СКРЫЖАВАННІ
Частка другая
Глава 1
Сёння Таццяна вырашыла пайсці
з работы раней. Пасля таго, як Валодзя ўзяў на сябе забеспячэнне прадпрыемства
ўсім неабходным, а Юра – тэхнічныя пытанні, часу ў яе стала больш, і дарэктар
магла ўжо дазволіць сабе такую вольнасць – час
ад часу пакідаць офіс не пазней за ўсіх, як было яшчэ год назад, а разам
з усімі ці нават крышку раней.
Тым больш, што прычына сёння вярнуцца
дамоў раней была – і да гэтай нагоды ёй хацелася крышку падрыхтавацца: зайсці
да цырульніка, “пачысціць пёркі”.
“Цікава, а ён – ці помніць? –
падумала Таццяна, усаджваюся ў крэсла да цырульніка. – Пэўна ж, не… Мужчыны звычайна
не звяртаюць увагі на такія значныя для жанчын моманты, як чарговая гадавіна знаёмства,
першага пацалунку, шлюбу. Дзякуй богу, што хоць пра дзень нараджэння памятаюць,”
– усміхнулася сама пра сябе.
Сёння спаўняўся роўна год, як
яны з Юрам сталі жыць разам. Яна часта ўспамінала той дзень – яе позняе
вяртанне дахаты, яго з ружамі пад пад’ездам, запрашэнне у рэстаран, яе
разгубленасць, спробы схавацца ў ванне, уцячы ад сябе і свайго кахання… І Юру –
у старых Васевых джынсах з адвёрткай у руцэ. І ўсё, што было потым… І зараз яе
зноў, як і тады, захліснула хваля пяшчоты і невымернага шчасця.
Яна купалася ў гэтым шчасці
ўвесь мінулы год. Нават баялася: немагчыма быць увесь час такой шчаслівай, павінна
здарыцца нешта дрэннае, катастрафічнае, непапраўнае – заўтра ці паслязаўтра…
Але міналі і заўтра, і паслязаўтра – а Юра па-ранейшаму быў побач: уважлівы,
закаханы, гаспадарлівы, клапатлівы… Яны вельмі хутка знайшлі агульную мову з Васільком.
Хоць той, вярнуўшыся са студатрада, спачатку даволі насцярожана паставіўся да
мамінага “кавалера” – прыглядваўся, яршыўся… Але з цягам часу адтаяў. Калі ж
яна асцярожна паспрабавала высветліць, як старэйшы сын -- дарослы ўжо ж, па
сутнасці, чалавек -- адносіцца да яе такога смелага і ў пэўнай ступені
рызыкоўнага ўчынку, адказаў сур’ёзна:
--Мама, галоўнае, каб ты была
шчаслівай, а з кім і чаму – якая розніца? А ты зараз такая шчаслівая, якой я
цябе не бачыў ніколі.
--Ну вось яшчэ, выдумляеш, -- сумелася Таццяна ад таго,
што стан яе душы відаць няўзброеным вокам нават дзіцяці. – Я неаднойчы была
шчаслівай, вы з Андрэйкам падарылі мне для гэтага шмат прычын.
--Не, мама, -- пакруціў
галавой Вася. --Я памятаю цябе рознай: вясёлай, сумнай, заклапочанай, стомленай,
радаснай. Але шчаслівай – ніколі. І я рады, што гэты ні з чым не параўнальны бляск,
які не падманвае, нарэшце з’явіўся ў тваіх вачах. За гэты шчаслівы бляск я б
дараваў гэтаму твайму Юрыю што заўгодна. Але яму, як ні дзіўна, падобна, і
дараваць няма чаго: цалкам прыстойны чалавек. Так што я рады за цябе… Толькі на
ўсякі выпадак папярэджваю: не ўздумайце займацца маім выхаваннем. Вырас я ўжо,
мама. Нават для цябе – а для яго і не быў ніколі маленькім. Так што ў мае
справы хай не лезе, каб не нарывацца…
Па праўдзе кажучы, такі адказ
Васілька насцярожыў Таццяну: чаму гэта ён так рэзка, якія такія ў яго справы, у
якія нікому лезці не дазволена? А потым
паціху супакоіла сябе: вядома, юначы максімалізм! Сама такая была, калі
нарадзіла сына насуперак усім і ўсяму. Добра яшчэ, што ўвогуле прыняў Юру як
члена сям’і, – а то што б яна рабіла тады, як бы разрывалася паміж сваімі
самымі дарагімі мужчынамі, калі б яны, крый божа, сталі канфліктаваць?
А Андрэйка – той увогуле
павіс на Юры з першага дня і не адыходзіўся ад яго, пакуль быў на канікулах.
Яны разам нешта майстравалі, аб нечым бясконца гаварылі, ездзілі на рыбалку,
хадзілі на футбол. Таццяна разумела, што Юра з хлапчуком наталяе свой
бацькоўскі голад, які адчуваў увесь час, пакуль быў прымусова разлучаны з сынам.
А Андрэйка нарэшце атрымаў тое, чаго яму не хапала ўсё жыццё, чаго не магла пры
ўсім старанні даць яна, маці, і чаго не паспеў ці не схацеў даць
бацька-п’яніца: старэйшага сябра, мудрага і дужага мужчыну, які здольны
навучыць, падказаць, параіць і абараніць, побач з якім – спакойна і надзейна. У
тым годзе хлапчук, калі заканчваліся летнія канікулы, упершыню неахвотна
збіраўся ў сваё сувораўскае вучылішча, нават заікнуўся, што, можа, лепш яму не
ехаць у Мінск, а вярнуцца ў сваю школу… Але Юра яму патлумачыў, што мяняць свае
рашэнні – не па-мужчынску, што трэба заканчваць
пачатую справу, нават калі яна табе здаецца цяжкай і ўжо не такой цікавай, як
раней. І Андрэй, уздыхнуўшы, пагадзіўся, што вучылішча трэба заканчваць…
Праўда, Таццяна з Юрам да
гэтага часу так і не распісаліся. Юра неаднойчы прапаноўваў зрабіць гэта, але
яна ўсё не рашалася. Хоць яе крыху напружвала гэтае двухсэнсоўнае становішча
“сужыцелькі” – гэта ў яе ўзросце, з двума дзецьмі ад розных бацькоў! А цяпер
яшчэ гэты “грамадзянскі” муж – прыдумаюць жа слоўца, за кіламетр ад яго патыхае
канцылярскім клеем, горш толькі “сужыцель”!
Але яшчэ больш, чым
саромелася няпэўнасці свайго становішча, яна баялася будучыні. Таццяна не магла
сказаць напэўна, што менавіта яе палохае. Але, прачынаючыся ранкам ад водару заваранай
Юрам кавы і шчасліва ўсміхаючыся, яна ўжо праз хвіліну праганяла ўсмешку
думкай, што ўсё гэта занадта цудоўна, каб быць праўдай, ды яшчэ ў яе жыцці,
якое шчодра дарыла толькі беды і выпрабаванні…
Перад першым у іх жыцці Новым
годам Юра ў чарговы раз завёў размову аб тым, што трэба ім нарэшце ўзаконіць
свае адносіны, і Новы год – самы цудоўны час для гэтага: усё будзе вельмі сімвалічна
– новы год, новае жыццё, новае шчасце… Раней на такія яго прапановы яна ўсё
знаходзіла нейкія адгаворкі: спраў шмат, мама хварэе, з палякамі, якія ледзь не
“кінулі” іх з першым заказам, а зараз сталі самымі галоўнымі партнёрамі, трэба чарговы кантракт
падпісваць і падрыхтаваць яго, як мае быць, улічыць усе нюансы, каб не было, як
тады…
А зараз сказала шчыра:
--Юра, ты прабач мяне, калі
ласка, але я не магу…
--Але чаму?—не мог ён схаваць
свайго здзіўлення. -- Што нам перашкаджае? Ці табе нешта ўсё ж перашкаджае? –
паглядзеў вельмі ўважліва, пранізліва – можа, ён чагосьці не ведае ў яе жыцці?
Але не, яе вочы не падманваюць – значыць, нешта ў ёй самой.
--Ты баішся, што я цябе пакрыўджу?—працягваў
ён выказваць свае здагадкі. – Ты што, мне не верыш, Таня? Няўжо ты да гэтага
часу так і не зразумела, што я цябе кахаю? – прытуліў да сябе пяшчотна жонку. –
Я разумею – цябе шмат крыўдзілі ў жыцці. Але павер: далёка не ўсе мужчыны
такія. Я ж не параўноўваю цябе са сваёй былой жонкай – чаму ж ты на мяне
пераносіш увесь свой негатыўны вопыт?
Таццяна мякка вызвалілася з яго
абдымкаў:
--Не, Юра, я цябе ні з кім не
параўноўваю. Ты – адзін такі ў свеце. Толькі пастарайся зразумець мяне, калі
ласка… Справа не ў табе – ува мне. Я не цябе – я сябе баюся...
--Чаго ты баішся, дурнічка ты
мая маленькая? – ён не дазволіў ёй адсунуцца далей, зноў прыгарнуў да сябе і
стаў гладзіць па галаве, час ад часу цалуючы ў макаўку.
--Мне цяжка растлумачыць, -- спавядалася Таня яму падпаху. – Я сама для
сябе не магу гэта вызначыць. Але недзе там… На самым донцы душы… Ува мне жыве
страх, што ўсё гэта – ненадоўга. Не назаўсёды… Што вось заўтра я прачнуся – і
акажацца, што ўсё – проста сон. Цудоўны, немагчыма шчаслівы сон… Усе тыя імгненні шчасця, што мне давялося
зведаць раней, былі такімі кароткімі – сапраўды імгненнямі. Сёння я шчаслівая,
як ніколі, але не магу адагнаць ад сябе думку, што і гэта -- ненадоўга… І калі
я паверу, змацую ўсё нейкімі штампамі, пячаткамі, то ўсё ў той жа момант
разбурыцца. Нібы нехта злы і ўсемагутны толькі гэтага і чакае, каб беззваротна
забраць маё шчасце…
--Але ж гэта глупства, Таня!
– усклікнуў Юрый. – Ты ж разумная жанчына, якіх мала ёсць у свеце, – і верыш у
такое! Няма нікога злога і ўсемагутнага, і ніхто не ў стане забраць наша шчасце.
Я кахаю цябе і буду побач з табой заўсёды! – ён пачаў гарачыцца.
--Аб гэтым я мару больш за
ўсё на свеце, -- Таня вылезла са сваёй “хавайкі”, зазірнула Юрыю ў вочы і
ўсміхнулася. – Але ты не прыспешвай мяне, добра? Пачакай крышку…
--А крышку – гэта колькі? — напаўжартам удакладніў Юра. --
Тыдзень, месяц, год, пяць?..
--Я скажу табе… Сама… Потым…
--Праўда скажаш? – паглядзеў
ён недаверліва. – Я ж цябе ведаю -- зноў пачнеш нешта прыдумляць…
--Праўда, Юра. Абавязкова
скажу!
--Ну добра, -- пакорліва
ўздыхнуў Юрый. -- Але май на ўвазе: я не збіраюся чакаць да бясконцасці! Калі
будзеш доўга вагацца, то ўкраду пашпарт, дам хабар супрацоўнікам загса – і сам
з табою ажанюся, ты і ведаць не будзеш, калі станеш Кашаваравай!
Таццяна не стала даказваць,
што гэта немагчыма, – ён і сам гэта ведаў. Усміхнулася толькі – яна была яму
вельмі ўдзячная за тое, што ён разумее яе. Ці хоць бы робіць выгляд, што разумее,
што не прымушае рабіць нешта, супраць чаго працівіцца яе істота…
…Сёння, як і тады, год назад,
сыноў дома не было. Вася адправіўся з сябрамі ў сплаў на байдарках, а Андрэйку
бабуля прасіла пабыць хоць тыдзень у яе ў вёсцы. І Таццяна разважала, як яны
правядуць гэты вечар? Не, калі Юра не ўспомніць аб тым, якая сёння дата, нагадваць
яна не стане. Падумаеш, гадавіна… Той яшчэ юбілей… Ну, прыгатуе на вячэру сваю
фірменную курыцу – яшчэ ранкам замарынавала. Салацік які-небудзь настругае…
Віно можна адкаркаваць ці па кілішку каньяку наліць – скажа, што проста так,
стамілася… У краму яшчэ трэба зайсці, фруктаў прыкупіць.
…Вяртаючыся дахаты, яна зноў,
як і ў той далёкі летні вечар, збочыла ў парк. Ён ніколькі не змяніўся: гэтак
жа разамлела драмаў у перадвечаровай гарачыні стомленага за працоўны тыдзень
горада, ляніва адмахваючыся парудзелымі ўжо сям-там лістамі ад надакучлівых
сляпнёў. Па набярэжнай прагульваліся, беражліва падтрымліваючы адзін аднаго за
локаць, парачкі пенсіянераў – час палкіх пацалункаў юных закаханых яшчэ не прыйшоў,
яны чакалі асветленага месяцавым святлом паўзмроку. “Напэўна, гэта і ёсць
шчасце – вось так, на схіле гадоў, пад руку з каханым чалавекам, з якім пражыў
побач усё жыццё і састарэў побач, у якога ведаеш і любіш кожную маршчынку і
кожную радзімку, прагульвацца надвячоркам па алеі парка ці па лясной сцяжынцы,
– любуючыся гэтымі парамі, прадумала Таццяна. – Цікава, ці будзем мы
калі-небудзь, гадоў праз трыццаць, вось там з Юрам выходзіць на вечаровы шпацыр?”.
І злавіла сябе на думцы: гэтага б ёй хацелася больш за ўсё на свеце…
З Юрам яны сёння бачыліся толькі за снеданнем: з
самага ранку ён паехаў лацвіць справы на нейкую фірму, якая, па яго меркаванні,
залішне марудна і не вельмі дасканала абслугоўвала іх абсталяванне, затым – на
сервіс, куды ўчора адагналі яе “Таёту”, -- і яшчэ ў некалькі месцаў. Яна нават
не ведала, ці закончыў ён свае справы, але, калі б прыпазніўся на вячэру, то
Таня была б нават радая: паспела б усё падрыхтаваць, накрыць стол – хай быў бы сюрпрыз.
А мо і ён успомніць, што сёння за дзень?
Ля пад’езда яе сустрэла
Веранічка, суседская дзяўчынка-падлетак. І паглядзела захоплена-зайздросліва:
--Цёця Таня, у вас сёння
свята?
--Ды не… Чаму ты так
вырашыла? – сумелася Таццяна: адкуль гэтае дзяўчо ведае пра гэтую, такую патаемную
для яе дату?
--Не падманвайце, я ведаю! Дзядзя
Юра ішоў…-- Веранічка асеклася на паўслове, нібы ўспомніла, што гаварыць тое,
аб чым ўжо пачала, нельга, загадкава ўсміхнулася і пабегла.
Дзверы Таццяна адамкнула
сваім ключом. І перш, чым увайшла ў кватэру, зразумела, што яна не першай
прыйшла дахаты: у прыхожцы лунаў водар руж – такі ж, як тады, год назад… І самі
ружы – ярка-пунсовыя, нядаўна зрэзаныя, з кропелькамі-слязінкамі ў глыбіні
сваіх напаўраскрытых бутонаў – яны кінуліся ў вочы нават раней, чым святочна
прыбраны Юрый, якія сустракаў яе з кветкамі ў руках.
--Са святам, каханая, --
працягнуў ён букет. – З нашым з табой святам!
Таццяна глядзела на яго – і не
магла прамовіць ні слова. Было ў гэтым позірку ўсё: захапленне – якія ж
нерэальна-прыгожыя гэтыя кветкі і які прыгожы ён, яе Юра; удзячнасць – ён
нічога не забыў, ён помніць і спецыяльна пайшоў з работы, каб зрабіць ёй
сюрпрыз. І шчасце, усё яшчэ змешанае з недаверлівым страхам: і гэта ўсё – мне?
За што, Госпадзі, няўжо я гэтага заслужыла, няўжо звычайны чалавек можа быць
такім неверагодна шчаслівым?..
--Дзякуй, -- толькі і змагла
вымавіць яна – і ўткнулася ў яго плячо, хаваючы павільгатнеўшыя вочы.
--Гэй, толькі не плакаць! --
адтуліў яе Юра. –У такі дзень грэх плакаць! Тым больш, што мы з табой ідзем у
рэстаран. У цябе сёння такая шыкоўная прычоска, і чырвоныя ад слёз вочы да яе
зусім не пасуюць.
--У рэстаран? – здзівілася
Таццяна. -- Але ж мы не збіраліся, ты нічога не казаў… Я курыцу хацела
засмажыць…
--Ну як гэта – не
збіраліся? Мы збіраліся яшчэ год назад,
калі ты памятаеш. За год, між іншым, так і не выбраліся – мая віна, прызнаю. І
сёння – самы час. Так што давай, пераапранайся. А курыцу заўтра засмажым.
Андрэйку з вёскі забярэм, маму тваю прывязем пагасціць – вось і будзе ў нас святочная сямейная
вячэра. А сёння – наш вечар! Толькі наш – і больш нічый…
Глава 2
Столік у невялікім утульным
рэстаранчыку, стылізаваным “пад даўніну” – яна нават не ведала, што такі ёсць у
іх горадзе, -- быў прадбачліва заказаны. У інтэр’еры старадаўняй вясковай хаты з
лаўкамі ўздоўж сцен і вялікім куфрам у куце на падлозе былі пасцелены
саматканыя ходнікі, са сцен у рамачках з-за шкла пазіралі шляхетныя паненкі ў
модных капялюшыках і франтаватыя кавалеры з падкручанымі вусамі, на стале
гарэла газавая лямпа – ці амаль што газавая… У Таццяны было адчуванне, што яна
прыехала ў госці да сваёй бабулі, і тая вось-вось падыдзе да стала, засланага
саматканым абрусам, і з цёплай усмешкай прынясе дарагім гасцям горку цёплых,
толькі што з печы, бліноў і глыбокую патэльню са смачнай мачанкай…
Бліны з мачанкай і сапраўды
неўзабаве з’явіліся на стале. А таксама -- запацеўшы графін з вішнёвай
налівачкай – усё гэта прынесла ўвішная дзяўчына з доўгай касой, выкладзенай на
галаве вяночкам, і ў вышытай льняной блузцы…
--Я спачатку хацеў запрасіць
цябе ў кітайскі рэстаран, -- сказаў, нібы апраўдваючыся, Юрый. – Але мне падалося,
што гэта неяк недарэчна, не такія мы з табой арыстакраты, каб кітайскімі палачкамі
рыс дзяўбсці… А потым неяк выпадкова натрапіў на гэты, ён толькі нядаўна
адкрыўся – і нібы ў госці да дзеда завітаў… Нечым сапраўдным, родным,
спрадвечным тут патыхае. Якраз для такога ўрачыстага моманту… Я падумаў, што і табе павінна быць да сэрца
гэтая вясковая атмасфера…
--Мне тут вельмі падабаецца,
-- развеяла яго сумненні Таццяна. – А што, у нас сёння нейкі асабліва ўрачысты
момант? Мне здавалася – звычайная святочная вячэра з нагоды гадавіны нашага… гм-м-м…
асабліва блізкага знаёмства...
--Так, безумоўна,-- Юра, здаецца,
хацеў нешта сказаць і старанна падбіраў словы. – Але ўсё ж не зусім звычайная…
Ва ўсякім выпадку, мне хочацца, каб яна была такой… Я на гэта спадзяюся…
Таня, усміхаючыся, назірала,
як ён пакутуе, імкнучыся падабраць патрэбныя словы… А ён, здаецца, не заўважаў
гэтага: апусціўшы вочы, камячыў у руках льняную сурвэтку.
--Таня, я хачу табе сказаць…
Менавіта сёння, хоць гаварыць мне гэта хочацца штодня і штохвіліны…
Юра замоўк на момант.
--Ты прабач, калі я не вельмі
складна… Але ты павінна зразумець… Я хачу сказаць табе, Танечка… Ну, словам… Дзякуй
табе за гэты год… І ўвогуле – за ўсё! За тое, што ты ёсць у маім жыцці. Верыш –
я такім шчаслівым ніколі не быў. У мяне сэнс жыцця з’явіўся! Пасля ўсяго, што
давялося перажыць – здраду жонкі, разлуку з сынам, незаслужанае зняволенне,
хваробы маці, у якіх найбольш маёй віны, -- я жыў, нібы ляцеў на аўтапілоце: еў,
калі было што, спаў, калі было дзе… Баяўся толькі зусім апусціцца, упасці на
дно, каб маці і сястры не было за мяне сорамна – я і так прычыніў ім нямала
болю. І сын – каб ён не лічыў, што яго бацька скончаны чалавек, нават калі яго
ў гэтым пераконваюць. Хацелася, каб ён зразумеў – калі не зараз, то праз гады,
-- што бацька яго не такі нягоднік, як, напэўна ж, намалявала мяне ў сваіх
расповедах яго матуля… Я веру, што некалі мы ўсё ж сустрэнемся, і я яму ўсё
раскажу. А нешта ён і сам павінен помніць, не зусім жа маленькім быў, калі ўсё
гэта здарылася.
Юра матнуў галавой, адганяючы
чорныя ўспаміны аб мінулым жыцці, і прадоўжыў больш рашуча:
--А цяпер, калі ў мяне ёсць
сям’я… Ты, Андрэйка, Вася… Калі я ведаю, што дома мяне чакаюць, што мне заўсёды
рады, што мяне прымуць – любога: стомленага, хворага… Я зразумеў, што я некаму патрэбен
– не як дадатак да кашалька ці да кватэры, а сам па сабе, такі, як я ёсць, са
сваімі недахопамі і праблемамі – Юрый Аляксандравіч Кашавараў! Ты, напэўна, не
ведаеш -- і дзякуй богу, што не ведаеш, -- як гэта страшна: адчуваць, што ты
нікому не патрэбен, што калі нават заўтра цябе не стане – ні ў каго ў душы не
ўзнікне пустата, хоць на некалькі хвілін… А можа, тыя, каго ты некалі любіў,
дзеля каго жыў, і ўвогуле не заўважаць, што цябе не стала…
Юра змоўк на хвіліну – і
прадоўжыў ужо зусім іншым голасам:
--А цяпер, Танечка, дзякуючы
табе, я жыву – у самым поўным сэнсе гэтага слова. ЖЫВУ! – ты разумееш! У мяне
душа спявае! Я ведаю, дзеля чаго існую на гэтым свеце! Ты за гэты год стала
самым родным, самы дарагім чалавекам у маім жыцці – нават больш дарагім, чым
мама, – хай яна мяне прабачыць, але гэта так… І я гатовы на ўсё, каб ты была
шчаслівай. Разумееш – на ўсё!
--Я і так шчаслівая, Юра, --
цёпла ўсміхнулася Таня і накрыла яго руку сваёй. – Як ніколі. Мне з табой так
цёпла, спакойна і надзейна…
--Сапраўды? – Юра закахана
паглядзеў ёй у вочы. -- Ну, то самы час перайсці да ўрачыстага моманту.
Ён палез у кішэню і дастаў
аксамітную пушачку.
--Таня, я памятаю, што ты мне
некалі сказала. Я згодзен чакаць, пакуль маё каханне не пераможа твой страх –
як заўгодна доўга… Не хацелася б, вядома, каб гэта цягнулася бясконца, але хай
будзе так, як ты хочаш, як патрабуе тваё сэрца. Але мне будзе прасцей чакаць,
калі ў цябе на руцэ будзе вось гэта…
Ёг працягнуў каробачку, Таццяна
раскрыла яе – і ўбачыла на белым атласе тонкі сярэбраны, прыгожа інкруставаны
золатам пярсцёнак.
Яна паглядзела недаверліва на
падарунак, затым -- на Юру…
--Гэта што, афіцыйная прапанова
рукі і сэрца? – гулліва ўзняла бровы.
--Калі хочаш – так. Але мне
больш падабаецца беларускае слова “заручыны”. Прабач, на брыльянты пакуль яшчэ
не зарабіў… Але калі ты будзеш так марудзіць, то да вяселля якраз паспею, -- ён
прыняў яе жартаўлівы тон.
--Не трэба брыльянтаў, --
засмяялася Таня. – Ні зараз, ні потым. Не навучылася насіць за жыццё – няма
чаго і прывыкаць. А серабро – сама тое. Мой метал.
Яна ўзяла пярсцёнак і, крыху
павагаўшыся, надзела яго на сярэдні палец правай рукі.
Юра аж заззяў ад шчасця.
--Шампанскага прынясіце! Калі
ласка! -- Гукнуў ён некуды ў глыбіню залы, дзе мільганула расшытая васількамі
кашуля афіцыянткі.
--Шампанскага? З мачанкай?
Але ж і густы ў цябе, шляхціц Кашавараў!-- засмяялася Таня.
--Не перажывай, шампанскае –
для разагрэву, -- па-змоўніцку падміргнуў Юра. -- А з мачанкай будзем піць
налівачку. А хочаш – крамбамбулю?! Ты спрабавала калі-небудзь крамбамбулю? Ну,
шмат страціла. Для заручынаў – сама той напой!
Таня засмяялася: хай сабе
будзе крамбамбуля! Сёння яна ўвогуле была згодна на ўсё. Здаецца, нават той незразумелы
страх, які варочаўся на самым донцы душы ўвесь гэты год, некуды знік. Сёння яна
нарэшце паверыла, што таксама можа быць шчаслівай. Ну а чаму не, чым яна горшая
за іншых?!!
…Пад раніцу, калі стомлены
Юра заснуў – нават сонны ён, як маленькі, трымаў яе руку, нібы баяўся, што яна
некуды знікне, – Таня паспрабавала ўспомніць і асэнсаваць учарашні вечар –
кожны момант, слова, рух, жэст, усмешку, усё да найменшай драбнічкі, занатаваць
у памяці, схаваць, як у тым непад’ёмным куфры, што стаяў у рэстаране. Але
думаць, разважаць, асэнсоўваць, занатоўваць не атрымлівалася: думкі
размякчыліся, як масла на гарачай патэльні, засталіся адны пачуцці. На душы
было цёпла і хораша, слёзы замілавання і шчасця ціхенька цяклі з вачэй…
Задрамала яна, калі за акном
пачало развідняць. Здаецца, нават і не прыснула – толькі змежыла на хвілінку вейкі.
