся, пра мяне не турбуйся… Што ж ты з-за мяне будзеш жыццё ламаць? Я ж ужо старая

Галіна:

--Мама, я не з-за цябе , я з-за сябе перадумала…

Вера (настойліва):

--Ды не, нешта здарылася, я ж бачу… Ты ж зусім іншая, чым была гадзіну назад. Кажы, што сталася, а то я ўжо не ведаю, што і думаць…

Галіна:

--Я Пятра сустрэла…

Вера (спалохана):

--Божачкі! І дзе? І што ён?

Галіна:

--Ды тут, у горадзе. Зайшла ў магазін, каб вады на дарогу купіць. А ён стаяў на ганку… Страшны, твар спіты, азызлы… У нейкіх лахманах… Я б яго нават і не пазнала, каб не загаварыў. Голас той жа застаўся… Ён таксама мяне не пазнаў. Грошай на хлеб прасіў…

Вера (скрушліва ківае галавой):

--Божа, то б мог падумаць… А як ж быў франт – носа не дастаць і сажнем…

Галіна  (горка ўсміхаецца):

--Ты таксама памятаеш? Як ён прыходзіў да мяне – з кветкамі, з шампанскім, з падарункамі? А словы якія гаварыў! А назаўтра з тымі ж словамі і такімі ж кветкамі – у суседнюю вёску, да старшынёўскай Алесі... Як я цябе не слухалася, уцякала з ім у горад…А як даведаўся ён, што я цяжарная, усё каханне і скончылася…

 Вера (рашуча):

--Усё, дзіця, хопіць! Досыць, што тады наплакалася, ночы не спала, ад людзей хавалася. Я ўжо баялася за цябе, каб чаго з сабой ці з дзіцем не зрабіла ці розум не страціла.

Галіна  (туліцца да маці, абдымае яе):

--Усялякія думкі ў галаву лезлі... Я ж яго так любіла – думала, што ніхто ніколі так больш любіць не можа. Здавалася, што жыццё без яго не мае ніякага сэнсу. Ды каб жа яго проста не стала – а то даведацца, што ўвесь час ён цябе падманваў, здраджваў… Каб не ты, мамачка, мусіць, не перажыла б я той яго здрады… Дзякуй, што ўратавала тады ад бяды -- і мяне, і дачушку маю. Не дала зрабіць непапраўнае.

Вера:

--А як жа ён да такога дажыўся? Пабраліся ж тады з той Алесяй. Казалі, што добра жылі, багата. Бацька яе ў Мінску кватэру ім купіў, машыну падарыў… А тут – на хлеб просіць. Ды ў каго – у цябе, сіраціны,  якую цяжарнай кінуў… Ці гаварыла ты з ім?

Галіна:

--Крышку… Ён не асабліва кідаўся ў размовы. Сорамна яму. Спытаў пра дачку – нехта, мусіць, паведаміў яму, што я тады нарадзіла. Сказаў, што занадта позна зразумеў, то за ўсё ў жыццё трэба плаціць. І яго сённяшняе жыццё – расплата за тое, як ён абышоўся са мной. Папрасіў прабачэння і пайшоў..

Вера:

--А ты што?

Галіна:

--У першы момант нават зларадства нейкае з’вілася: так, маўляў, табе і трэба, за ўсе нашы пакуты… Некалі я табе не пара не была, за маладзейшай ды багацейшай пабег – а цяпер паглядзі, дзе я, а дзе – ты… А потым шкада яго стала. І так моташна на душы … Адразу ўсё ўзгадалася, што тады было… А калі ўжо ў машыну села, словы гэтыя яго – “За ўсё ў жыцці трэба плаціць” – працялі да самай пячонкі. Я зразумела, што гэта не толькі пра яго, але і пра мяне… І што мне таксама некалі за ўсё давядзецца плаціць…

Вера (спалохана):

--А божа мой, дачушка, табе ж за што? Што ты каму дрэннага зрабіла?

Галіна  (падымаецца):

--Ну вось дзякуй богу, не зрабіла – не паспела. Адумалася своечасова. Дапамагла мне гэтая сустрэча з Пятром на сябе і на жыццё сваё па-іншаму паглядзець. Так што збірайся, мамачка, паедзем…

Вера (з надзеяй):

--Дахаты?

Галіна  (усміхаецца):

--Да мяне дахаты. Нельга табе адной зараз заставацца, слабенькая ты ў мяне пакуль. Вось пажывеш у мяне зіму, падмацуешся, а там будзе відаць. Калі будзеш мець сілы і жаданне, то вернешся на лета на свой хутар. А калі не, то пачакаеш майго адпачынку -- разам паедем

Вера (яна ўжо пачала шурудзіцца ў сумках, збіраючы рэчы, ды раптам разгублена спынілася):

--А Валодзя? Што ён скажа, калі ты не паедзеш з ім на тыя Мальвіны? Ды яшчэ і мяне дахаты прывязеш?

Галіна  (усміхаецца):

--Мальдзівы, мамачка… А Валодзя… Калі кахае, калі я сапраўды яму патрэбна, то ўсё зразумее. А калі не – то і не трэба. Зрэшты, ёсць рэчы нашмат даражэйшыя за тыя Мальдзівы… Ты, напрыклад… Волечка…

Вера хуценька піхае  ў сумку сякія-такія рэчы. Пакунак з пачастункамі ставіць на стол:

Вера:

--Гэта вам, дзяўчаткі, гасцінцы да свята. (Крыху вінавата). Не сумуйце тут без мяне. Не крыўдуйце на мяне, калі што… Так вось атрымалася…

Падыходзіць да Сцепаніды:

--А ты, Сцеша, напішы пляменнікам. Не ўводзь іх у грэх… Мо і добрымі людзьмі яны выраслі, мо і дапамогуць табе…

Міхайлаўна (буркліва):

--Ідзі ўжо, ідзі, радуйся свайму шчасцю…

Стася (падыходзіць, абдымае Веру):

--Во, бачыш, каляжанка, як добра ўсё атрымалася. А дачка твая і праўда харошая, ты даруй, што мы перш пра яе дрэнна падумалі… Бывай здаровая…

Адварочваецца, хаваючы слёзы.