І амаль адразу ў мозг з болем, нібы выпушчаная некім нябачным куля, уварвалася
залівістая тэлефонная трэль. Таня яшчэ не паспела расплюшчыць вочы, як адчула:
гэта тое, чаго яна баялася ўвесь гэты год… Гэта – канец яе шчасця… Як толькі
яна расслабілася, паверыла, адпусціла свой страх – той, невядомы, страшны, небяспечны,
падсцярог яе, безабаронную – і вось зараз, у наступную хвіліну назаўсёды забярэ яе шчасце…
Яна, босая, з рассыпанымі па плячах валасамі, стала ў прыхожцы над тэлефонам -- і не магла
працягнуць руку, каб зняць трубку. А тэлефон галасіў-разрываўся на ўсю моц –
гэты перадранішні гук бяды чуў, здаецца, увесь іх шматпавярховы дом.
Нарэшце ў дзвярах спальні
з’явіўся заспаны Юра:
--Таня, што здарылася?
І яна, заплюшчыўшы вочы,
зняла трубку…
Глава 3
Яна дрэнна разумела тое, пра
што гаварылі ёй незнаёмыя людзі. Вася… У паходзе… Падчас начоўкі… Бойка з
мясцовымі… Нож у сэрца… Загінуў на
месцы…
Таццяна слухала ўсе гэтыя
словы, спачуванні, пытанні – і адна думка пульсавала ў галаве: “Вася… Сыночак… Васілёк…
Кветка мая… Не зберагла…” Здаецца, яна шаптала гэтыя словы – а можа, крычала?
Юра забраў у яе з рук
тэлефонную трубку, аб нечым гаварыў з тымі людзьмі, што прынеслі ёй страшную
вестку. Затым адвёў Таню на кухню, наліў у шклянку вады, накапаў туды валяр’янкі,
прымусіў выпіць. Зноў кінуўся да тэлефона, некаму званіў, аб нечым дамаўляўся,
нешта прасіў.
Яна ж нібы здранцвела і, хістаючыся
на крэсле, як маятнік, паўтарала шэптам: “Васечка… Сынок… Не можа быць… Ты не
можаш са мною так абысціся… Ты не можаш мяне пакінуць… Госпадзі, зрабі так, каб
гэта было няпраўдай! Я аддам усё – фірму, сваё шчасце, самую сябе – толькі хай
акажацца, што гэта памылка, што гэта не з маім Васем здарылася непапраўнае. Калі
табе трэба ахвяра – забяры мяне! Толькі не сына… Хай акажацца, што ён хворы,
паранены, нават калека – я выхаджу, вылечу, уратую – толькі каб жывы! Божачка,
зрабі так! За што ты мяне так караеш – забіраеш самае дарагое? Чым я правінілася
перад табой? Што адзін-адзіны год за ўсё жыццё была шчаслівай? То забяры ты гэтае
шчасце – толькі вярні Васілька. Ты ж можаш, ты ўсемагутны, ты ажыўляў нават
мёртвых… А ён жа яшчэ не мёртвы -- я не бачыла яго мёртвым. Зрабі так, каб гэта
было недарэчнай памылкай!”
Але ўсё аказалася праўдай.
Перад ёю, як у сне, мільгалі
асобныя кадры-карцінкі. Вось у кватэру ўнеслі труну, а ў ёй нейкі малады
хлопец, нечым падобны на Васю – але зусім незнаёмы, немагчыма прыгожы, з
зачасанымі на бок валасамі – ён так ніколі не прычэсваўся, у новым дарагім касцюме…
Незнаёмыя людзі падыходзяць да яе, спачувальна паціскаюць рукі, нешта гавораць
– яна не разумее, што менавіта… Галосіць-прычытвае маці, якраз так, як некалі
на пахаванні бабы Параскі, – на нейкі момант хваля радасці захліствае яе: ёй
здаецца, што яна – у вёсцы, у сваім дзяцінстве, і аплакваюць бабулю, а не Васю…
Але побач ціхенька хліпае, трымаючыся за яе руку, Андрэйка – і яна зноў
разумее, не жадаючы ў гэта верыць, што ўсё – праўда… Патрэсквае агеньчык свечкі
– ёй хочацца затушыць гэты трапяткі язычок полымя, бо ад яго, як ёй здаецца, па
кватэры, па пад’езду, па вуліцы расплываецца ліпкі і халодны, як ранішні туман,
водар смерці, які перасядае ў горле, не дае дыхаць, – але маці не дазваляе,
глядзіць строга, асуджальна, і яна спыняецца. Час ад часу недзе ў праёме
дзвярэй, нібы ў іншым жыцці, мільгае ўчарнелы твар Юры: ён ловіць яе позірк, нібы
просіць абаперціся на яго, падзяліцца сваім горам -- але яна хавае вочы: не
магу, гэты боль – толькі мой…
Раптам там, у дзвярах, на месцы Юры з’явілася постаць
сівагаловага паўнаватага мужчыны – у яе ўзнікла незразумелае адчуванне, што яна
некалі недзе бачыла гэтыя немагчыма блакітныя вочы, вельмі падобныя на Васевы.
“Дачушка, ты прабач, але я паведаміла Сашу, ён некалі пакінуў мне свой тэлефон,
прасіў табе перадаць, ды я не асмелілася, ты ж нават гаварыць пра яго не
дазваляла. Усё ж Вася яго сын – грэх было
не сказаць,” – вінавата шэпча маці. І Таня разумее, што гэты чалавек з
блакітнымі вачыма з’явіўся адтуль, з яе мінулага жыцця. Няўжо некалі ён быў
самым дарагім, самым каханым, і гэта з-за яго здрады яна не хацела жыць? А
цяпер ён прыйшоў сюды, каб развітацца з ЯЕ Васільком, каб забраць яго з сабою –
у тое мінулае жыццё, дзе цвілі валошкі ў жыце і яна была шчаслівай. “Ды як ён пасмеў!” – яна захлынулася ад гневу
і крыўды. Выскачыла ў калідор, спатыкнуўшыся аб грувасткі вянок з белымі
ліліямі – на жалобнай стужцы паспела згледзець словы “…ад бацькі”. Захацелася
парваць гэтыя лілеі на дробныя шматкі, выкінуць у сметніцу – але наткнулася на
поўны болю і спачування позірк Юры, які стаяў у калідоры, падпёршы плячом вушак
уваходных дзвярэй, і спыніла сама сябе: можа, гэта вянок ад Юры, а яна…
Таццяна зайшла ў пустую кухню,
уткнулася ілбом у халаднаватую шыбіну, па якой звонку, як па яе душы, цяклі
ручаінкі слёз. “Трымацца…
Трымацца!—загадвала яна сабе. – Дзеля Васі. Я павінна, я не магу
расслабіцца. Не магу плюнуць яму ў твар, выгнаць з кватэры… Я павінна
пратрымацца хоць бы гэтыя два дні… Я змагу, сынок…”
За яе спіной ціхенька рыпнулі
дзверы.
--Як ты магла не сказаць мне
пра сына? – прамовіў замест прывітання блакітнавокі чалавек з яе мінулага
жыцця, як толькі яна азірнулася.
Яе захліснулі боль, крыўда,
злосць: як ён смее яе ў нечым папракаць?!! Ён, ён, які… У гэтую самую хвіліну!
--Што ты тут робіш? -- яна
ледзь стрымлівалася, каб не крычаць на ўвесь голас, – за тонкімі дзвярыма
знаходзіліся людзі, многім з якіх ох як хацелася даведацца, з кім гэта Таццяна Аляксееўна
зачынілася ў кухні і чаму так раптоўна ў яе вачах замест болю з’явіўся гнеў. --
Пра якога сына ты хацеў даведацца? У цябе яго ніколі не было, ты адмовіўся ад яго,
ненароджанага, і ад мяне, яго маці, больш за дваццаць гадоў назад – ці ты
забыўся?! Ты цудоўна жыў без сына ўвесь гэты час – і сёння, у такі момант,
заяўляешся сюды, каб папракнуць мяне ў тым, што ты нічога не ведаеш пра свайго
сына? Ды як ты можаш?
--Я не ведаў аб тым, што ў
мяне ёсць сын, -- у яго голасе з’явіліся вінаватыя ноткі…
--Не ведаў, бо не хацеў гэтага
ведаць! Вася – не твой сын! Ты нічога не зрабіў для таго, каб стаць яму бацькам
– хоць якім: добрым, дрэнным…
--Ну чаму ж нічога? Я даў яму
жыццё.
--Гэта я дала яму жыццё! Насуперак
усяму, насуперак тваёй здрадзе. Ты нават не ведаў, ёсць у цябе сын ці не, не
ведаў, як мы жылі ўпрогаладзь, пакуль ты цешыўся са сваёй пластмасавай Віялетай!
У тваіх дзяцей, напэўна ж, было ўсё...
--У мяне няма дзяцей. І Віялеты
даўно няма. У мяне нікога няма. Нікога, акрамя Васілька…
--І Васілька ў цябе няма! І
ніколі не было!
Ён унурыў галаву і з роспаччу
прамовіў:
--Так, зараз ужо няма і
Васілька… Я страціў сына, не паспеўшы яго набыць…
Прыгорбленая постаць
выглядала зусім старэчай, і на нейкі момант ёй стала шкада яго. Таня замоўкла.
А потым ціха прамовіла ўжо зусім іншым голасам:
--Ведаеш, я столькі гадоў марыла
цябе ўбачыць і спытаць: чаму? За што? Хацела, каб ты ўбачыў, якім вырас Вася –
прыгожы, разумны, твой сын, ад якога ты адмовіўся, нават не пабачыўшы яго, і
зразумеў, што ты страціў. А зараз – не хачу. Нічога не хачу -- ні чуць цябе, ні
бачыць, ні гаварыць… Ідзі адсюль, калі ласка.
Ён доўга маўчаў. Пасля
спытаў:
--Але я магу пабыць на
пахаванні?
Яна ўявіла, што ў гэтыя самыя
апошнія хвіліны, якія ёй так хочацца правесці сам-насам са сваім Васільком,
ажывіць у памяці кожны момант, калі яны былі разам, успомніць яго маленькага,
ласкавага і пяшчотнага, хуліганістага падлетка, вясёлага жартаўлівага юнака – увесь
час побач будзе гэты нахабны злодзей, які прыйшоў, каб украсці ў яе ўсё тое,
чаго некалі не схацеў ведаць … Ёй захацелася завыць ад роспачы: толькі не гэта!
Госпадзі, не дазволь…
Але яна стрымалася. Падумала:
зрэшты, там усё роўна будзе натоўп чужых людзей. Гэта для яе яны – чужыя, а для
Васілька, напэўна ж, былі сябрамі, прыяцелямі, знаёмымі. І кожны захоча з ім
развітацца. Дык якая розніца – на аднаго больш ці менш? І хто ведае, як бы Вася
паставіўся да бацькі, калі б ён раптам з’явіўся ў яго жыцці?
--Так, ты можаш пабыць на
пахаванні, -- пасля доўгай паўзы сказала яна амаль што спакойна. -- Але больш
ніколі – разумееш: НІКОЛІ!!! я не хачу цябе бачыць.
--Але мы маглі б пагаварыць.
Потым, як усё крыху ўляжацца. Дзе-небудзь у спакойнай абстаноўцы. Усё ж нам
ёсць што ўспомніць…
--Нам няма чаго ўспамінаць! --
яна зноў пачала “заводзіцца”. -- І нішто ніколі не ўляжацца! Я ж ясна сказала:
я не хачу цябе бачыць, не хачу цябе ведаць, не хачу пра цябе чуць – гэтак жа,
як ты не хацеў ведаць і чуць пра нас усе гэтыя гады!
Таццяна выставіла ўперад
рукі, нібы хацела адмежавацца ад свайго мінулага, якое раптам з’вілася ў яе
жыцці ў вобразе гэтага блакітнавокага чалавека: знікні, прашу цябе, знікні…
На правай руцэ жанчыны бліснуў
пярсцёнак – і госць, падобна, заўважыў гэты недарэчны сёння бляск шчасця. Не
стрымаўся, усміхнуўся крыва:
--Ну, ты ўжо так моцна не
строй з сябе няшчасную ахвяру, падманутую жаніхом-нягоднікам. Я бачу, што ўсё ў
цябе ў парадку: дзеці, муж, жывеш, мяркуючы па абстаноўцы, не бедна… Вунь якія
пярсцёнкі носіш!
Таццяна недаўменна паглядзела
на яго, затым на свае рукі: аб чым гэта ён, які пярсцёнак? Але паціху стужка ў
яе галаве пачала адмотвацца – здаецца, яна ўспомніла… І ў адно імгненне
ранейшыя роспач, гнеў, спачуванне ў яе душы змяніліся спакоем – тым самым
халодным спакоем, якога тыя, хто яе добра ведаў, баяліся больш за ўсё.
Яна схавала руку пад чорны
шалік, што спускаўся з плячэй, і прамовіла.
--Так, у мяне ўсё ў парадку.
Лепш, чым ва ўсіх. Зрэшты, як і заўсёды…
--Прабач, я не тое хацеў
сказаць, -- ён, здаецца. зразумеў, што перагнуў палку, ляпнуў недарэчнасць.
--Паслухайце, Аляксандр –
прабачце, забылася, як вас па бацьку. Давайце падсумуем вышэйсказанае. Так, мой
сын Вася – ён, на жаль, і ваш сын. Пра якога вы нічога не ведалі – гэта было
маё рашэнне, і позна абмяркоўваць, правільнае ці не. І пра якога вы не хацелі
ведаць – і гэта было ваша асабістае нежаданне. Здарылася вялікае няшчасце: Вася
загінуў, і не можа зараз сказаць, хоча ён вас ведаць і прызнаваць сваім бацькам
ці не. Пагэтаму я бяру на сябе смеласць
дазволіць вам прысутнічаць на яго пахаванні. Я лічу, што гэта ваша бацькоўскае
права – на жаль, апошняе, якім вы можаце скарыстацца. І на гэтым нашы з вамі
стасункі заканчваюцца. Больш абмяркоўваць нам няма чаго. Да пабачэння.
Саша зразумеў, што працягваць
размову няма сэнсу, і выйшаў, ціхенька прычыніўшы дзверы.
Таня зноў паглядзела на сваю
правую руку, на прыгожы пярсцёнак, які так недарэчна пабліскваў на сярэднім пальцы.
“Божа, як жа дорага я плачу за сваё такое кароткае шчасце”, -- падумала з болем.
Затым зняла пярсцёнак і асцярожна паклала яго ў прыгожую фарфоравую цукерачніцу.
Глава 4
--Таня, нам трэба пагаварыць…
-- Юра крануў яе за плячо, і Таццяна расплюшчыла вочы.
--Юра, я не хачу. І не магу.
Давай лепш заўтра…
--Таня, я прашу цябе аб гэтым
вось ужо каторы дзень, і кожны дзень чую гэтае “Давай заўтра”. Але далей
адкладваць немагчыма, гэта сур’ёзна…
Тацяна нацягнула на галаву
плед:
--Ты ж, напэўна, зноў будзеш
гаварыць, што так нельга – цэлымі днямі ляжаць на канапе і паглядаць у столь,
што трэба ўзяць сябе ў рукі, што я моцная жанчына і не павінна раскісаць, што ў
мяне ёсць яшчэ адзін сын і я павінна жыць дзеля яго, што калі я не магу
справіцца сама, то трэба звярнуцца да доктара, так? Ты мне гэта гаварыў ужо сто
разоў, Юра. Я з табой цалкам згодная, я ўсё гэта ведаю і разумею. Заўтра я
падымуся, памыюся і пайду на работу. А сёння – не магу і не хачу. Ні думаць, ні
гаварыць… Прабач…
Юра цяжка ўздыхнуў:
--Таня, ты ўжо амаль тры месяцы
ляжыш на гэтай канапе, пад гэтым пледам, у гэтым халаце. Я разумею тваё гора,
але Васю ты гэтым не вернеш. Падумай – ці спадабалася б ты яму сёння, вось
такая – нямытая, раскудлачаная… -- паспрабаваў ён націснуць з іншага боку,
зачапіць яе самалюбства.
--А навошта мне некаму
падабацца?… Магу я пабыць такой, як мне хочацца? Я ўсё жыццё была такой, як
трэба – некаму, не мне. А зараз я такая, якая я ёсць. Не падабаюся? То я не трымаю…
Наадварот – прашу, у каторы ўжо раз: пакінь мяне, калі ласка! Дай мне пабыць
адной… Я нікога не хачу бачыць і нікога не хачу чуць…
--Таня, ну што ты такое
гаворыш! – бездапаможна ўздыхнуў Юра.
…Увесь гэты час, як пахавалі
Васілька, яна практычна не падымалася з канапы. Пахаванне адстаяла як стойкі
алавяны салдацік – ні гуку, ні слязінкі. А вярнулася з могілак – і звалілася.
Праспала амаль суткі – яе ніхто не будзіў. А калі прачнулася, не спяшалася
падымацца: ляжала на канапе і глядзела ў адну кропку.
--Танечка, заплач, -- прасіў
Юра, пяшчотна пагладжваючы яе руку. – Паплач, табе лягчэй стане.
--Я не магу, Юра, -- Таня прысела
і ўткнулася яму ў плячо. --Я хачу, праўда – і не магу. Слёзы – яны недзе там,
глыбока-глыбока, на самым донцы душы, яны, здаецца, скамянелі і не могуць
прабіцца на паверхню…
Ён пагладжваў яе па галаве,
як маленькую, і маўчаў, не ведаючы, як суцішыць яе боль, як прыняць на сябе
хоць малую яго часцінку.
--Мне так цяжка, Юра… Я
адчуваю сябе такой вінаватай… -- прашаптала Таня ледзь чутна.
--Чым жа ты вінаватая, любая?
— адхінуў ён Таню ад сябе, каб зазірнуць ёй у вочы. – Што ты магла змяніць? Калі
б ты нават прадбачыла ўсё і паспрабавала не пусціць яго ў той сплаў, то не
змагла б. Вася – дарослы чалавек, і ты лепш за мяне ведаеш, які ён упарты…
--Я не ў тым вінаватая –
канешне, я б не змагла яго ўтрымаць, калі ён нешта надумаў. Я ў іншым вінаватая
– у галоўным. Я была вельмі шчаслівай увесь мінулы год. Проста немагчыма,
недаравальна шчаслівай… Недзе ў маёй падсвядомасці жыло адчуванне, што так быць
не можа, не павінна, што за ўсё давядзецца плаціць, -- але я нават уявіць не
магла, што такой дарагой цаной. Я сваім шчасцем справакавала зайздрасць багоў –
я недзе чытала, што так бывае… І яны мне жорстка адпомсцілі… У той самы момант,
як мы з табой пілі крамбамбулю ў рэстаране… Ці нават тут, у кватэры… У той самы
момант забівалі майго сына…
--Танечка, ну што ты
прыдумляеш! Няма ніякай тваёй віны ў тым, што адбылося. Гэта няшчасце, трагічны
збег абставін. Тых бандытаў, што забілі Васю, будуць судзіць. Яны былі п’яныя.
Прычапіліся да дзяўчат, Вася кінуўся іх абараняць. У аднаго з тых адмарозкаў
аказаўся нож. Ну і вось…
--Не, Юра, ты не разумееш.
Усё што адбылося – гэта толькі вынік. А прычына – гэта зайздрасць багоў. Нельга
быць такой шчаслівай… Я тут падумала, Юра, -- памаўчаўшы, прамовіла Таццяна. – Мы
павінны расстацца. Нам нельга быць разам. Каб не выклікаць яшчэ большую
зайздрасць і яшчэ большы гнеў…
--Таня, ну што ты выдумляеш!
-- амаль што раззлаваўся Юра. -- Ты ўвогуле разумееш, пра што ты гаворыш? Нейкую
зайздрасць багоў нафантазіравала… Ты ж хрысціянка, у царкву ходзіш, верыш у
тое, што Бог – адзін, што ён -- добры і літасцівы.
--Так, Бог – адзін. Але каля
яго там труцца розныя бажкі – ну, не зусім богі, а такія, крыху падобныя на
людзей, -- тлумачыла яна яму, як маленькаму: і чаму ён не разумее? -- Яны
розныя бываюць – добрыя, злыя, зайздрослівыя. І ў іх ёсць магчымасць уплываць
на лёсы людзей. Іх лепш не злаваць, бо яны могуць шмат бяды нарабіць. А я вось
узлавала…--уздыхнула Таня. -- І зараз расплачваюся…
--Але ж і напрыдумвала! Табе
кніжкі пісаць трэба, фантазёрка! Няма ніякіх зайздрослівых бажкоў, ніхто табе
не помсціць – няма за што. Так, у нас здарылася вялікае гора. Але змяніць ужо нічога
нельга. І трэба думаць, як жыць далей – з гэтым болем, з гэтым горам. Павер
мне: у бядзе блізкія людзі павінны трымацца разам. Разумееш – РАЗАМ! Каб
выстаяць, не зламацца, каб падтрымліваць адзін аднаго, сілай дзяліцца. Бліжэй, чым ты, у мяне нікога няма.
Табе зараз цяжка – і я хачу падзяліцца з табой часцінкай сябе. Гэтак жа, як ты
некалі падтрымала мяне сваёй сілай. А ты прыдумала – расстацца… Пасля таго, як
я цябе знайшоў – адну-адзіную ў свеце -- цяпер, калі нам так цяжка, – як я магу
цябе адпусціць? Як сам магу застацца без цябе? Навошта -- каб зламацца па адным?
Таня маўчала – яна сядзела,
абхапіўшы калені рукамі і ўткнуўшы ў іх падбародак, і глядзела ў адну кропку…
--Ты з-за гэтых сваіх
фантазій зняла мой падарунак? – памаўчаўшы, спытаў Юра аб тым, што непакоіла
яго з таго часу, як ён заўважыў, што на руцэ ў Тані няма падоранага напярэдадні
трагедыі пярсцёнка.
--Які падарунак? – паглядзела
яна здзіўлена.
--Пярсцёнак. Твой заручальны
пярсцёнак, -- ён узяў яе правую руку і пяшчотна пацалаваў кожны пальчык.
--Пярсцёнак? – яна недаўменна
разглядвала свае рукі. – Які пярсцёнак, Юра? Я нешта цябе не разумею… І ўвогуле
– я так стамілася… Можна, я паляжу крышачку? Давай заўтра пагаворым…
І гэтае “заўтра” цягнулася вось ужо трэці месяц.
Пакуль быў дома Андрэйка, Таццяна яшчэ час ад
часу падымалася, каб зварыць хлопчыку пельмені ці падсмажыць яечню. А калі ў
верасні сын адправіўся на вучобу ў сувораўскае вучылішча, злегла зусім. Юра
спрабаваў пагаварыць з ёй, выцягнуць на прагулку, прывозіў з вёскі маці, каб
тая неяк паўздзейнічала на дачку, запрашаў псіхатэрапеўтаў, запіхваў у яе
антыдэпрэсанты – Таццяна на ўсё і на ўсіх глядзела затуманенымі вачамі. І ўсім
гаварыла адно і тое:
--Адчапіцеся ад мяне, я не
хворая. Я проста вельмі стамілася. Вось паляжу крышку, адзін дзянёк, – і заўтра падымуся і пайду на работу. А сёння
дайце мне адпачыць.
Накрывалася з галавой пледам
і адварочвалася да сцяны.
Юра ўсур’ёз трывожыўся за яе душэўны стан, але
не ведаў, як дапамагчы, як вывесці Таццяну з гэтай дэпрэсіі. Ён варыў ранкам яе
любімую каву і прымушаў выпіць – яна піла яе, як пратэрмінаваны кефір,
зморшчыўшыся, – і адразу ішла на канапу. Ён прыносіў з магазіна яе любімыя пірожныя
– Таня механічна жавала іх, не адчуваючы смаку. Ён варыў ёй аўсяную кашу і
карміў з лыжачкі – яна паслухмяна з’ядала, дзякавала і зноў утрапёна глядзела ў
адну кропку. Ён абуваў ёй красоўкі, надзяваў куртку і вёў вечарам на прагулку –
яна паслухмяна ішла побач, абапіраючыся на яго руку, слухала Юраву балбатню пра
справы на фірме, пра навіны гарадскога жыцця – але наўрад ці чула хоць слова. І
паварочвала дахаты, калі ён стамляўся хадзіць
і гаварыць ці заўважаў, што ў Тані заледзянелі рукі. У кватэры яна хуценька
разувалася, распраналася і нырала пад плед, адвярнуўшыся да сцяны.
Але сёння ў Юры быў намер
сур’ёзна пагаварыць з Таццянай. Справы фірмы вымагалі неадкладнага
ўмяшальніцтва дырэктара – а дырэктар трэці месяц ляжаў на канапе, і гэта,
падобна, цалкам задавальняла некаторых супрацоўнікаў і калег. Ён толькі не
ведаў, як разбудзіць яе свядомасць, прымусіць думаць, разважаць, як вывесці Таццяну
з таго летаргічнага стану, у які яна пагрузілася пасля смерці сына.
Вярнуўшыся з кухні, Юра
пастаяў нейкі момант над скручанай абаранкам такой роднай і дарагой фігуркай,
уздыхнуў, ціхенька прамовіў: “Прабач, так трэба”, -- і рашуча сцягнуў плед.
Затым, нягледзячы на пярэчанні Таццяны, зняў з яе халат і на руках панёс у
ванны пакой. Усадзіўшы ў ванну, стаў па чарзе ўключаць магутны струмень то
гарачай, то халоднай вады і бязлітасна біць ім па плячах яе, па руках, нагах,
па галаве. Аж да таго часу, пакуль яе слабыя просьбы: “Юра, ну што ты робіш… Ну
хопіць, калі ласка, я прашу цябе…” -- не перарваліся гнеўным крыкам: “Ты што,
закатаваць мяне тут вырашыў, фашыст пракляты?!! Адпусці, зараз жа!”
Тады Юрый накінуў на яе
махровы пушысты халат, аднёс на кухню, наліў у дзве шклянкі каньяку – ёй і
сабе.
--Пі!
Яна злосна перакуліла чарку –
і папярхнулася. Доўга кашляла, хапала паветра ротам… Ён паглядаў на яе са
спачувальна-іранічнай усмешкай.
Калі Таццяна ўрэшце
аддыхалася, сярдзіта спытала:
--А закусіць ёсць што? Ці ты
вырашыў мяне сёння звесці на той свет – не мыццём, дык спайваннем?
Яна злуецца! Яна папрасіла есці!
Яна спрабуе каламбурыць! Яшчэ не верачы, што атрымалася, што яна вярнулася, Юра
моўчкі парэзаў, што было ў халадзільніку --вяндліну, агурок, сыр. Таццяна накінулася
на яду, нібы бачыла яе ўпершыню.
Калі ж урэшце насыцілася і пацягнулася да
філіжанкі з толькі што заваранай кавай, ён паўтарыў:
--Таня, нам трэба сур’ёзна
пагаварыць…
--Што, табе нарэшце
надакучыла вазіцца з дэпрэсіўнай неўрастэнічкай, і ты мяне кідаеш? – усміхнулася
яна. – Правільна! Я б на тваім месцы даўно так зрабіла!
--Дазволь табе не паверыць – ведаю,
што не зрабіла б. І ты добра ведаеш, што я так не зраблю.
--Што, шкадуеш старую хворую
жанчыну? – працягвала яна пад’юджваць – яго ці сябе.
--Ну, не такую ўжо і хворую…
І не вельмі старую. І не шкадую – кахаю…-- развёў ён рукамі. – А каханне, як
вядома, рэч злая…
Такі адказ, здаецца, збіў яе
ваяўнічы настрой, і Таня, зусім неінтэлігента, гучна, са смакам, па-вясковаму
адсёрбнуўшы каву – на гэты раз з колішняй непрыхаванай асалодай, што не
прамінуў адзначыць Юра, -- спытала, як ні ў чым не бывала:
--Тады аб чым такім пільным ты
хочаш са мной пагаварыць? Прычым прама сёння, а не заўтра і не паслязаўтра?
Памаўчаўшы крыху, Юра пачаў
здаля:
--Дазволь для пачатку задаць
табе пару пытанняў. Толькі, калі ласка, адкажы шчыра і сур’ёзна. Скажы, Таня,
хто і што для цябе дорага ў гэтым жыцці?
--І гэтае філасафічнае пытанне
не магло пацярпець да заўтра? – спахмурнела Таццяна.
Юра зразумеў, што ляпнуў глупства, да таго ж у самы
непадыходзячы момант: яна ўспомніла сына і зараз зноў заляжа на канапу… І
пайшоў у наступ, забыўшыся пра стратэгію:
--Не магло. Я разумею, ты
зараз падумала пра Васю. Але з адыходам нават самага дарагога чалавека жыццё не
спыняецца. Ёсць жа яшчэ людзі і рэчы, якія табе дарагія, так?
--Канешне, -- паціснула
плячыма Таццяна. --Гэта Андрэйка, мама. І ты…
Апошняе слова Таццяна ледзь
выдыхнула – нібы зноў баялася выклікаць зайздрасць багоў. Нешта цёплае
варухнулася ў яго недзе ў сонечным спляценні – але Юра не дазволіў сабе схапіць
яе ў абярэмак, абсыпаць пацалункамі прама зараз. “Потым!” – загадаў сабе ў
думках. І працягваў дапытвацца:
--А яшчэ?
Таня задумалася.
--А яшчэ -- мая справа, --
адказала ўпэўнена праз нейкі момант.
--Але чаму ты ставіш справу ў
адзін шэраг з самымі дарагімі табе людзьмі?
--Ну як чаму? – паціснула
плячыма Таццяна. – Таму, што гэта -- МАЯ справа. Таму, што яна – як маё дзіця:
я нараджала гэтую фірму, я яе расціла, падымала на ногі. Я хварэла разам з ёй,
радавалася яе поспехам. Таму, што тут працуюць людзі, якія са мной з самага
першага дня: яны некалі паверылі мне, хоць верыць, магчыма, і не было каму і
чаму, – і зараз я ў адказе за іх. Ну і ўрэшце таму, што ад паспяховасці маёй
справы залежыць дабрабыт дарагіх мне людзей… Мне трэба падымаць, выводзіць у
людзі Андрэйку, дагледзець маміну старасць…
Юры слухаў яе і не мог
нарадавацца: перад ім была яго Таццяна – ранейшая, разумная, лагічная,
упэўненая. З ёй ужо можна было сур’ёзна гаварыць і спрабаваць вырашаць
праблемы. Надышоў час перайсці да галоўнага.
--А што б ты сказала, калі б
даведалася, што твая фірма, справа твайго жыцця, знаходзіцца на парозе
банкруцтва?
Таццяна рассмяялася:
-- Я б сказала, што гэта –
глупства. Што гэтага не можа быць – таму што гэтага не можа быць ніколі! Ну
якое банкруцтва, Юра? Ты хоць разумееш, пра што ты гаворыш? Я не была на фірме два
месяцы…
--Амаль што тры, -- паправіў
Юра
--Ну добра, няхай тры. Але
там усё было ў парадку: доўгатэрміновыя дагаворы ў пастаўшчыкамі тканіны і
фурнітуры, кантракт да канца года з палякамі, які яны збіраліся пралангіраваць
і на наступны год, цікавыя прапановы ад расіян і славакаў – Святлана працуе над
прапанаванымі імі мадэлямі, я думаю, да гэтага часу ўжо адшыты эталонныя ўзоры,
можна адсылаць заказчыкам на зацвярджэнне, а праз тыдзень-другі запускаць у
лінію. Калі мы завяжамся з гэтымі заказамі і падпішам дагаворы, нам нават
капрызы палякаў не страшныя! А ты кажаш – банкруцтва… Ты мяне спецыяльна палохаеш, Юра, каб вывесці
з дэпрэсіі? Не хвалюйся, я спраўлюся…
--Я ніколькі не сумняваюся,
што справішся, --не вельмі весела усміхнуўся Юра. --Справа толькі ў тым – калі.
Каб не было занадта позна. Зараз сапраўды прамаруджванне смерці падобнае. Я ні
ў якім разе не збіраўся запалохваць цябе. Але прабач, Таня, калі ты, дырэктар
фірмы, апошні раз глядзела бухгалтарскія дакументы, унікала ў эканоміку вытворчага
працэсу?
Таццяна сумелася.
--Ну, гэтым зараз больш
Валодзя займаецца, пасля падзелу абавязкаў за мною, як ты ведаеш, засталася
стратэгія развіцця, партнёры, менеджмент, а за ім – аператыўнае кіраванне. Але
да чаго ты хіліш, нешта я не разумею…
--Я даўно хацеў з табой аб гэтым
пагаварыць, ды ўсё неяк не выпадала. А потым усё гэта навалілася, і табе стала
не да вытворчых спраў. Але зараз адкладваць ужо няма куды… Словам, у мяне даўно
ўзніклі падазрэнні, што Валодзя… Прабач -- Уладзімір Сямёнавіч… Словам, ён
паводзіць сябе не вельмі прыстойна. У адносінах да сваёй сям’і, да цябе і, што
самае небяспечнае, – у адносінах да фірмы…
Таня ўсміхнулася і паглядзела
на яго паблажліва – як на пяцікласніка, які сцвярджае, што вынайшаў вечны
рухавік.
--Юра, я не ведаю, на чым
грунтуюцца твае падазрэнні, але скажу адразу: ты памыляешся! Валодзю я веру, як
самой сабе. Я ж расказвала табе: мы – аднакурснікі, пяць гадоў вучыліся ў адной
групе. А потым разам пачыналі гэты бізнес, разам пазычалі грошы, разам шылі
начамі першыя касцюмы і сукенкі, вазілі іх на рынак, адбіваліся ад рэкету. Што
называецца, хлеба скарынку – і тую папалам дзялілі, такое здаралася ў
літаральным сэнсе. Фірма -- наша агульная справа, і банкруціць яе – гэта банкруціць
сябе. Які сэнс, скажы? Гэта такое ж яго дзецішча, як і маё, і дабрабыт яго сям’і
гэтак жа залежыць ад працвітання фірмы, як і маёй. Не, Юра, ты нешта
недазразумеў, пераблытаў, “накруціў” сябе… Ці ты завёў гэтую размову толькі для
таго, каб падняць мяне з канапы? – ёй падалося, што яна разгадала яго
стратэгічны план. -- Калі гэта так, можаш лічыць місію выкананай: табе гэта
ўдалося…
--Я рады, што хоць гэта мне
ўдалося, – калі не ўдаецца растлумачыць табе ўсю сур’ёзнасць становішча. Павер, Таня: я не наганяю на цябе страх – я
сам быў бы рады зразумець, што памыляюся. Але я бачу тое, чаго ты не бачыла
раней і тым больш – у апошні час. У нас на фірме зараз творыцца нешта
неверагоднае. Я табе спрабаваў пра гэта расказваць падчас нашых вечаровых прагулак,
але ты мяне, я так разумею, не чула.
--Ну і што ж такога
неверагоднага адбылося на фірме за маю адсутнасць? – Таццяна, склаўшы рукі на
грудзях, скептычна паглядвала на пазмрачнеўшага Юрыя. – Расказвай – на гэты раз
я слухаю цябе вельмі ўважліва…
--Нават не ведаю, з чаго
пачаць, --здаецца, ён разгубіўся.
--Ну, пачні з самага
галоўнага і самага, па тваім меркаванні, страшнага…
--З гэтага я ўжо пачаў – ты
не паверыла. Таму пачну з драбнейшых цаглінак…
Юра адчыніў фортачку і
закурыў.
--Ты тут гаварыла пра
прапанову расіян і славакаў, пра магчымыя кантракты з імі. А між тым, Святлана,
якая, па тваіх разліках, павінна была ўжо закончыць распрацоўку новых мадэляў і
нават адшыць эталонныя ўзоры, звольнілася два месяцы назад.
--Як гэта – звольнілася? Як
яна магла – не выканаўшы нашы дамоўленасці? Света вельмі адказны чалавек, яна
не магла так паступіць…
--Света – не магла. А
Уладзімір Сямёнавіч – мог. Ён не прадоўжыў з ёй кантракт, які закончыўся якраз
два месяцы назад.
--Ты сур’ёзна? Ён што,
звар’яцеў? Дзе мы такога мадэльера знойдзем? Трэба яе вярнуць!
--Гэта наўрад ці ўдасца. Яе,
наколькі я ведаю, назаўтра ж запрасілі на работу нашы галоўныя канкурэнты. І
зарплату прапанавалі ў два разы большую. Так што Святлана “ў шакаладзе”. Да
таго ж у нас пры звальненні яе моцна пакрыўдзілі…
--Але чаму ты не сказаў мне
адразу?! – у роспачы выгукнула Таццяна – і асеклася: канешне ж, Юра гаварыў ёй
пра гэта. Але яна, прыгаломшаная сваім горам, нікога і нічога не чула…
--Але гэта не ўсё, Таня. За
апошнія два месяцы звольнілася не толькі Святлана, але і Насця – наша лепшая
швачка, і Вера, закройшчыца, якія ўратавалі летась польскі заказ. Насця
спазнілася на працу на паўгадзіны – праспала, мядовы месяц зараз у яе, а Вера
дазволіла сабе недастаткова пачціва пагаварыць з Уладзімірам Сямёнавічам…
Таццяна нервова пакусвала
вусны, не ведаючы, як рэагаваць на падобныя навіны, не жадаючы верыць, што ўсё
на самой справе так, як расказвае Юра, і прыкідваючы, што можна зрабіць у гэтай
сітуацыі.
А Юра працягваў:
--Затое ў нас, як ты
памятаеш, з’явілася новая бухгалтарка…
--Ну а тут што дрэннага? –
стала злавацца Таццяна. -- Люда пайшла ў дэкрэтны адпачынак. А гэтая дзяўчына
разумная, з вышэйшай адукацыяй, з вопытам работы…
--Я б сказаў – вельмі разумная.
І вельмі прыгожая… Уладзімір Сямёнавіч зараз з яе кабінета не выходзіць…
--Фу, Юра, не апускайся да
бабскіх плётак -- гэта непрыстойна, -- паморшчылася Таццяна.
--Каб жа справа была толькі ў
плётках – гэта можна было б перажыць,--прамармытаў Юрый. --Але на самой справе
– давай пра больш важнае. Пра аснову нашага дабрабыту – дагавор з палякамі. Дык
вось, Таня, я не здзіўлюся, калі апошні адшыты намі заказ яны забракуюць. І
нават інакш: здзіўлюся, калі не забракуюць…
--Чаму гэта?
--Таму што Уладзімір Сямёнавіч
закупіў тканіну, з якой і нашы базарнікі ўжо мадэлі не бяруць. Яе кроіць
немагчыма -- яна сыплецца… Я ўжо не кажу пра тое, як швачкі мучыліся з гэтым
заказам, як па тры разы кожную адзінку прасавалі – а спадніцы ўсё роўна, як з
чамадана… А тут – палякі, з іх патрабаваннямі да якасці. А заплацілі за гэтую
тканіну, між іншым, у паўтара разы больш, чым за папярэднюю партыю, якасць якой
была -- ты памятаеш якая, палякі толькі языком цокалі.
--Але чаму Валодзя дапускае
такія праколы? -- няўцямна глядзела на Юру Таццяна. --Ён жа мае вопыт. Тым
больш, што ў нас ужо даўно адпрацаваныя пастаўшчыкі…
--…З якімі мы амаль з усімі разарвалі
адносіны, – перабіў Юрый. –Заплаціўшы пры гэтым салідную няўстойку. Затое з’явіліся
новыя партнёры -- без імені, без рэпутацыі, якія на рынку – тыдзень без году. І
мы купілі ў іх тое, што я табе казаў, і па той цане, пра якую я гаварыў.
--Але чаму? Да ранейшых пастаўшчыкоў
не было ніякіх прэтэнзій: салідныя фірмы, прыстойныя людзі…
--Я таксама не раз і не два
задаваў сабе гэтыя пытанні, перш чым пераадрасаваў іх табе. І Уладзіміру
Сямёнавічу задаваў.
--А ён што? –глянула Таня з
надзеяй.
--А ён сказаў мне не лезці не
ў сваю справу і лепш сачыць за тым, каб станкі спраўна працавалі. Ды яшчэ клапаціцца
як след пра маладую жонку – пра цябе, значыць. Каб яна не перапрацоўвалася і
заўсёды добра выглядала – размова была якраз перад гэтай бядой…
--Няўжо Валодзя не здолеў
разабрацца – ні ў людзях, ні ў сыравіне?
--Баюся, Таня, што Валодзя
цудоўна ва ўсім разабраўся… І новы бухгалтар яму ў гэтым дапамагла…
--Нічога не разумею…
--Ты адна не разумееш. Затое
ўсе, хто бачыў, якую машыну купіў сабе нядаўна Уладзімір Сямёнавіч, усё
разумеюць. Ёсць такое чароўнае слова – “адкат”…
Таня памаўчала.
--Ты нічога не блытаеш, не згушчаеш фарбы? – паглядзела
на Юрыя з надзеяй: хай бы ён зараз сказаў, што пажартаваў… Але вочы ў яго былі
ўстрывожана-заклапочаныя:
--Таня, я не прашу цябе мне
верыць – я прашу цябе пайсці на работу і самой ва ўсім разабрацца. У фінансах,
з пастаўшчыкамі, з кадрамі… Бо тое, што робіцца, можа вельмі дрэнна скончыцца.
Таня доўга маўчала,
пакручваючы ў руках пусты кубак з-пад кавы – прыкмета таго, што яна напружана
думае. Пасля сказала.
--Добра, Юра, заўтра я пайду
на работу і ва ўсім разбяруся. Але прабач -- мне здаецца, што твае страхі моцна
перабольшаны. Не можа Валодзя падманваць мяне, весці за маёй спіной двайную
гульню. Ты нешта не так зразумеў, можа, не валодаеш усёй інфармацыяй. Я
разбяруся – і мы з табой удваіх пасмяёмся з тваіх прыдумак.
--Я б вельмі хацеў, каб было
так, -- Юра першым падняўся з-за стала. -- А цяпер -- пайшлі спаць, -- рашуча
прамовіў ён і, узяўшы яе за руку, павёў міма прыбранай ужо канапы ў спальню…
Глава 5
Назаўтра Таня прачнулася
раненька. Ціхенька выслізнула са спальні, зайшла ў зал, узяла ў рукі фотаздымак
Васі, перавязаны чорнай жалобнай стужкай.
--Ты прабач мяне, сынок, што я так расслабілася. Засмуціў ты мяне моцна, не чакала я ад цябе такога.
Як жа ты мог мяне вось так пакінуць,
га, сынок? Я ж табе не здрадзіла,
як цяжка мне ні было, – а ты вось як са мой абышоўся… Напэўна, у цябе не было іншага
выйсця, так, родны мой? Але ты не думай, я на цябе не крыўдую. Я буду жыць так, як быццам ты і зараз са мной – проста
далёка… Вельмі далёка… І ты на мяне не крыўдуй. Табе не будзе больш за мяне сорамна, сынок. Ты заўсёды гаварыў, што ганарышся мной, – і я зраблю ўсё, каб ты
і надалей мог мной ганарыцца.
Ты толькі, калі можаш, дапамажы мне крышачку, падтрымай. Хоць адтуль, здалёку… Мне твая падтрымка заўсёды
была вельмі патрэбна, а зараз -- асабліва…
Таня лёгенька дакранулася вуснамі да вожыка светлых валасоў, да ямачкі на шчацэ сына -- адказам ёй быў халодны дотык шкла партрэта. Уздыхнуўшы, паставіла рамачку на стол і пайшла на кухню. Прыгатавала снеданне, зварыда каву, улажыла валасы, зрабіла макіяж… І ўжо збіралася садзіцца за стол, як у кухню ўвайшоў збянтэжаны Юра:
--Ты ўжо паднялася? Ох, прабач… Нешта я сёння праспаў… Заснуў, як праваліўся. Здаецца, толькі вочы змежыў, прачынаюся, а цябе – няма… Я так спалохаўся. А ты што так рана падхапілася?
--Ну, я ўжо выспалася -- за столькі часу… А зараз на работу пара. Там за маю адсутнасць, напэўна, шмат спраў
накапілася. А ты ўчора казаў, што і праблем нямала… Ты снедай, а я пабягу. Дзень сёння, падобна,
будзе цяжкі… -- кінула яна, на хаду дапіваючы каву, і выслізнула з кухні.
Юра паглядзеў ёй услед з
захапленнем: перад ім была ранейшая Таццяна, нібы і не крывіла ў яе сэрцы
незагойная рана, нібы і не было шматтыднёвай дэпрэсіі. На работу спяшалася
прыгожая, крыху заклапочаная перад пачаткам працоўнага дня, упэўненая ў сабе
жанчына – толькі чорныя кругі пад вачыма і зямлісты колер твару выдавалі, што
перажыць ёй за гэты час давялося нямала.
Час быў ранні, рабочы дзень
адміністрацыі яшчэ не пачаўся, і Таццяна вырашыла зайсці ў пашывачны цэх – тут
пачыналі змену на гадзіну раней. Швачкі і сапраўды сядзелі за машынамі, але не
працавалі -- гарталі часопісы, перакідваючыся кароткімі фразамі – у паветры
вісела відавочнае напружанне. Таццяна павіталася, акінула вачыма рабочыя месцы
– знаёмыя твары можна было пералічыць на пальцах. Новенькія пераглянуліся з
“бывалымі”– хто такая? -- нястройна адказалі на прывітанне і сталі
дэманстратыўна корпацца ў машынах.
На кравецкім ўчастку з
перапалоханым выглядам разглядвала лякалы незнаёмая дзяўчына. У кабінеце
мадэльера было пуста. Толькі ў каморцы майстра сядзела Міхайлаўна, на плячах
якой ляжаў увесь вытворчы працэс, і нешта пісала. Таццяна з палёгкай уздыхнула:
ну дзякуй богу, хоць з некім можна пагаварыць…
--Дзень добры, Міхайлаўна, --
усміхнулася яна жанчыне. – Ну як вы тут без мяне? Як справы?
Майстар паглядзела ўважліва:
усе ведалі пра гора дырэктара, пра тое, што яна пасля пахавання сына хварэе, –
а зараз як, паправілася? Здаецца… Выгляд так сабе. Але бывае і горшы…
Сумна ўсміхнуўшыся, Міхайлаўна
паціснула плячыма:
--Ну як нашы справы? Можна
сказаць, што ніяк…
--А што так?— узняла бровы
Таццяна.
--Чарговы заказ палякам
адправілі два дні назад. Цяпер чакаем наступнага – калі ён, вядома, будзе…
--А чаму так песімістычна? І
чаму швачкі сядзяць у цэху, калі работы няма, – напэўна, лепш адпусціць іх
дахаты? Дарэчы, Міхайлаўна, а чаму ў нас столькі новых людзей – павітацца няма
з кім? – дырэктар цэлым залпам выпаліла пытанні, якія былі напісаны ў яе на
твары.
--Ой, Аляксееўна, пра гэта
вам лепш ва Уладзіміра Сямёнавіча спытаць, -- нявесела адмахнулася Міхайлаўна.
– І аб тым, чаму людзі новыя, і пра тое, чаму трэба ў цэху сядзець, калі работы
няма… У нас цяпер вельмі сур’ёзныя патрабаванні да працоўнай дысцыпліны, -- дадала
яна саркастычна – відаць, што новаўвядзенні ёй не падабаліся: --За спазненне на
пяць хвілін пазбаўляюць прэміі, на паўгадзіны – звальняюць па артыкулу, і
няважна, ёсць работа ці няма…
--То, напэўна ж, за
перапрацоўку прэмію дабаўляюць? – паспрабавала далікатна разабрацца ў новых
нюансах правілаў унутранага распарадку Таццяна.
--А перапрацоўкі ў нас быць
не павінна! -- сумна ўсміхнулася майстар.-- Уладзімір Сямёнавіч сказаў, што
пасля змены і ў выхадныя мы працуем таму, што дрэнна выконваем свае абвязкі
падчас працоўнай змены, не ўмеем арганізаваць свой рабочы час, і таму нам не
дабаўляць за гэта прэмію трэба, а здымаць яе. Дзяўчаты, калі адшывалі апошні
заказ, без выхадных працавалі, дапазна – а разлік атрымалі амаль напалову меншы,
чым тры месяцы назад, калі былі і выхадныя, і адгулы. Таму і звальняюцца лепшыя
швачкі – кваліфікаваныя майстры цяпер усюды патрэбны…
Таццяна маўчала, не ведаючы,
што сказаць майстру: рабіць паспешлівыя вывады, а тым больш нешта абяцаць, не
разабраўшыся, не хацелася. А жанчына яўна чакала калі не спачування, то хоць
разумення.
--А вы назусім вярнуліся,
Таццяна Аляксееўна, ці так, праведаць нас? – парушыла маўчанне Міхайлаўна.
І, не дачакаўшыся адказу, дадала
з непрыхаваным сумам:
--Вяртайцеся, калі ласка… Я
разумею – вам зараз цяжка. Але нам так дрэнна без вас… Скажу шчыра: я сама ўжо
колькі разоў заяву пісаць пачынала… Таму толькі і не звольнілася, што вас
чакала… Сумленне не дазволіла кінуць вас у такі момант. А ўвогуле складаная ў нас
зараз сітуацыя… Я нават не ведаю, як можна было за лічаныя месяцы дабіць “да
ручкі” наладжаную вытворчасць … І не ўяўляю, як зараз з гэтага можна выблытацца,
– хіба толькі вы што прыдумаеце? Вы паглядзіце, з якой тканіны мы палякам
апошні заказ адшылі, -- прынесла яна з падсобкі кавалак сінтэтычнай анучы
незразумелай расфарбоўкі. – Калі яны яго не забракуюць, то гэта будзе проста
цудам. А калі забракуюць, то не ўяўляю, куды мы зможам гэта падзець, -- прадаць
такое немагчыма нават у нас на базары, хоць мы і стараліся пашыць якасна і
надаць таварны выгляд, наколькі гэта было магчыма.
Таццяна пакруціла ў руках
кавалак тканіны – выходзіць, Юра меў рацыю? Але ж не з рабочымі абмяркоўваць
гэта…
--Не панікуй, Міхайлаўна, усё
будзе добра! – пастаралася яна ўсміхнуцца як мага больш бадзёра. – І людзям
скажы, каб не кідаліся ў роспач. А сёння яны могуць адпачываць. І заўтра – калі
трэба будзе, мы вас паклічам, няма чаго вартаваць станкі ў цэху ды мужам костачкі
перамываць. У хаце кожную сем’і чакаюць, дзеці – хай парадуюць блізкіх…
У офіс Таццяна падымалася ў
самым змрочным настроі. Выходзіць, усё, аб чым гаварыў учора Юрый, -- не
перабольшванне, не нагнятанне сітуацыі, як яна спадзявалася, і становішча на
самой справе вельмі сур’ёзнае? Што ж тады здарылася за гэтыя няпоўныя тры
месяцы? Чаму Валодзя, вопытны і разумны кіраўнік, дапусціў столькі “ляпаў”? Юра
нешта празрыста намякаў на новую бухгалтарку… Але пры чым тут бухгалтарка?
Нават калі б ён кінуўся ў нейкую любоўную авантуру – ад Валодзі ў гэтым сэнсе
ўсяго можна чакаць -- то пры чым тут вытворчасць?