Вера на парозе нізка кланяецца усім

Вера:

--Бывайце здаровыя!

Галіна:

--Да пабачэння. Дзякуй вам, што з мамай маёй былі прыветныя ды ласкавыя. Радасных вам святаў.

Вера з Галінай выходзяць.

Заходзіць Зінаіда з прыбранай штучнай ёлачкай, ставіць яе на стол.

Зінаіда (бадзёра):

--Ну што дзяўчаткі, зажурыліся? Што каляжанку ад вас так хутка забралі? Дык не бядуйце – будзе і на вашай вуліцы свята.  Вось прама зараз! Я вячэру вам сюды прынясу. Яна на ў нас сёння царская, святочная. Верына дачка столькі прысмакаў навезла – на ўсю бальніцу. Нават па кілішку каньячку вам дзеля свята налью са свайго гасцінца – для расшырэння сасудаў. Толькі не буяньце потым, не выдайце доктару. А то выпруць мяне з бальніцы – хто вас потым абмываць будзе.

Зінаіда выходзіць.

 Да абраза, каля якога ўсё яшчэ гарыць свечка, нерашуча, няпэўна, нібы баючыся ці вагаючыся, падыходзіць Міхайлаўна:.

Міхайлаўна:

--Я ўсё жыццё лічыла, што цябе няма… Але калі ты ёсць… Калі ты сапраўды ты ёсць, там, у небе… Калі ты такі ўсемагутны і ўсё можаш… І калі дачушка мая, і  мой муж -- там, з табою… Папрасі іх… За мяне папрасі… Хай даруюць мне… Я сабе ніколі не дарую, а яны, калі змогуць, то хай даруюць. І ты… Збаў мяне ад гэтай невыноснай пакуты-- кожную ноч бачыць адно і тое ж, гэты чырвоны паясок на белай, пяшчотнай шыйцы маёй Веранічкі… І калі яно на самой справе ёсць, тое тваё пекла, то адпраў ты мяне туды нарэшце. І ў самы вялікі кацёл, з самым жаркім полымем… Каб мяне там палілі, білі, трушчылі, каб у мяне кожная клетачка цела балела кожную хвіліначку… Мо хоць тады душа балець перастане. А больш нічога ў цябе не прашу. Бо нічога іншага я не заслужыла…

 Міхайлаўна адыходзіць у кут пакоя.

Да стала пад’язджае на сваім крэсле Сцепаніда:

Сцепаніда:

--Божачка, пашлі ты долю добрую, шчаслівую маім пляменнікам. Петрыку, Жэньку, Палінцы… Не, не буду я нічога пісаць ім пра сябе. Ну падумай сам: навошта ім турбавацца? У мяне і так усё добра: і накормленая, і абмытая, у цяпле. Лекі прынясуць, бялізну памяняюць. Ляжу, як тая пані… А што ногі баляць ды не ходзяць, дык у такім узросце ужо ва ўсіх што-небудзь баліць… А ты ім, Госпадзі, тое за грэх не лічы, што да мяне не едуць. Не іх гэта віна – яны ж нічога пра мяне не ведаюць. А калі і ёсць у якіх якія свае грахі – ты іх на мяне перапішы, Госпадзі. Мне ўжо ўсё роўна. Я сваё аджыла… І часу ў мяне хапае, каб адмаліць усе грахі – і свае, і чужыя. Што яшчэ мне рабіць – толькі і застаецца, што з табой гаварыць, у цябе літасці прасіць…

Сцепаніда, працягваючы нешта шаптаць, ад’язджае.

Да абраза падыходзіць Стася:

Стася (складваючы рукі ў малітве):

--Дзякуй табе, Божа, за Веру. За дачушку яе, што адумалася, забрала маці, не ўзяла грэх на душу.

І за Міхайлаўну дзякуй, што даў ты ёй сілы духу, каб выгаварыцца, выспавядацца. Ты не крыўдуй на яе, што яна злая бывае. Ці ж лёгка ёй – груз такі на сэрцы насіць, не паспавяданы, не дараваны? Дай ёй якую палёгку, Госпадзі, мо б яна падабрэла тады… Не моліцца яна, не верыць у цябе -- але ж ты добры, літасцівы – пашкадуй яе. Яна потым усё зразумее, прыйдзе да цябе – але ж ты дапамажы ёй крышку.

І за Сцепаніду, Божачка, хачу папрасіць. Калі ўжо не падняцца ёй, то зрабі так, каб ножкі яе не так балелі. І каб пляменнікі хоць зрэдку якую паштоўку ёй даслалі, яна ж так чакае кожнай вестачкі ад іх. Пашкадуй, Божачка, гаротніцу.

А мне… Для сябе, Божачка, прашу аднаго… Калі, вядома, заслужыла… Пашлі мне, Госпадзі, смерць лёгкую. Каб заснуць – і не прачнуцца.  Каб не замінаць нікому, рукі не заваліць…

Выслухай, Госпадзі, маю малітву. Уратуй і памілуй…

 

Святло ў пакоі паціху тухне…