Перш за ўсё Таццяна вырашыла
зайсці да галоўнага бухгалтара. Пастукалася, прыадчыніла дзверы, павіталася – іх
новы бухгалтар, якую яны прынялі на работу незадоўга да трагедыі з Васем, маладая
яркая бландзінка, няспешна фарбавала вусны перад люстэркам і не звяртала на
дырэктара ніякай увагі. Таццяна сумелася – не пазнала, ці што? Няўжо яна зараз
так дрэнна выглядае?..
Дзяўчына закончыла працэс,
палюбавалася на сябе ў люстэрка, усміхнулася і нарэшце паглядзела ў яе бок:
--Добры дзень, Таццяна
Аляксееўна! З выхадам вас…
Было бачна, што бухгалтарка ўсім
сваім выглядам і паводзінамі імкнецца зняважыць яе. Але чаму – гэтага Таццяна
зразумець не магла. І вырашала пакуль не напаляць абстаноўку – будзе яшчэ час і
нагода паставіць гэтую пстрычку на месца.
--Дзякуй, Галіна Пятроўна, -- суха адказала
яна на своеасаблівае прывітанне. --Так, я з сённяшняга дня вяртаюся да выканання
сваіх абавязкаў дырэктара фірмы “Элегант” і хачу паглядзець бухгалтарскія
дакументы за апошнія тры месяцы. Падрыхтуйце іх, калі ласка, і прынясіце да
мяне ў кабінет – я буду ў сябе.
--Але гэта немагчыма, -- чароўна
ўсміхнулася бухгалтар.
--Чаму гэта? – застыла на
паўкроку Таццяна, якая ўжо было прыадчыніла дзверы, каб як мага хутчэй пакінуць
гэты “салон прыгажосці”, стылізаваны пад рабочы кабінет, -- у яе не было
ніякага жадання далей назіраць за крыўляннем гэтай дзівы.
--Таму, што ўсе дакументы зараз
знаходзяцца ва Уладзіміра Сямёнавіча… Ён забраў іх на подпіс…
--Што, адразу за тры месяцы? —
недаверліва хмыкнула Таццяна.
--Так, за ўсе тры месяцы. Вы
ж не падпісалі за гэты час ніводнай паперкі, хоць і атрымлівалі спраўна
зарплату. На шчасце, Уладзімір Сямёнавіч таксама мае права подпісу. Вось ён ім
і скарыстаўся…-- у прытарна-салодкім
голасе бухгалтаркі гучаў яўны здзек – але Таццяна не магла зразумець яго прычыну.
“Добра, зараз ва ўсім
разбяруся, – думала яна, шпарка шыбуючы па калідоры. --Зараз Валодзя мне
растлумачыць, што тут адбываецца. Хто тут кім кіруе, хто чым займаецца, хто над
чым працуе…”
Яна без стуку, рыўком
адчыніла дзверы ў кабінет свайго намесніка і бліжэйшага паплечніка -- не
прыняты былі ў іх такія фармальнасці: яны разам некалі стваралі гэтую фірму і
зараз сумесна ёй кіравалі, чыста фармальна падзяліўшы абавязкі: менавіта
Валодзя пажадаў, каб яна лічылася дырэктарам, а ён – яе намеснікам, хоць ўсе
правы, у тым ліку і юрыдычныя, у іх былі аднолькавыя. І зарплату яны таксама
атрымлівалі аднолькавую – гэта было рашэнне Таццяны.
У кабінеце панаваў вэрхал:
стол завалены паперамі, на крэслах ляжалі папкі і стаялі нейкія сумкі, дзверцы
шафы расчынены. Валодзя стаяў ля акна і размаўляў па тэлефоне. Азірнуўшыся на стук
дзвярэй, ён паспешліва прамовіў:
--Ужо тут. Канешне, усё
скажу. Я потым перазваню…
“Бухгалтарка,” -- здагадалася
Таццяна, у чарговы раз канстатуючы, што ўсё, аб чым учора гаварыў Юрый, --
праўда.
--Прывітанне, Танечка, --
кінуўшы тэлефон на стол, шырока раскрыў абдымкі Валодзя. – Ну як ты, крыху
аклямалася? Вырашыла выйсці на работу? Магла б яшчэ пабыць дома – табе цяпер
так цяжка…
У гэтых спачувальных словах
ёй пачуўся той жа непрыхаваны здзек, які яна адчула ў словах бухгалтаркі. І
таму зрабіла выгляд, што не пачула гэтага фальшывага спачування, а задала
галоўнае пытанне, што гарачай хваляй уздымалася ў грудзях, ціснула, рвалася
вонкі, патрабавала адказу:
--Валодзя, растлумач мне,
калі ласка: што адбываецца?
--У сэнсе? – здзіўлена ўскінуў
ён бровы.
--Што адбываецца на фірме?
Чаму ты парваў адносіны з нашымі ранейшымі пастаўшчыкамі тканіны і закупіў для
польскага заказу такую туфту? Чаму ты звольніў лепшага ў горадзе мадэльера,
лепшую закройшчыцу, лепшых швачак? З кім і з чым мы будзем працаваць? Як мы
будзем з такімі кадрамі і з такой сыравінай выконваць заказы і развівацца?
Валодзя скінуў маску
прытворнага спачування і, склаўшы рукі на грудзях, іранічна слухаў яе абураныя
пытанні.
--Усё? Ці яшчэ нешта хочаш
спытаць? А ты, я гляджу, дарма часу не губляла – цудоўна ведаеш пра нашы
справы. А казалі: хварэе, не можа перажыць сваё гора… Ах, прабач, я ж зусім
забыўся, што ў цябе ёсць цудоўны асабісты інфарматар, гэткі засланы казачок…
--Валодзя, маё гора – гэта
маё гора, не чапай яго, калі ласка. І Юру не чапай. Я была ў цэху, размаўляла з
людзьмі, бачыла тую тканіну, якую ты закупіў. Хацела яшчэ даведацца, па якой
цане, але бухгалтар чамусьці не дала мне дакументы, сказала, што яны зараз у
цябе. Дык магу я, як дырэктар, ведаць, што адбываецца? Чаму ты, чалавек вопытны
і дальнабачны, дапускаеш такія праколы і ставіш пад пагрозу будучыню нашай
фірмы?
--А што гэта ты раптам
успомніла аб сваёй дырэктарскай пасадзе? Тры месяцы валялася на канапе, і цябе
не цікавіла, як мы працуем, што купляем і па якой цане, – а цяпер раптам
успомніла, што ты начальнік, прыбегла і пачала ўсіх строіць? Пазнавата, Таццяна
Аляксееўна… Прабачце, шаноўная, але вы ўжо не дырэктар. Хоць не, пакуль яшчэ
дырэктар -- але ўжо не ўласнік гэтай фірмы, -- спрабуючы схаваць самазадаволеную
ўсмешку, вылажыў Валодзя галоўны козыр – і пераможна назіраў за эфектам, які
зрабіла гэтая навіна, за яе разгубленасцю.
--Як гэта? -- аслупянела Таццяна.
– А хто ж тады я?
--Вы, шаноўная, – ніхто, і
прозвішча ваша – ніяк, -- здзекліва засмяяўся Валодзя. -- Па той простай прычыне,
што фірмы нашай з сённяшняга дня не існуе. Дакладней, яна існуе, але мы не з’яўляемся
яе ўласнікамі.
Тані падалося, што зямля
сыходзіць у яе з-пад ног. Ці яна сніць дурны сон? Што такое ён вярзе? Як гэта
яна – не ўласніца фірмы? Яна, якая пачынала яе з першага рулона тканіны, з яшчэ
мамінай машынкі “Зінгер”, якая не дадавала свайго часу і грошай дзецям, бо
днявала і начавала на фірме? Хто ж мог пазбавіць яе гэтага права? Хто ён, той
уласнік, які так нахабна прысвоіў яе працу, яе час, здароўе, сілы, яе жыццё? І
як ён мог гэта зрабіць?
Валодзя нават не спрабаваў схаваць
свайго задавальнення ад яе здзіўлення і, як добры акцёр, вытрымліваў паўзу,
чакаючы наступных пытанняў. Але Таццяна не магла прамовіць ні слова -- яна проста
глядзела ва ўсе вочы на сябра, нібы не разумела, пра што ідзе гаворка.
Урэшце Валодзя не вытрымаў:
--Дарагая мая былая кампаньёнка,
шаноўная Таццяна Аляксееўна! З вялікім жалем і смуткам вымушаны вам паведаміць,
што ўчора натарыус засведчыў падпісаны мной дагавор аб продажы фірмы “Элегант”
аднаму нябеднаму чалавеку, якога моцна зацікавіла наша вытворчасць. Вы ж,
напэўна, памятаеце, што мы з вамі маем аднолькавыя правы на юрыдычнае
засведчанне любой здзелкі? Так што ўсе вашы прэтэнзіі – па кадрах, пастаўшчыках,
спажыўцах і гэтак далей – ужо не да мяне. Праўда, я сумняваюся, што новы
ўласнік захоча адказваць на іх – хутчэй, пераадрасуе іх вам, як дырэктару
фірмы. Зрэшты, наколькі я зразумеў, у яго свае планы наконт нашага былога
прадпрыемства. Фармальна вы ўсё яшчэ з’яўляецеся дырэктарам гэтай фірмы і
адказваеце за ўсё, што тут адбываецца. Але я ўжо звольніўся з пасады вашага
намесніка і не маю ніякага дачынення да ўсяго гэтага. Што называецца – умываю
рукі!
Таня глядзела на Валодзю – сябра
юнацтва, калегу, з якім яны столькі гадоў ішлі разам, поплеч, рабілі адну
справу, ад якога ў яе ніколі не было сакрэтаў, калі не лічыць асабістых,
сардэчных спраў, -- і яна была ўпэўнена, што і ў яго ад яе таксама -- не магла
паверыць, што гэтыя словы, гэтым здзеклівым тонам гаворыць ён. Ён, напэўна, жартуе…
Мусіць, яны з Юрам дамовіліся такім чынам, метадам шокавай тэрапіі, вывесці яе
з дэпрэсіі. Але ж яна ўжо ў парадку – чаму ж ён працягвае гэты недарэчны
розыгрыш?..
--Што, не чакала? --
пераможна ўсміхаўся Валодзя. -- Можна сказаць, што сюрпрыз атрымаўся! Быў бы
яшчэ лепшы, каб ты не надумалася сёння прыйсці на работу. Але так, можа, нават
і лепш: не ад чужога чалавека даведалася – ад сябра, таму ніякіх сумненняў не
застанецца.
--Валодзя, ты сур’ёзна? – усё
яшчэ не магла паверыць таму, што адбываецца, Таццяна. – Ці ты так недарэчна
жартуеш?
--Больш, чым сур’ёзна, –
Валодзя перастаў усміхацца. –Я вырашыў, што ўжо напрацаваўся за сваё жыццё, час
і адпачыць. Грошай ад продажу фірмы хопіць, каб пажыць прыгожа. І не ў гэтай
занюханай правінцыі, і не ў гэтай доўбанай краіне. Ёсць месцы нашмат
прыгажэйшыя і цікавейшыя. Ды і з бізнесам там развярнуцца прасцей, -- здаецца,
ён забыўся, што перад ім – Таццяна, і марыў услых. Ды ўрэшце злавіў на сабе яе
позірк, у якім усё яшчэ не было нічога, акрамя недаверу і неразумення.
--Ты не перажывай, я распарадзіўся
кінуць табе на картачку пару кавалкаў – нашых, вядома, не “зялёных”. На першы
час табе на хлеб з маслам хопіць. А потым знойдзеш сабе якую-небудзь справу –
ты ж у нас працаваць любіш, так што з голаду не памрэш. Хіба што дырэктарам ужо
не будзеш -- ну дык навучышся падпарадкоўвацца, не ўсё ж камандаваць! Для выканання
загадаў у цябе каханы Юрачка застаецца, ён гатовы перад табой на задніх лапках
стаяць і, як верны кабель, тапачкі ў зубах прыносіць. Ну і пра дабрабыт каханай
павінен паклапаціцца – не ўсё ж табе яго ўтрымліваць… Зрэшты, ты, калі захочаш,
то і для дваіх зарабіць здолееш, цягавітая кабылка…
Таня прапусціла
несправядлівыя і здзеклівыя словы ў адрас Юрыя – Валодзя заўсёды адносіўся да
яго непрыязна. Яна не магла зразумець іншага, галоўнага…
--Але чаму, Валодзя? Што
здарылася за гэтыя тры месяцы? Што з табою сталася – цябе нібы падмянілі… Я
цябе не пазнаю…
Валодзя змоўк – і па твары
яго прабег змрочны цень. Ён адвярнуўся і доўга маўчаў. Нарэшце загаварыў, усё
яшчэ пазіраючы ў акно, – але ўжо зусім іншым голасам, не здзеклівым, а з нейкім
стоеным унутраным болем:
--Можна падумаць, што ты ўвогуле
можаш мяне пазнаць… Нібы ты ведала мяне сапраўднага, нібы калі-небудзь хацела ведаць,
хто ён такі, гэты Валодзька Піваварчык, твой сябар, аднакурснік. Нібы табе да
яго калі-небудзь была справа – да таго, што ў яго на душы, што ён думае, адчувае,
каго ён кахае, – голас у Валодзі задрыжэў. Ён нервова прыкурыў і замоўк. Маўчала
і Таццяна, не могучы зразумець, у чым ён яе абвінавачвае. Не дакурыўшы і палову
цыгарэты, Валодзя злосна скамячыў яе ў попельніцы і павярнуўся:
--Скажаш, ты не ведала, што я
кахаў цябе ўсе гэтыя гады? Толькі сляпы гэтага не бачыў…
--Валодзя, ну што ты такое кажаш…
-- роспачна ўскінула рукі Таццяна. -- Калі мы пазнаёміліся, у мяне ўжо быў сын.
А потым і ў цябе з’явілася сям’я… Якое каханне, ты аб чым?
--Ах, сям’я… А то ты не
ведаеш, як у мяне з’явілася сям’я! – ужо амаль
крычаў Валодзя ёй у твар. – Я прыйшоў на тую вечарынку толькі таму, што
сяброўка твая, Анечка, сказала, што там абавязкова будзеш ты! А ты пасядзела
паўгадзінкі – і дахаты – нашто ж табе аднакурснікі?! Са злосці на цябе і на
сябе, што ніяк не магу да цябе даступіцца, напіўся. Ранкам прачнуўся – побач
Анечка. А праз месяц яна паведаміла, што цяжарная… Вось так і ўзнікла мая сям’я.
Праўда, праз тыдзень пасля вяселля я даведаўся, што ніякай цяжарнасці няма, а
яшчэ праз пяць гадоў – што яе не можа быць ніколі. Але ж ты да таго часу
знайшла ўжо гэтага алкаголіка, Андрэйкавага бацьку… Калі яго не стала, думаў:
ну зараз я перахаплю цябе, пакуль зноў
хто-небудзь не апярэдзіў. Справу гэтую прапанаваў табе адкрыць, думаў – будзем штодня
разам, і ты ўрэшце ўбачыш, пераканаешся, што я ўмею быць верным, адданым, клапатлівым,
што я – адзіны, хто цябе кахае па-сапраўднаму, хто зможа забяспечыць будучыню
табе і тваім сынам. А ты ў мой нават бок не глядзела. Для цябе я быў заўсёды
добрым сябрам – і ўсё! Нібы ты не ведаеш, што не можа быць ніякага сяброўства
паміж мужчынам і жанчынай!
--Валодзя, але ты ніколі не
тое што не сказаў -- нават зразумець не даў, што ў цябе да мяне нейкія
асаблівыя пачуцці, -- недаўменна паціснула плячыма Таццяна.
--І гаварыў, і даваў
зразумець. Але не кожны можа пачуць і не кожны здольны зразумець. Ты на мяне
заўсёды глядзела, як на пустое месца. Табе, вялікай начальніцы, нават у галаву
не прыходзіла, што нейкі там Валодзька Піваварчык, які па ўяўнаму залёту
ажаніўся з тваёй сяброўкай, здольны на высокія пачуцці, што ён здольны кахаць
усё жыццё, перажываць, мучыцца! Я вырашыў: буду цябе чакаць, колькі заўгодна,
хоць усё жыццё. Некалі ж ты павінна ўсё ўбачыць, усё зразумець. А ты… Ты
падабрала ў нейкай падваротні гэтага Кашаварава! – твар у яго аж перасмыкнуўся
ад злосці і пагарды.
--Ну чым, скажы, чым ён лепшы
за мяне? – Валодзя падбег да яе, балюча сціснуў за плечы, страсянуў. – Чаму,
скажы, яго можна пакахаць, а мяне – не? Нейкі бомж з цёмным мінулым, без граша
ў кішэні для цябе аказаўся даражэй, чым я, які ўсё жыццё, як верны сабака, на
дыванку ля тваіх ног: слухаюся, гаспадыня, чаго жадаеце, спадарыня дырэктар?!!
--Валодзя, ты вярзеш абы-што!
– не вытрымала ўрэшце Таццяна граду несправядлівых зняваг. --Калі гэта я сябе
так паводзіла? Мы з табой заўсёды былі
раўнапраўнымі партнёрамі, і адносілася я
да цябе, як да сябра і да партнёра. Пра твае пачуцці – калі ты, вядома, не напрыдумваў
іх зараз, – я нічога не ведала. Але калі б нават і ведала – так, ты маеш рацыю,
узаемнасцю б не адказала. Гэта вашы з Аняй справы, як вы жаніліся і хто каго
падманваў, але я б сям’ю бурыць не стала. Ведаю, які гэта боль…
--Ну канешне, ты ж у нас --
узор чэснасці і прыстойнасці, -- зноў змяніў тон на ранейшы,
іранічна-здзеклівы, Валодзя. – З цябе, пэўна, іконы хутка пісаць будуць… А я
вось -- не такі. Я – несумленны і непрыстойны.
--І ведаеш, я хачу адпомсціць
табе за ўсе тыя здзекі і пакуты, што вытрымаў па тваёй міласці! – пасля паўзы сказаў
ён ужо амаль спакойным, роўным голасам. -- За тваю здраду. І я гэта зраблю!
Дакладней, ужо зрабіў, ха-ха-ха!!!—рассмяяўся Валодзя ёй у твар. -- Занадта доўга ты залізвала свае душэўныя раны,
недаравальна доўга! Я нават не разлічваў, што ты мне такі падарунак зробіш.
Думаў, будуць праблемы – мы з Галечкай, вядома, справіліся б, здолелі б абвесці
цябе, да непрыстойнасці даверлівую, вакол пальца, але ўсё лепш без іх, праўда?
Але ты так дарэчы расхварэлася – і мы ўсё паспелі зрабіць, што называецца, без
шуму і пылу. Так што цяпер, дарагая, няхай цябе твой Кашавараў корміць,
ха-ха-ха!!! А ў мяне, дзякуй богу, нарэшце, упершыню ў жыцці з’явілася жанчына,
якая мяне па-сапраўднаму кахае і якую кахаю я! І колькі мне адпушчана, столькі я
хачу пражыць на поўную катушку, у сваё задавальненне!
--Ты кідаеш Аню? – здзіўлена спытала
Таццяна.
--Так, я кідаю Аню. І без
усялякага шкадавання – яна мне ўжо во дзе! – Валодзя секануў рабром далоні па
горлу. – За першы год жыцця абрыдла, а я гэтую лямку цягнуў больш за два
дзесяцігоддзі… Даўно б кінуў, калі б было для каго, каб ты ў мой бок хоць раз
паглядзела… А цяпер вось – з’явілася…
Дзверы ў кабінет
прыадчыніліся, і салодзенькі галасок бухгалтаркі правуркатаў:
--Уладзімір Сямёнавіч, вы
хутка? Машына ўжо чакае…
--Так, дарагая. Зараз іду, --
гэткім жа голасам – Таня ажно здрыганулася ад яго прытарнасці і фальшу – адказаў
Валодзя. – А вы, Таццяна Аляксееўна, здаецца, хацелі пазнаёміцца з
бухгалтарскімі дакументамі? То яны тут, на стале, калі ласка… Ну, з таго, што
ёсць, вядома. Нам з Галачкай не асабліва хапала часу ўлягаць у работу… І жаданні
былі зусім іншыя…
У яе за спіной хіхікнулі. Валодзя
дэманстратыўна памахаў Таццяне ручкай і, падхапіўшы сумкі, памкнуўся да выхаду.
Гучна ляпнулі дзверы.
Таццяна, усё яшчэ дрэнна ўсведамляючы,
што адбылося, нерухома сядзела, абхапіўшы галаву рукамі.
Глава 6
Яна не ведала, колькі часу
прасядзела ў здранцвенні ў Валодзевым кабінеце, пакуль не прыадчынілася дзверы
і Наташа, сакратарка, не выгукнула з палёгкай:
--Ой, Тацяна Аляксееўна, вы
тут?! А я вас усюды шукаю! Вас усе пытаюць, казалі, што вы ў офісе, – а вас нідзе
няма...
--А хто мяне шукаў? – узняла
галаву Таццяна.
--Юрый Аляксандравіч заходзіў
некалькі разоў, пытаўся, дзе вы. Нерваваўся, казаў, што вам тэрмінова трэба
пагаварыць… І палякі два разы тэлефанавалі, абяцалі пазваніць яшчэ, нешта там у
іх з нашым заказам няўвязка. Вой, зноў званок, пэўна, гэта яны! Пачакайце
хвіліначку, я пераключу на гэты кабінет.
Таццяна не паспела сказаць,
што не трэба пераключаць, што не будзе яна ні з кім размаўляць, -- тэлефон ужо
патрабавальна цілілікаў. Падыходзячы да апарата, яна ўжо ведала, што ёй скажуць
былыя партнёры, і што яны амаль дакладна – былыя… Вось толькі, заўсёды такая
знаходлівая, не ведала, што ім адказаць…
--Алё, пані Таццяна, --
пачула яна ў трубцы знаёмы голас Анджэя. --Вітаю вас! Вы ўжо выйшлі на працу? Я
чуў, што ў вас здарылася вялікае няшчасце, – прыміце нашы самыя шчырыя спачуванні.
--Дзякуй…
-- Вы доўга хварэлі… Як цяпер
ваша здароўе?
--Дзякуй, усё ў парадку, --
Таццяна ліхаманкава думала, што адказаць палякам, калі яны закончаць свецкую
размову і пяройдуць да сур’ёзных тэм.
--Пані Таццяна, мне вельмі
шкада, што я вымушаны вас у такую цяжкую хвіліну турбаваць размовамі пра нашы
справы, але ў мяне няма іншага выйсця. Мне сказалі, што пана Вальдэмара няма на
месцы і невядома калі будзе, а справа не цярпіць прамаруджвання.
--Я вас слухаю, – асуджана
прамовіла Таццяна.
--Пані Таццяна, вы мяне
прабачце, але я не ведаю, што сталася з вашай фірмай! У нас ніколі не было
найменшых прэтэнзій ні да якасці матэрыялаў, з якіх вы выконвалі нашы заказы, ні
да тэрмінаў, ні да прафесійнасці вашых працаўнікоў. Але тое, што вы адгрузілі на
гэты раз, – гэта проста, як у вас кажуць, не лезе ні ў якія вароты. Пры ўсёй
павазе да вас і пры маім спачуванні вашаму гору мы не можам прыняць гэты заказ.
Мы не знойдзем збыту для яго не толькі ў Германіі, але і ў польскай правінцыі.
У Еўропе такога ўжо не носяць, -- не стрымаўся, каб не падкусіць, Анджэй.
“Такога ўжо і ў нас не носяць,”
-- моўчкі скрыгатнула зубамі Таццяна. Але стрымалася – не расказваць жа зараз
партнёрам пра свае праблемы.
Анджэй яшчэ доўга расказваў
ёй пра ўсё нюансы дапушчанага браку, пра панесеныя імі страты, падманутыя
надзеі, перасыпаючы ўсё гэта запэўніваннямі ў безумоўнай павазе і пачцівасці да
яе асабіста і іх фірмы ўвогуле. І ўрэшце закончыў тым, чаго Таццяна баялася
больш за ўсё:
--Усю партыю мы сёння ж адпраўляем
назад.
--Так, -- машынальна адказала
Таня. –Адпраўляйце…
--Але вы разумееце, што ўсе
страты ад гэтага браку лягуць на ваша прадпрыемства?
--Разумею, не маленькая…
--І, акрамя таго, мы выставім
вам свае прэтэнзіі – мы павінны абараняць свае інтарэсы.
--Так, выстаўляйце…
Пасля паўзы пан Анджэй устрывожана
спытаў:
--Пані Таццяна, з вамі ўсё ў парадку? Мне не падабаецца ваш
голас. У вас нешта здарылася?
--Не хвалюйцеся, пан Анджэй,
у мяне ўсё ў парадку – як заўсёды.. Так, мы дапусцілі брак – ужо не важна, па
якой прычыне і хто вінаваты. І будзем за гэта адказваць. Адпраўляйце заказ
назад, выстаўляйце прэтэнзіі – будзем разбірацца.
Анджэй яшчэ нешта гаварыў,
прабачаўся, але яна ўжо націснула кнопку адбою – не было ні сіл, ні жадання
заставацца ветлівай і выхаванай.
Чамусьці моцна закружылася
галава. “Кава – мне зараз проста неабходны кубак моцнай кавы. Трэба супакоіцца
і ўсё абдумаць: што зараз рабіць, як жыць? Сапраўды – як жыць, калі здраджваюць
лепшыя сябры? Каму зараз верыць? Юра – абавязкова трэба пагаварыць з Юрам. Ён нешта
параіць, дапаможа, падтрымае. Але найперш трэба выпіць кавы...”
Яна паднялася, каб папрасіць Наташу зрабіць
кавы, – і раптам усё паплыло, перад вачамі закружылася – і яе праглынула чорная
варонка…
Калі расплюшчыла вочы, над ёй
стаялі заплаканая сакратарка і паўнаватая жанчына ў белым халаце.
--Жанчына, што з вамі? Вы
мяне чуеце? -- трос яе за плячо белы халат.
--Так, чую. Са мной усё ў парадку…
--Ды ўжо ж, я бачу, у якім
парадку… У вас нічога не баліць? Вы нічога не пашкодзілі, калі падалі?
--А я падала? Не, здаецца
нічога… Галава толькі моцна кружыцца…
--Таццяна Аляксееўна нядаўна
перажыла моцны стрэс, -- гучным шэптам паведаміла жанчыне ў белым халаце
Наташка. – У яе сын загінуў…
Белы халат пашчупала яе
пульс, змерыла ціск.
--Я б параіла вам паехаць з
намі ў бальніцу, прайсці абследаванне…
Чамусьці ёй стала абыякава –
бальніца дык бальніца. Абследаванне -- хай сабе… Што ёй яшчэ рабіць, чым
заняцца -- без пяці хвілін беспрацоўнаму дырэктару практычна неіснуючай фірмы…
Яе вадзілі па нейкіх
кабінетах, бралі кроў на аналіз, слухалі сэрца, мералі ціск, рабілі
кардыяграму, праводзілі ультрагукавое абследаванне… Яна паслухмяна выконвала
тое, што ёй казалі: распраніцеся… уздыхніце-не дыхайце… кладзіцеся на кушэтку…
Адказвала на нейкія пытанні пра сваё самаадчуванне. А сама думала аб адным: як
жа Валодзя так мог абысціся з ёй, з Аняй, з фірмай, з імі ўсімі? Выходзіць, яна
зусім не разбіраецца ў людзях?.. І што ж цяпер рабіць?
Урэшце яе паклікалі ў кабінет
да ўрача. Той уважліва гартаў яе медыцынскую карту, перабіраў нейкія паперкі,
заклапочана разглядваў рэнтгенаўскія здымкі. Гэтая заклапочанасць не
спадабалася Тані: што ён там такое ўбачыў? Ёй яшчэ толькі праблем са здароўем
не хапала – самы час хварэць…
--Ну што там, доктар? -- не
вытрымала нарэшце яна. – Жыць буду?
--Абавязкова! Даўно даказана,
што калі пацыент хоча жыць, то медыцына бяссільная, -- ён падтрымаў яе
жартаўлівы тон. – Ёсць падазрэнне, што нават шчасліва. Праўда, гэта ўжо ад больш
ад вас, чым ад нас залежыць…
--Нешта я не зусім вас разумею…
--Ну, са здароўем у вас усё ў
парадку. Гемаглабін нізкаваты, але гэта не смяротна: станеце харчавацца
нармальна, і ўсё ўсталюецца. А харчавацца вам трэба добра і правільна, у вашым
становішчы гэта абавязкова.
--У якім такім маім становішчы?
-- спалохалася Таццяна: што за хваробу такую знайшлі ў яе гэтыя эскулапы?
--Вы так глядзіце на мяне,
быццам не ведаеце, што ў вас дванаццаць тыдняў цяжарнасці…
--Дванаццаць тыдняў? У мяне?
Адкуль? – падскочыла Таццяна, як апараная.
--Ну, даражэнькая, вам гэта
лепш ведаць, -- развёў рукамі доктар. --Вы так здзіўлены, нібы вам пятнаццаць
гадоў і вы не ведаеце, адкуль бяруцца дзеці і як дыягнастуецца цяжарнасць…
Таццяне стала няёмка – ну сапраўды,
што яна, як дзяўчынка…
--Прабачце, --прамармытала яна.
--Гэта так, эмоцыі. Я пайду?
--Так, можаце ісці, -- кіўнуў
галавой доктар. І кінуў наўздагон:
--Але вам трэба тэрмінова
вырашаць гэтае пытанне. Альбо станавіцца на ўлік у жаночай кансультацыі і праходзіць
дэталёвае абследаванне – усё ж у вас, прабачце, узрост… Альбо прымаць
радыкальныя меры.
У калідоры яна прысела на
мулкую банкетку і прыхінулася да сцяны. Так, сапраўды, гэта было тры месяцы
назад: гадавіна іх з Юрам сумеснага жыцця, рэстаран у вясковым стылі,
крамбамбуля, бясконца доўгая і шчаслівая ноч… І тэлефонны званок на золку, які
ўсё перакрэсліў… І затым дні і тыдні на канапе пад пледам, калі яна не
ўсведамляла, ноч за акном ці дзень, не памятала, ела яна сёння ці не, не
звяртала ўвагі, мылася ўчора ці пазаўчора.
“Дорага ж мне абыходзіцца мая
дэпрэсія… Фірму страціла, цяжарнасць правароніла. Цяпер ужо, напэўна, і рабіць
нешта позна? Ці яшчэ можна паспрабаваць?” – падумала яна.
І раптам зразумела, што ёй не
хочацца нічога рабіць.
“Дзеўка, ты, мусіць, зусім звар’яцела
-- у тваім узросце раджаць! Гэта ўжо проста непрыстойна! Дзеці дарослыя, магла
б ужо ўнукаў мець, а тут… Сорамна! – спрабавала яна пераканаць сябе. -- Яшчэ,
напэўна, можна пашукаць знаёмых, нешта зрабіць…” – пераконвала сама сябе.
І ўжо ведала, што не стане
шукаць ніякіх знаёмых, не будзе нічога рабіць. “Гэта Бог пасылае мне дзіцятка
-- сына, якога адабраў у тую самую ноч, -- раптам сышло на яе азарэнне. --Так,
гэта да мяне вяртаецца мой сынок!” – падумала яна -- і на душы адразу стала цёпла і радасна.
Чамусьці яна была ўпэўнена,
што там, у яе ўлонні, расце, развіваецца менавіта сын – інакш і быць не можа! І
ён абавязкова будзе падобны на свайго
старэйшага брата. Яна дасць яму іншае імя, каб падмануць злых і зайздрослівых
багоў, – потым прыдумае, якое. Але ён, несумненна, будзе такім, як Вася, –
прыгожым, разумным, вясёлым. І абавязкова – шчаслівым!
Яна паклала руку на жывот і
ўсміхнулася: “Я з табой, мой родны… Я цябе нікому не аддам…”
“Трэба Юру сказаць. Ён,
напэўна, узрадуецца…” – падумала Таццяна.
І ўспомніла, што сёння бачыла
Юру толькі ранкам, калі выходзіла на работу. Устрывожылася: чаму яны больш не
сустрэліся? Ну, яна была занятая – цэх, размова з Валодзем… А ён – чаму ён не
пацікавіўся, што яна высветліла пра справы фірмы? Праўда, Наташка казала, што
ён заходзіў некалькі разоў у офіс, шукаў яе, хацеў аб нечым пагаварыць – але
чаму ж не знайшоў?
Тады яна падумала, што Юра хацеў распытацца
пра яе размову з Валодзем ці сам нешта даведаўся пра апошнія навіны на фірме –
такія весткі разыходзяцца хутка. А цяпер занепакоілася: можа, у яго што-небудзь
здарылася? Трэба хутчэй ехаць дахаты, пра ўсё яму расказаць, параіцца. Радасцю
падзяліцца. У іх будзе сын… Гэта ж трэба! Ну вось і вырашылася само па сабе
пытанне аб тым, ісці ў загс ці не, – не можа ж сын расці безбацькавічам!
Юра быў дома. “Дзіўна, што
так рана,” -- падумала Таццяна, калі ён сустрэў яе ў прыхожцы, дапамог зняць
паліто, чмокнуў у шчаку…
--Таня, мне табе трэба нешта
сказаць… -- выпаліў ён замест традыцыйнага вітання.
--Мне табе – таксама, --
усміхнулася Таццяна. – І вельмі шмат…
--Ну, пачынай, а то ў мяне
мала часу.
--Што, прама тут, у калідоры?
Давай хоць парог пераступім. І куды ты так спяшаешся? – спытала Таня, праходзячы
ў пакой – і асеклася: пасярод яго стаяў раскрыты чамадан, у якім ляжалі Юравы
сарочкі, па крэслах былі раскіданы іншыя яго рэчы.
Унутры ўсё пахаладзела.
--Ты некуды збіраешся?
--Так, Таня, збіраюся.
Менавіта аб гэтым я хацеў табе сказаць…
--Надоўга?
--Не ведаю. Як атрымаецца..
--Але што здарылася?
--Бяда…
--Яшчэ адна? Божа, колькі ж
можна! -- у роспачы ўпала яна ў крэсла.
--Ты не хвалюйся, усё не так
страшна. Але… Сёння ранкам мне патэлефанавалі… Адзін мой сябар юнацтва. У Зоі,
былой маёй жонкі, знайшлі рак. Апошняя, чацвёртая стадыя. Зрабілі аперацыю, але
прагнозы ўрачоў несуцяшальныя. Яна адна, зусім адна. Бацькі памерлі… Братоў і
сясцёр у яе не было. Мужоў сваіх шматлікіх яна паразгублівала. Побач – толькі
сын. Мой сын, Вадзім. Але падлетку даглядаць за хворай бездапаможнай маці… Мне
здаецца, дзіцяці гэта не па сілах.. І ўвогуле -- жыць яму аднаму ў пустой
кватэры, вырашаць нейкія бытавыя пытанні, ды яшчэ з такім грузам, вельмі цяжка.
І за што ім жыць? Баюся, каб ён не нарабіў чаго-небудзь непапраўнага з-за
нявопытнасці і ад бездапаможнасці. Я вырашыў, што мне трэба паехаць да іх. Не
магу я кінуць сына аднаго ў такой сітуацыі… Ты прабач, што я прыняў гэтае
рашэнне, не параіўшыся з табой, але ўсё так імкліва закруцілася. Вестка гэтая, а
цябе нідзе не было…
Таццяна доўга маўчала.
--Ты яе ўсё яшчэ кахаеш? -- спытала
нарэшце.
Юра горка ўсміхнуўся:
--Я б мог сказаць, што я яе
ненавіджу, – яна зламала маё жыццё, прычыніла столькі болю маме, адабрала ў
мяне сына… Але нянавісць – занадта моцнае пачуццё, яна яго не заслугоўвае.
Напэўна, я яе проста шкадую – як можна пашкадаваць хворага бездапаможнага
чалавека. А найбольш, вядома, я турбуюся пра сына.
--Так, Юра, ты павінен ехаць…--
памаўчаўшы, нарэшце вымавіла Таццяна словы, якія ніяк не хацелі вымаўляцца. – Гэта
твой сын і гэта -- яго маці, ты павінен ім дапамагчы.
--Ты не пакрыўдзілася? –
падхапіўся ён. – Ты сапраўды разумееш мяне?
--Канешне, разумею, – апусціла
яна галаву і падумала пра сябе: “Мяне б хто зразумеў”…
--Я ведаў, што ты самая
лепшая жанчына ў свеце! Ты не думай, я ненадоўга, як толькі там усё наладзіцца,
я адразу ж вярнуся! Я буду тэлефанаваць – часта-часта… Ты як сябе адчуваеш?
Справішся тут адна, без мяне? -- тараторыў ён, запіхваючы ў чамадан сарочкі, джынсы,
шкарпэткі…
--Вядома, спраўлюся –
спраўлялася ж усё жыццё…
--Пачакай, --ён раптам
спыніўся. – Ты ж таксама хацела мне нешта паведаміць?
--Ды так, дробязь, -- сумна ўсміхнулася
Таццяна. –Потым раскажу, калі вернешся. Гэта не тэрмінова. Ты збірайся, на
цягнік спознішся. Я пайду бутэрброды табе ў дарогу зраблю і кавы. Дарэчы, ты не
памятаеш, дзе наш тэрмас? І грошы вазьмі – напэўна ж, спатрэбяцца.
--Дзякуй, Танечка, --падышоў
ён ззаду і пяшчотна абняў.
Яна трымалася з апошніх сіл, каб
не загаласіць...
Глава 7
Калі за Юрам зачыніліся
дзверы, Таня зайшла ў спальню, зняможана ўпала на ложак і дала волю слязам,
якія душылі яе ўвесь час, пакуль яна дапамагала яму збірацца. “Божачкі, што ж
за планіда ў мяне такая… Я зноў цяжарная – і зноў адна! Божа, ты здзекуешся
нада мной? Ці проста выпрабоўваеш на трываласць? Колькі ўжо можна, як усё гэта
вытрымаць? Столькі ўсяго разам: смерць Васі, страта фірмы, цяжарнасць, ад’езд
Юры… Чаму менавіта зараз, калі ён патрэбен больш за ўсё? Як, ну як мне выкараскацца
з усяго гэтага? Божа, дапамажы, падкажы…”
Плакала яна доўга. Затым,
знясіленая, заснула.
Ранкам, прачнуўшыся з цяжарам
на сэрцы, вырашыла, што падымацца не будзе. Навошта – карміць няма каго, на працу
спяшацца няма патрэбы, гаварыць няма з кім. І нават сорам няма перад кім
адчуваць…
І раптам успомніла сваю шматтыднёвую дэпрэсію
і яе наступствы – і рашуча адкінула
коўдру: “Ну не, даражэнькая! Больш ты сабе такога дазволіць не можаш! Занадта
дорага гэта каштуе!”
Пашыбавала ў ванну, прыняла
кантрасны душ. Затым зрабіла моцную каву. І тут высветлілася, што скончыўся
цукар. “Ну вось, яшчэ і гэта! Кава без цукру – горш можа быць толькі цукар без
кавы! Хоць бы якая цукерка лядашчая дзе завалілася,” -- перабірала Таццяна
вазачкі і разеткі на стале. Раздражнёна пераставіла падалей старую фарфоравую
цукерачніцу, каб не блыталася пад рукамі, не разбілася незнарок – ёй даўно не
карысталіся, але бераглі, як памяць пра бабулю. І раптам там, у сярэдзіне,
нешта жаласна бразнула. Таня зняла накрыўку і ўбачыла на дне пярсцёнак. Той
самы, які Юра падарыў ёй тады, у рэстаране, калі яны пілі крамбамбулю… Сапраўды,
пасля размовы з Сашам у дзень пахавання сына яна зняла яго і палажыла сюды –
лічыла, што шчасце яе скончылася… “Сапраўды скончылася?” – ці то спытала, ці то
сказала сама сабе, пакручваючы ў руках Валодзеў падарунак. І нечакана для сябе
надзела на сярэдні палец правай рукі – як тады, у рэстаране.
--Ты некалі пераконваў мяне,
што мы павінны быць разам, нягледзячы ні на што, -- уголас звярнулася яна да Юры.
--Ну, значыць будзем разам…
Таццяна моршчылася, адпіваючы
дробнымі глыткамі несалодкую, а таму нясмачную каву, і прымушала сябе, як яна
гаварыла ў такіх выпадках, “уключыць мазгі”.
--Параіцца няма з кім,--
разважала яна ўслых. -- Юра паехаў – і невядома,
колькі часу прабудзе там, і нават -- ці вернецца ён зусім, трэба быць гатовай і
да гэтага… Ён кажа, што не любіць тую жанчыну, але ўсё роўна, яна -- маці яго
сына і яна -- цяжка хворая. Ён не кіне яе ў такім стане, дзеля сына не кіне.
Значыць, будзем лічыць, што Юры ў нас няма. Пакуль ці зусім – пакажа час. Я
магу нейкім чынам паўплываць на гэтую сітуацыю? – спытала Таня сама сябе. І
сама сабе адказала:
--Не, не магу – не маю на
гэта ні маральнага, ні юрыдычнага права. Я не жонка яму і не магу ўплываць на
яго рашэнні. А калі б была жонкай, то што змянілася б? Канешне, я б магла
сказаць яму пра сваю цяжарнасць – і ён, напэўна, застаўся б. І пакутаваў бы, і
рваўся паміж сынамі – гэтым, ненароджаным, і тым, якога вадзіў у заапарк і на
каток, і іх мацяркамі. А я б пакутавала ад усведамлення сваёй віны і комплексу
непаўнацэннасці, думаючы, што ён са мной не з-за мяне, а з-за дзіцяці. Не, не
варта… Значыць, адсунем пакуль Юру ў дальні куток свядомасці: калі не можа
дапамагчы, то няхай хоць не перашкаджае. Калі, вядома, атрымаецца, -- уздыхнула
Таццяна, разумеючы, што не атрымаецца, – але ж паспрабаваць можна?
Яна хадзіла з кутка ў куток
пустога пакоя і разважала ўслых – калі б яе ў гэтую хвіліну ўбачыў нехта чужы,
падумаў бы, напэўна, што жанчына памяшалася. Але дзіўна – мозг, які адпачываў
усе гэтыя месяцы дэпрэсіі, зараз уключыўся ў работу, дзейнічаў ясна і лагічна –
пакуль яму не перашкаджала сэрца…
--Значыць, што мы маем? Я не
магу паўплываць на сітуацыю з Юрам… А на што магу? Самае страшнае – смерць
Васі, але гэта выправіць немагчыма. Гасподзь злітасцівіўся нада мной і пасылае
яшчэ аднаго сына – трэба ўспрымаць гэта, як яго дарунак. З ім, маленькім,
нічога рабіць пакуль не трэба – хай сабе
расце і развіваецца… Табе там цёпленька і ўтульна, мой маленькі, я пастараюся
цябе добра карміць і не загружаць сваімі праблемамі, -- калі, вядома, змагу.
Але ты, сыночак, таксама не падводзь сваю маму, паводзь сябе добра, –
звярнулася яна да немаўляці і пагладзіла жывот. -- Так, цяжарнасць дадасць
клопатаў – але не зараз, пазней: трэба будзе стаць на ўлік, паклапаціцца пра
фінансы…
--Дарэчы, пра фінансы, -- скіравала
свае думкі ў практычнае рэчышча Таццяна. -- Трэба зайсці ў “кліент-банк”, калі
Валодзя не змяніў пароль, праверыць, што там засталося на рахунку фірмы. Канешне, наўрад ці што засталося. А можа, ён
усё ж не такі нягоднік, якім хацеў падацца падчас размовы? Не можа ж чалавек
так змяніцца… Ці ўсё ж я яго проста не ведала?
Таня ўключыла камп’ютар,
зайшла ў інтэрнэт, праверыла банкаўскі рахунак сваёй фірмы. Цуда не здарылася – там круглелі голыя нулі…
--А з улікам таго, што праз
два тыдні трэба плаціць падаткі, праз тры – рахункі за электраэнергію, а праз
месяц – зарплату людзям, што палякі вяртаюць заказ і, вядома ж, выставяць
штрафныя санкцыі, – сітуацыя патавая, -- хруснула пальцамі Таццяна. – І як я
магу паўплываць на гэта? Хоць, зрэшты, чаму я павінна на гэта ўплываць? У фірмы
ёсць новы ўласнік – няхай ён і турбуецца, як разбірацца з даўгамі, чым плаціць
людзям зарплату – хоць людзей, хутчэй за ўсё, проста звольняць… А ты зараз з’яўляешся дырэктарам толькі юрыдычна,
ды і тое – пакуль. Так што патурбуйся лепш аб тым, за што жыць будзеш і дзяцей
падымаць, – сказала сама сабе Таня, адкрываючы праз інтэрнэт-банкінг уласны рахунак.
-- Пра якія там “пару кавалкаў” гаварыў Валодзя на развітанне? Колькі гэта ў
яго грашовай сістэме?
На асабістым рахунку таксама было
не густа. “Пара кавалкаў”, якія ёй, былой кампаньёнцы, адшкадаваў “з барскага пляча”
былы сябар, з якім некалі ўкладвалі ў гэтую фірму роўныя долі, складала крыху
больш яе месячнай зарплаты.
--Ну, на месяц хопіць. Калі
эканоміць, можна расцягнуць на два… А што рабіць далей? Той невялікі запас, што
сабралі з Юрам за апошні год, аддала яму – там, пэўна ж, грошы спатрэбяцца. А
як жыць самой? І яшчэ цяжарнасць гэтая… Праз нейкіх паўгода спатрэбіцца
прыданае малышу, і каштуе яно не танна. А з улікам таго, што працаваць яна
нейкі час не зможа -- нават калі будзе дзе… Ох, сынок, прабач, але ж ты так несвоечасова,
-- пяшчотна пагладзіла яна мяккі, незаўважны пакуль ні для каго домік свайго
дзіцяці.
--Ну дык і на што ж з усяго,
што звалілася за апошні дзень, можна рэальна паўплываць? – задала сабе амаль
што рытарычнае пытанне Таццяна. – Хіба што на цяжарнасць – але гэтага рабіць
нельга, немагчыма. А ў астатнім, выходзіць, практычна – ні на што? Хіба толькі
паспрабаваць разабрацца з фірмай. Падаць у суд на Валодзю? У фірмы – два
ўласнікі, як маглі засведчыць дагавор куплі-продажу з подпісам толькі аднаго?
Так, у яго была генеральная даверанасць, але ўсё ж… Але судовыя разбіральніцтвы
таксама патрабуюць грошай, і немалых… І яшчэ невядома, чым закончыцца працэс,
нават калі ўдасца дамагчыся, каб ён пачаўся. Тым больш, што Валодзя празрыста
намякаў, што хоча пажыць прыгожа, і не ў гэтай краіне. Напэўна, ён са сваёй
разумнай бухгалтаркай паклапаціліся аб тым, каб знайсці іх было не вельмі проста,
і былыя кампаньёны ды суддзі з адвакатамі не перашкаджалі ім траціць украдзеныя
ў яе грошы. Так, юрыдычнае пытанне падзелу ўласнасці таксама пакінем на потым,
гэта не сённяшняга дня справа.
--А сёння – што можна зрабіць
сёння? – задумалася Таццяна.
І ўрэшце вырашыла:
--Сёння трэба паспрабаваць высветліць,
што ж купіў нашу фірму, які рызыкант рашыўся на гэта, ведаючы – не мог жа ён
гэтага не ведаць, калі ўкладваў немалыя грошы, -- што ў прадпрыемства два
ўласнікі і задаволіўшыся подпісам толькі аднаго? Трэба сустрэцца з гэтым
чалавекам і ўсё высветліць – усё ж я пакуль яшчэ хоць дэ-юрэ, але дырэктар. Не
лішне было б пацікавіцца і яго планамі наконт будучыні фірмы. А ўжо потым
будаваць свае ўласныя: шукаць работу, шукаць грошы…
Яна ўжо ўзялася за тэлефон,
каб пазваніць свайму знаёмаму з камітэта эканомікі, які ўсё пра ўсіх ведаў у іх
сферы, каб вывудзіць хоць якую інфармацыю. Але не паспела: тэлефон завуркатаў
мелодыяй пра прыроду, у якой не бывае дрэннага надвор’я – і дысплей высвеціў
імя Наташкі, сакратаркі:
--Ой, Таццяна Аляксееўна, у
нас тут такое! -- затараторыла дзяўчына, забыўшыся павітацца. – Уладзімір
Сямёнавіч як паехаў учора ранкам з Галінай Пятроўнай у банк – гэта ж яшчэ пры
вас было! -- дык больш на працы так і не з’яўляўся. І вы не прыйшлі… Ой,
прабачце, як ваша здароўе? – здаецца, Наташка толькі зараз успомніла, што ўчора
дырэктара з работы забралі на “хуткай”.
--Усе ў парадку, -- адказала
Таццяна. – Дык я не зразумела: што там у вас?
--Ну вось, у офісе няма ні
вас, ні Уладзіміра Сямёнавіча, і ніхто не ведае, дзе вы і што. Чуткі розныя
папаўзлі – быццам нашу фірму прадалі. А сёння, хвілін дваццаць назад, дзядзечка
нейкі прыйшоў – сімпатычны такі, з высакароднай сівізной. І выпраўка, як у
ваеннага. І сказаў – уяўляеце?!! -- што зараз ён з’яўляецца ўласнікам нашай
фірмы! І што ён хацеў бы сустрэцца з дырэктарам. Папрасіў патэлефанаваць вам і
запрасіць на сустрэчу. Я хацела было правесці яго ў кабінет Уладзіміра Сямёнавіча
і кавы зрабіць, каб ён пачакаў, пакуль
вы прыйдзеце, а потым падумала: а раптам ён махляр які? Ды ён нібыта думкі прачытаў:
папрасіў прызначыць вам сустрэчу ў кафэ “Лаванда” на 13 гадзін. І пайшоў. Вось…
Таццяна Аляксееўна, вы толькі не
злуйцеся, я вам перадала, як гэты чалавек сказаў. Дарэчы, вельмі сімпатычны
мужчына, -- дадала ад сябе са стоеным прыдыханнем улюблівая Наташка.
Таццяна ўсміхнулася: ну ўсё,
зноў закахалася…
--Не хвалюйся, Наташка, ты
ўсё правільна зрабіла, -- пастаралася супакоіць дзяўчыну.
--Таццяна Аляксееўна, а пра фірму, ну, што яе
прадалі – гэта праўда? -- спытала Наташка пасля паўзы. Акрамя заклапочанасці
прадстаўнікамі мужчынскага полу быў у Наташкі яшчэ адзін недахоп – залішняя
цікаўнасць. І празмерная балбатлівасць.
Таццяна перш хацела сказаць: “Так, праўда,” – што ўжо тут хаваць? Але ў
апошні момант невядома чаму стрымалася.
--Пасля сустрэчы з гэтым чалавекам
я прыйду ў офіс і ўсё ўсім раскажу. А пакуль замест таго, каб языкамі часаць,
справай займіцеся… -- дадала ўжо зусім строга, па-дырэктарску – хоць разумела,
што ніхто ніякай справай займацца не будзе, тым больш, што і няма зараз там
ніякіх спраў.
--Дарэчы, як я пазнаю гэтага
чалавека? – спахапілася раптам Таццяна.
--Ён сказаў, што пазнаеце. А
калі не, то ён сам вас пазнае…
Такі адказ Таццяну
заінтрыгаваў. Выходзіць, новы ўладальнік фірмы – нехта з яе знаёмых? Цікава…
Канкурэнты перахапілі смачны кавалачак? Няма сярод іх падобных на сімпатычнага
мужчыну з вайсковым мінулым – ва ўсякім выпадку, з тых, каго яна ведала. Нехта
з былых знаёмых? Ім яе кравецка-швейны бізнес не цікавы, у гэтым трэба хоць
крыху разбірацца. Былыя аднакурснікі? Дык у іх інстытуце ў асноўным дзяўчаты
вучыліся, хлопцаў на пальцах адной рукі можна было пералічыць, і ў прафесіі
застаўся, здаецца, адзін Валодзя.
“Зрэшты, што тут галаву
ламаць? Праз дзве… Не, ужо праз паўтары гадзіны ўсё стане ясна. І добра, што
ўсё так закруцілася, -- на лаўца, кажуць, і звер бяжыць. Пабачым, хто ён такі,
гэты новы ўладальнік яе фірмы, яе дзецішча…. Што ў яго ў галаве і за душой…
Трэба збірацца на рандэву – спазняцца на такую сустрэчу дзелавая жанчына не мае
права,” -- глянула на гадзіннік Таццяна.
Глава 8
Да “Лаванды”, аднаго з лепшых
кафэ ў іх горадзе, якое псавала, як на яе густ, толькі зашмальцаваная назва,
Таццяна падышла за дзве хвіліны да прызначанага незнаёмцам тэрміну. Распрануўшыся
ў гардэробе, разгублена прыпынілася на ўваходзе ў залу: хто з нешматлікіх наведвальнікаў
прызначыў ёй сустрэчу?
І амаль што адразу да яе падскочыў вяртлявы
малады чалавек у фірменным адзенні:
--Прабачце, вы -- Таццяна
Аляксееўна? Вас чакаюць… Дазвольце, я вас правяду…
--Куды? –здзівілася Таццяна.
І, здаецца, упершыню ўсярэдзіне варухнулася нешта падобнае на страх: адкуль яна
ведае, хто гэты незнаёмы чалавек, што прызначыў ёй сустрэчу, што яму трэба ад
яе, куды і чаго яна прыйшла? Па меншай меры было неабдумана ісці адной на такія
вось спатканні, нічога папярэдне не высветліўшы, не сабраўшы хоць нейкую
інфармацыю, з невядомым чалавекам, якому раптам спатрэбілася яе фірма.
Напэўна, гэтая занепакоенасць адбілася ў яе на
твары, таму што малады чалавек прыязна ўсміхнуўся і крануў за локаць:
--Вы не хвалюйцеся, усё ў
парадку. У нас у падвальным памяшканні ёсць спецыяльны зал для VIP-персон, дзе сур’ёзныя людзі могуць праводзіць дзелавыя
перамовы, не баючыся чужых вушэй і вачэй. Там вас і чакае ваш візаві.
“Зрэшты, якая ўжо розніца – у
сённяшнім маім стане? Што мне губляць, усё страціўшы?” – супакойвала сама сябе
Таццяна, спускаючыся ў падвал на крутой вінтавой лесвіцы, якую асвятлілі
тоўстыя свечкі, – парафін, што сплываў з іх разамлелых бакоў, утвараў дзівосныя
сталакцітавыя нарасты, нібы ў глыбокай пячоры. “Арыгінальная ідэя аздаблення
інтэр’еру, асабліва падвальнага, -- адзначыла яна між іншым, стараючыся не
думаць пра тое, хто і што чакае яе там, у падвале.
--Вам туды, -- малады чалавек
паказаў рукою ўглыб пустыннай залы, дзе за асветленай мяккім святлом лямпы сталом
віднелася адзінокая постаць мажнага мужчыны, – больш у зале нікога не было, і
шпарка затупацеў абцасамі ўверх па лесвіцы. Таццяне захацелася кінуцца ўслед за
ім, як мага хутчэй пакінуць гэтае ледзь асветленае памяшканне: куды яе
заманілі, што ад яе хочуць?!! Яна стрымала сябе ледзь не сілком: трэба ж урэшце
даведацца, што адбываецца…
Чалавек за столікам узняў галаву:
--Праходзьце, калі ласка,
Таццяна Аляксееўна, я вас чакаю. Не бойцеся, я не кусаюся… І не маю ні
найменшага намеру прычыніць вам нейкую шкоду.
--А чаму вы вырашылі, што я
вас баюся? -- узлавалася сама на сябе Таня: трэба трымаць сябе ў руках. І
адначасова імкнучыся ўспомніць, дзе і калі яна чула гэты прыгожы барытон?
Здаецца, зусім нядаўна…
--Што, ізноў не пазналі? –
насустрач узняўся высокі, крыху паўнаваты сівагаловы мужчына – і Таццяну нібы
токам працяла: перад ёй стаяў Саша, яе першае каханне, Васеў бацька… З якім яна
гаварыла зусім нядаўна, на пахаванні сына. Якому забараніла нават набліжацца да
яе. А ён, ён… У яе перахапіла дыханне ад абурэння. Яму, аказваецца, мала было
таго сораму і болю, якія ён прычыніў ёй у маладосці, -- ён вырашыў зноў вярнуцца
ў яе жыццё. І як вярнуцца! У яго хапіла нахабства адабраць яе справу, пакінуць
яе сям’ю без сродкаў для існавання. Ды яшчэ запрасіць сюды на перамовы, каб убачыць
яе, прыніжаную, зняважаную, каб пацешыцца сваёй перамогай, паздзекавацца,
зрабіць як мага больш балюча. Ах ты, нягоднік!
Ды я табе зараз… Зараз я…
Што яна зробіць зараз свайму
крыўдзіцелю, разгневаная Таццяна прыдумаць не паспела.
--Ну, я бачу, што пазналі, --
усміхнуўся Саша – напэўна, яе пачуцці, як і звычайна, былі красамоўна напісаны
на твары. – Праходзьце, сядайце, калі ласка. Даць мне аплявуху вы яшчэ паспееце
– куды спяшацца? А пагаварыць нам у любым выпадку патрэбна. Вы згодны са мной?
--Не згодна!— плюхнулася
Таццяна ў крэсла – яе проста не трымалі ногі. – Нам няма пра што гаварыць! Калі ты памятаеш, я
забараніла табе нават набліжацца да мяне, не тое, што размовы размаўляць! – ёй
было не да этыкету, не да тактоўнага “выкання” – ёй хацелася ўчапіцца ў твар гэтаму
дагледжанаму нахабніку, які сядзеў насупраць, і выдраць гэтыя некалі любімыя,
так падобныя на Васевы, вочы, што глядзелі на яе з непрыхаванай іроніяй.
Саша ахвотна падтрымаў яе
пераход на “ты”.
--Ну, наколькі я памятаю, мне
было забаронена набліжацца да цябе тады, у самы чорны для нас абодвух дзень. І ты
не хацела мяне бачыць і чуць менавіта ў якасці бацькі твайго сына. А зараз у
нас узнікла іншая тэма для размовы. Думаю, табе ўжо паведамілі, што з нядаўняга
часу я з’яўляюся ўладальнікам фірмы, на якой ты працуеш дырэктарам? Так што пагаварыць
нам ёсць аб чым…
--Я спецыяльна прызначыў
гэтую сустрэчу на нейтральнай тэрыторыі, каб твае эмоцыі ніхто бачыў –
прадбачыў, што яны будуць менавіта такімі, у нечым – некантралюемымі, -- дадаў
ён пасля паўзы.
“Можа, ён лічыць, што я павінна
падзякаваць яму за такую прадбачлівасць і тактоўнасць?! Але ж і нягоднік!” –
Таццяна ледзь стрымлівала гнеў.
--Ну, скажам, дырэктарам фірмы
“Элегант” я працую апошні дзень, магчыма, нават гадзіны, -- каб не крычаць, яна
амаль што шаптала. –Я зараз жа паеду ў офіс і напішу заяву на звальненне. Ці,
можа, зрабіць гэта прама тут? Дык лёгка! І ўсё, тэмы для нашых далейшых размоў будуць вычарпаны. Ва ўсякім разе, на бліжэйшы
час. Але я думаю, мы яшчэ сустрэнемся. Хачу, каб ты ведаў: я збіраюся адсудзіць
у цябе калі не ўсю фірму, то сваю палову – дакладна. Ты не мог не ведаць,
набываючы яе, што мой кампаньён, які яе прадаваў, з’яўляецца не адзіным яе
ўласнікам. І я нават здагадваюся, навошта яна табе спатрэбілася. Так што мы
яшчэ дакладна сустрэнемся! А пакуль -- да пабачэння! – Таццяна ўскочыла і
памкнулася да выхаду.
Саша перахапіў яе, узяў за
руку – мякка, але разам з тым моцна і рашуча.
--Таня, не гарачыся! --
загаварыў ён прымірэнча. --Нам сапраўды трэба пагаварыць. Спакойна, без злосці,
без крыку, без абраз. Без спаборніцтва, хто каго ўкусіць больш балюча. Пра многае, не толькі пра фірму. Пагэтаму я
цябе моцна прашу: удзялі мне гадзіну свайго часу. Выслухай. Можаш нічога не
гаварыць ці гаварыць усё, што захочаш, – але выслухай. Зрэшты, нават падсуднаму,
перш чым вынесці прыгавор, даюць апошняе слова. Няўжо ты больш жорсткая, чым
суддзі і пракуроры?
Здаецца, ён нешта зачапіў у
яе душы. Таццяна павольна, нібы вагаючыся, села ў крэсла. Скептычна падперла
шчаку рукою:
--Ну добра. Хай будзе гадзіна…
Дык што ты хацеў мне сказаць? Я згодна выслухаць усё…
Адразу ж, нібы па сігналу,
аднекуль узнік той самы вяртлявы хлопец: разаслаў абрус, паставіў прыборы,
прынёс бутэльку дарагога віна і два бакалы, фрукты, запаліў свечкі.
--Ты прабач -- я ўзяў на сябе
смеласць зрабіць заказ, -- нібы апраўдваючыся, прамовіў Саша. – Густаў тваіх
сённяшніх, праўда, не ведаю, таму выбіраў па свайму.
--Гэта лішняе, -- махнула
рукой Таццяна. –Алкаголь я зараз не ўжываю, есці не хачу. Зрэшты, калі табе так
хочацца, можаш заказаць каву. І бутэльку негазаванай вады, калі ласка.
Пакуль афіцыянт прыносіў яе
заказ, яны маўчалі. Таццяна спадцішка
разглядвала Сашу. Сівізны для яго гадоў мнагавата – зрэшты, гэта яму да твару.
І чаму гэта Наташка вырашыла, што ён – з ваенных? Паўнаваты ён для вайскоўца,
нават былога. Хоць, магчыма, яна і мае рацыю: нешта такое ёсць -- у паставе, у
рухах… Але ж вучыўся ён у радыётэхнічным... “Зрэшты, якая табе розніца, колькі
сівізны ў яго валасах і кім ён быў усе гэтыя гады? -- зноў зазлавалася яна сама
на сябе. -- Ваенны, сівы, тоўсты – табе якая справа?”
Саша ўзяў бутэльку – Таццяна
рашуча адставіла свой бакал, гнеўна бліснуўшы вачамі: я ж папярэджвала! Тады ён
наліў сабе і асушыў бакал амаль што залпам.
--Ну вось, запрасіў на
размову, можна сказаць, падманам заманіў, столькі хацеў сказаць -- а зараз не
ведаю, што сказаць, з чаго пачаць,-- прамармытаў нібы сам сабе.
--Мне неяк усё роўна, з чаго
ты пачнеш і чым закончыш, --цепанула плечуком Таццяна і наліла сабе ў шклянку
вады. --Толькі, калі можна, пачынай ужо – хоць з чаго… У мяне мала часу, я спяшаюся…
--Ды нікуды ты не спяшаешся, --
сумна ўсміхнуўся Саша. --Няма табе куды спяшацца, я ж ведаю. Я цяпер усё пра
цябе ведаю…
--Бач ты, які дасведчаны! – яна
саркастычна хмыкнула. – Чаму ж раней такім не быў? Нават аб тым, што ў цябе сын
расце, не ведаў…
--Ну вось з гэтага давай і
пачнём, -- рашуча ўзняў на яе вочы Саша. --З той нашай вясны…
--Не з нашай – з тваёй вясны,
-- паправіла яго Таццяна. – У мяне тая вясна была ўжо без цябе…
--Ну добра, хай будзе -- з маёй…
-- уздыхнуў Саша і яшчэ наліў віна. – Толькі, калі ласка, не перабівай мяне.
Потым скажаш усё, што захочаш…
Яна хацела зноў сказаць нешта
з’едлівае, але стрымалася: добра, хай гаворыць, што хоча, яна знойдзе ў сабе
сілы памаўчаць. Урэшце ж некалі, хоць больш як праз дваццаць гадоў, трэба
даведацца, што тады здарылася. Хоць бы дзеля цікаўнасці…
--Тады, як вярнуўся ва
ўніверсітэт пасля тых нашых з табой зімовых канікулаў… Я як на крылах лятаў. Усе
заўважылі, што са мной нешта здарылася, сталі дапытвацца, што ды як. Ну я і
расказаў сябрам, што каханая мяне чакае -- самая лепшая ў свеце дзяўчына. І
летам, як толькі абараню дыплом, мы пажэнімся. Сталі яны з мяне пацвельваць –
па-добраму, па-сяброўску: “жанацік”, і ўсё такое… А як даведаліся, што вяселля, як такога, не
будзе і пагуляць ім не давядзецца – няма каму ладзіць для нас пышныя святы,
сталі прыставаць: давай, маўляў, хоць хлапечнік зробім, выправім цябе ў
дарослае жыццё, як належыць. Ну хлапечнік дык хлапечнік, што ж тут дрэннага? --
падумалася тады. Каб ведаць, чым гэта скончыцца…
-- Забурыліся на дачу да
аднаго з нашых, мясцовых. Нешта пілі, песні ля вогнішча спявалі, ноччу купацца
на возера хадзілі. Словам, весяліліся па поўнай.
Саша зрабіў паўзу, яшчэ адпіў
віна.
--Заканчэння вечарынкі я ўжо
не памятаў. Калі і як дзяўчаты на нашым хлапечніку з’явіліся – таксама. Ранкам
прачынаюся – побач у ложку дзяўчына голая ляжыць, дачка рэктара, вучылася ў
нашай групе, -- вінавата апусціў галаву Саша.
Таццяна прыслухалася да сябе:
што робіцца там, у душы? Недзе глыбока, на самым донцы, варухнуўся слабы адгалосак
таго колішняга невыноснага болю, з-за якога яна не хацела жыць… А зараз – нібы
котка лёгенька драпнула. “Вось ужо і сапраўды – час усё лечыць”, – уздыхнула
неўпрыкмет.
Ды Саша, здаецца, за ёй не
назіраў – ціха, манатонна гаварыў, бы сам пра сябе, не зважаючы, слухаюць яго
ці не, мо ўпершыню спрабуючы ўголас прамовіць
тое, што ўсе гэтыя гады ляжала на душы важкім каменем:
–Яна і раней да мяне заляцалася, з першага
курса. Не ведаю, чым такім я яе зачапіў, – звычайны вясковы хлопец, за ёй не
такія ўвіваліся. А яна па мне сохла, праходу не давала. Ды я рабіў выгляд, што
не разумею яе празрыстых намёкаў. Канешне, трэба было адразу шчыра з ёй
пагаварыць, растлумачыць, што паміж намі нічога не можа быць, што кахаю іншую,
але не хацелася крыўдзіць дзяўчыну. А тут… Мусіць, яна даведалася, што я
збіраюся жаніцца. Ну і вырашыла пайсці ў рашучае наступленне. На гэты раз
абышлося без намёкаў. Тым ранкам дзяўчынка прамым тэкстам і даволі рашуча
заявіла: “Альбо ты на мне жэнішся, альбо я падаю ў міліцыю заяву аб тым, што ты
мяне сёння ноччу згвалтаваў. А каб весялей баланда хлябалася, яшчэ і сяброў
тваіх у кампанію гвалтаўнікоў запішу, за “групавуху” больш дадуць. Адмазвайцеся
потым, калі зможаце. Нават калі ад турмы неяк адкруцішся, што наўрад ці, то з
універсітэта вылеціш, як корак з бутэлькі, -- гучна і далёка.”
--Такая вось у мяне ўзнікла
перспектыва: напярэдадні дзяржаўных экзаменаў, адвучыўшыся пяць гадоў, застацца
без дыплома, без прафесіі і без будучыні. І гэта ў лепшым выпадку, а ў горшым –
трапіць за краты…
--Бедны, бедны маленькі дурненькі
хлопчык, -- не вытрымала, здзекліва ўсміхнулася Таццяна. – У ложак яго сілком
зацягнулі, у загс пад прымусам завялі…
--Ты ж абяцала памаўчаць, --
узняў вочы Саша і паглядзеў на яе з такім невыказным болем, што Таццяна
асеклася. – Хоць пра дурненькага – гэта
праўда. Блефавала Віялета, мэты сваёй дамагаючыся, -- не было ў тую ноч паміж
намі нічога. У яе ўвогуле нікога да мяне не было, строіла толькі з сябе… Гэта
ўжо потым, пасля вяселля высветлілася. Але было ўжо позна.
Бутэлька віна неўпрыкмет
апусцела. Саша заказаў яшчэ адну, зноў наліў бакал. Пасля паўзы прадоўжыў:
--Пасля абароны дыплома цесць
прапаноўваў мне ў нашым універсітэце застацца, выкладчыкам. Ды мне так агідна
гэта ўсё было. А найперш я сам сабе быў агідны… Хацелася цябе ўбачыць хоць на
хвілінку, усё растлумачыць. Але што сказаць? Што я слабак, нягоднік, баязлівец,
здрадзіў свайму каханню, дзяўчыне, якую любіў больш за ўсіх у свеце? Навошта?
Каб ты плюнула мне ў твар? Ці пашкадавала? Але лепш бы ўжо плюнула… Неяк
сустрэў школьнага сябра, той на Сахаліне служыў. Нам, кажа, радыёэлекроншчыкі
патрабуюцца, ніхто ў такую глухамань ехаць не хоча. А для мяне – сама тое:
падалей ад людзей, ад цябе, ад сябе… Ну я і напісаў рапарт. Віялеце, гэта,
канешне, не спадабалася – ды хто яе пытаў? Сталі мы матацца па гарнізонах…
Людзі стараліся, каб куды бліжэй да горада, ці яшчэ лепш – у сталіцу, а я –
куды падалей. Зразумела, што доўга Віялета такога жыцця не вытрымала, падала на
развод. А я і рады быў. Тым больш, што нішто нас не трымала, дзяцей у нас не было.
Ды і быць не магло: я пасля першай шлюбнай ночы, калі зразумеў, як мяне
падманулі, проста фізічна не мог да яе дакрануцца, мяне трэсла ад агіды і
злосці.… Потым, як разышліся, яна вярнулася да бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла
дзвюх дачок – кажа, што шчаслівая. Ну і слава богу!
--А пра сына, Таня, я праўда
не ведаў, -- узняў нарэшце на яе вочы Саша. -- Ты ж не напісала мне тады нічога.
Я толькі праз некалькі гадоў, як да цёткі прыехаў, даведаўся, што ў цябе дзіця
расце. Але адкуль я мог ведаць, што гэта мой сын? Зайшоў да тваёй маці, спытаўся
твой адрас ці тэлефон – яна не дала. Свой пакінуў на ўсякі выпадак, доўга чакаў
званка, спадзяваўся – ні гуку… Я разумею, што я моцна вінаваты перад табой, але
калі б я ведаў тады…
--То што, пагадзіўся б у
турму сесці? – горка ўсміхнулася Таццяна. -- Ладна, Саша, не будзем пра былое –
яно даўно быллём парасло. Мне ўжо даўно ўсё адбалела. Сёння я табе нават
удзячна…
--За што? – здзіўлена ўскінуў
ён бровы.
--Найперш – за Васю. Цудоўны
ў нас з табой атрымаўся сынок, бачна, што ад вялікага кахання нарадзіўся.
Ведаеш, чаму я яго Васільком назвала? У памяць аб тых валошках, што цвілі ў
жыце, калі ты мне ў каханні прызнаўся… Шкада, што ты яго не ведаў. Але за гэта
табе не мяне – сябе вінаваціць трэба. Я хіба што ў тым вінаватая, што не
зберагла сына, але і ў гэтым ты не маеш права мяне абвінавачваць. Тут я сама
сабе суддзя...
Таццяна зглытнула даўкі
камяк, што падступіў да горла, і прадоўжыла:
--А яшчэ я ўдзячна табе за тое, што навучыў
мяне быць моцнай, спадзявацца ў жыцці толькі на сябе. Без тваёй здрады я наўрад
ці змагла б стаць такой, як стала. Навука, канешне, дарагой аказалася – але
надзвычай карыснай…
--Ты прабач мяне, Таня…-- накрыў
Саша яе руку сваёй і пранізліва паглядзеў у вочы -- запаланіў душу амаль такім
жа, як некалі, толькі крыху палінялым валошкавым святлом.
Яна вызвалілася:
--Не трэба, Саша. Будзем
лічыць, што я цябе даўно прабачыла. Тым больш, што маё прабачэнне ці
непрабачэнне ўжо не мае ніякага значэння: у мяне – сваё жыццё, у цябе – сваё. Ты
лепш скажы, навошта табе спатрэбілася мая фірма? Ты вырашыў адпомсціць мне такім
чынам? Але за што? Які твой інтарэс, у якія гульні ты гуляеш і па чыім сцэнарыі?
– задала яна нарэшце пытанні, якія сёння турбавалі яе найбольш.
--Ну што ж, давай пагаворым
пра фірму, -- Саша зноў наліў сабе віна. – Але лепш пра ўсё па парадку, каб
зразумела было, што з чаго вынікае.
--Я ўжо казаў, што на самой
справе да Васевай смерці не ведаў, што гэта мой сын,-- прадоўжыў Саша свой маналог пасля хвіліннага
маўчання. -- І, ведаеш, пры ўсім маім спачуванні да твайго гора быў вельмі раззлаваны
на цябе. Хто даў табе права пазбаўляць сына бацькі? Так, я нягоднік, але я –
бацька! Калі б ты сказала мне аб гэтым раней, можа б, усё зусім на іншаму павярнулася
– і тваё жыццё, і маё.
--Саша, давай не будзем пачынаць
спачатку. Ты сам павярнуў нашы жыцці ў тыя рэчышчы, па якіх яны затым пацяклі…
--Ты -- таксама! --даволі
рэзка кінуў ён.
Але праз момант узяў сябе ў
рукі:
--Але хай будзе па-твойму –
не варта зараз абвінавачваць адзін аднаго, тым больш, што карысці ад гэтага
ніякай. Дык вось, калі я даведаўся пра Васю, мне стала цікава: як вы жылі ўсе гэтыя
гады? Як ты змагла адна вырасціць такога сына? Адкуль у цябе другое дзіця? Як
ты жывеш зараз? І я стаў збіраць пра цябе інфармацыю – балазе, сябры ў
адпаведных органах маюцца.
--Вось як? – здзівілася
Таццяна. -- І навошта табе спатрэбілася гэтая інфармацыя?
--Я ж кажу: хацелася даведацца
пра цябе як мага больш…
--Ну і што ж ты даведаўся?
--Я ж ужо казаў – практычна
ўсё. Пра мужа твайго, ад якога ты другога сына нарадзіла. Пра фірму. Пра
кампаньёна. Пра сённяшняга твайго… г-мм... кавалера…
--І што гэта табе дало? –
хмыкнула Таццяна.
--Не паверыш – вельмі шмат.
Больш, чым ты можаш сабе ўявіць. У працэсе збору інфармацыі я даведаўся, што
твой кампаньён цудоўна дурыць табе галаву, вядзе за тваёй спіной двайную
гульню, забаўляецца “адкатамі” і клапоціцца найперш пра свой уласны дабрабыт. А
пазней высветлілася, што ён актыўна шукае пакупніка на вашу фірму, не асабліва
трымаючыся цаны: галоўнае для яго было, як я зразумеў, каб грошы паступілі ўсе і
адразу, пажадана наяўнымі, і каб патэнцыяльны кліент не задаваў шмат пытанняў. Няцяжка
было зразумець, што ты, прыгаломшаная сваім горам, аб гэтым нічога не ведаеш. Спрабаваць данесці
гэтую інфармацыю да цябе было дарэмна – ты б не паверыла мне, нават калі я б сказаў,
што неба сіняе, а трава – зялёная. Ды што там -- ты б увогуле не стала мяне
слухаць.
--Што праўда, то праўда, --
пагадзілася Таццяна, успомніўшы свой нядаўні стан..
--Тады я вырашыў, што няма
іншага выйсця, як купіць тваю фірму – пакуль яе не перахапіў хто іншы, – твой
кампаньён, як я ўжо казаў, за цаной не стаяў, таму ахвотнікі, думаю, знайшліся
б.
--Цікава, адкуль у былых ваенных
такія грошы? – недаверліва глянула на яго Таццяна.
--Прабач, але гэта мая
асабістая справа, -- цвёрда адказаў Саша. -- Скажу толькі, што тыя падазрэнні,
што зараз свецяцца ў тваіх вачах, не маюць пад сабой ніякай падставы. Я не
крымінальны аўтарытэт і свае грошы зарабіў сумленна. У свой час, падчас службы,
мне нядрэнна плацілі – скажу без пахвальбы і без залішняй сціпласці, што
спецыяліст я ў сваёй галіне класны, такіх -- два-тры на ўвесь былы Саюз. А
траціць грошы, як я ўжо казаў, не было на каго… Каб пра сына ведаў, хоць бы яму
дапамагаў, а так…
--Ды хто б прыняў тваю
дапамогу, -- буркнула Таццяна. -- Без цябе справіліся…
Саша, здаецца, не звярнуў на
яе рэпліку ніякай увагі, працягваў:
--Пасля, як усё пачало
бурыцца, на шчасце, правільна зразумеў, куды трэба ўлажыць тыя не вельмі вялікія
зберажэнні, што меў, – зараз яны на мяне паціху працуюць. Ну і сам не сяджу
склаўшы рукі. Дзякуй богу, пакуль запатрабаваны і рукі мае, і галава. Так што
чалавек я, Таня, не бедны і купіць такую фірму, як твая, здолеў бы, нават не
ўлазячы ў даўгі. Хаця, калі б спатрэбілася, пайшоў бы і на гэта.
--Радая за цябе, – хмыкнула
Таццяна. – Але аднаго ніяк уцяміць не магу: навошта? На халеру табе,
радыёэлектроншчыку, ды яшчэ, як ты кажаш, класнаму, спатрэбілася швейная вытворчасць?
У сваёй справе ты, можа, і спецыяліст, але ў шавецка-кравецкай, падазраю, --
поўны прафан.
--Затое ты ў ёй, як я
даведаўся, – профі.
--І што? Спадзяешся, раз ты купіў
з вантробамі ўсё, што я стварала па нітачцы, па кропельцы, то зможаш наняць
мяне да сябе ў парабчанкі? Каб я працавала на цябе і прымнажала твае капіталы –
у знак нашага агульнага мінулага? Выбачай, але мушу расчараваць: не атрымаецца…
Мне, вядома, вельмі дарагая мая справа -- але ўсё ж не даражэй, чым уласны гонар.
Ты ж павінен памятаць: мы, Хутаранскія, хоць бедныя, але ганаровыя…
--Як жа, памятаю, -- міжволі засмяяўся
Саша, узгадаўшы іх вясковую мянушку. – Але ў парабчанкі наймаць цябе не
збіраюся. У мяне іншая прапанова… Дакладней, нават дзве – узаемна выключаючыя адна
другую…
--Вось як? -- заінтрыгаваная
Таццяна паглядзела на яго з цікаўнасцю. -- І што ж гэта за прапановы?
Саша пакруціў у руках пусты
бакал, нібы разважаючы, гаварыць ёй зараз усё, што хочацца сказаць, ці не? Але,
мусіць, вырашыў, што іншай нагоды для такой шчырай размовы можа і не быць, і
пачаў рашуча:
--Пачну з першай прапановы.
Толькі спачатку дазволь задаць табе адно пытанне… Можа, не зусім тактоўнае, але
вельмі важнае для мяне. Скажы, калі ласка, наколькі ў цябе сур’ёзныя адносіны з
гэтым… Як яго… Юрыем Кашаваравым…
--А табе што за справа да
маіх адносін з кім бы то ні было? – зноў нашашэрылася Таццяна: з’явіўся тут
невядома хто, невядома адкуль – і будзе ёй допыт учыняць, з кім ды што?!!
Саша памаўчаў…
--Разумею, што недарэчна ўсё гэта
– не той час, не тыя абставіны… Але па- іншаму, відаць, не выйдзе – трэба ўсё
сказаць сёння і зараз… А то заўтра цябе, магчыма, ужо не выцягнеш на размову.
Дык вось, Таццяна, я цалкам сур’ёзна хачу зрабіць табе прапанову, як гэта прынята
гаварыць, рукі і сэрца. Калі прасцей, то прашу: выходзь за мяне замуж. Мы
пазнаёміліся не ўчора, у нашым жыцці было многа рознага – і шчаслівых хвілін, і
горкіх, і непаразуменняў, і страт. Але мы яшчэ, дзякаваць богу, у тым узросце,
што можам выправіць усе памылкі і ўсе пачаць спачатку.
Таня глядзела на яго ва ўсе
вочы. Можа, ёй гэта сніцца? Гэта сапраўды той Саша, яе самае першае і самае
балючае каханне, з’явіўся, як прывід, з яе мінулага жыцця, і прапануе ёй стаць
яго жонкай? Зараз, калі ўжо няма іх Васілька, калі ў яе за плячыма друз
пражытага і перажытага… Слёзы міжволі пацяклі з вачэй… Ён працягнуў руку, каб
абняць яе, але Таццяна адсунулася.
--Не, Саша, -- усміхнулася
яна скрозь слёзы. – Занадта позна. Немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку.
Таго блакітнавокага юнака, якога я некалі кахала, даўно няма… І той наіўнай
закаханай дзяўчынкі, што цалавалася з табой у жыце, -- таксама. Я зараз –
іншая, ты нават не ўяўляеш, наколькі. Думаю, што і ты – таксама. І не варта
варушыць попел – былому агню ўжо не разгарэцца.
--Значыць, ты яго ўсё-ткі
любіш…--прамармытаў Саша. – Ну што ж… Я падазраваў, што ты адкажаш менавіта
так. Але я павінен быў спытаць – так, на ўсякі выпадак. Каб пасля не прыдумляць
таго, што магло б быць, калі б… Хопіць ужо з нас з табой недамоўленасці і
неразумення.
--У такім разе – другая
прапанова, -- сказаў ён ужо зусім іншым голасам, спакойным і дзелавітым. –Нават
не прапанова – маё рашэнне, даўно абдуманае і прынятае. Я перапісваю на цябе
фірму. Ты становішся яе адзіным і паўнапраўным уласнікам. Ну, а тое, заставацца
табе пры тым яе дырэктарам ці наняць каго іншага, як закручваць амаль што
разваленую тваім кампаньёнам вытворчасць – гэта ўжо твае асабістыя справы, ты з
імі лепей разбярэшся. Для таго, каб выйсці з той тупіковай сітуацыі, у якой, я
ведаю, прадпрыемства апынулася пасля “дальнабачнага” кіраўніцтва твайго кампаньёна,
я інвестую ў яго развіццё пэўную суму – на першы час хопіць.
--Саша, я разумею: ты
жартуеш, -- засмяялася Таццяна. –Лічы, што я ацаніла тваё пачуццё гумару…
--Перадачу фірмы аформім заўтра
ж, -- працягваў ён, нібы і не чуў яе смеху, і Таццяна пачала здагадвацца, што
гэта – усур’ёз. І гэта яе ўзлавала: ён на самой справе лічыць, што можа
распараджацца яе жыццём? Ці не зашмат ён пра сябе думае?
--Шаноўны ўладальнік заводаў,
газет, параходаў! – пачала яна амаль афіцыйна, але з дрэнна схаваным здзекам і
гневам. -- Я не ведаю і ведаць не хачу, адкуль у вас такія грошы, – Таццяна
зноў перайшла на “вы”, і гэта сведчыла пра крайнюю ступень яе раздражнення і
гневу. –Але павінна вам сказаць, што ў падачках з барскага стала не маю
патрэбы. Я таксама не самы горшы спецыяліст у сваёй галіне і змагу пракарміць
сябе і сваіх дзяцей. Так што, як кажуць, дзякуй за ўвагу…--Таццяна паднялася з-за
стала, ледзь стрымліваючыся, каб не заляпіць яму аплявуху.
--Таня, я не хацеў цябе пакрыўдзіць,
--прымірэнча прамовіў Саша. -- Вось ужо і сапраўды – ганарыстая Хутаранка, --паспрабаваў
ён перавесці ўсё ў жарт і крануў яе за руку, прапаноўваючы сесці і прадоўжыць
размову.
Але Таццяна вырвала руку,
гнеўна бліскаючы вачыма. Тады падняўся з-за стала і ён.
--Так, шаноўная пані
дырэктар, як я разумею, размова наша скончылася. Але на развітанне ўсё ж
нагадаю, што я, як уласнік прадпрыемства, маю поўнае і аднаасобнае права
распараджацца сваёй уласнасцю. Так што заўтра фірма “Элегант” будзе перапісана
на ваша імя. А што рабіць з ёй далей – ваша асабістая справа. Можаце перапрадаць
некаму, як зрабіў ваш кампаньён – абяцаю, што я яе больш набываць не буду.
Можаце і надалей шыць сукенкі ды спадніцы на радасць айчынным ды еўрапейскім
модніцам. Можаце нічога не рабіць і чакаць, пакуль яна абанкруціцца, – да гэтага
засталося зусім не шмат. Мне ўсё роўна…
Таццяна яго не слухала – яна
павярнулася, каб хутчэй пайсці адсюль.
Ён ціха прамовіў ёй услед:
--Лічы, што гэта – маральная
і матэрыяльная кампенсацыя за маю віну перад табой. І перад сынам… Разумею, што
гэта не верне таго, што я не дадаў вам у жыцці, – але хоць так…
Глава 9
Выскачыўшы з кафэ, Таццяна зразумела,
што паехаць у офіс, як збіралася, яна ў
такім стане не можа: заўсёды ўпэўнены ў сабе дырэктар на гэты раз проста
не ведала, што гаварыць людзям, якія з нецярплівасцю чакалі ад яе вестак аб
будучым іх прадпрыемства. Яна і сабе не магла адказаць на тыя пытанні, якімі,
разумела, засыплюць пры сустрэчы яе супрацоўнікі: хто зараз з’яўляецца
ўласнікам іх фірмы, ці застаецца яна дырэктарам, ці будзе ў людзей праца і
заробак, чым яны стануць займацца ў бліжэйшы час? Каб жа ёй хто пра гэта
расказаў…
Яна злавіла таксоўку і
назвала хатні адрас – больш за ўсё зараз ёй хацелася застацца адной, прывесці ў
парадак думкі і пачуцці, усвядоміць, што адбылося і вырашыць, што рабіць далей.
Найбольшым жаданнем было
вярнуцца назад і плюнуць у твар гэтаму дабрадзею, адмовіцца да яго шчодрага
падарунка. А затым? Затым можна ўладкавацца куды-небудзь на працу -- тэхнолагам
ці загадчыкам вытворчасці, яна б лёгка справілася з гэтымі абавязкамі і жыла б,
і дзяцей сваіх гадавала, і маму б дагледзела – жывуць жа людзі і пры меншых даходах.
І яна некалі жыла, і дзяцей падымала, калі нават не мела за што ім купіць
лішнюю цукерку. І зараз не прападзе….
Калі б гэта было іншае прадпрыемства -- яна б
абавязкова так і зрабіла… Калі б гэта была не яе фірма, для якой яна выбірала
першую швейную машынку, прыдумвала назву, тыднямі блукала па чыноўніцкіх кабінетах,
дамагаючыся адкрыцця, каб не радавалася, як дзіця, іх першаму паўпадвальнаму
памяшканню, у якім сама кроіла сукенкі і касцюмы. Гэта яшчэ адно яе дзіця, яна
стварала гэтую фірму з нуля – яны з Валодзем стваралі…
Але ж гэта не перашкодзіла яму кінуць усё: яе,
людзей, справу, прадпрыемства – і кінуць
ва ўсіх сэнсах гэтага слова, забраўшы ўсё да капейкі, пакінуўшы іх без сродкаў
для існавання. Чаму ж яна не можа так зрабіць – думаць толькі пра сябе? Прычым
не ўкрасці грошы ў сваіх паплечнікаў, як зрабіў гэта яе былы кампаньён, не падмануць
людзей, а проста адысці ў бок, зрабіць выгляд, што ёй няма да гэтага ніякай
справы… І не прападзе тая Міхайлаўна, знойдзе ўрэшце нейкую працу… І балбатлівая
Наташка -- таксама… І швачкі – канкурэнты з рукамі адарвуць такіх прафесіяналаў.
Але ж не звальняліся жанчыны, спадзяваліся на нешта… Ды што там “на нешта” – найперш
на яе, дырэктара. Яны трывалі, шчыра спачувалі яе гору, не маглі кінуць свайго
кіраўніка ў такую хвіліну…
А яна, выходзіць, можа кінуць
іх усіх? Пакінуць іх сем’і без сродкаў для існавання, адабраць у тых, хто
некалі паверыў ёй, працаваў амаль што бясплатна, за надзею, што неўзабаве ўсё
наладзіцца, самае дарагое -- веру ў чалавечую прыстойнасць, у людзей? З-за таго, што гонар не дазваляе ёй прыняць падачку
ў чалавека, які некалі прычыніў ёй столькі болю?
А чаму, зрэшты, падачку? І
чаму – не можа? Што там Саша гаварыў ёй услед, калі яна, з усіх сіл стараючыся
не расплакацца перад ім, шыбавала ды выхаду? Што гэта – кампенсацыя за тое
гора, што ён ім прычыніў? Ну вось і трэба ўспрымаць гэта менавіта як кампенсацыю.
Хай будзе так…
Ад разваг яе адарваў тэлефонны
званок. Таццяна спалохана здрыганулася – яна ўжо баялася тэлефонаў, яны апошнім
часам прыносілі ёй толькі дрэнныя весткі. Але праз момант усміхнулася: мелодыя
мабільніка паведамляла, што тэлефанаваў Юра. Яго званка яна чакала найбольш, ён
быў патрэбен ёй, як ніколі! Гэты званок быў першым з таго часу, калі ён спехам,
не пагаварыўшы з ёю толкам, паехаў у суседні
горад. Але Таня разумела, што ў яго цяпер таксама не самы лепшы час, і
не крыўдавала. Зараз яна ўзрадавалася: ну вось, нарэшце… Юра – ён такі разумны,
дальнабачны, памяркоўны, і ён яе разумее, як ніхто. Ён абавязкова дапаможа ва
ўсім разабрацца, растлумачыць, параіць, што рабіць, як сябе паводзіць у гэтай
сітуацыі…
Голас у Юры быў стомлены і
нейкі чужы – яна не рашылася адразу ж, як хацела, выплюхваць на яго свае
пытанні і праблемы.
--Ну як ты там? Што новага?–
спытала найперш.
--Дрэнна ўсё…-- уздыхнуў ён.
– Горш, чым я мог сабе ўявіць…
--Госпадзі, што яшчэ здарылася?
--Зоя памерла сёння ранкам.
Пахаванне заўтра…
--Божа, -- толькі змагла
вымавіць яна, спрабуючы здагадацца, што адчувае ў гэтую хвіліну ён, яе каханы
чалавек, які некалі любіў тую жанчыну, якой зараз не стала і якая нарадзіла яму
сына...
--А як Вадзім?—спытала праз
хвіліну.
--Вельмі дрэнна… -- уздыхнуў
Юра. -- Увогуле, Таня, мне табе трэба столькі расказаць… Але не зараз, не па
тэлефоне. Я прыеду, праз дзень ці два – і тады аб усім пагаворым.
--Так, пагаворым, -- рэхам
адгукнулася Таццяна, успомніўшы, што яшчэ хвіліну назад яна сама хацела
пагаварыць з Юрам, прасіць яго падтрымкі і парады.
Юра, здаецца, адчуў, што
расказваючы пра свае праблемы, нічога не спытаў пра яе справы.
--А што ў цябе? -- спахапіўся
ён. – Што з фірмай?
--З фірмай?
Таццяна сумелася – столькі ўсяго
адбылося з таго часу, як яны гаварылі апошні раз… З чаго пачаць размову: з
ад’езду Валодзі, з весткі аб сваёй цяжарнасці, з прапановы Сашы? Усё важнае,
усё – галоўнае, і ўсё – не для гэтай завочнай размовы. Ёй трэба бачыць яго
вочы…
--Юра, мне таксама трэба многае
табе расказаць. Але таксама – не па тэлефоне. Прыязджай хутчэй,-- амаль
прашаптала яна. --Мне так цябе не хапае…
--Мне – таксама, – голас у
яго, як падалося Таццяне, быў вінаваты…
Глава 10
Назаўтра офіс сустрэў Таццяну
растрывожаным гулам галасоў. Але, убачыўшы дырэктара, усе замаўкалі і глядзелі
на яе ва ўсе вочы, як на жывы прывід. І ў кожным позірку было нямое пытанне:
што з намі будзе далей?
--Наташа, збяры, калі ласка,
праз трыццаць хвілін у актавай зале ўсіх супрацоўнікаў, --сказала яна,
пераступіўшы парог прыёмнай. -- Цэх, калі там хто ёсць, таксама пакліч. Годзе
ўжо вам плёткі збіраць ды перадаваць. Я сама з усёй шчырасцю адкажу на ўсе вашы
пытанні.
У сваім
кабінеце яна найперш уключыла камп’ютар і адкрыла праграму “кліент-банк” – за надзеяй
і страхам. Учарашнія нулі сёння змяніліся даволі прыстойнай сумай.
“Так, --
прыкінула ў думках Таццяна. --З падаткамі ў гэтым месяцы разлічыцца хопіць. За
электраэнергію заплаціць – таксама. Гэта добра, абыдземся без пені. Зарплату давядзецца
заплаціць мінімальную. Нічога, думаю, людзі пагодзяцца пачакаць, калі да гэтага
часу не разбегліся. Штрафныя санкцыі палякам… Ну, дадуць жа яны нейкі час для
іх выплаты, не заўтра ж давядзецца пералічваць? Вернецца тая партыя, што
адправілі ім, трэба будзе паглядзець, што там нашылі ў маю адсутнасць… Можа, усё
ж можна будзе куды-небудзь усё гэта прыстроіць, хай сабе па сабекошту ці нават
са стратамі – але ж, як кажуць, з паршывай авечкі хоць воўны клок. Але гэта –
заўтра-паслязаўтра, калі вернецца заказ. А сёння найперш трэба знайсці новага
бухгалтара. Пытанне: каго? Ды каб чалавек адразу, без прамаруджвання, уліўся ў
справу – часу на знаёмства і адаптацыю ў нас няма.. Можа, папрасіць Люду
вярнуцца, хоць часова, хоць не на поўны дзень, пакуль яны знойдуць іншага
чалавека? Тым больш, што знайсці некага на замену дэкрэтнага не так і проста. А
Люда -- яна ж з маці жыве, тая, здаецца, ужо на пенсіі, можа, паглядзіць дзіця?
Трэба пагаварыць, Люда -- дзяўчына талковая, прыстойная, можа, і пагодзіцца
выручыць. Ці хоць параіць каго-небудзь… Але самае галоўнае і самае цяжкае – вярнуць
Святлану. Любымі шляхамі, на любых умовах, на любую зарплату, якую папросіць! Такога
мадэльера ў горадзе больш няма – ва ўсякім выпадку, яна не ведае нікога, роўнага
Святлане. І як Валодзя мог адпусціць такога спецыяліста, – зноў успомніла
нядобрым словам ранейшага кампаньёна. -- Калі ўдасца вярнуць Святлану, то мы
вельмі хутка зможам распрацаваць арыгінальныя мадэлі для расіян і славакаў,
запусціць у лінію новыя заказы – і тады нават штрафныя санкцыі палякаў будуць
не страшныя. У любым выпадку, дзякуй табе, Саша, – мо ўпершыню падумала яна пра
сваё першае каханне з цеплынёй і прызнаннем. – Ты прабач – мусіць, я сапраўды
думала аб табе горш, чым ты ёсць на самой справе. Крыўда юначая не дазваляла
думаць інакш. І за сына прабач – мусіць, ты сапраўды меў права звацца яго
бацькам. Я не толькі цябе пазбавіла гэтага права, але і сына – бацькі… Але што
ўжо зараз гаварыць… Не вернеш назад – ні Васю, ні таго, што зроблена. А за
фірму – дзякуй. Вось ужо сапраўды не ведаеш – каму верыць, на каго спадзявацца.
Чалавек, якога я лічыла самым верным і надзейным сябрам, забраў у мяне ўсе. А
той, каго лічыла нягоднікам і здраднікам, дапамог вярнуць, выцягнуць лічы што з
бездані справу майго жыцця, якую я, здавалася, канчаткова страціла. Дзякуй,
Саша,” -- яшчэ раз у думках падзякавала яна чалавеку са свайго мінулага жыцця –
і накіравалася ў актавую залу, дзе ўжо сабраўся ўвесь не вельмі шматлікі
калектыў – ад сакратаркі да прыбіральшчыцы.
Цішыня ў
зале стаяла такая, што было чуваць, як дзынкае на аконнай шыбіне ажыўшай пасля
ўключэння ацяплення муха. Усе глядзелі на дырэктара і чакалі, што яна скажа.
Таццяна
таксама маўчала – даўкі камяк падступіў да горла: тут і цяпер сабраліся людзі,
якія не пакінулі фірму, нават калі бачылі, што яна ідзе на дно…
Першай не
вытрымала Наташка:
--Таццяна Аляксееўна,
дык скажыце нам нарэшце: што з намі будзе?
І ўслед за
ёй жанчыны – а іх у калектыве была пераважная большасць -- загаманілі
наперабой:
--Гэта
праўда, што ў нашай фірмы цяпер іншы гаспадар?
--Нам што,
трэба звальняцца?
--А вы застаяцеся, Таццяна Аляксееўна?
--А хто
купіў нашу фірму?
--Шт о гэта
за чалавек?
--Навошта
яна яму? Што ён тут будзе рабіць?
--Куды падзеўся
Уладзімір Сямёнавіч? Гэта ён прадаў наша прадпрыемства?
Таццяна
ўрэшце пракаўтнула камяк, што не дазваляў прамовіць ні слова, і ўсміхнулася.
--Ну, не
ўсё адразу… Давайце па парадку. Найперш я хачу падзякаваць вам усім за тое, што
не здрадзілі свайму прадпрыемству, не ўцяклі з тонучага карабля, як зрабіў гэта
ваш ранейшы кіраўнік. Зрэшты, ён не проста ўцёк, а зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб патапіць
наш агульны карабель. Але хачу вас супакоіць: чуткі пра смерць фірмы “Элегант”
моцна перабольшаны. Так, яна зараз знаходзіцца не ў самым лепшым становішчы,
былі ў нас і больш спрыяльныя часы. Але былі і больш складаныя, так што, думаю,
перажывем і гэта.
На тварах жанчын
з’явіліся асцярожныя ўсмешкі: можа, і сапраўды ўсё не так дрэнна?
--Але ўсё ж
хацелася б ведаць, што адбываецца на самой справе, -- паспрабавала дайсці да
сутнасці Тамара, галоўны эканаміст прадпрыемства, якая ва ўсім і заўсёды любіла
дакладнасць.
--Не буду
хаваць ад вас: становішча на нашым прадпрыемстве і сапраўды складанае. Уладзімір
Сямёнавіч за маёй спіной прадаў нашу фірму. На шчасце, гэты яго ўчынак не меў
фатальных вынікаў. Не стану ўдавацца ў падрабязнасці, што і як адбывалася
потым, але зараз я з’яўляюся аднаасобным уладальнікам фірмы. І па сумяшчальніцтву
– яе дырэктарам.
Па зале прашапацеў уздых аблягчэння…
--А што
будзе з польскім заказам? Мы ж аправілі туды яўны брак, -- падала голас
асцярожная Міхайлаўна.
--І што
зараз з зарплатай? Нам тры месяцы не плацілі за перапрацоўку, -- падала голас
нехта з маладых швачак.
--Я ж кажу:
становішча ў нас зараз складанае, -- развяла рукамі Таццяна. -- Палякі вяртаюць
забракаваную партыю прадукцыі і да таго ж выстаўляюць штрафныя санкцыі. Так што
ў бліжэйшы час заплаціць вам даўгі па зарплаце мы наўрад ці зможам. І ўвогуле –
з фінансамі цяпер туга, так што давядзецца патрываць некалькі месяцаў, пакуль
увойдзем у нармальны графік работы і даходаў. І для гэтага ўсім давядзецца
даволі напружана папрацаваць. Пакуль – за невялікія грошы. Тым, хто захоча, вядома.
Я вам шчыра намалявала нашу няпростую сітуацыю. Калі хто захоча звольніцца,
трымаць не буду -- гэта ваша справа. Тым, хто паверыць мне, як верыў і раней, я
абяцаю, што ў бліжэйшыя тры-чатыры месяцы, максімум – паўгода мы вернемся на
ранейшы ўзровень вытворчасці, і я пастараюся кампенсаваць вам усе панесеныя страты.
Такі вось расклад на сённяшні дзень. Так што заставацца ці звальняцца -- кожны павінен прыняць рашэнне самастойна.
Яна пакінула
залу, зайшла ў свой кабінет. Уселася за стол, разгарнула нейкую папку – а сама са
страхам прыслухоўвалася да таго, што робіцца ў прыёмнай: раптам зараз туды пойдуць
усе скопам пісаць заявы на звальненне? Што яна тады будзе рабіць – пры мінімуме
грошай і максімуме праблем, ды яшчэ без спецыялістаў?
У прыёмнай
і сапраўды пачулася нейкая валтузня, нехта хліпаў – яна не выходзіла. А потым
усё сціхла. Неўзабаве рыпнулі дзверы, і на парозе з’явілася заплаканая Наташка:
--Таццяна
Аляксееўна, вам кавы зрабіць?
--Так, калі
ласка. Хаця не – лепш гарбаты. Зялёнай, без цукру. І, калі можна, з малаком…
--Вы густы
памянялі? – здзівілася сакратарка.
--Так,
давялося, -- усміхнулася Таццяна, успомніўшы прычыну змены сваіх звычак. – А ты
чаму такая сплаканая? Пакрыўдзіў хто?
--Так, --
уздыхнула Наташка. – Коля, вадзіцель. І Насця, наша маладая швачка. Вы яе не ведаеце,
яна прыйшла, калі вы хварэлі. Яны заявы на звальненне напісалі. Сказалі, што няма
тут больш чаго лавіць, таму трэба “рабіць
ногі”.
--Ну дык і
чаму ты расплакалася? Кожны ж шукае, дзе лепш.
--А я лічу,
што гэта – здрада! Ну хай сабе Насця, яна з вамі не працавала, не ведае нічога,
зеляпуха! А Коля?! Хто яго на работу прымаў? Хто дапамагаў, калі жонка хварэла,
калі маці памерла? А ён зараз, калі ў вас бяда, хутчэй у кусты, як той заяц…
Мужчына называецца!
--Ну, дарэмна
ты так, Наташка, -- пастаралася ўсміхнуцца Таццяна. – Колю ж таксама трэба
сям’ю ўтрымліваць, дзяцей вучыць…
--І Міхайлаўне
трэба! І Тамары! Яна ўвогуле адна з дзецьмі важдаецца – і не кінулася лепшага
месца шукаць. А гэты… Здраднік!
--Наташа,
ніколі не раскідвайся такімі словамі! – строга сказала Таццяна. – Ты ж не
ведаеш усёй сітуацыі, не ведаеш, чаму чалавек так паступае. Ён не зрабіў нічога
дрэннага, гэта яго права – працаваць там, дзе яму лепш. І ваша, дарэчы, таксама – ва ўсіх сем’і…
--Ды як вы
можаце, Таццяна Аляксееўна? – пакрыўджана надзьмулася Наташка. -- Мы з вамі столькі
перажылі разам. Ды з вамі – хоць у бездань!
--Добра-добра,
-- засмяялася дырэктар – ёй было прыемна чуць такія словы ад не вельмі далёкай,
але, безумоўна, шчырай сакратаркі. – Але ў бездань не трэба, выкараскаемся,
горшае бачылі. А вось гарбаты зрабі, калі ласка… І, калі можна, знайдзі мне
тэлефон Святланы, нашага былога мадэльера. І Люды, бухгалтаркі…
Таццяна
моцна спадзявалася на Люду – думала, што тая пагодзіцца выручыць фірму ў цяжкі
момант. Але Люда, ледзь не плачучы, адмовіла. Не можа яна выйсці на працу:
дзіця яшчэ зусім малое, грудзьмі корміць. А мама хварэе, яе самую трэба
даглядаць, а не немаўля на яе пакідаць… Муж увесь час у камандзіроўках, ён
увогуле ў гэтым сэнсе – не памочнік. Таццяна ўсё разумела – але расстроілася:
цяжка ім будзе без акуратнай і дакладнай Люды, ды яшчэ з улікам сённяшняга развалу
ў бухгалтэрыі…
Праўда,
Люда падказала магчымае выйсце: параіла звярнуцца з прапановай замяніць яе на
час дэкрэтнага адпачынку да сваёй свякроўкі – тая пару месяцаў назад пайшла на
пенсію, а да гэтага таксама працавала галоўным бухгалтарам, хоць і ў іншай
сферы – у будаўніцтве. Але Люда абяцала дапамагчы новаму бухгалтару, кім бы ён
ні быў, увайсці ў курс спраў, кансультаваць на меры неабходнасці.
“Ну што ж,
не самы горшы варыянт з магчымых, -- думала пра сябе Таццяна, падсумоўваючы
вечарам вынікі гэтага цяжкага, у многім пераломнага дня. – Трэба на самой
справе запрасіць на работу гэтую Людзіну родзічку. Калі пагодзіцца, гэта будзе
няблага ва ўсіх адносінах: і Люда ёй па-свойску падможа, падкажа, калі
ўзнікнуць нейкія пытанні, і часовасць працы для пенсіянеркі не стане такой
вострай праблемай, як для каго з маладых. А вопыт у бухгалтарскай справе мае
яшчэ большае значэнне, чым адукацыя. Папрацавалі мы ўжо з адной разумніцай з
дзвюма вышэйшымі адукацыямі…”
Затое
размова са Святланай прайшла нават лепш, чым разлічвала Таццяна. Дзяўчына,
пачуўшы яе голас у трубцы, не хавала сваёй радасці: распытвала пра здароўе, пра
справы фірмы. А пачуўшы прапанову вярнуцца, пагадзілася амаль без разваг –
удакладніла толькі, ці праўда, што Уладзімір Сямёнавіч больш на фірме не працуе?
Сказала, што на новым месцы яна не атрымлівае ніякага задавальнення ад сваёй
работы: суцэльная шэрая руціна. Гаспадары эканомяць літаральна на ўсім, мадэлі
прымушаюць ствараць просценькія, без усялякага палёту фантазіі – з такімі і
студэнтка-першакурсніца справіцца. Тканіну купляюць самую танную, фурнітуры –
самы неабходны мінімум: ні даць, ні ўзяць – спецадзенне шыюць. Да таго ж у
калектыве там пануюць заўсёдныя звады, сваркі, плёткі – цяжка ёй там, сумна...
І нават прыстойная зарплата, якую ёй плацяць, не кампенсуе маральных страт.
Святлана паабяцала заўтра ж зайсці, каб усё
абмеркаваць, і, калі яны аб усім дамовяцца, то літаральна з наступнага тыдня
прыступіць да работы: вельмі ж сумуе па тых мадэлях, якія пачала ствараць для
славакаў і расіян, але не паспела закончыць:
--Не паверыце – яны мне па начах сняцца, --
прызналася дзяўчына Таццяне.
На новым
месцы яе, эканомячы на падатках, афіцыйна не афармлялі, зарплату плацілі “ў
канверце” – і дзяўчына зусім справядліва лічыла сябе вольнай ад якіх бы то ні
было абавязацельстваў перад новымі працадаўцамі.
“А заўтра,
у крайнім выпадку паслязаўтра прыедзе Юра – і ўсё стане на свае рэйкі. Мы ўсё
абмяркуем, вырашым – і будзем разам працаваць. Разам – гэта не адной…”-- думала
Таня, уладкоўваючыся пад цёплай коўдрай з адным жаданнем: заснуць як мага хутчэй
– каб, калі яна расплюшчыць вочы, было ўжо заўтра…
Глава 11
Але
назаўтра Юра не з’явіўся. І не пазваніў… Гэта яе ўсур’ёз непакоіла, Таццяна з
кожным днём усё больш хвалявалася: што там у яго яшчэ здарылася? Але сама
тэлефанаваць баялася – ці мала чым ён там заняты, яе званок можа быць не ў час,
недарэчы…
Толькі на
наступны дзень вечарам ён пераступіў парог кватэры. Адчыніў дзверы сваім
ключом, і калі яна, пачуўшы стук дзвярэй, з радасным трапятаннем сэрца выскачыла
ў калідор, не распранаючыся, не разуваючыся, абняў яе. Некалькі хвілін – ёй
падалося, што цэлую вечнасць, – стаяў, уткнуўшыся носам у яе макаўку і
сціснуўшы ў абдымках так, што яна не магла нават варухнуцца.
Юра маўчаў --
і яна маўчала, з першага погляду зразумеўшы, што яму зараз вельмі цяжка… Ён быў
непадобны сам на сябе -- нейкі разгублены, ніякаваты, учарнеўшы, нібы пастарэў
за гэты тыдзень на некалькі гадоў.
“Няўжо для яго такім ударам стала смерць той
жанчыны? -- балюча кальнула няпрошаная рэўнасць – а ёй жа здавалася, што сэрца
даўно забылася, што гэта такое. -- Казаў жа, што яна для яго нічога не значыць,
што былая жонка прычыніла яму толькі боль… А на самой справе -- во як перажывае…”
Таня
пастаралася схаваць свае думкі і пачуцці ў самы дальні куточак душы. Мякка
вызвалілася з абдымкаў і, пакуль Юра мыўся, разагрэла абед, паставіла на стол –
усё моўчкі, без адзінага гуку. Калі і ён нарэшце сеў за стол, уладкавалася
насупраць і, падпёршы рукой шчаку, моўчкі глядзела, як ён еў – акуратна, але
прагна: згаладаўся, відаць, не да гарачых абедаў там было. І толькі калі
паставіла на стол кубкі: з кавай – для яго, з гарбатай – для сябе, прамовіла:
--Ну,
расказвай…
--Давай ты
першая… -- ўзняў вочы Юра. – Што там, на фірме?
--Ат, --
махнула яна рукой. – Па-рознаму. Спачатку было вельмі дрэнна, зараз ужо пачынае паціху наладжвацца.
--Дык што
дрэнна? І што пачало наладжвацца? – узняў вочы Юра – але было бачна, што не
гэта турбуе найперш.
--Калі
расказваць падрабязна, то гэта надоўга, вечара не хопіць. А калі ў двух словах,
то ўсё прыкладна так, як ты казаў, толькі яшчэ горш. Валодзя прадаў без майго
ведама фірму, забраў усе грошы і знік у невядомым накірунку разам з
бухгалтаркай. Палякі вяртаюць заказ і выстаўляюць штрафныя санкцыі…
--І што ж
тады наладжваецца? – хмыкнуў Юра.
--Тое, што
фірму ўсё ж удалося вярнуць. Не пытайся, як – аб гэтым пазней. Святлана
пагадзілася вярнуцца на працу. Люда параіла кандыдатуру новага бухгалтара. Так
што яшчэ паваюем… Але не гэта зараз галоўнае. Ты лепш раскажы, што там у цябе?
Юра не
спяшаўся гаварыць. Ён марудна піў каву, паглядваючы ў акно, – Таццяна гатова
была паспрачацца, што ён нічога не бачыў: ні яе, ні кватэры, ні таго, што
адбываецца за акном. Здаецца, ён глядзеў у сваё мінулае…
--Ведаеш,
Таня, я адчуваю сябе нягоднікам… -- нарэшце пачаў гаварыць ён. -- Усе гэтыя
гады я жыў з крыўдай на Зою – за тое, што яна зламала маё жыццё, як абышлася з
маёй мамай… Я ўвесь час шкадаваў, што не змог пасля ўсяго, што адбылося, пагаварыць
з сынам. Але думаў, спадзяваўся, верыў: Вадзім падрасце, стане самастойным – і
мы абавязкова сустрэнемся, я ўсё яму растлумачу, і сын мяне зразумее. Я не падумаў, што магу спазніцца… Што ён увесь
гэты час чакаў мяне – і не ведаў, чаму я не прыязджаю, не разумеў, што я
адкладваю нашу сустрэчу да яго паўналецця – адкуль ён мог гэта ведаць? І ўвесь
гэты час мой сын не ў беспаветранай прасторы знаходзіўся -- пакуль мяне не было
з ім побач, пакуль я чакаў моманту, калі з ім можна будзе пагаварыць, з ім
гаварылі іншыя і тлумачылі мае паводзіны, як хацелі. Увесь гэты час, пакуль я
адкладваў нашу сустрэчу, у яго былі іншыя настаўнікі, выхавацелі, “тлумачальнікі”.
Было
відаць, што Юру вельмі балюча, што кожнае слова, якое ён прамаўляе,
прадзіраецца, бы праз вострыя цвікі, скрозь яго скрываўленую душу… Тані вельмі хацелася
ўзяць яго за руку, прытуліцца да пляча, каб ён зразумеў, адчуў: яны – разам.
Але яна баялася спалошыць гэтую хвіліну шчырасці і таму моўчкі, з невыказным
спачуваннем, глядзела на яго.
--Як
высветлілася, Зоя пасля таго, як “уладкавала” мяне ў турму, “пайшла ў разгон”:
мужоў мяняла як пальчаткі, месца жыхарства, кватэры – таксама. І паціху
співалася… Урэшце апынулася з Вадзімам у нейкім замызганым пакойчыку ў
камуналцы, без працы, з букетам хвароб… Галадалі яны ў літаральным сэнсе слова.
Затое на “чарніла “ грошай у яе заўсёды хапала! Напакутаваўся сын… Але ўсё
роўна шкадаваў яе – маці ўсё ж. І лічыў, што я ва ўсім вінаваты: Зоя яму
расказала, што гэта я іх тады кінуў, а потым трапіў у турму. Пра грошы, што я
ім пасылаў, нават калі сам на вакзале начаваў, Зоя, вядома ж, сыну нічога не
казала. А падарункі – і мае, і маміны да дня нараджэння і Новага года --
выдавала за свае… Хоць і кажуць, што пра нябожчыкаў – альбо добра, альбо ніяк,
але ж рэдкай сцервознасці была жанчына… І дзе былі мае вочы, як можна было ў
такую гэтак беспрасветна закахацца? – паціснуў плячыма Юрый і апусціў галаву.
Маўчаў ён
доўга, нібы збіраўся з думкамі, з сіламі, каб сказаць галоўнае.
--Словам,
Таня, сына я амаль што страціў. Вельмі спадзяюся, што амаль, што яшчэ можна
нешта зрабіць… Вадзім ужо падлетак, але практычна некіруемы. Школу кінуў год
назад – нікому не было справы да таго, вучыцца ён ці бадзяецца па вуліцах. А
яму трэба было карміць сябе і маці, ды яшчэ і на выпіўку ёй грошы знаходзіць. Хлопец
курыць, выпівае, стаіць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх – папаўся на
крадзяжы булачак з магазіна, не пасадзілі толькі з-за малалецтва… Словам, поўны
букет.
Юра зноў
надоўга замоўк. Таня хацела аб многім спытаць, нешта сказаць, але адчувала: не
трэба яму перашкаджаць, хай выгаварыцца…
--І пры
ўсім пры тым ён – мой сын, -- горка ўсміхнуўся Юра. -- І не толькі яго маці, якой ужо няма, -- я таксама ў адказе за тое, што ён такі, як
ёсць. Яна яго такім выхоўвала – узлаваным на жыццё, на людзей, на ўвесь свет
ваўчанём, а я гэтаму не перашкаджаў, жыў сваім жыццём… А зараз маці няма, і я адзін
у адказе за яго будучыню. І не толькі за тое, каб у яго былі адзенне і абутак,
каб ён быў сыты і вярнуўся ў школу. Галоўнае зараз -- паспрабаваць яму
растлумачыць, даць зразумець, што ў жыцці ёсць і іншыя каштоўнасці, чым ён
ведаў да гэтага часу, і іншыя людзі. Я не ведаю, ці атрымаецца гэта, але я
паспрабую…
--Юра, а
дзе зараз Вадзім? – не вытрымала, перарвала яго маналог Таццяна.
-- Я забраў
яго з сабой, -- узняў на яе вочы Юрый. – Не мог жа я пакінуць хлапчука аднаго ў
горадзе, дзе ў яго няма ні адной роднай душы, у пустой кватэры, з якой дзень
назад вынеслі цела яго маці…
--Гэта
зразумела… Але я не пра тое -- чаму ты сюды прыйшоў адзін? Дзе зараз
знаходзіцца твой сын?
--Я адвёз
Вадзіма да сястры.
--А чаму не
сюды? – Таццяна глядзела на Юрыя з дакорам.
--Таня,
па-першае, нам з табою трэба было пагаварыць – адным, без старонніх,
абмеркаваць усё тое, што здарылася за гэтыя дні… -- Юра мякка крануў яе за
руку, нібы прасіў прабачэння. -- А па-другое… -- ён апусціў галаву і зноў
замоўк.
--І што –
па-другое? – не вытрымала нарэшце Таццяна.
Юра падняў
галаву і пранізліва паглядзеў ёй у вочы:
--Буду шчырым, Таня: па-другое, і гэта самае
галоўнае -- я не магу павесіць на цябе Вадзіма. Ты гэтага не заслужыла… Мой сын
– гэта мая віна і мая бяда, і я не маю права перакладваць на цябе гэты груз…
Тані здалося,
што Юра яе ўдарыў – моцна, наводмаш: недзе там, у сонечным спляценні, моцна
забалела і пацямнела ў вачах -- яна аж задыхнулася…
Мусіць,
гэты боль адбіўся на твары, бо Юра ўскочыў і спалохана кінуўся да яе:
--Танечка,
што з табой? Табе дрэнна? Што здарылася? Можа, “хуткую” выклікаць?
Таня расплюшчыла
вочы:
--Так, Юра.
Мне дрэнна. Мне вельмі баліць. Але “хуткую” выклікаць не трэба. Бо гэты боль
прычыніў мне ты…
--Я?!! Чым?
--Ты не
здагадваешся? – яна горка ўсіхнулася. -- Ты, які тры месяцы назад падарыў мне
вось гэты пярсцёнак,– Таня падняла сваю правую руку, на сярэднім пальцы якой
зіхацеў яго падарунак.
Юра ўпаў на
крэсла ад нечаканасці: яна зноў надзела яго, яна прыняла яго прапанову! Але ж –
позна…
А Таня
працягвала – з непрыхаваным болем і крыўдай у голасе:
--Ты
выцягваў мяне з дэпрэсіі, паіў мяне чаем і амаль што сілком выводзіў на прагулку,
калі я праганяла цябе – з гэтай кватэры і са свайго жыцця. Ты прымусіў мяне
выйсці на работу і пераконваў, што толькі РАЗАМ мы зможам усё пераадолець і ўсё
вытрымаць… І сёння, калі ў цябе здарылася бяда, ты не лічыш магчымым падзяліцца
са мной сваім болем… І пры гэтым ты не разумееш – ці робіш выгляд, што не
разумееш, -- чаму мне баліць, чым ты мяне пакрыўдзіў? Я аднаго не магу ўцяміць:
ты так мала мяне ведаеш ці так дрэнна пра мяне думаеш?
Юра прысеў
на дыбачкі і ўткнуўся тварам у яе дрыготкія калені. Таня гладзіла яго
непаслухмяныя віхры, не звяртаючы ўвагі на салёныя ручаінкі, што доўгімі
дарожкамі сцякалі па шчоках і капалі на яго яшчэ больш пасівелыя за гэты
тыдзень валасы.
Урэшце ён
узняў галаву:
--Таня, я
цудоўна цябе ведаю – можа, нават больш, чым ты сама сябе. Я неаднойчы гаварыў і
гатовы паўтараць гэта бясконца, што ты – самая лепшая з усіх жанчын, якіх я
калі-небудзь сустракаў у сваім жыцці. І я кахаю цябе, як ніколі нікога ў жыцці
не кахаў, -- Юра абхапіў яе галаву рукамі і стаў пяшчотна цалаваць салёныя ад
слёз вочы, шчокі, шыю…-- Але ж, Танечка, мілая, зразумей мяне – ты ж заўсёды
мяне разумела… -- ён адхінуўся і сеў насупраць:
--Вадзім не
проста падлетак – ён цяжкі падлетак. Вельмі цяжкі… Ты нават не ўяўляеш – ты не
можаш гэтага ўявіць! – наколькі! Мне здаецца, ды што там – я перакананы ў
гэтым! -- што ён цябе не прыме, нават калі ты макам каля яго ног рассыплешся.
Асабліва зараз, калі яшчэ свежыя ўспаміны пра маці. Яна была зусім іншай, не
такой, як ты, – і ўсё роўна ён яе любіў… А ты ў яго разуменні -- жанчына, якая
адабрала ў яго бацьку, забрала шчасце яго маці, зламала жыццё яго сям’і.
Павінен прайсці час, пакуль ён зразумее, што гэта не так, – калі ўвогуле
зразумее, паверыць. Я, толькі я -- сам, адзін -- павінен растапіць лёд у яго душы,
прымусіць зноў паверыць у людзей. І, магчыма, потым, пасля ўсяго, мы зможам зноў
паспрабаваць жыць усе разам…
--Пасля ўсяго…
-- Таня выцерла слёзы. -- І колькі, ты думаеш, прадоўжыцца гэтае “пасля ўсяго”?
--Я не
ведаю, Таня, --паціснуў плячыма Юрый. -- Я не думаю, што хто-небудзь увогуле
можа гэта ведаць…
--А ты не
думаеш, Юра, што за той час, пакуль будзеш ратаваць аднаго сына, ты можаш
страціць другога?
--Ты пра
што гэта? – ён глядзеў недаўменна. – Якога яшчэ другога сына?
--Нашага з
табой сына, Юра…
--Андрэйку?
– Юрый вырашыў, што зразумеў, аб чым яна гаворыць. – Але, Таня, я не адмаўляюся
ад Андрэйкі! Я буду яго наведваць, дапамагаць вам… Але зразумей мяне правільна
-- у Андрэя ёсць ты. А ў Вадзіма – нікога… Зусім нікога -- акрамя мяне…
Таня
паглядзела на Юрыю пранізліва – нібыта вырашала: казаць ці не? Можа, хай ідзе з
Богам, раз ён так вырашыў, раз лічыць, што яе падтрымка яму непатрэбна… І яна
без яго дапамогі абыдзецца. Справіцца – не ўпершыню!
І раптам яе
позірк упаў на Васеў фотаздымак – сын уважліва глядзеў на яе з-за шкла Сашавымі
разумнымі блакітнымі вачыма…
“Не, я не
маю на гэта права – сіраціць свайго ненароджанага сына, аднаасобна вырашаць яго
лёс. Хопіць, аднойчы ўжо зрабіла гэта – да скону буду раскайвацца. Ёсць рэчы
больш важныя, чым уласны гонар…”
І
ўздыхнуўшы, Таццяна ціха прамовіла:
--Юра,
зараз я гаварыла не пра Андрэйку. Я – пра іншага твайго сына.
Юра глядзеў
на ўсе ва ўсе вочы:
--Ты аб
чым, Таня? Я цябе не разумею…
--Юра, ты
быў настолькі заняты сваімі праблемамі, што так і не знайшоў часу пагаварыць
пра мае справы. Ці, дакладней, пра нашы агульныя.
Юрый
сумеўся:
--Сапраўды…
Ты прабач… Але ж я пытаўся, а ты ўсё –потым, потым…
--Ну вось,
гэтае “потым” нарэшце надышло…-- сумна ўсміхнулася Таццяна. – Час, можа, не
вельмі падыходзячы, але так атрымалася… Дык вось, Юра, дазволь табе паведаміць
галоўную навіну нашага з табой жыцця: я -- цяжарная. Тры месяцы. Думаю, што
гэтае дзіця – вынік той самай нашай ночы, – яна зноў узняла ўгору правую руку з
пярсцёнкам на пальцы.
Ён глядзеў
на яе ашалела і не мог прамовіць ні слова.
--Не ведаю,
што ты думаеш з гэтай нагоды, але адразу хачу папярэдзіць: што б ты зараз ні
сказаў, як бы ні ўспрыняў гэтую навіну, я ўжо прыняла рашэнне, і яно –
канчатковае і беспаваротнае: я буду раджаць! -- рашуча абрубіла ўсе канцы
Таццяна.
--Таня…
Танечка… -- нарэшце загаварыў Юрый – і голас у яго па-здрадніцку задрыжэў. – Я…
Я нават не ведаю, што сказаць… Гэта праўда? Ты мяне не разыгрываеш? Але чаму ты
маўчала ўвесь гэты час?
--Ну, ты ж
памятаеш, якой я была гэтыя тры месяцы, – уздыхнула Таццяна. --Я часам сама не разумела, жывая я ці
мёртвая. А потым, у той дзень, як ты паехаў… Тады столькі ўсяго здарылася… Словам, я страціла прытомнасць, мяне забралі
ў бальніцу -- а там усё і высветлілася.
--Дык
чаму ж ты мне не сказала адразу, як
даведалася?
--Табе было
не да таго… Ты быў заняты сваімі праблемамі, і я не хацела нагружаць на цябе
новымі…
--Так, сапраўды
– я быў не вельмі ўважлівы… Але потым… І сёння, зараз – гэта ж самае галоўнае!
А ты маўчыш!
--Нават
больш важнае і галоўнае, чым Вадзім?—паглядзела Таццяна яму ў вочы.
Юра сумеўся.
--Ну, можа,
і не больш… Але -- і не менш! І потым -- гэта ўсё мяняе! Літаральна ўсё!
--Гэта сапраўды
ўсё мяняе, Юра, --Таня пяшчотна кранула яго за руку. -- Я спадзяюся, што ты
ўрэшце пагодзішся са мной: мы павінны жыць разам, адной сям’ёй, не дзелячы дзяцей,
радасці, праблемы, клопаты. Калі ты захочаш і дазволіш, калі ты паверыш мне,
Юра, то ў Вадзіма будзе самая сапраўдная сям’я... І я ўпэўнена, што твой сын рана
ці позна прызнае і сваіх братоў, і мяне -- калі не ў якасці маці, я не магу
прэтэндаваць на гэта, хоць і вельмі хацела б, то хоць бы як тваю жонку! Любоў і
шчырасць многіх – гэта больш, чым любоў аднаго, нават самага дарагога чалавека!
І яна можа многае!– упэўнена сказала Таццяна. -- І, як ты пераконваў мяне
некалі, разам мы зможам усё пераадолець. А паасобку – толькі ламацца лёгка. Так
што давай заўтра паедзем да тваёй сястры, забярэм Вадзіма – і будзем вучыцца
жыць разам…
--Але, Таня,
табе будзе вельмі цяжка, -- зноў унурыў галаву Юрый. –Можа, хай ён пажыве
пакуль у сястры? Я думаю, Валя пагодзіцца, не адмовіць мне…
--Ты
разумееш, што ты гаворыш, Юра? Нават калі ты зможаш растлумачыць сыну сваю
адсутнасць у яго жыцці на працягу ўсяго гэтага часу, то, калі ты пакінеш яго
зараз, – ён не даруе табе гэтага ніколі. І мне -- таксама…Так што давай паспрабуем
будаваць новую сям’ю… Разам паспрабуем: ты, я, Вадзім. Потым Андрэйка прыедзе
-- яны ж амаль равеснікі, думаю, знойдуць агульную мову. Затым малыш з’явіцца –
Вадзім не зможа не палюбіць свайго браціка.
--Адкуль ты
ведаеш, што гэта -- сын? – ужо зусім іншым, раўніва-клапатлівым тонам запытаў
Юра. -- А можа, дачка?
--Я не
ведаю – я так адчуваю, -- засмяялася Таццяна.
А потым
сказала сур’ёзна:
-- Мне
здаецца, што гэта Бог пасылае нам сына ўзамен Васілька…
--Ну добра,
хай будзе сын…-- крыху падумаўшы, кіўнуў галавой Юра. -- Але паабяцай мне, што
ты народзіш яшчэ і дачку! Я так мару, каб у мяне была дачушка, падобная на цябе!
--Ты
звар’яцеў, Юра, -- радасна засмяялася Таня. – У маім узросце…
--У тваім
узросце ўсё да твару: і вясельная сукенка, і вялікі жывот, і каляска! Так што
заўтра ідзем у загс, затым – забіраем Вадзіма! Ты згодна?
Яе адказ
патануў у доўгім пяшчотным пацалунку…